паводле «Аповесці мінулых гадоў», тры варажскія конунгі (князі)-браты, закліканыя ў 862 «з-за мора» ільменскімі славенамі, крывічамі і фіна-угорскімі плямёнамі на княжанне. Яны пасяліліся ў Гарадзішчы. З узнікненнем Ноўгарада Рурык стаў яго князем (паводле Іпацьеўскага летапісу — першапачаткова княжыў у Ладазе), Сінявус — у Белавозеры, Трувор — у Ізборску. Летапісныя Сінявус і Трувор неўзабаве памерлі і «авалодаў усёю уладаю адзін Рурык, і стаў раздаваць мужам сваім гарады: таму Полацк, гэтаму Растоў, іншаму Белавозера... і над усімі тымі ўладарыў Рурык». Існаванне братоў Рурыка выклікае сумненні ў даследчыкаў. Няяснасць этымалогіі імён Сінявуса і Трувора выклікала нават меркаванне пра недакладнасць перакладу летапісцам стараж.-швед. слоў «sine hus» і «thru varing», якія нібыта адпавядаюць выразу «с роды своими и дружиной многой». Рурыка большасць даследчыкаў лічыць рэальнай гіст. асобай сканд. паходжання: ён стаў князем паўн. (славяна-фінскай) канфедэрацыі плямён паводле «ряду» (дагавору) і памёр у 879. Часам яго атаясамліваюць з Рорыкам Ютландскім. Паводле летапіснай традыцыі Рурык — заснавальнік дынастыі Рурыкавічаў, бацька кіеўскага князя Ігара.
Літ.:
Фроянов И.Я. Исторические реалии в летописном сказании о призвании варягов // Вопр. истории. 1991. №6;
Нильсен Й.П. Рюрик и его дом: Опыт идейно-историогр. подхода к норман. вопросу в рус. и сов. историографии. Архангельск, 1992;
Ловмяньский Х. Русь и норманы: Пер. с пол. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГІСТО́РЫЯ ПРА ВАРЛАА́МА І ІАСА́ФА»,
помнік перакладной бел. л-ры 17 ст. Арыгінал узнік у Індыі на аснове нар. паданняў пра Буду. Праз перс. і араб. пасрэдніцтва стаў вядомы грэкам, у 11 ст. — усх. славянам. У аповесці апісваецца жыццё інд. царэвіча Іасафа, які пад уплывам хрысц. прапаведніка Варлаама прыняў новую веру, далучыў да хрысціянства свайго бацьку і народ, а потым пакінуў свецкае жыццё і зрабіўся пустэльнікам. Твор прасякнуты царк.-аскетычнай тэндэнцыяй, ідэяй аб усепераможнай сіле хрысц. веравучэння. Бел. пераклад надрук. ў 1637 у Куцеінскай друкарні (у Оршы) і стаў непасрэднай крыніцай рус. перакладу, апубл. ў 1681 у Маскве. Прытчы з аповесці выкарыстоўваліся пісьменнікамі, праніклі ў фальклор. У 18 ст. на Беларусі ўзніклі фалькл. перапрацоўкі твора («Алісахвій-царэвіч» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНУД I ВЯЛІ́КІ (Knud den Store; каля 995—12.11.1035),
кароль Англіі (з 1016), Даніі (з 1018) і Нарвегіі (з 1028). Сын дацкага караля Свена I Вілабародага (п. у 1014), разам з якім з 1013 удзельнічаў у заваяванні Англіі. З 1016 суправіцель на англ. прастоле, замацаваўся як кароль Англіі пасля смерці Эдмунда II Жалезнабокага (1018). Апіраўся ў Англіі на дробных землеўладальнікаў і вышэйшае духавенства (надзяляў апошняе землямі і прывілеямі). У Даніі стаў каралём пасля смерці брата Харальда II; пры ім у краіне склалася асобае войска (ціглід) з прадстаўнікоў найб. знатных сем’яў (зародак мясц. рыцарства), пачалася рэгулярная чаканка манеты. Стаў каралём Нарвегіі, выгнаўшы Олафа II Харальдсана. Створаная К. I вялізная англа-дацка-нарв. дзяржава распалася неўзабаве пасля яго смерці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПАЛА (Coppola) Фрэнсіс Форд (н. 7.4.1939, г. Дэтройт, штат Мічыган, ЗША),
амерыканскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Скончыў Каліфарнійскі ун-т. Паставіў фільмы «Хросны бацька I» (1972, прэмія «Оскар») пра гісторыю клана нью-йоркскай мафіі, які стаў сенсацыяй у сусв. кінамастацтве, і яго працяг «Хросны бацька II» (1974, прэмія «Оскар»), «Хросны бацька III» (1990). Адметнай антываен. стужкай у сусветным кінематографе стаў «Апакаліпсіс сёння» (1979), прысвечаны в’етнамскай вайне. Сярод інш. фільмаў «Вясёлка Файніяна» (1968), «Размова» (1972), «Аўтсайдэры» (1983), «Клуб «Катон» (1984), «Такер: чалавек і яго мара» (1988), «Дракула» (1992). Аўтар сцэнарыяў шэрагу сваіх фільмаў, у т. л. «Людзі дажджу» (1969), «Патон» (1970, з Э.Нортам; прэмія «Оскар»), «Вялікі Гэтсбі» (паводле Ф.С.Фіцджэральда, 1974), «Ад усяго сэрца (1982), «Сады з камянёў» (1987) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНТУ́Ш,
верхняе мужчынскае адзенне, што апраналі на жупан. К. прыйшоў з Венгрыі ў Польшчу, у 16 ст. — на Беларусь і разам з жупаном стаўтрадыц. адзеннем заможнай шляхты. Шылі доўгі, ніжэй каленяў, з разрэзанымі рукавамі, якія свабодна звісалі або закідваліся на плечы. Верхняя частка заўсёды расшпілена, каб быў відаць жупан. У 16 ст. К. шылі з сукна, пазней з шоўку, зімою падшывалі лёгкім футрам. Колер К. звычайна яркі, але цямнейшы за жупан; падкладка інш. колеру; дадаткам быў тканы каляровы пояс, у т. л.слуцкія паясы. З 1778 К. і жупан у паасобных ваяводствах мелі пэўны вызначаны колер, што надавала ім характар ваяводскага мундзіра. У 2-й пал. 19 ст.стаў урачыстым адзеннем арыстакратыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНСУ́Р, аль-Мансур Абу Джафар Абдалах ібн Мухамед (707—775), халіф [754—775] з дынастыі Абасідаў. Ажыццявіў у Халіфаце шэраг адм.-фін. рэформ, спрыяў развіццю гандлю і рамяства. У 762 заснаваў г. Багдад, які стаў сталіцай Халіфата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫЦІЕ́ АЎРА́МІЯ СМАЛЕ́НСКАГА»,
помнік стараж.-рус. агіяграфічнай л-ры. Напісаны каля 1240 манахам Селішчанскага манастыра (каля Смаленска) Яфрэмам у жанры аповесці старажытнарускай. Найб. раннія спісы пач. 16 ст.
Аўтар — паплечнік Аўрамія — апісвае яго жыццё ад нараджэння ў багатай сям’і ў Смаленску і да скону. Пасля смерці бацькоў Аўрамій раздаў сваю маёмасць бедным і стаў манахам Селішчанскага манастыра, дзе сабраў вакол сябе кніжнікаў, перапісваў і пашыраў кнігі. Яго высокая адукаванасць, талент прапаведніка выклікалі зайздрасць мясц. духавенства, манахаў, гарадскіх улад. Аўрамій цярпеў здзекі. І ўсё ж стаў агульнапрызнаным.
