МЕ́НЧЫК (Mencik, Menchik) Вера (16.2.1906, Масква — 27.6.1944), англійская спартсменка (шахматы). Па нацыянальнасці чэшка. З 1921 у Вялікабрытаніі. Чэмпіёнка Вялікабрытаніі сярод дзяўчат (1926—1927). Першая ў гісторыі шахмат чэмпіёнка свету сярод жанчын (1927), абараніла тытул чэмпіёнкі свету ў 1930, 1931, 1933, 1935, 1937, 1939. Удзельнічала ў мужчынскіх турнірах, была іх пераможцам у 1927, 1928, 1931.
т. 10, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКА́ЛЬНА-ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ АНСА́МБЛЬ,
эстрадны калектыў, у якім кожны музыкант звычайна выконвае некалькі функцый без падзелу на салістаў-вакалістаў і акампаніятараў-інструменталістаў. Узніклі ў сярэдзіне 1960-х г. на аснове спалучэння стылістыкі ранняй рок-музыкі з жанрам эстраднай песні. Сярод тэмбравых асаблівасцей ансамбляў шырокае выкарыстанне электраінструментаў (пераважна гітары і клавішных) і электронных гукавых эфектаў, сярод стылістычных — спалучэнне элементаў фальклору, джаза, аўтарскай песні, танц. музыкі, шматлікіх эстрадных плыняў. У рэпертуары найчасцей апрацоўкі нар. песень і эстрадныя песні, а таксама песенныя сюіты, мюзіклы, разгорнутыя інстр. кампазіцыі. Вял. ўплыў на станаўленне такіх ансамбляў зрабіла творчасць бел. ансамбля «Песняры». Сярод інш. бел. ансамбляў: «Верасы», «Сябры», рок-групы «Бонда», «Мроя», «Уліс», «Крама», «Новае неба», «Палац».
Н.Я.Бунцэвіч.
т. 3, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ МАСТА́ЦКАЯ СТУ́ДЫЯ імя М.А.Урубеля.
Існавала ў Гомелі ў 1919—21. Арганізавана мастакамі А.Быхоўскім і С.Каўроўскім. Яе навучэнцы стварылі шмат плакатаў, карыкатур, дыяграм, заклікаў для прапаганды рэв. ідэй на Беларусі. Сярод плакатыстаў вылучаўся Быхоўскі — аўтар вострых, экспрэсіўных, цікавых па задуме твораў: «Чырвоны набат», «Дапамажыце параненаму чырвонаармейцу» і інш. Сярод вучняў студыі нар. мастак СССР Г.Ніскі, мастакі А.Шаўчэнка, Я.Целяшэўскі, карыкатурыст Л.Смехаў і інш.
т. 5, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРШАКЕ́ВІЧ (Аляксандр Уладзіміравіч) (н. 6.4.1959, Мінск),
бел. спартсмен (гандбол). Майстар спорту СССР міжнароднага класа (1980). Засл. майстар спорту (1982). Чэмпіён XXIV (1988, Сеул) і сярэбраны прызёр XXII (1980, Масква) Алімп. гульняў. Чэмпіён свету сярод юніёраў (1979), сярод дарослых (1982), сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1990). Уладальнік Кубка еўрап. чэмпіёнаў (1987—89), Кубка кубкаў (1983, 1985), Суперкубка (1989). Чэмпіён СССР (1981, 1983—84, 1987—89). З 1996 старшы трэнер маладзёжных зборных каманд Беларусі.
т. 8, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́КРЫВА ТЭКТАНІ́ЧНАЕ, шар’яж,
пакаты насоў мас горных парод у выніку тэктанічных рухаў на іншыя (часцей больш маладыя пароды) па субгарыз. або пакатахвалістай паверхні на вял. плошчы з перамяшчэннем у дзесяткі — некалькі соцень кіламетраў. Перамешчаныя масы наз. алахтон, а пароды, што залягаюць у аснове покрыва, — аўтахтон. Выступы аўтахтона сярод алахтона наз. тэктанічныя вокны, а астанцы алахтона сярод аўтахтона — кліпы. Характэрны для горных збудаванняў Альпаў, Скалістых гор, Карпат, Каўказа і інш.
т. 12, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯ́ГІН (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 25.5.1942, г. Малмыж Кіраўскай вобл., Расія),
расійскі акцёр і рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1983). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1965). На сцэне з 1965, з 1971 у МХАТ. Заснавальнік і кіраўнік драм. т-ра «Et cetera» (з 1993).
Творчасці ўласцівы шырокі артыстычны дыяпазон — ад стрыманага драматызму да феерычнага гумару, ад камедыйнасці да тонкага псіхалагічнага аналізу і спавядальнай адкрытасці. Сярод тэатр. роляў: Ленін («Так пераможам!» М.Шатрова, 1981), Аргон («Тарцюф» Мальера, 1981), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога, 1982), Сіман («Тамада» А.Галіна, 1986) і інш. Здымаецца ў кіно («Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх», 1974; «Добры дзень, я ваша цёця!», 1975; «Раба кахання», 1976; «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна», 1977; «Допыт», 1979; «Іван, ты абраж», 1992; «Прахіндзіяда», 1994, і інш.). Дзярж. прэміі СССР 1981, 1983.
