ПАДСТАНО́ЎКА ў камбінаторыцы, узаемна адназначнае адлюстраванне мноства на сябе. Кожны элемент дадзенага мноства замяняецца якім-н. інш. элементам таго ж мноства. Запісваецца 2 радкамі ў агульных дужках, дзе кожнаму элементу верхняга радка адпавядае элемент ніжняга, які стаіць пад ім: A = [ a, b, ... с α, β, ... γ ] . У некат. раздзелах матэматыкі тэрмін «П.» выкарыстоўваецца ў інш. сэнсе, напр., у інтэгральным злічэнні П. азначае замену пераменнай у падынтэгральным выразе.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АЎРО́РА»,

крэйсер рас. Балтыйскага флоту. У страі з 1903; удзельнічаў у марскіх баях пры Цусіме (май 1905), на Балтыйскім м. ў 1-ю сусв. вайну. 25.10(7.11).1917 «Аўрора» зрабіла халасты стрэл — сігнал да штурму Зімняга палаца. З 1923 вучэбны карабель. У Вял. Айч. вайну гарматы «Аўроры» выкарыстоўваліся пры абароне Ленінграда. З 1948 крэйсер стаіць на Няве як помнік Кастр. рэвалюцыі ў Петраградзе; у 1957 на ім створаны музей.

т. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́ВА,

рака ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл. (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 29 км. Пл. вадазбору 631 км². Выцякае з воз. Урада, цячэ ў межах Ушацка-Лепельскага ўзв., працякае цераз азёры Атолава, Турасы, Бярозаўскае і Павульскае, упадае ў воз. Янова. Каля 12% вадазбору Дз. прыпадае на 130 азёр Ушацкай групы. Пры выхадзе з кожнага возера на некаторай адлегласці рака не замярзае ў самы моцны мароз, а над вадой стаіць пара.

т. 6, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РА (ад грэч. korē дзяўчына),

статуя дзяўчыны ў доўгай вопратцы, якая стаіць прама. Вядома з 2-й чвэрці 6 ст. да н. э. ў іанійскай пластыцы, характэрна для мастацтва стараж.-грэч. архаікі. Архаічная застыласць і абагульненасць форм спалучалася з тонкай дэкар. апрацоўкай паверхні мармуру, пераважна прычоскі і складак адзення. Асобныя дэталі (вочы, вопратка) часта таніраваліся фарбамі. Выкарыстоўваліся ў якасці ахвярных дароў, што прыносілі ў свяцілішча, а таксама выконвалі функцыю верт. апор у арх. канструкцыях.

т. 8, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНДСЁРФІНГ (англ. wind-surfing),

разнавіднасць паруснага спорту, гонкі на спец. дошцы (сёрфер, даўж. 3,7 м, шыр. 0,65 м, вага 27 кт) з замацаванай на ёй мачтай (выш. 4,2 м) з парусам (пл. 5,2 м²). Спартсмен стаіць на дошцы, рукамі ўтрымліваючы мачту з парусам, якая свабодна паварочваецца. Зарадзіўся ў ЗША (1968). Дзейнічае (з 1973) Міжнар. асацыяцыя віндсёрфінга (ІВА), чэмпіянаты свету і Еўропы з 1973; спаборніцтвы праводзяцца паводле правіл парусных рэгат. На Беларусі развіваецца з 2-й пал. 1970-х г.

т. 4, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАКСІ́Я (ад грэч. ataxia беспарадак),

расстройства каардынацыі адвольнага руху (тэмпу, хуткасці, дакладнасці, суразмернасці) пры нармальнай сіле адпаведных мышцаў. Адрозніваюць атаксію статычную (парушэнне раўнавагі, калі чалавек стаіць або сядзіць), дынамічную (немагчымасць выконваць адвольныя рухі рукамі, нагамі) і статычна-дынамічную (хістанне пры хадзе, немагчымасць захаваць цэнтр цяжару пры раптоўным спыненні). У залежнасці ад лакалізацыі пашкоджання нерв. сістэмы атаксія бывае мазжачковая, вестыбулярная, коркавая, сенсітыўная. Атаксія можа ўзнікаць і пры істэрыі. Лячэнне залежыць ад прычыны ўзнікнення і ступені неўралгічнага расстройства.

т. 2, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНО́Э (ад ісп. canoa човен; запазычанне з мовы карыбскіх індзейцаў),

вёславая лодка без уключын, у якой вясляр дзейнічае адналопасцевым вяслом. Адрозніваюць К. спартыўныя, вучэбныя, слаламныя, турысцкія, для аднаго, двух і некалькіх весляроў. Вясляр стаіць на адным калене (у спартыўных) ці сядзіць (у слаламных і турысцкіх) тварам да напрамку руху. Вырабляюць К. са спец. водаўстойлівай фанеры, шпоны і пластычных матэрыялаў. К. таксама наз. лодка індзейцаў Паўн. Амерыкі; выраблялі з цэлага ствала дрэва выпальваннем і выдзёўбваннем або будавалі каркас і абцягвалі яго карой.

т. 7, с. 590

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГУМЕ́НТ у матэматыцы,

1) незалежная пераменная, што стаіць пад знакам функцыі і абумоўлівае яе значэнне. Аргумент функцыі 𝑓(x) ёсць x. Аргумент функцыі можа быць якой-н. функцыяй іншай пераменнай, напр. аргумент трыганаметрычнай функцыі cos(ax+b) ёсць ax+b.

2) Аргументам комплекснага ліку z=x+iy — вугал φ паміж дадатным напрамкам восі абсцыс і радыус-вектарам пункта з каардынатамі x і y, які з’яўляецца выявай камплекснага ліку на плоскасці XOY. Вызначаецца з дакладнасцю да 2π і звязаны з каардынатамі x і y формулай tgφ=y/x.

т. 1, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЧА́Н»,

бел. народны танец. Пашыраны пераважна на Гомельшчыне і Гродзеншчыне. У некат. мясцовасцях наз. «Капуста». Муз. памер . Тэмп умераны. Выконваецца пад прыпеўкі. У ім рознымі пластычнымі рухамі імітуецца «завіванне качана» (абрастанне яго лісцем). Танцоры, узяўшыся за рукі, становяцца ў ланцужок і закручваюцца клубком вакол апошняга танцора, які стаіць на месцы, ці ідуць за першым, ныраюць у «вароты», утвораныя з рук выканаўцаў. Часам танцуюць утраіх, ныраючы пад рукі адзін аднаму, ці мяняюцца месцамі, круцячыся пад руку. Выконваўся Першай бел. трупай І.​Буйніцкага. Вядомы і інш. варыянты танца.

т. 8, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́ТАР (лац. praetor ад praeitor які ідзе наперадзе, стаіць на чале),

урадавая пасада ў Стараж. Рыме і саюзных лац. і італійскіх гарадах. З 367 да н.э. вёў судовыя справы, замяшчаў консула пры яго адсутнасці. Выбіраўся з патрыцыяў, з 337 да н.э. і з плебеяў на 1 год. З 242 да н.э. ўведзены пасады П. па справах паміж рым. грамадзянамі і П. па справах іншаземцаў. З утварэннем рымскіх правінцый П. кіравалі імі пасля заканчэння тэрміну службы. У час імперыі П. — вышэйшыя службовыя асобы ў гарадах.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)