АНТЫСТА́ТЫКІ,
хімічныя злучэнні, якія зніжаюць статычную электрызацыю палімерных рэчываў. Дзеянне антыстатыкаў павышае электраправоднасць сінт. матэрыялаў і абумоўлівае ўцечку зараду з іх. Як антыстатыкі выкарыстоўваюцца высокадысперсныя электраправодныя рэчывы (напр., сажа, графіт, аксіды металаў), паверхнева-актыўныя рэчывы, плёнкаўтваральныя палімеры (напр., поліакрылавая кіслата, полістыролсульфакіслата). Антыстатыкі наносяць на паверхню сінт. валокнаў, пластмасаў, тэкст. вырабаў ці ўводзяць у састаў матэрыялу (да 50% ад масы). Статычная (наведзеная) электрычнасць дрэнна ўплывае на чалавека (выклікае стомленасць і дыскамфорт), на паказанні высокаадчувальнай электроннай апаратуры. Для бытавых патрэб пажаданы выпуск антыстатыкаў у выглядзе аэразоляў.
т. 1, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТЭМАА ((Vetemaa) Эн) (н. 20.6.1936, Талін),
эстонскі пісьменнік. Засл. пісьменнік Эстоніі (1977). Скончыў Талінскі політэхн. ін-т (1959), Талінскую кансерваторыю (1965). Друкуецца з 1958. Аўтар паэт. зб-каў «Пераломны ўзрост» (1962), «Гульня ў снежкі» (1966), цыкла «маленькіх раманаў» («Манумент», 1965; «Стомленасць», 1967; «Рэквіем для губнога гармоніка», 1968; «Яйкі па-кітайску», 1969), рамана «Серабрыстая стужка» (1977). У творах узнімае маральна-этычныя праблемы, праблемы узаемаадносін сучасніка з грамадствам, крытыкуе цынічна-спажывецкія адносіны яго да жыцця. Майстар сац. гратэску (п’есы «Вячэра на пецярых», 1974; «Зноў гора ад розуму», 1975; «Ружоўнік», паст. 1976), камедыёграф («Сусана, або Школа майстроў», нап. 1974, і інш.). Зрабіў стылізаванае пералажэнне нар. эст. эпасу «Успаміны Калевіпоэга» (1971).
т. 4, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ЗЕ ((Pavese) Чэзарэ) (9.9.1908, Санта-Стэфана-Бельба, Італія —27.8.1950),
італьянскі пісьменнік. Скончыў Турынскі ун-т (1930). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік руху Супраціўлення. У ранніх творах (зб. вершаў «Рабочая стомленасць», 1936; аповесць «Твой родны край», 1941) матывы непрыняцця тагачаснай рэчаіснасці і трагічнага адчужэння. Спавядальны і драм. раман «Месяц і кастры» (1950) пра вяртанне ў свет дзяцінства, паэт. зб. «У смерці твае вочы» (апубл. 1951) — сведчанне душэўнага крызісу, які прывёў да самазабойства. Аўтар антыфаш. рамана «Таварыш» (1947), зб-каў аповесцей «Перш, чым заспявае певень» і «Цудоўнае лета» (абодва 1949), дзённіка «Рамяство жыць» (апубл. 1952), «Пісьмаў» (т. 1—2, выд. 1966), лірычна-філас. эсэ, навел. Творчасць П. блізкая да неарэалізму. На бел. мову асобныя яго апавяданні пераклаў А.Шаўня.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.;
Золата Фарчэлы: Сучасныя італ. апавяданні. Мн., 1968;
Рус. пер. — Прекрасное лето. Дьявол на холмах. Луна и костры. Товарищ. М., 1982.
Літ.:
Чезаре Павезе: Биобиблиогр. указ. М. 1975.
С.В.Логіш.
т. 11, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)