БУКСІ́РНАЕ СУ́ДНА, буксір (ад галанд. boegseren цягнуць),
самаходнае судна для буксіроўкі баржаў, плытоў і інш. Бываюць: буксіроўшчыкі (перамяшчэнне суднаў з выкарыстаннем троса), штурхачы (перамяшчэнне суднаў штурханнем), кантоўшчыкі (для дапамогі суднам пры швартоўцы да прычала), выратавальнікі (для дапамогі суднам, пацярпелым аварыю). Паводле тыпу рухавікоў можа быць параходам, цеплаходам і электраходам, паводле тыпу рухачоў — вінтавым, колавым, з крыльчатымі рухачамі, паводле месца плавання — рачным, марскім, акіянскім, рэйдавым (партовым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТРАЗЕВАЕ СУ́ДНА,
марское ці рачное судна, якое рухаецца пры дапамозе ветразяў. Адрозніваюць па колькасці мачтаў (ад 1 да 7) і тыпу ветразевага ўзбраення. Бываюць з прамымі ветразямі (брыг, кліпер), косымі (шхуна), камбінаванымі (барк, баркенціна, брыганціна). Кіруюць ветразевым суднам (мяняюць курс, скорасць і інш.) узгоднена рулём і ветразямі. У сучасным флоце выкарыстоўваюцца як спартыўныя, турысцкія, прагулачныя, вучэбныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БЕЛЬНАЕ СУ́ДНА,
марское судна для пракладкі, падняцця і рамонту падводных (марскіх, акіянскіх) кабеляў сувязі. Мае кабелеўкладачныя машыны з электрапрыводам: кармавую (для апускання кабелю на дно) і 2 насавыя (для падняцця кабелю з дна), апаратуру бесперапыннага кантролю эл. характарыстык кабелю (напр., каэфіцыента перадачы сігналаў), прылады з захопамі для пошуку кабелю і інш. У трумах К.с. ўкладваюць віткамі да некалькіх тысяч кіламетраў падводнага кабелю сувязі. Водазмяшчэнне К.с. 7—20 тыс.т, скорасць пракладкі кабелю на глыбіню да 6 км — 15 км/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭМІ́ЧНАЕ ВЁСЛАВАЕ СУ́ДНА,
спартыўная вузкая падоўжаная лёгкая вёславая лодка. Мае вынесеныя за барты на кранштэйнах уключыны для вёслаў і рухомыя банкі-сядзенні. Адрозніваюць вучэбныя — тыпу клінкер (з абшыўкай канта на кант, бяспалубныя, адносна высакабортныя) і гоначныя — тыпу скіф (з абшыўкай угладзь, нізкабортныя, запалубленыя з носа і кармы); парныя (вясляр вяслуе двума вёсламі) і расхінныя (вясляр вяслуе адным вяслом). Парныя бываюць на 1, 2, 4 весляроў (адзіночкі, двойкі, чацвёркі), расхінныя — на 2, 4, 8 весляроў (двойкі, чацвёркі, васьмёркі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАЗМЯШЧЭ́ННЕсудна,
колькасць вады, выцесненай суднам, што плавае; характарыстыка памераў судна. Адрозніваюць масавае водазмяшчэнне, роўнае масе судна (г. зн. масе вады, якая змяшчаецца ў аб’ёме падводнай часткі судна), і аб’ёмнае (аб’ём падводнай часткі судна ніжэй за ватэрлінію). Водазмяшчэнне залежыць ад загрузкі судна і шчыльнасці вады: пры пастаянным масавым водазмяшчэнні аб’ёмнае зменьваецца ў залежнасці ад шчыльнасці вады; змена масавага водазмяшчэння адбываецца з-за расходу паліва, боепрыпасаў (на ваен. караблях), павелічэння і памяншэння грузу. Грузавым суднам найб. характэрны паказчык дэдвейт — водазмяшчэнне пры асадцы судна на найб. дапушчальную глыбіню.