т. 7, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААПЛАДНЕ́ННЕ,
зліццё мужчынскай і жаночай палавых клетак, якія ўтвараюцца ў адной асобіны. Адбываецца звычайна пры немагчымасці перакрыжаванага апылення і апладнення (неспрыяльныя ўмовы, адсутнасць палавога партнёра). Сярод жывёл трапляецца ў гідраў, некат. кольчатых чарвей, малюскаў, рыб (гл. Гермафрадытызм); сярод раслін — у шэрагу водарасцей, грыбоў, кветкавых раслін (гл. Самаапыленне). У працэсе эвалюцыі ў арганізмаў з’явіліся прыстасаванні, якія прадухіляюць С. і забяспечваюць перакрыжаванае апладненне, у выніку чаго павялічваецца генет. разнастайнасць патомства і жыццяздольнасць асобін віду.
Р.Г.Заяц.
т. 14, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКАЕ БЮРО́ ЦК КПЗБ.
Дзейнічала ў 1930—38. Утворана ЦК КПЗБ у канцы 1930 з мэтай актывізацыі нелегальнай прапаганды сярод літ. насельніцтва Віленшчыны. У сувязі з тым, што ў некат. паветах Віленскага ваяв. значную частку насельніцтва складалі літоўцы, пасля III канферэнцыі КПЗБ (1925) пачала выдавацца камуніст. л-ра на літ. мове, сярод літ. насельніцтва ўзніклі парт. арг-цыі. У канцы 1930 паводле рашэння ЦК КПЗБ пры Віленскім акр. к-це КПЗБ створана Л.б. ЦК КПЗБ, у 1931 пераўтворана ў Л.б. пры ЦК КПЗБ. Бюро мела секцыі па рабоце сярод сялян, моладзі, падп. друкарню, дзе выдавала газету, часопіс, адозвы і брашуры, супрацоўнічала з легальнымі арг-цыямі бел. нац.-вызв. руху. У 2-й пал. 1930-х г. праводзіла работу па стварэнні антыакупац., дэмакр. нар. фронту ў краі. Існавала да роспуску КПП і КПЗБ (1938).
У.Ф.Ладысеў.
т. 9, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЦІБО́Р’Е сучаснае,
спартыўныя комплексныя спаборніцтвы. Уключаюць верхавую язду (канкур з пераадоленнем 12 перашкод), фехтаванне на шпагах (па кругавой сістэме, да першага ўколу), стральбу з пнеўматычнага пісталета (на адлегласці 10 м), плаванне (вольны стыль, дыстанцыя 200 м), крос (дыстанцыя 3 км).
Вядома са стараж. часоў (пентатлон у праграме Алімп. гульняў у Стараж. Грэцыі). З 1912 — у праграме Алімп. гульняў. З 1948 — сучасная назва. Міжнар. саюз П. і біятлону засн. ў 1948 (Лондан). Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1949 штогод (акрамя гадоў правядзення Алімп. гульняў), для юніёраў — з 1965. Жанчыны ўдзельнічаюць у міжнар. спаборніцтвах з 1970-х г. Найб. развіццё П. атрымала ў Венгрыі, Германіі, ЗША, Італіі, Польшчы, Расіі, Фінляндыі, Францыі, Швецыі і інш.
На Беларусі П. развіваецца з 1954, першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1957. Федэрацыя П. створана ў 1992. Каманда юніёраў Беларусі — чэмпіён Еўропы (1999), бронз. прызёр чэмпіянатаў свету (1993, 1994); жаночая каманда — бронз. прызёр чэмпіянатаў свету (1999, 2000) у эстафеце. Сярод бел. пяціборцаў найб. вызначыліся: П.Доўгаль — бронз. прызёр XXVII Алімп. гульняў (2000, г. Сідней, Аўстралія), чэмпіён свету сярод юніёраў (1995); чэмпіёны свету сярод юніёраў — С.Герасімовіч (1987), С.Коршун (1993); сярод дарослых — В.Бялоў (1969), Ж.Шубянок (1996); чэмпіёны Еўропы І.Шухаўцава (1987), А.Барысенка, Ж.Далгачова (Гарленка) (1991) і інш.
А.М.Петрыкаў.
т. 13, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́КСІЛЕНД (ад англ. Dixieland літар. краіна Дыксі — ужытковая назва паўд. штатаў ЗША),
адна з стылявых разнавіднасцей класічнага джаза. Узнік у пач. 20 ст. ў Новым Арлеане сярод белых пасяленцаў ЗША. У 1910—20-я г. Д. — разнавіднасць новаарлеанскага стылю, з 1940-х г. (найб. пашыраны за межамі ЗША) — яго назва. З інструментаў у ім дамінуюць карнет, трамбон, кларнет. Сярод найб. вядомых калектываў у Расіі і Беларусі, якія выступаюць у стылі Д., — Ленінградскі дыксіленд, мінскі дыксіленд «Рэнесанс», дыксіленд пад кіраўніцтвам В.Старавойтава ў Магілёве.
т. 6, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)