ЛАФЕ́Т (ням. Lafette, ад франц. Jaffût),

частка артыл. гарматы, на якой мацуецца ствол. Прызначаны для надання ствалу верт. і гарыз. вуглоў (пры дапамозе механізмаў наводкі), паглынанні энергіі аддачы пры выстрале, а таксама для перамяшчэння гарматы. Л. бываюць рухомыя (на калёсным або гусенічным ходзе), паўстацыянарныя (на рухомай аснове ў танк., самаходных, карабельных, авіяц. і інш. гарматах) і стацыянарныя (на нерухомай аснове ў берагавых, казематных і інш. гарматах). На Л. устанаўліваюць труну пры пахаванні заслужаных военачальнікаў, як від ушанавання.

т. 9, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РКАВЫ ДУБ (Quercus suber),

кветкавая расліна сям. букавых. Пашыраны ў прыморскім поясе (на выш. да 400—500 м) Зах. Міжземнамор’я. Культывуецца на Пд Еўропы, Каўказе, у Кітаі.

Вечназялёныя дрэвы выш. да 20 м, дыяметр ствала каля 1 м. Карані глыбокія, стрыжнёвыя. Лісце зубчастае або суцэльнакрайняе, знізу шэрае, апушанае. Тычынкавыя кветкі ў каташках, песцікавыя — адзіночныя. Плод — жолуд. На 3—5-ы год ствол і буйныя галіны пакрываюцца коркам. Спеласць корку настае на 15—20-ы год. Выкарыстоўваюць у прам-сці.

Галінка коркавага дуба.

т. 8, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЎБІЦА (ням. Haubitze),

артылерыйская гармата для стральбы пад вуглом узвышэння да 70° па наземных цэлях. Першыя гаўбіцы з’явіліся ў Еўропе ў 15 ст., у Расіі (гаўфніцы) у сярэдзіне 16 ст. (гл. Артылерыя). Сучасныя гаўбіцы маюць калібр 105—203 мм, адносна кароткі ствол (15—40 калібраў), скарастрэльнасць да 10 стрэлаў за мінуту, далёкасць стральбы да 24 км (рэактыўнымі снарадамі — да 30 км). Бываюць самаходныя або буксіруюцца, некат. могуць страляць ядз. снарадамі. Гаўбіцы калібру 122-, 152- і 203-мм шырока выкарыстоўваліся ў гады Вял. Айч. вайны.

т. 5, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕПІДАДЭ́НДРАНАВЫЯ [ад грэч lepis (lepidos) луска + dendron дрэва],

лускадрэвы, парадак вымерлых дзеразападобных раслін. Існавалі ў каменнавугальным і пермскім перыядах (каля 350—250 млн. гадоў назад) ва ўмовах трапічнага клімату.

Выш. ствала да 30 м, дыям. каля асновы да 2 м. Дрэвападобныя разнаспоравыя расліны. Ствол прамы, дыхатамічна разгалінаваны ў верхняй частцы. Драўніна ўкрыта тоўстай карой з рамбічнымі або верацёнападобнымі лісцевымі падушачкамі. Лісце лінейнае, шыла- або ланцэтападобнае даўж. да 1 м, шыр. каля 1 см. Стробілы (органы размнажэння) адна- або двухполыя, дасягалі даўж. 50 см і дыям. 5 см. Па рэштках Л. вызначаюць узрост геал. адкладаў.

Лепідадэндран.

т. 9, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУСТ,

шматгадовая дрэвавая расліна, якая ў адрозненне ад дрэва разгаліноўваецца каля паверхні глебы. Гал. ствол маюць маладыя расліны, потым ён губляецца сярод новых стволікаў, якія ўтвараюцца са спячых пупышак каля асновы парасткаў. Выш. К. 0,8—6 м, працягласць жыцця — да некалькіх соцень гадоў. Пашыраны ва ўсіх раслінных зонах. У лясах умеранага пояса звычайна ўтвараюць падлесак. Форму К. могуць набываць дрэвы ў неспрыяльных кліматычных і глебава-прыродных умовах. Многія К. лек. (напр., бузіна, каліна, шыпшына), харч. (напр., агрэст, барбарыс, ляшчына, парэчкі), дэкар. (напр., бружмель, брызгліна, жарновец) расліны.

т. 9, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЕТЫ́ТЫ (Bennettitopsida),

парадак выкапнёвых дрэвападобных голанасенных раслін. 2 сям., каля 20 родаў. З’явіліся ў каменнавугальным перыядзе; найб. росквіту дасягнулі ў юры — 1-й пал. мелу. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі (лісце, сцяблы, шышкі, пылок) зрэдку трапляюцца ў юрскіх адкладах. Вызначальныя выкапнёвыя для юрскіх і мелавых адкладаў.

