ДЭ СА́НТЫС ((De Santis) Джузепе) (н. 11.2.1917, г. Фонды, Італія),

італьянскі кінарэжысёр. Скончыў Рымскі ун-т (1939), вучыўся ў Рымскім кінацэнтры. У яго творчасці неарэалістычныя тэндэнцыі сац. драм «Трагічнае паляванне» (1947), «Горкі рыс» (1949), «Няма міру пад алівамі» (1950) па-мастацку пераканаўча раскрыліся ў фільме «Рым, 11 гадзін» (1952). Сярод інш. фільмаў: «Дайце мужа Ганне Дзакеа» (1953, у пракаце «Страчаныя мроі»), «Яны ішлі на Усход» (1964, сав.-італьян.), «Цэнны спецыяліст з забяспечанай будучыняй» (1972). У лепшых фільмах страснасць, рамантычная прыўзнятасць спалучаюцца з каларытнымі замалёўкамі нар. жыцця.

т. 6, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАК-КА́НДЛЕС ((McCandless) Брус) (н. 1937),

касманаўт ЗША. З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 3—11.2.1984 з В.Брандам, Р.​Гібсанам, Р.Мак-Нэрам, Р.Сцюартам здзейсніў (як спецыяліст па аперацыях на арбіце) палёт на касм. караблі «Спейс шатл» («Чэленджэр»), у час якога ўпершыню ў свеце здзейсніў свабодны палёт у космасе пры дапамозе індывід. ранцавай рухальнай устаноўкі (аддаліўся ад касм. карабля на адлегласць каля 100 м); 24—29 4.1990 — палёт у складзе экіпажа касм. карабля «Спейс шатл» («Дыскаверы»). У космасе правёў 13 сут. Гл. іл. да арт. Касманаўтыка.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 9, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАЗЫ́РЫНА (Ларыса Дзмітрыеўна) (н. 1.2.1942, г. Брэст),

бел. педагог. Д-р пед. н. (1993), праф. (1995). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1963). Працавала настаўніцай у школе г. Мінска. З 1969 у Мінскім пед. ін-це, з 1976 у Бел. ін-це фіз. культуры, з 1992 заг. кафедры тэорыі і методыкі фіз. выхавання і спорту. З 1996 гал. спецыяліст аддзела гуманіт. навук дзярж. Вышэйшага атэстацыйнага камітэта Рэспублікі Беларусь. Даследуе тэорыю і методыку фіз. выхавання дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. Аўтар прац «На шляху да фізічнага ўдасканалення» (1987) і інш.

Тв.:

Очарование: Путешествие малышей со взрослыми по природе. Мн., 1996.

т. 5, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНЕ́ГІ ((Carnegie) Дэйл) (1888, г. Мэрывіл, ЗША — 1955),

амерыканскі псіхолаг, спецыяліст у галіне міжасобасных адносін. Скончыў Пед. каледж ва Уорэнсбергу (1907), вучыўся ў Амер. акадэміі тэатр. мастацтва (Нью-Йорк). З 1912 выступаў з лекцыямі аб гарманічным жыцці, узаемаадносінах паміж людзьмі, уменні даходліва выказваць свае думкі; атрымаў вял. папулярнасць. Стварыў комплексную сістэму навучання дарослых, якая ўключала практыку публічных выступленняў, мастацтва пераканання, вырашэння праблем і прыкладную псіхалогію. Аўтар кніг, напісаных у жанры рэкамендацый і павучанняў.

Тв.:

Рус. пер. — Как завоевывать друзей и оказывать влияние на людей. М., 1989;

Как перестать беспокоиться и начать жить. М., 1990.

т. 8, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЮ́ІС ((Lewis) Норман) (н. 1908, Лондан),

англійскі пісьменнік. Пачынаў як журналіст і публіцыст. Аўтар антыкалан. раманаў «Вулканы над намі» (1957), «Бачная цемра» (1960), «Сіцылійскі спецыяліст» (1974), «Германская кампанія» (1979) і інш. У раманах «Дзесятае прыбыццё карабля» (1962), «Ад рукі брата яго» (1968) адлюстравана англ. рэчаіснасць. Яго прозе ўласцівы падкрэслены рацыяналізм, дакладнасць апісанняў, сатыра, лаканізм, прысутнасць дэтэктыўнага элемента.

Тв.:

Рус. пер. — Зримая тьма. М., 1963;

Вулканы над нами. М., 1965;

Сицилийский специалист. М., 1981;

Компания «Гезельшафт». М., 1983;

День лисицы. От руки брата его. М., 1985;

Бегство от мрачного экватора. Голоса старого моря. М., 1986.

Е.​А.​Лявонава.

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСПЕРО́ ((Maspéro) Анры) (15.12.1883, Парыж — 17.3.1945),

французскі гісторык і філолаг, кітаязнавец, спецыяліст па мовах і гісторыі краін Індакітая. Сын Г.К.Ш.Масперо. З 1908 выкладчык, з 1911 праф. Франц. школы Д. Усходу ў г. Ханой (В’етнам), з 1920 праф. кіт. мовы і л-ры Калеж дэ Франс у Парыжы. З 1935 чл., з 1944 прэзідэнт франц. Акадэміі надпісаў. Аўтар больш як 150 прац, прысвечаных Кітаю і Індакітаю, у т. л. кн. «Старажытны Кітай» (1927, ахоплівае гісторыю і культуру Кітая з 12 да 3 ст. да н.э.), «Кітайская мова» (1931). Загінуў у лагеры смерці Бухенвальд.

