РАМАНЮ́К (Міхаіл Фёдаравіч) (3.1.1944, в. Кавалі Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 4.9.1997),

бел. мастацтвазнавец, этнограф, мастак. Канд. мастацтвазнаўства (1975). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971). З 1974 выкладаў у Бел. АМ, з 1989 заг. кафедры (з 1995 праф.). У 1982—84 адначасова гал. рэд. час. «Мастацтва Беларусі». Даследаваў пытанні нар. мастацтва і матэрыяльнай культуры Беларусі. Зрабіў мастацтвазнаўча-этнагр. раянаванне бел. нар. адзення 19 — пач. 20 ст. (альбом «Беларускае народнае адзенне», 1981), каля 100 маст.-графічных рэканструкцый традыц. рэгіянальных строяў (1990-я г.). Калекцыя бел. нар. адзення, сабраная Р., экспанавалася ў Мінску (1981), Парыжы і Ліёне (1981—82). Стварыў сцэн. касцюмы для Дзярж. акад. нар. хору імя Г.​Цітовіча, ансамбля танца Беларусі і некат. самадзейных калектываў.

Тв.:

Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;

Песні і строі Піншчыны. Мн., 1994 (разам з В.​Дз.​Ліцьвінкам, У.​І.​Раговічам);

Беларускія народныя крыжы. Вільнюс, 2000.

І.​У.​Саламевіч.

М.Раманюк. Камянецка-Ваўкавыскі строй. Мастацка-графічная рэканструкцыя. 1995.

т. 13, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗЕ́ННЕ,

штучнае покрыва цела чалавека; у шырокім сэнсе ўключае галаўныя ўборы, абутак і інш. Яго агульны выгляд залежыць ад прыродна-кліматычных умоў, відаў і спосабу гасп. дзейнасці, нац. традыцый, узроўню развіцця вытв. сіл, маёмасна-прававых адносін, этычных поглядаў і патрабаванняў. У гісторыі грамадства выконвала і выконвае функцыі магічную, абрадавую, адрознення паводле полу, узросту, сямейнага становішча, саслоўнай, этн. і рэліг. прыналежнасці, паводле роду заняткаў і службовага становішча, найперш утылітарную і эстэтычную. Нясе ў сабе і маст. вобраз, таму выступае як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і залежыць ад маст. стылю эпохі.

Адзенне ўзнікла ў сярэднім старажытнакаменным веку і прайшло складаны шлях эвалюцыі. Як сац. з’ява і як прадмет мастацтва ўвасабляла ўяўленні розных гіст. эпох аб ідэальным чалавеку, яго ўнутр. сутнасці і фіз. абліччы. Так, адзенне стараж. грэкаў з іх ідэалам доблеснага і прыгожага воіна-атлета толькі злёгку падкрэслівала гарманічнасць фігуры; адзенне сярэднявечча згодна з хрысціянскімі догмамі пра грахоўнасць цела хавала яго пад цяжкімі бясформеннымі тканінамі; у эпоху Адраджэння, калі нормай прыгажосці стаў прызнавацца чалавек, адзенне стала больш зручным, як бы выяўляла гармонію ўнутр. і знешняга ў чалавеку; у перыяд Асветніцтва, калі эталонам прыгожага была прырода, а ўзорам для пераймання антычнасць, адзенне набыло натуральныя спакойныя формы. Спалучэнне ў адзіным маст. стылі кампанентаў адзення і прадметаў, што яго дапаўняюць, стварае ансамбль, які наз. касцюмам. Касцюмы падзяляюцца на 3 асн. тыпы: драпіраваны (з абгорнутага вакол цела кавалка тканіны, замацаванага непасрэдна на фігуры), накладны (надзяваецца праз галаву і як бы накладаецца на плечы), раслінны (мае спераду разрэз зверху данізу).

