Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́НТУПСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры пач. 20 ст. ў г.п. Лынтупы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Першапачатковая драўляная сядзіба апісана ў інвентары 1591. Належала Гільзенам, сучасны выгляд набыла пры ўладальніку Ю.Бішэўскім. Ансамбль сядзібы падзяляецца на 2 зоны. Перад сядзібным домам размешчана парадная зона, якая ўключае партэр, мураваны арачны мост, капліцу, службовы флігель і бровар. За домам і ставам — выцягнутая па папярочнай восі гасп. зона. Цэнтр ансамбля — 2-павярховы мураваны сядзібны дом (1907, арх. Т.Раствароўскі) у стылі неарэнесансу. У асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынка дамінуе тарцовая 3-ярусная чацверыковая вежа. Насычаная арх. пластыка ўключае канеліраваныя калоны, пілястры, анты, рустоўку, ракавіны, атык з балюстрадай і інш. Парк пейзажна-рэгулярнага тыпу (пл. 6 га). Насаджэнні згрупаваны па перыметры 4 ставоў і каналаў паміж імі на р. Лынтупка. У парку растуць клён серабрысты, елка блакітная, лістоўніца еўрап., піхта сіб. і інш. Сярод інш. пабудоў вылучаецца вежа-вяндлярня з машыкулямі і вокнамі-байніцамі ў рэтраспектыўна-замкавым стылі, у 1897 пабудаваны МЛЫН.
А.М.Кулагін.
Лынтупская сядзіба. Галоўны фасад сядзібнага дома.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВО́НПАЛБСКАЯ СЯДЗІ́БА помнік сядзібна-паркавай архітэктуры барока ў в. Лявонпаль Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Створана ў 1750 на левым беразе Зах. Дзвіны на заказ брэсцкага ваяводы М.Лапацінскага. Арх. А.Гену
(магчыма, Т.Жаброўскі). У час паўстання 1831 пашкоджана. У 1919 сядзібны дом адрамантаваны і прыстасаваны пад касцёл (унутр. планіроўка зменена). Ансамбль мае сіметрычна-восевую кампазіцыю. На восі сядзібы пастаўлена брама з элементамі дарычнага ордэра. Сядзібны дом — мураваны 1-павярховы будынак з сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай структурай і 2-павярховай цэнтр. часткай, накрытай 2-схільным дахам з фігурнымі франтонамі на тарцах. Бакавыя выцягнутыя крылы з 2-схільнымі дахамі выступаюць на гал. і дваровым фасадах глыбокімі рызалітамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. У дэкар. аздобе выкарыстана ордэрная пластыка: канеліраваныя пілястры, прафіляваныя карнізы і абрамленні прамавугольных аконных праёмаў (мелі дэкор у стылі ракако),
рустоўка і інш. За домам і паўадкрытым дваром, які ўтваралі 2 мураваныя 2-павярховыя флігелі (захаваўся заходні), размешчаны прамавугольны фрагмент рэгулярнага тэраснага парку, абмежаванага каналамі; меліся лабірынты і звярынец, дэкар, скульптура. У 1791 у парку пастаўлена мемар. калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая. У 19 ст. паркавыя насаджэнні набылі пейзажную арг-цыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ХЦІЦКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму і барока. Фарміравалася ў 16—1-й пал. 19 ст. ў в. Кухцічы (цяпер пас. Першамайск Уздзенскага р-на Мінскай вобл.). У комплекс уваходзілі палац, флігелі і парк з капліцай-пахавальняй Завішаў.
Палац (захаваліся бакавыя флігелі) — разгорнутая па фронце 3-часткавая кампазіцыя, цэнтрам якой быў 1-павярховы П-падобны ў плане аб’ём з 4-калонным порцікам на гал. фасадзе. Флігелі — лаканічныя па архітэктуры 1-павярховыя прамавугольныя ў плане будынкі, вось сіметрыі якіх вылучана 4-калоннымі порцікамі дарычнага ордэра з трохвугольнымі франтонамі. Бутавая муроўка сцен дэкарыравана атынкаванымі пілястрамі, вуглы раскрапаваны руставанымі цаглянымі лапаткамі. Гал. фасады апяразаны фрызамі з трыгліфамі. Палац знаходзіўся ў маляўнічым пейзажна-рэгулярным парку. Капліца-пахавальня размешчана ў паўн.-ўсх.ч. парку. Пабудавана ў 2-й пал. 16 ст. як кальвінскі збор уладальнікамі маёнтка Кавячынскімі, у 17 ст. касцёл, у канцы 18 ст. капліца-пахавальня. Мураванае кампактнае 12-іраннае ў плане збудаванне (таўшчыня сцен да 1,5 м) з конусным шатровым дахам і кубападобнай апсідай. Гал. фасад фланкіраваны цыліндрычнымі вежамі з шатровымі дошкамі і вузкімі байніцамі. У дэкоры выкарыстаны ляпныя гірлянды, геральдыка, слаістыя пілястры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВІЧПО́ЛЬСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры стылю мадэрн з элементамі неаготыкі. Створана ў пач. 20 ст. ў в. Галавічполе (Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.). Сядзібны дом (1909) — Г-падобны ў плане мураваны будынак. Складаную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю ўтвараюць 1- і 2-павярховыя аб’ёмы, высокія стрэхі з фігурнымі люкарнамі, спічастымі фіяламі і шчытамі, гранёныя эркеры з шатровымі завяршэннямі. Дэкар. вырашэнне фасадаў заснавана на спалучэнні чырв. колеру цаглянай муроўкі з атынкаванымі ліштвамі, карнізамі і рустоўкай. Дом размешчаны ў пейзажным парку (пл. 18 га; захаваўся фрагментарна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ЙСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік палацава-паркавай архітэктуры класіцызму. Пабудавана ў 1782 у г.п. Асвея (Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.) на паўд. беразе воз. Асвейскае ў б. маёнтку мінскага ваяводы Я.Гільзена (з 1786 належала Шадурскім). Ансамбль уключаў палац (зруйнаваны ў 1-ю сусв. вайну), капліцу, пейзажны парк (пл. 15 га) з аранжарэямі, ставамі, брамай. Цэнтр. частка кампазіцыі — 2-павярховы мураваны палац з паўкруглымі бакавымі крыламі, злучанымі з гал. аб’ёмам аркадамі, якія ўтваралі авальны партэр перад гал.зах. фасадам (вядомы па акварэлі Н.Орды). Аснову кампазіцыі парку складалі курціны на адкрытых палянах, якія пераходзілі ў натуральны лясны масіў з мясц. пародамі дрэў.