У «Жыціі...» створаны новы тып хрысц. героя, які канфліктуе не з язычнікамі, а з адзінаверцамі, якія адмоўна ставяцца да інтэлектуальна вышэйшай за іх асобы. Паказана і грамадскае жыццё Смаленска — культ. цэнтра, звязанага з гісторыяй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ШНАЕ ПІСЬМО́,
апісанне зямельных уладанняў у гарадах і сельскіх мясцовасцях для пазямельнага абкладання ў Расіі 15—17 ст. Прадугледжвала вымярэнне зямельных плошчаў (у гарадах — забудаваных дварамі), перавод атрыманых звестак ва ўмоўныя падатковыя адзінкі — сохі (гл.Саха) і вызначэнне на гэтай аснове памеру прамых падаткаў — т.зв. пасошнага. Тэхніка С.п. (ажыццяўлялася спец. пісцом з падначаленымі яму пад’ячымі) змянялася ў адпаведнасці са зменай паняцця «саха» і набыла ўстойлівыя формы ў 16—17 ст. у кнігах сошнага пісьма. Поўныя апісанні гарадоў і паветаў з іх насельніцтвам, дварамі і катэгорыямі землеўладання складалі пісцовыя кнігі. У 1646 адзінкай для вылічэння пасошнага стаў двор і замест пісцовых кніг пачалі складаць перапісныя кнігі, якія ўтрымлівалі толькі перапіс двароў і іх насельніцтва, а ў 1679 двор стаў і адзінкай падаткаабкладання (гл.Падворнае абкладанне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІЙ, Георгій Перамаганосец, Ягорый, Юрый,
хрысціянскі святы. Паводле легенды, родам з Лідыі, меў высокі ваен. чын у рым. войску. У часы ганенняў на хрысціян прыняў (каля 303) пакутніцкую смерць у Нікамедыі (цяпер г. Ізмір, Турцыя). Лічыўся апекуном земляробства і жывёлагадоўлі, стаў героем шматлікіх песень і паданняў. Дні памяці Георгія — 6 мая (веснавы Георгій) і 9 снеж. (асенні). Вобраз Георгія стаў узорам саслоўнага гонару (у Візантыі для ваен. знаці, у славян для князёў, у Зах. Еўропе для рыцараў). У Англіі на Оксфардскім саборы (1222) Георгій абвешчаны нац. святым.
Яраслаў Мудры ў гонар Георгія заснаваў г. Юр’еў (сучасны Тарту, Эстонія), храм у Кіеве (дзень яго асвячэння 26.11.1051 стаўцарк. святам і названы Юр’евым днём). Георгія малявалі на абразах, гербах, пячатках у асн. у выглядзе конніка, які забівае кап’ём змея. З 14 ст. выява Георгія — эмблема Масквы, пасля ўвайшла ў герб горада і дзярж. герб Расіі. У 1769 у Расіі ўстаноўлены ваен. ордэн св. Георгія, у пач. 19 ст.Георгіеўскі флаг, у 1913 Георгіеўскі крыж. На Беларусі вобразу Георгія нададзены асобныя рысы язычніцкага божышча Ярылы, у шэрагу раёнаў існуюць Георгіеўскія цэрквы і касцёлы. На сюжэт бітвы Георгія са змеем рэльеф М.Каломба, статуя Данатэла, карціны А.Дзюрэра, В.Карпача, Л.Кранаха Старэйшага, Рафаэля і інш.
Л.М.Драбовіч.
Да арт.Георгій Перамаганосец. Бітва святога Георгія з драконам. Мастак П.Учэла 1450-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІФ,
міфічны родапачынальнік скіфскіх цароў. Лічыўся сынам Геракла (паводле інш. версіі — Зеўса) і Яхідны. Паводле стараж.-грэч. міфалогіі, Геракл загадаў Яхідне перадаць уладу над Скіфіяй таму з сыноў, хто здолее нацягнуць цеціву яго лука. Перамогшы братоў, С. стаў правіцелем краіны.