Вытокі бел. адзення ў культуры ўсх.-слав. плямёнаў. Умерана кантынентальны клімат вымагаў закрытага, цёплага адзення. Тканіны выраблялі з лёну (радзей канапель) і воўны, упрыгожвалі нашываннем, натыканнем, вышываннем ці набіўным узорам. Баярства шыла адзенне пераважна з прывазных тканін (парча, аксаміт, тафта, камка); аздобаю служыла вышыўка шоўкам і жэмчугам. Амаль усе віды адзення былі накладныя. Аснову мужчынскага гарнітура складалі кашуля з поясам і нагавіцы, жаночага — кашуля (даўжэйшая за мужчынскую) і паясное адзенне тыпу панёвы; верхняя вопратка — світа (зімой падшытая футрам). Мужчыны насілі шапкі з футра, сукна ці лямцу, дзяўчаты — вянец, замужнія жанчыны — чапец, а паверх — убрус. Абуваліся ў пасталы, поршні ці боты (жаночыя часта вышывалі). Гэтыя асаблівасці перайшлі ў адзенне насельніцтва ВКЛ, дзе ў 13—16 ст. сфарміравалася бел. народнасць. У касцюме беларусаў адчуваецца блізкасць да касцюма літоўцаў і палякаў, а таксама рускіх і інш. еўрап. народаў. Выпрацоўка ў Зах. Еўропе асн. спосабаў і прыёмаў крою, удасканаленне кравецкага рамяства прывяло адзенне да істотных змен. Адзенне магнатаў, шляхты і гар. знаці развівалася ў рэчышчы зах.-еўрап. моды. Важнымі часткамі іх мужчынскага гарнітура былі атласны жупан, зверху кунтуш, падпяразаны доўгім поясам, воўчае (вільчура) і бабровае футра, жаночае — ферэзія, чамара, аблямаваныя карункамі або футрам собаля, куніцы, лісы, кабат з рукавамі. Спрашчэнне адзення арыстакратаў пачалося з канца 18 ст. Народнае адзенне больш яскрава, чым адзенне інш. слаёў грамадства, выяўляла маральныя нормы і эстэт. густы. Нар. касцюм уздзейнічаў на касцюм вышэйшых класаў і сам зазнаваў яго ўплыў. У ім найлепш захаваліся традыцыі нац. адзення. У 14—16 ст. бел. касцюм узбагаціўся новымі відамі (андарак, гарсэт) і прынцыпамі афармлення (спосабы завязвання наміткі). Ён меў характэрныя прыкметы касцюма готыкі і рэнесансу, а з найб. спецыфічных — тэндэнцыі да агульнай строгасці ансамбля, перавагі белага колеру, спалучэння белага з чырвоным у каларыстыцы, геам. узораў у арнаментыцы. Бел. касцюм у гэты час набыў сваю завершанасць, утылітарны і маст. вобраз. Яго развіццё ў 17 — сярэдзіне 19 ст. ішло па шляху мадыфікацыі асобных элементаў адзення, насычэння колеравай гамы, пераасэнсавання арнаментальных матываў, замацавання рэгіянальных адметнасцяў. У перыяд фарміравання бел. нацыі захоўвалася выразнае этнагр. аблічча бел. нар. адзення. Касцюм сялян той пары — класічны ўзор бел. нар. мастацтва. Даўнімі традыцыямі было вызначана, якое адзенне насіць у будні ці святы, надзяваць на вяселле ці на радзіны, падчас радасці ці жалобы. У традыц. комплекс мужчынскага адзення ўваходзілі кашуля, нагавіцы і камізэлька. Кашулю насілі навыпуск, падпяразвалі поясам, калошы абгортвалі анучамі і запраўлялі ў скураныя пасталы, лапці, боты, зімой — у валёнкі. Галаўнымі ўборамі былі саламяны капялюш (брыль) ці валеная магерка, зімой заечая ці аўчынная аблавуха. Мужчынскае адзенне мела сціплае аздабленне, у ім пераважаў белы колер. Найб. ўзлёту фантазіі і майстэрства бел. адзенне дасягнула ў жаночым касцюме, своеасаблівасць якога вызначае адметнасць нац. касцюма беларусаў увогуле. Жаночая кашуля кроілася з прамавугольных кавалкаў ільняной тканіны. Найб. ўвага аддавалася ўпрыгожанню рукавоў, што звязана з маст. тэктонікай і пластыкай касцюма, а таксама з верай у магічную сілу чырвонага рамбічнага арнаменту. Разнастайнае паясное адзенне жанчыны: многія віды спадніц (андарак, саян, палатнянік, летнік), а таксама панёвы, фартухі. Малюнак спадніцы і панёвы — клетка, падоўжныя або папярочныя палосы ў чырвоным, сіне-зялёным ці серабрыста-белым каларыце. Фартух гарманіраваў з кашуляй. У жаночае, асабліва святочнае, убранне ўваходзіў і гарсэт у выглядзе безрукаўкі. Шылі яго звычайна з крамных тканін (аксаміт, парча, шоўк), аздаблялі вышыўкай, аплікацыяй, нашыўкамі тасёмак, стужак, гузікаў. Касцюм мог дапаўняцца разнаколерным поясам з кутасамі. Галаўныя ўборы залежалі ад узросту і сямейнага становішча жанчыны. У дзяўчат гэта былі перавязкі накшталт вузкіх ручнікоў (скіндачка, шлячок), вянкі. Замужняй жанчыне не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Жаночыя галаўныя ўборы падзяляюцца на ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка), рагацістыя (галовачка), каптуровыя (каптур, чапец, падвічка). Самы пашыраны і адмысловы — намітка. Будзённым абуткам жанчыны былі лапці, святочным — пасталы і чорныя хромавыя чаравікі. Верхняя мужчынская і жаночая вопратка мала адрознівалася. Яе шылі з валенага нефарбаванага сукна (світа, сярмяга, бурка, бурнос), аўчыны (кажух, кажушок). Насілі таксама бравэрку, каптан, кабат. Пранікненне ў вёску прамысловых вырабаў «размывала» жанравыя межы традыц. нар. касцюма. У 20 ст. многія віды і састаўныя часткі традыц. адзення выйшлі з ужытку. Нар. адзенне аднатыпнае на ўсёй тэр. Беларусі, але ў ім вылучаюць 4 асн. комплексы (залежна ад таго, з чым насілі кашулю ў жаночым касцюме): са спадніцай і фартухом; са спадніцай, фартухом і гарсэтам; са спадніцай, да якой прышыты ліф-гарсэт, і фартухом; з панёвай, фартухом, гарсэтам. Першыя 2 вядомыя ўсюды, 2 другія — ва ўсх. і паўд.-ўсх. раёнах. Комплексы маюць шэраг лакальных разнавіднасцяў, якія вылучаюцца як нар. строі. Найб. вывучаны строі Зах. і Усх. Палесся, Падняпроўя, Цэнтр. Беларусі, Панямоння, Паазер’я (пра кожны строй гл. адпаведны артыкул). Паасобныя матывы традыц. адзення выкарыстоўваюць мадэльеры пры распрацоўцы сучаснага касцюма.

