ІНДУ́РА,

гарадзішча 11—13 ст. тыпу феад.-ўладальніцкіх замкаў каля в. Індура Гродзенскага р-на. Мае 2 пляцоўкі: унураная ўмацавана валам і ровам, знешняя — валам, захаваліся рэшткі і трэцяга вала. Пры даследаванні знойдзены разнастайныя прылады працы, фрагменты багата аздобленай керамікі, упрыгожанні, наканечнікі стрэл і арбалетаў, шпоры і інш., шмат касцей свойскіх і дзікіх жывёл, зярняты збожжавых культур. Выяўлены рэчы, блізкія да знаходак з раскопак Гродзенскага Старога замка.

т. 7, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАВА́НА ((Padovano) Джавані) (Ян) Марыя [сапр. Моска да Падова (Mosca da Padova) Джанмарыя; каля 1493, г. Падуя (?),

Італія — 31.3.1574], італьянскі скульптар і архітэктар; прадстаўнік Адраджэння. У 1515—30 працаваў у Падуі і Венецыі, з 1532 у Рэчы Паспалітай, у т. л. ў Вільні. Прыдворны мастак вял. князя ВКЛ Жыгімонта I Старога. Майстар надмагільнай пластыкі. Сярод твораў: барэльеф «Цуд са шклянкай» для базілікі св. Антоніа ў Падуі, надмагіллі Б.​Тарноўскай (каля 1536), Я.​Тарноўскага і яго сына (1561—70) у саборы ў Тарнуве, С.​Алясніцкага (1450) у кафедральным касцёле ў Познані, П.​Гамрата (1545) і С.​Мацеёўскага (1552) у кафедральным касцёле на Вавелі ў Кракаве, жонак Жыгімонта II Аўгуста Лізаветы (1546—52) і Барбары Радзівіл (1553—63, абодва не захаваліся) у Вільні, ківорый для касцёла Дзевы Марыі ў Кракаве (1551—54) і інш. Аўтар 4 медалёў з партрэтамі Жыгімонта I Старога і яго сям’і (1532), арх. праектаў атыкаў і лесвіцы ў «Сукеніцэ» (1555—59) і нішаў для каралеўскіх надмагілляў у капліцы Жыгімонтаў на Вавелі (1571—74).

С.​У.​Пешын.

т. 11, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДА́ШАЎ (Павел Мікалаевіч) (4.12.1865 — пасля 1923),

расійскі гісторык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1889). Праф. Юр’еўскага (з 1901), Кіеўскага (з 1903) і Сімферопальскага (з 1921) ун-таў. З 1923 выкладаў у Віцебскім пед. ін-це. Гал. праца «Правінцыяльная адміністрацыя ў Францыі ў апошнюю пару старога парадку 1774—89. Правінцыяльныя інтэнданты» (т. 1—3, 1900—06) змяшчае нявыдадзеную адм. перапіску, якая асвятляе парадкі ў Францыі напярэдадні рэвалюцыі канца 18 ст.

т. 1, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́ШКА (Мікалай Іванавіч) (20.5.1844, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 22.9.1909),

украінскі мастак. У 1863—68 вучыўся ў Пецярбургскай АМ. У 1875—1901 кіраваў заснаванай ім Кіеўскай рысавальнай школай. Аўтар лірычных пейзажаў, блізкіх да творчасці перасоўнікаў: «Матыў ваколіц Кіева» (1879), «Восень», «Дняпро», «Над Дняпром» (усе 1880—90-я г.), «Крым» (1892); партрэтаў Т.​Шаўчэнкі (1864—67), М.​Ге (1906). Аўтар кнігі «Успаміны старога настаўніка» (вып. 1—3, 1907—09).

В.​А.​Сімакова.

т. 11, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЧЫЧ ((Račić) Іосіп) (22.3.1885, Хорваці каля г. Заграб, Харватыя — 20.6.1908),

харвацкі жывапісец; адзін з заснавальнікаў харвацкай школы жывапісу 20 ст. Вучыўся ў Мюнхене ў школе А.​Ажбе і АМ (1905—08). Аўтар партрэтаў і жанравых кампазіцый, якія вызначаюцца інтымнасцю вобразаў, драм. выразнасцю абагульненай манеры пісьма, стрыманай, размытай, багатай тонавымі пераходамі колеравай гамай: аўтапартрэт, «Дама ў чорным», «Партрэт старога» (абодва 1907), «Маці і дзіця», «Дзяўчынка перад люстэркам» (1908) і інш.

