сістэма, у якой узбуджаюцца ваганні (мех., эл.-магн. і інш.). 1) Вібратар у тэхніцы — прыстасаванне для атрымання мех. ваганняў. Выкарыстоўваецца самастойна або як. рабочы орган вібрацыйных машын і абсталявання (гл.Вібрацыйная тэхніка).
2) Вібратар у радыётэхніцы — адрэзак метал. проваду, токаправодны або дыэлектрычны стрыжань, які з’яўляецца ўзбуджальнікам (крыніцай) эл.-магн. ваганняў. Выкарыстоўваецца як самая простая антэна або як элемент складаных антэн.
3) Вібратар у вымяральнай тэхніцы — рухомая частка вымяральных прылад вібрацыйнага тыпу, напр., частатамераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНУ́ТКІ ВАЛ,
вал, які мае малую жорсткасць на выгін і вялікую на кручэнне. Бываюць драцяныя (найб. пашыраны) і шарнірныя. Драцяныя складаюцца з уласна вала, звітага з некалькіх слаёў дроту і змешчанага ў ахоўную абалонку (браню), і наканечнікаў для далучэння да прывода і рабочага органа. Выкарыстоўваюцца ў ручных механізаваных інструментах і прыладах (напр., у бормашынах). Шарнірныя складаюцца з шарнірна-злучаных кароткіх звёнаў, змешчаных у абалонку. Выкарыстоўваюцца ў многакарпусных паравых турбінах, некаторых станках і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКЛЁПАЧНАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕ,
нераздымнае злучэнне дэталей з дапамогай заклёпак (метал. стрыжняў з закладнымі галоўкамі). Робіцца ўнахлёстку, устык з адной або двума накладкамі. Выкарыстоўваецца ў канструкцыях, якія працуюць ва ўмовах ударных і вібрацыйных нагрузак, для змацавання дэталей, якія не зварваюцца або не дапускаюць награвання, і інш. З.з. выцясняюцца больш эканамічнымі зварнымі і клеявымі злучэннямі.
Заклёпачнае злучэнне: а — схема злучэння (1, 2 — замыкальная і закладная галоўкі; 3 — стрыжань заклёпкі, 4 — дэталі, якія злучаюцца); б — пашыраныя тыпы заклёпак (1—3 — з патайной, паўпатайной, плоскай галоўкамі; 4 — канічная з падгалоўкам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАЦЯНО́,
1) прылада для ручнога прадзення лёну, воўны, пянькі. У стараж. часы верацяном служыла драўляная крыху завостраная палачка, пазней — конусападобная даўж. 20—30 см з завостраным верхам і патоўшчаным нізам, на які для павелічэння вагі надзявалі прасліца.
2) Вярчальны стрыжань, на які надзяваюцца патрон, шпуля, катушка і інш.; асн. рабочы орган роўнічных, прадзільных, прадзільна-круцільных і круцільных машын. Прызначана для скручвання роўніцы, пражы, нітак і ўтварэння пакоўкі пэўнай формы і памераў. Бываюць кальцавыя, круцільныя, полыя і рагульчатыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕРТО́Н (ням. Kammerton ад Kammer пакой + тон),
інструмент для фіксацыі і ўзнаўлення стандартнай вышыні муз. тонаў. Эталон вышыні гуку пры настройцы муз. інструментаў, у хоры і інш. Прасцейшы К. — U-падобна выгнуты замацаваны пасярэдзіне метал.стрыжань, канцы якога могуць свабодна вагацца. Звычайна выкарыстоўваюць К. ў тоне а1 (ля 1-й актавы; часам і ў тоне с2). Частата гэтага гуку мянялася ў розныя перыяды гісторыі музыкі. У наш час прынята настройка К. з частатой 440 герц. Выкарыстоўваюць таксама язычковыя і электронныя К. Для вызначэння вышыні розных тонаў служаць наборы К. і К., у якіх частата рэгулюецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЯФА́ГІ [ад бактэрыі +...фаг(і)],
фагі, вірусы бактэрый, здольныя пашкоджваць бактэрыяльную клетку, размнажацца ў ёй і выклікаць яе разбурэнне (лізіс). Пашыраны ў глебе, раслінных і жывёльных арганізмах. Вылучаюць бактэрыяфагі ўмераныя (не парушаюць жыццядзейнасці пашкоджанай клеткі) і вірулентныя (выклікаюць гібель клеткі). Упершыню апісаны ў 1915. Класічны аб’ект даследаванняў у малекулярнай генетыцы. Выкарыстоўваюць для фагапрафілактыкі і фагатэрапіі інфекцыйных хвароб.