Літ.:

Маслова Г.С. Народная одежда русских, украинцев и белорусов в XIX — начале XX в. // Восточнославянский этнографический сборник. М., 1956;

Беларускае народнае адзенне. Мн., 1975;

Каминская Н.М. История костюма. М., 1977;

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;

Яго ж. Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;

Раманюк М., Ліцвінка В., Раговіч У. Песні і строі Піншчыны. Слонім, 1994.

М.​Ф.​Раманюк.

Адзенне: 1 — княжацкае 11-12 ст.; 2 — баярскае 12-13 ст.; 3 — гараджан 12-13 ст.; 4-5 — магнатаў 16—17 ст.; 6 — сялян 15 ст.
Да арт. Адзенне. 1—2 — селянін і сялянка. Паводле Норбліна (канец 18 — пач. 19 ст.); 3—4 — дзяўчына і жанчына з Піншчыны. Паводле Рабцэвіча (канец 18 — пач. 19 ст.).
Да арт. Адзенне. 1 — селянін. Паводле А.​Рыгельмана (канец 18 ст.); 2 — сялянка з цэнтральнай Беларусі. Паводле К.​Вуйціцкага (пач. 19 ст.); 3—4 — селянін з Палесся і жанчына з-пад Кобрына. Паводле Ю.​Крашэўскага (1-я чвэрць 19 ст.).
Да арт. Адзенне. К.​Русецкі. Жняя. 1845.
Да арт. Адзенне. І.​Рэпін. Беларус. 1892.

Да арт. Адзенне. Партрэт Лізаветы Соф’і Радзівіл. Невядомы мастак. 1-я пал. 17 ст.

