АРЫЕНТАВА́ННЕ,

1) вызначэнне свайго месца знаходжання адносна напрамкаў свету, арыенціраў, элементаў рэльефу, а таксама напрамкаў руху. Праводзіцца з дапамогай компаса, карты, аэраздымка. Прыблізнае арыентаванне магчыма па мясцовых арыенцірах (натуральных і штучных), па Сонцы, Месяцы, зорках, а таксама радыё-, светлавых і гукавых сігналах.

2) Арыентаванне спартыўнае — спаборніцтвы па арыентаванні і хуткім перамяшчэнні на мясцовасці з выкарыстаннем буйнамаштабнай карты і компаса. Праводзяцца ў зададзеным кірунку (неабходна як мага хутчэй прайсці дыстанцыю паводле дакладна вызначанага і пазначанага на карце парадку), на маркіраванай мясцовасці (зімой на лыжах спартсмен рухаецца па адзначанай сцяжкамі трасе і наносіць на карту кантрольныя пункты), па выбранай трасе (зададзеную колькасць кантрольных пунктаў спартсмен знаходзіць на мясцовасці ў любой паслядоўнасці, выбіраючы свабодна па азімуце шлях да кожнага з іх). На Беларусі развіваецца з 1964. Чэмпіянаты свету з 1966.

т. 2, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ВАННЕ спартыўнае,

від воднага спорту. Аб’ядноўвае П. на спарт. дыстанцыі, падводнае (гл. Падводны спорт), сінхроннае (гл. Плаванне сінхроннае), гульнявое, прыкладное. Састаўная ч. пяцібор’я сучаснага і інш. мнагабор’яў. П. на спарт. дыстанцыі ўключае спаборніцтвы на дыстанцыі ад 50 да 1500 м спосабамі кроль, кроль на спіне, брас, батэрфляй (дэльфін). Гульнявое П. — розныя рухомыя гульні (воднае пола і інш.). Прыкладное П. — ныранне ў даўжыню і на глыбіню, ратаванне тапельца, пераадоленне водных перашкод.

Вядома са стараж. часоў як практычнае і ваенна-практычнае умельства. Як від спорту ўзнікла на мяжы 15—16 ст., сфарміравалася да канца 19 ст. 1-ы чэмпіянат Еўропы адбыўся ў 1890. З 1896 у праграме Алімп. гульняў. Міжнар. аматарская федэрацыя П. арганізавана ў 1908, Еўрап. ліга П. — у 1924. 1-ы чэмпіянат свету праведзены ў 1973 (Бялград).

На Беларусі афіц. спаборніцтвы па П. праводзяцца з 1924. У 1936 у Мінску пабудаваны першы плавальны басейн. 1-ы чэмпіянат Беларусі адбыўся ў 1927 (г. Гомель). У рэспубліцы працуюць каля 70 крытых плавальных басейнаў, у т. л. воднаспартыўны камбінат. Сярод бел. спартсменаў найб. поспехаў дасягнулі А.Гукаў, С.Каплякоў, А.Рудкоўская, Э.​Васількова — сярэбраны і бронз. прызёр XXII Алімп. гульняў (1980), Н.​Бараноўская — бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы (1999), І.​Ларычава — чэмпіёнка СССР (1981) і інш.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)