т. 10, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Дзмітрый Аляксеевіч) (н. 16.7.1929, Масква),

ваенны дзеяч. Ген.-лейт. авіяцыі (1980). Засл. ваен. лётчык СССР (1970). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік падп. і партыз. руху на Беларусі. Скончыў Барысаглебскае ваен. вучылішча лётчыкаў-знішчальнікаў (1953), Ваен. камандную акадэмію проціпаветранай абароны імя Г.​К.​Жукава (1973). З 1970 на камандных пасадах у войсках ППА у Казахстане, Узбекістане, з 1973 — у Беларусі. З 1980 нам. камандуючага ППА БВА. У 1984—89 на ваенна-дыпламат. рабоце. З 1989 у запасе. У 1990—93 інжынер на ВА «Гарызонт», гал. спецыяліст к-та пры СМ Рэспублікі Беларусь па сац. абароне ваеннаслужачых, воінаў-інтэрнацыяналістаў і членаў іх сем’яў. З 1994 старшыня К-та ветэранаў Узбр. Сіл праваахоўных органаў.

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫШТАПО́ВІЧ (Леў Яўстафавіч) (н. 25.7.1949, в. Пекалін Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1998). Скончыў БДУ (1976). З 1976 у Гомельскім ун-це, з 1980 у Ін-це філасофіі і права Нац. АН Беларусі. У 1996—97 вядучы спецыяліст Сакратарыята Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. З 1997 у Ін-це сац.-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах філасофіі сацыялізму, сусв. культ.-цывілізацыйнага працэсу, сац.-эканам., паліт. і нац.-дзярж. развіцця Беларусі ў сучасных умовах.

Тв.:

Философия социализма. Мн., 1996;

Брестская церковная уния (прошлое и настоящее). Мн., 1996 (разам з І.​В.​Катляровым);

Беларусь: твой путь? Мн., 1997 (разам з В.​А.​Храмавым);

Белоруссия и русская цивилизация. Мн., 1999.

т. 8, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАРГІ́ЕЎ (Уладзімір) (3.2.1908, с. Габарэ, Балгарыя — 14.7.1986),

балгарскі мовазнавец, спецыяліст у галіне індаеўрап. і параўнальна-гіст. мовазнаўства. Чл. Балг. АН (1952). Скончыў Сафійскі ун-т (1930). З 1948 праф., у 1951—56 рэктар Сафійскага ун-та, з 1972 дырэктар цэнтра мовы і літаратуры Балг. АН. Аўтар даследаванняў пра стараж. індаеўрап. мовы «Індаеўрапейскія гутураліі» (1932), «Прагрэчаскае мовазнаўства» (т. 1—2, 1941—45), «Праблемы мінойскай мовы» (1953), «Слоўнік крыта-мікенскіх надпісаў» (1955), «Даследаванні па параўнальна-гістарычным мовазнаўстве. Роднасныя адносіны індаеўрапейскіх моў» (1958), «Фракійцы і іх мова» (1977). Праблемам слав. мовазнаўства прысвечаны працы «Пытанні балгарскай этымалогіі» (1958), «Балгарская этымалогія і анамастыка» (1960), «Вакальная сістэма ў развіцці славянскіх моў» (1964), «Асноўныя праблемы славянскай дыяхроннай марфалогіі» (1969), «Праблемы балгарскай мовы» (1985). Прэмія імя Дзімітрова 1951, 1969.

А.​А.​Кожынава.

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫКАЛЁЎ (Сяргей Канстанцінавіч) (н. 27.3.1958, С.-Пецярбург),

расійскі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1989). Герой Расіі (1992). Скончыў Ленінградскі мех. ін-т (1981). З 1985 у атрадзе касманаўтаў. 26.11.1988—27.4.1989 здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз ТМ-7» (з А.А.Волкавым, Ж.Л.Крэцьенам) і арбітальным комплексе «Мір»; 18.5.1991—25.3.1992 — палёт на КК «Саюз ТМ-12» (з А.​П.​Арцыбарскім, англ. Х.​Шарман) і арбітальным комплексе «Мір» (вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз ТМ-13»); 3—11.2.1994 — палёт у складзе экіпажа амер. КК «Дыскаверы» (6 чалавек, камандзір Ч.​Болдэн). 4—14.12.1998 здзейсніў палёт (як спецыяліст па карыснай нагрузцы) у складзе экіпажа амер. КК «Індэвар» («Спейс шатл»); пасля стыкоўкі перайшоў (разам з камандзірам «Індэвара» Р.​Кабана) у модуль «Зара» міжнар. арбітальнай станцыі «Альфа». Правёў у космасе 483 сут (больш за 1,5 сут у адкрытым космасе).

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 8, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)