Беларускае народнае адзенне. Строі Цэнтральнай Беларусі і Панямоння: пухавіцкі (1), ляхавіцкі (2), капыльска-клецкі (3), слуцкі (4), вілейскі (5), мастоўскі (6), навагрудскі (7), ваўкавыска-камянецкі (8—9).
Беларускае народнае адзенне. Строі заходняга і ўсходняга Палесся: дамачоўскі (10), маларыцкі (11), кобрынскі (12), пінска-івацэвіцкі (13), мотальскі (14), давыд-гарадоцка-тураўскі (15), турава-мазырскі (16), калінкавіцкі (17), брагінскі (18).
Беларускае народнае адзенне. Строі Прыдняпроўя і Наддзвіння: магілёўскі (19—20), краснапольскі (21), буда-кашалёўскі (22), неглюбскі (23), лепельскі (24), дубровенскі (25), астравецка-дзісенскага рэгіёна (26—27).

т. 1, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́РКА,

1) мужчынская вопратка з башлыком, якую надзявалі ў дарогу, у халоднае дажджлівае надвор’е паверх кажуха ці світкі. Як тып вопраткі прыйшла ў Еўропу з Усходу (тэрмін лічыцца персідскім). На Беларусі вядома з 17 ст., з канца 19 ст. пад уплывам гар. касцюма замацавалася ў сял. асяроддзі. Шылі буркі з саматканага валенага сукна цёмных колераў прамога крою, двухбортнай, з адкладным каўняром, шырокім хлясцікам (поясам), праразнымі кішэнямі. Святочныя буркі ўпрыгожвалі дэкар. строчкай і нашыўкамі чорнага ці чырвонага сукна, тасьмы. Да 1950-х г. бытавала амаль па ўсёй Беларусі (у некаторых мясцовасцях наз. бурносам).

2) Святочная ўзорыстая спадніца з паўшарсцяной валенай саматканкі ў маларыцкім строі. Ткалі буркі камбінаваным спосабам: узор выконвалі бранай, фон — шматнітовай тэхнікай, шылі з 4—5 полак адносна кароткай (закрывала калені), запрасоўвалі ў буйныя складкі. Для яе характэрны вытанчанасць геам. арнаменту, строгая ўраўнаважанасць шэра-белых і карычнева-чырвоных папярочных палос, якія пераходзілі ў больш шырокі дамінуючы шляк па нізе. Буркі насілі да 1940-х г. 3) Лямцавы плашч у народаў Каўказа.

М.​Ф.​Раманюк.

Бурка (вопратка). Брагінскі раён Гомельскай вобласці. Пач. 20 ст.
Бурка (спадніца). Маларыцкі раён Брэсцкай вобласці. Канец 19 ст.

т. 3, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМІ́ТКА, павойнік, хуста, сярпанка,

даўні галаўны ўбор замужніх жанчын на Беларусі. Складаўся з уласна Н. — тонкага белага кужэльнага палатна (ручніка) 30—60 см шырынёй, ад 2,3—2,6 да 5 м даўжынёй, абматанага паверх чапца і тканкі (лямец, кібалка). Вядома каля 30 спосабаў абмотвання Н. Часам абодва яе канцы завязвалі ззаду (магілёўскі строй), над ілбом ці па баках (капыльска-клецкі строй); найчасцей адзін канец праходзіў пад барадой і драпіраваўся над плячом, а другі спадаў на спіну. Часта Н. замацоўвалі доўгімі шпількамі, тады яе можна было здымаць, як шапку. Канцы Н., іншы раз і край над ілбом аздаблялі арнаментам (вышыўка ці натыканне), карункамі, мохрыкамі (пухавіцкі строй, маларыцкі строй, кобрынскі строй). Святочную Н. аздаблялі зелянінай, букетам штучных ці жывых кветак, папяровым веерам (ляхавіцкі строй), кветкамі вяргіні (пінска-івацэвіцкі строй), пер’ем (кобрынскі строй), маляўнічай каробачкай з 2 «рожкамі» — пукамі фарбаванага пер’я (касцюм свацці ў маларыцкім строі). Першы раз у Н. ўбіралі нявесту на вяселлі (абрад «ачэпін»), пасля чаго жанчына не выходзіла на людзі без яе. Найдаўжэй бытавала на Палессі (да 1950-х г.). Іл. гл. таксама ў арт. Галаўныя ўборы.

М.​Ф.​Раманюк.

Жанчыны ў святочных уборах з наміткамі. Вёска Варатынічы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобл. Пач. 20 ст.