т. 13, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМНІ́ЦЫ, стрэчанне,

у беларускім нар. календары свята ачышчэння з дапамогай агню. Яго адметнасць — асаблівы чын асвячэння стрэчанскіх свечак, якія ў народзе называюць грамнічнымі. У хрысціянстве з’явіліся ў 6 ст. на тэр. Рымскай імперыі і трактуюцца як своеасаблівая повязь Старога запавету з Новым. Усталявана ў памяць аб сустрэчы (царкоўна-слав. — «стрэчанне») немаўляці Ісуса Хрыста (носьбіта Новага запавету) з прадстаўнікамі Старога запавету старцам Сімяонам і Ганнай-прарочыцай у Іерусалімскім храме. Паводле старазапаветнага закону на саракавы дзень пасля нараджэння першынца-хлопчыка бацькі павінны былі прынесці дзіця ў храм, што і зрабілі Божая маці і Іосіф. У праваслаўі святкуецца 15 лютага, у каталіцызме — 2 лютага (мае назву Дзень Грамнічнай Божай Маці або Ахвяраванне Гасподняе). У дзень грамніц асвячаюць васковыя свечкі, якімі карыстаюцца як засцярогай пры прыняцці нованароджанага, у вясельных і пахавальных абрадах, для варажбы. Лічыцца, што спальванне свечак адпужвае ад чалавека нечысць, ахоўвае ад ведзьмаў і чарадзеяў, ад навальніцы і маланак, дапамагае пры хваробе, абараняе жывёлу. Беларусы запальваюць свечкі на Дзяды, Каляды, Вадохрышча, Купалле, Вялікдзень. Грамнічныя свечкі шануюць, іх нельга перадаваць у інш. сям’ю, нават родным і сваякам. З грамніцамі звязаны шэраг метэаралагічных прыкмет.

А.​У.​Верашчагіна.

т. 5, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЫ́КАЛА ((Agricola) Мікаэль) (сапр. Сіманс; каля 1508—10, г. Перная, Фінляндыя — 9.4.1557),

пачынальнік Рэфармацыі ў Фінляндыі, роданачальнік фінскай л-ры і літ. мовы. У 1536—39 вучыўся ў Вітэнбергскім ун-це ў ням. дзеячаў Рэфармацыі Лютэра і Меланхтана. Першы пратэстанцкі лютэранскі епіскап у Фінляндыі (з 1554 епархія Аба). Выдаў першы буквар фін. мовы (1542), пераклады на фін. мову малітоўнікаў, Новага Запавету (1548), часткі Старога Запавету (1551—52) з вершаванымі прадмовамі, нарысамі па гісторыі, культуры, язычніцкіх вераваннях Фінляндыі, календаром і агранамічнымі звесткамі.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСУ́Н, лесавік,

вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў; гаспадар лесу і звяроў, які жыве ў лясных нетрах. Яго ўяўлялі ў выглядзе вялізнага (у рост дрэва) старога чалавека з белым, як бяроста, тварам, з вял. вачыма, у звярынай шкуры. Л. мог, нібыта, паказваць грыбныя і ягадныя мясціны, наганяць у бок паляўнічага звяроў і птушак, выбіраць бортнікам месца для ўстаноўкі калод, а таксама наганяць на чалавека страху, прымусіць яго блукаць на адным месцы. Вобраз Л. страціў рэліг. значэнне ў пач. 20 ст.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 9, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАЛО́ГІЯ ЦАРКО́ЎНАЯ,

багаслоўская дысцыпліна, якая займаецца пошукам і вывучэннем рэчаў і помнікаў, звязаных з гісторыяй хрысціянскай царквы. Прадметам археалогіі царкоўнай з’яўляецца таксама аднаўленне і апісанне геагр., побытавага і інш. фону, на якім адбываліся біблейскія падзеі. Выкладаецца ў духоўных навуч. установах пад назвай «Царкоўная археалогія ў сувязі з гісторыяй хрысціянскага мастацтва». Трэба адрозніваць археалогію царкоўную ад т.зв. «Археалогіі біблейскай», мэта якой на аснове археал. раскопак на тэр. стараж. Палесціны, Месапатаміі, Егіпта, Міжземнамор’я даказаць міфалагічны характар біблейскіх сказанняў, асобных тэкстаў і сюжэтаў Старога і Новага Запаветаў.

т. 1, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНАРДЗІ́Н ((Bernardin) Занобія дэ Джыеноціс) (канец 15 ст. — 1541),

італьянскі архітэктар, скульптар. У 1520 па запрашэнні вял. кн. ВКЛ Жыгімонта I Старога працаваў у Кракаве на буд-ве капліцы-маўзалея; стварыў шэраг надмагілляў князёў Мазавецкіх у Варшаўскай кафедры, канцлера Крыштофа Шыдлавецкага і яго дачкі ў калегіяце ў Апатаве і інш. З 1534 разам з Джавані Цыні будаваў Ніжні замак і перабудоўваў кафедральны касцёл у Вільні. Выканаў надмагілле канцлера ВКЛ Альбрэхта Гаштольда (1539—41, Віленскі кафедральны сабор).

А.​К.​Лявонава.

З.Бернардзін. Фрагмент надмагілля А.​Гаштольда ў кафедральным саборы ў Вільні. 1539— 41.

т. 3, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)