Вонкавым выглядам нагадвалі сучасных сагаўнікавых тропікаў і субтропікаў. Мелі просты або разгалінаваны, некаторыя — бочачкападобны ствол, укрыты рубцамі ад апалага лісця. Лісце перыстае, радзей простае. Кветкі ў пазухах лісця, у большасці Б. двухполыя, нагадвалі кветку пакрытанасенных. Насенне з 2 семядолямі. Некаторыя вучоныя лічаць Б. магчымымі продкамі пакрытанасенных.

Бенетыты. 1 — вільямсонія; 2 — бенетыт.

т. 3, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЯЎРЫ́НА (ад франц. couleuvrin змеепадобны),

1) французская разнавіднасць першых узораў ручной агнястрэльнай зброі (14—16 ст.) тыпу аркебузы. Мела жал. або бронз. ствол, прымацаваны кольцамі да драўлянай ложы, і вузкі выгнуты прыклад; калібр 12,5—22 мм, даўж. 1,2—1,4 м, маса 5—28 кг.

2) Найб. даўгаствольныя (з адноснай даўж. канала ствала 18—50 калібраў) гарматы розных калібраў (42—240 мм), якія ўжываліся для прыцэльнай стральбы на вял. адлегласці ў еўрап. арміях (у т. л. ў арміі ВКЛ) і ваен. флатах у 15—17 ст. У Германіі наз. шланг і гакенбюкс, у Расіі — пішчаль. Гл. іл. пры арт. Зброя.

т. 9, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́Л,

2 геаграфічныя расы (падвіды) аленя высакароднага: М. алтайскі (Cervus elaphus sibiricus) і М. цянь-шанскі (C. e. songaricus). Пашыраны ў Цэнтр. Азіі (Алтай, Цянь-Шань, Паўд. Сібір, Кітай, Манголія). Жывуць у рэдкалессі, на ўзвышшах, у гарах.

Даўж. да 3 м, выш. ў карку да 1,6 м, маса да 500 кг. Ствол рагоў моцны, тоўсты, ад яго адыходзіць да 7 адросткаў, 4-ы самы вялікі. Расліннаедныя (трава, лісце, кара дрэў, плады, ягады. грыбы, лішайнікі). Нараджаюць 1 дзіцяня. Гадуюць на фермах. Маладыя неакасцянелыя рогі (панты) М. выкарыстоўваюць пры вырабе лек. прэпарату пантакрыну.

Э.​Р.​Самусенка.

Марал..

т. 10, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАТА́Н (Platanus),

род кветкавых раслін сям. платанавых. 7—10 відаў. Пашыраны ў Амерыцы (ад Мексікі да Канады) і ў Еўразіі (ад Балканскага п-ва і Усх. Міжземнамор’я да Індакітая). З ант. часу культывуюць П. усходні, або чынару (P. orientalis).

Лістападныя дрэвы выш. да 50 м, дыяметр ствала да 5 м. Жывуць больш за 2 тыс. гадоў. Крона густая, шырокая, ствол прамы, калонападобны. Кара зеленавата-шэрая. Лісце буйное, доўгачаранковае, пальчаталопасцевае. Аднаполыя кветкі дробныя, у звіслых галоўчатых суквеццях. Плод — арэшак. Драўніна прыгожая, лёгкая, моцная, выкарыстоўваецца як дэкар. мэблевы матэрыял.

І.​М.​Гарановіч.

Платан усходні.

т. 12, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БААБА́Б (Adansonia digitata),

від кветкавых раслін сям. бамбаксавых, або баабабавых. Пашыраны ў афр. саваннах. Інтрадукаваны на Мадагаскар і ў засушлівыя трапічныя раёны Азіі. Жыве да 4—5,5 тыс. гадоў.

Дрэвы выш. да 25 м з тоўстым (дыям. да 4—10 м) ствалом і разгалістай кронай. Драўніна рыхлая, з вял. запасам вады, часта загнівае, таму ствол баабаба звычайна пусты. Лісце пальчата-складанае, у засушлівы перыяд ападае. Кветкі адзіночныя, 12—20 см у дыяметры, белыя, духмяныя. Плод — прадаўгаватая яйцападобная каробачка даўж. да 40 см. З кары баабаба атрымліваюць грубае валакно на выраб вяровак, рыбалоўных сетак, тканін для адзення; з мякаці пладоў гатуюць прахаладжальныя напіткі. Лісце і плады ядомыя.

Баабаб.

т. 2, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)