т. 11, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГО́ВІЧ (Уладзімір Іосіфавіч) (н. 28.3.1938, г.п. Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. хар. дырыжор, фалькларыст, педагог. Скончыў Бел. кансерваторыю (1964). З 1964 дырыжор-хормайстар, з 1970 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Рэспублікі Беларусь імя Р.​Шырмы. З 1982 выкладаў у Мінскім пед. ін-це, у 1988—92 — Пінскім пед. вучылішчы. У 1987—88 і 1992—98 працаваў у н.-д. лабараторыі бел. фальклору і дыялекталогіі БДУ. Стваральнік і кіраўнік прафес. мужчынскага вак. актэта (з 1998), самадз. хар. калектываў, у т. л. Нар. хар. капэлы і хору хлопчыкаў Мінскага трактарнага з-да, Нар. хар. капэлы БДУ. З 1957 збірае бел. нар. песні (больш за 3 тыс.). Аўтар Боскай літургіі св. Іаана Златавуста для салістаў і мяшанага хору, больш за 200 апрацовак і пералажэнняў нар. і аўтарскіх твораў для аднароднага і мяшанага хароў; зборнікаў бел. песеннага фальклору, у т. л. «Беларускія абрадавыя песні» (1985), «Вянок беларускіх народных песень» (1988), укладальнік муз. часткі зб. «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыц. жанры: Гомел. вобл.» (1989).

Тв.:

Песні і строі Піншчыны. Мн., 1994 (разам з В.​Ліцвінкам, М.​Гаманюком;

Песенны фальклор Палесся: У 3 т. Т. 1. Песні святочнага календара. Мн., 2001.

Н.​Г.​Мазурына.

т. 13, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІ́НДАЧКА,

у беларусаў дзявочы галаўны ўбор. Называлі таксама апаяска, завязка, шырынка. Кроілі ў выглядзе ручніка з даматканага кужэльнага палатна рознай танальнай адбелкі, радзей з белага паркалю або з бела-чырвонай у бела-блакітныя папярочныя паскі баваўнянай даматканкі (шыр. 10—30, даўж. 70—140 см). Завязвалі на патыліцы так, каб не закрывала макаўку галавы, а свабодныя канцы звісалі на спіну ці грудзі. Шылі С. з 3 частак — вузкай, сярэдняй і шырокіх бакавых. Шырокія С. складвалі па даўжыні ў 2—4 столкі; у тую частку, што абвязвала галаву, устаўлялі паперу, кардон, луб або падшывалі палатно. Святочныя С. аздаблялі вышыўкай (крыжыкам, процягам, мярэжкай, гафтам), узорыстым натыканнем, карункамі, мохрыкамі, аплікацыяй і інш. Часцей выкарыстоўвалі геам. арнамент: па канцах С. размяшчалі шырокі ўзорысты шляк, адзін або два падоўжныя бакі аздаблялі вузкімі ўзорыстымі паскамі. Каларыт арнаменту чырвона-малінавы з чорнымі і блакітнымі ўкрапінамі, радзей белы з чырвоным. У вясельным касцюме С. дапаўняў вянок з кветак. Шырока бытавала да канца 19 ст. амаль па ўсёй Беларусі, у 1-й пал. 20 ст. захавалася ў калінкавіцкім строі.

М.​Ф.​Раманюк.

Дзяўчына ў скіндачцы. Светлагорскі раён Гомельскай вобл. Пачатак 20 ст.

т. 14, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ВЕНСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў Падзвінні. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Віцебскай вобл., часткова на Смаленшчыне. У строі пераважалі блакітныя фарбы (паўплывала набіванка) і дробнаклятчастыя ўзоры на паясных адзежынах. Старадаўні жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы (андарак, саматканка), ільнянога фартуха і курты, больш позні — з кашулі, фартуха, спадніцы з прышыўным ліфам і поясам (саян — накшталт сукенкі без рукавоў). Святочную кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, гесткай, будзённую і споднюю — тунікападобнай, з разрэзам па цэнтры грудзей; стаячы каўнер зашпіляўся шпонкай ці гузікам або сцягваўся чырв. стужкай. Узорыстае ткацтва, вышыўка спалучаліся з разнаколернай аплікацыяй, аблямоўкамі, устаўкамі чырвонай або сіняй крашаніны ці кумачу. Чырвоны арнамент (строгія геам. формы, шматпялёсткавыя зоркі, раслінныя ўзоры) дапаўняўся блакітным. чорным, зрэдку паскамі медна-чырв. бліскавак. Спадніцу кроілі ў 4—6 полак з пярэстатканага сіне-белага, чырвона-бурачковага палатна. Спадніцу з ліфам шылі з 2, часам розных па якасці і колеру тканін, дапаўнялі белым ці набіваным фартухом і поясам, на канцы якога нашывалі бісер. Суконную світу ў выглядзе безрукаўкі пацягвалі белым каленкорам, аздаблялі нашыўкамі чырв. сукна, лапікамі чорна-белай аўчыны ўздоўж зрэзаў. Галаўныя ўборы жанчын — хусткі, чапцы. У мужчынскі гарнітур уваходзілі кашуля, нагавіцы, пояс. Жаночай і мужчынскай вопраткай былі армяк, світа, бурка, кажух.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Дубровенскі строй. Жанчына ў летнім адзенні. Вёска Ланенка Дубровенскага раёна Віцебскай вобл.