Складаюцца з бялковай абалонкі (капсіда) і ўнутранага змесціва — нуклеінавай кіслаты (ДНК або РНК). Маюць форму сперматазоіда або ніткападобную ці шматгранную. Да вызначанай клеткі прымацоўваюцца з дапамогай хваставых нітак-адросткаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУКЦЫ́ЙНАЯ ШПУ́ЛЯ,
прылада для пераўтварэння пастаяннага (або пераменнага) току нізкага напружання ў пераменны ток высокага напружання. Першая канструкцыя І.ш. зроблена ням. вучоным Г.Румкарфам у 1852.
Мае першасную абмотку з некалькіх дзесяткаў (ці соцень) віткоў тоўстага дроту і другасную абмотку з некалькіх дзесяткаў тысяч віткоў тонкага дроту. Абедзве абмоткі насаджаныя на агульны ферамагн. стрыжань, зроблены з тонкіх эл. ізаляваных адзін ад аднаго лістоў або пруткоў. Першасная абмотка далучаецца да крыніцы сілкавання праз перарывальнік, які перыядычна замыкае і размыкае эл. ланцуг. З прычыны эл.-магн.індукцыі ў другаснай абмотцы ўзнікае эрс высокага напружання. Выкарыстоўваецца ў сістэмах батарэйнага запальвання, а таксама ў навуч. мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ЖКАў металаапрацоўцы,
1) шматлязовы металарэзны інструмент, якім на працяжных станках апрацоўваюць унутраныя і вонкавыя паверхні загатовак. Уяўляе сабой стрыжань з зубамі, памеры якіх паслядоўна павялічваюцца, а форма зменьваецца ад зыходнай (напр., круглай) да зададзенай (напр., квадратнай).
2) Кавальская аперацыя, што выкарыстоўваецца пры апрацоўцы металу ціскам з мэтай памяншэння таўшчыні сценкі і павелічэння даўжыні загатоўкі, якая мае форму стакана, звычайна атрыманай ў выніку нескразной прашыўкі. Робяць на працяжных гідраўлічных прэсах.
3) Тое, што выцяжка.
В.І.Шагун.
Працяжкі: а — для ўнутранага працягвання; б — для вонкавага працягвання; 1 — хваставік; 2 і 5 — пярэдняя і задняя накіравальныя часткі; 3 — рэжучая частка; 4 — калібравальныя зубы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВАНІ́ЧНЫ ЭЛЕМЕ́НТ,
крыніца электрычнага току, у якой хім. энергія пераўтвараецца ў электрычную. Складаецца з 2 электродаў: катод (мае акісляльнік) і анод (аднаўляльнік), якія кантактуюць з іонаправодным рэчывам (электралітам). Паміж электродамі ўсталёўваецца рознасць патэнцыялаў (электрарухальная сіла), якая вызначаецца свабоднай энергіяй акісляльна-аднаўляльнай рэакцыі. Бываюць аднаразовага выкарыстання (першасныя гальванічныя элементы), шматразовага дзеяння (другасныя, або абарачальныя, гальванічныя элементы; гл.Электрычны акумулятар) і гальванічныя элементы, якія могуць бесперапынна працаваць за кошт пастаяннага падводу да электродаў рэагентаў і адводу прадуктаў рэакцыі (паліўныя элементы).
Гальванічныя элементы: а — «сухі» (1 — вугальны стрыжань з кантактавым каўпачком, 2 — пастападобны электраліт, 3 — актываваны вугаль, 4 — цынкавы корпус у кардоннай упакоўцы); б — паліўны вадародна-кіслародны (1 — кісларод, 2 — электраліт, 3 — вадарод).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІЯ́ЛЬНА-ПО́РШНЕВАЯ ПО́МПА,
помпа ротарнага тыпу з вярчальным рухам ротара і зваротна-паступальным рухам поршняў (звычайна 7—9). Прызначана для нагнятання мінер. масла ў гідрасістэмы станкоў, транспартна-цягавых машын і абсталявання. Можа выкарыстоўвацца як гідраўлічны рухавік.
Пры вярчэнні ротара галоўкі поршняў слізгаюць па апорнай шайбе (пліце) і рухаюцца адносна ротара ўздоўж яго восі. Велічыня падачы масла вызначаецца рухам поршняў. Масла ўсмоктваецца і нагнятаецца праз размеркавальны дыск, злучаны каналамі з масляным бакам. Прадукцыйнасць да 800 л/мін, ціск да 30 МПа, аб’ёмны ккдз да 0,96.