т. 6, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЛЬБА (Альгерд) (сапр. Чыж Вітаўт),

бел. пісьменнік, крытык і публіцыст пач. 20 ст. У 1908—11 чл. рэдакцыі газ. «Наша ніва». З рэцэнзіямі і артыкуламі найб. актыўна выступаў у 1910—11. Адгукнуўся на выхад зб-каў Я.​Купалы «Гусляр», Я.​Коласа «Песні-жальбы», падкрэсліваў самабытнасць бел. паэтаў як мастакоў слова, з пазіцый народнасці л-ры палемізаваў з польскім крытыкам З.​Пяткевічам, які выступіў супраць паэмы Я.​Купалы «Адвечная песня» («Адказ пану З.​Пяткевічу», 1910). У арт. «Грамадзянскае становішча В.​Дуніна-Марцінкевіча» (1910) даволі дакладна ахарактарызаваў ролю пісьменніка ў гісторыі бел. л-ры. Даследаваў польск. і ўкр. л-ру (арт. «Барыс Грынчанка», 1910; «Памяці Тараса Шаўчэнкі», 1911). Узбагачаў бел. алегарычнае апавяданне («Пад шум восенных дажджоў...», 1910). Адстойваў правы бел. народа на сваю нац. л-ру, муз. мастацтва, тэатр (арт. «Беларускі вечар у Полацку», «Беларуская народная песня і мелодыі ў новых музыкальных творах», абодва 1910; «З нашага жыцця (Аб беларускім тэатры)», 1911]. Пісаў артыкулы на тэмы эканомікі і палітыкі, даследаваў этнаграфію («Аб арганізацыі хатняга рамясла», 1911; «Гасударственная Дума, зямельныя законы і іх прымяненне ў жыццю», 1912). У брашуры «Колькі слоў аб дзявочай апратцы на Беларусі» (1911) апісаў бел. нар. строі. Пераклаў на бел. мову з рускай паасобныя апавяданні Л.​Андрэева, І.​Гарбунова-Пасадава, Р.​Данілеўскага, М.​Ляскова, Р.​Мачтэта.

Тв.:

У кн.: Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965;

у кн.: Александровіч С., Александровіч В. Беларуская літаратура XIX—пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978.

І.​У.​Саламевіч.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў цэнтр. Беларусі (пераважна на ПнЗ Мінскай і ПнУ Гродзенскай абл.), які бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Зазнаў уплыў гар. касцюма, што выявілася ў прыёмах крою і пашыву, шырокім выкарыстанні крамных тканін. У жаночы гарнітур уваходзілі кашуля, спадніца, фартух, гарсэт (у будні замест яго надзявалі безрукаўку-сканцэрку). Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, з сярэдзіны 19 ст. — з гесткай, аздаблялі паскам расліннага ці геам. чырвона-чорнага арнаменту на грудзях, плячах і каўняры. Узоры клетак і паскаў на спадніцы (з 4 прамавугольных, пазней трапецападобных полак) утвараліся за кошт чорных, цёмна-сініх, шэрых, жоўтых прасновак і прокідак утку. Спадніцу-андарак ткалі ў буйнарапортныя зялёна-вішнёвыя клеткі ці аднаго сіняга, чорнага колеру (спадніца-рудляк). Фартух аднаполкавы, белы льняны ці паркалёвы або цёмны з крамных тканін; упрыгожвалі гафтам, нашыўкамі стужак, маршчэннем. Гарсэт (шнуроўка) з чорнай або цёмна-сіняй шарсцянкі ці аксаміту кроілі з баскай у 6—8 кліноў. Жаночыя галаўныя ўборы: намітка, белая палатняная або разнаколерная з фабрычнай шарсцянкі хустка і вялікая тканая або вязаная з воўны хустка-ахінанка, каптур. Традыцыйную жаночую вопратку — бурнос і паўбурнос, расшыраныя ўніз, аздаблялі нашыўкамі гладкіх і зубчыкавых паскаў чорнага аксаміту, тасьмы ў спалучэнні з машынным штапам. Святочнай вопраткай былі суконныя капоты. Мужчынскі гарнітур складаўся з кашулі, нагавіц, сіняй ці чорнай камізэлькі (доўгай са стаячым каўняром ці кароткай), аздобленай нашыўкамі, трохвугольнай шыйнай хустачкі (каляшыйнік), галаўнога ўбору. У віленскім строі шмат відаў мужчынскай вопраткі, што адрозніваліся якасцю тканін, кроем, маст. афармленнем. У халодную восень і вясну насілі армяк, сярмягу, чуйку, бурку, якія шылі з валенага сукна, узімку — непацягнутыя або пацягнутыя кажухі.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Вілейскі строй. Дзяўчына ў зімовай вопратцы (бурнос). Вёска Каралеўцы Вілейскага раёна.

т. 4, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТКАЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ ТВО́РЧАСЦІ.

Засн. ў 1978 у г. Ветка Гомельскай вобл. на базе калекцыі Ф.​Р.​Шклярава, які стаў першым дырэктарам музея, адкрыты для наведвання ў 1987. Размешчаны ў б. купецкім асабняку 19 ст. У музеі 6,5 тыс. экспанатаў, у т. л. 3,5 тыс. асн. фонду (1997), якія характарызуюць нар. культуру і побыт, традыц. мастацтва і промыслы Веткаўшчыны. Гэта старадрукі 16—18 ст: («Евангелле» П.​Мсціслаўца, 1575, кнігі В.​Гарабурды, выданні старавераў, у т. л. з Куцеінскай друкарні, і інш.), рукапісы пач. 16 — пач. 20 ст. (пераважна крукавага нотнага пісьма). Па запісах на кнігах (даравальных, купчых) складзена і экспануецца карта «Шлях кніг на Ветку». Зберагаюцца унікальныя калекцыі прорысяў 17—19 ст., абразоў 17 — пач. 20 ст., старадаўняя і сучасная разьба па дрэве, чаканка і гравіроўка па метале (абклады на абразах), ліццё, шыццё золатам, жэмчугам і бісерам; інструменты майстроў і рамеснікаў, іх дзелавая і асабістая перапіска, калекцыі меднага посуду і самавараў; узоры маст. ткацтва, вышыўкі, нар. касцюмаў; творы жывапісу самадз. мастакоў. Экспазіцыя складаецца з раздзелаў: «Слабада», «Кірмаш», «Манастыр», «Рака», у якіх размешчаны тэматычна аб’яднаныя кампазіцыі з элементамі дыярамы — «Бакалейная крама», «Гандлёвы рад», «Кузня», «Бібліятэка» і інш. Калекцыі іканапісу і дэкар.-прыкладнога мастацтва ўключаюць работы мясц. майстроў рознага часу, у т. л. Р.​Рагаткіна (іканапіс), М.​Свяшчэннікава (чаканка), М.​Смірновай (шыццё бісерам), К.​Карасёва (разьба па дрэве). Сярод твораў маст. ткацтва старадаўнія і сучасныя ручнікі, абрусы і хусткі з в. Неглюбка, пас. Рэпішча і інш., дзявочыя і жаночыя нар. строі.

С.​І.​Лявонцьева.

Абраз «Пакровы» з экспазіцыі Веткаўскага музея народнай творчасці.
Веткаўскі музей народнай творчасці. Рукапісы 16—19 ст., напісаныя крукавым нотным пісьмом.
Брама Веткаўскага музея народнай творчасці.
Адна з залаў Веткаўскага музея народнай творчасці.
Веткаўскі музей народнай творчасці. Фрагмент экспазіцыі.

т. 4, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)