Друмель, гл. Сон-трава

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПНО́З (ад грэч. hypnos сон),

штучна выкліканы своеасаблівы стан чалавека і жывёл, падобны на сон, у аснове якога ляжыць працэс тармажэння вышэйшых аддзелаў кары галаўнога мозга. У адрозненне ад сну тармажэнне пры гіпнозе ахоплівае толькі асобныя ўчасткі кары мозга. Узнікае пры гіпнатычных уздзеяннях на органы пачуццяў. Чалавек праз незатарможаныя ўчасткі кары ўспрымае загады гіпнатызёра. Навук. тлумачэнне гіпнозу даў рус. фізіёлаг І.​П.​Паўлаў. Гіпноз — адзін з метадаў псіхатэрапіі, выкарыстоўваецца для лячэння многіх хвароб.

т. 5, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРК ((Marc) Франц) (8.2.1880, г. Мюнхен, Германія — 4.3.1916),

нямецкі жывапісец; адзін з заснавальнікаў экспрэсіянізму. Вучыўся ў АМ у Мюнхене (1900—02). Стваральнік (з В.Кандзінскім) маст. аб’яднання «Сіні коннік» (1911). Зазнаў уплывы мадэрну, кубізму, футурызму, таксама В. ван Гога, Р.​Дэланэ. Захапляўся пантэізмам, пісаў пераважна выявы жывёл у натуральным прыродным асяроддзі. Творы вызначаюцца дынамічнасцю кампазіцыі, сімвалічнасцю вобразнага ладу і яркага, насычанага каларыту: «Конь у пейзажы» (1910), «Жоўтыя коні» (1911), «Сон», «Тыгр» (абодва 1912), «Конь на беразе мора», «Кампазіцыя з бычкамі», «Ціроль» (усе 1913—14) і інш. Ствараў абстрактныя кампазіцыі «Маленькая кампазіцыя I», «Лань у лесе II», «Формы ў змаганні» (усе 1913—14) і інш., малюнкі.

В.​Я.​Буйвал.

Ф.Марк. Сон. 1912.

т. 10, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗА́РАНКА (Алег Мікалаевіч) (н. 10.7.1961, Мінск),

бел. графік. Сын М.П.Назаранкі, брат П.М.Назаранкі. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1986). З 1993 выкладае ў Бел. АМ. Працуе пераважна ў тэхніках малюнка, афорта, літаграфіі. У творах адлюстроўвае гіст. тэматыку (серыі «Зямля пад белымі крыламі» паводле кнігі У.​Караткевіча, 1986; «Пейзажы паэзіі самоты», прысвечаная М.​Багдановічу, 1993), праблемы экалогіі (серыя «Сон даўжынёй у стагоддзі», 1994), праблемы сучаснасці: «Усёвідушчая», «Дыялог», «Прастора», «Год 2000» (усе 1993); «Дакрананне», «Дзяўчына і птушка» (абодва 1994); «Каін і Авель» (1995); «Пакаянне» (1996); трыпціх «Coda» (1996—97). Працуе ў станковым жывапісе: карціны «Святочны дзень» (1993), «Ева», «Сон» (абедзве 1995), «Маленне I», «Маленне II» (абедзве 1997), «Аголеная» (1998) і інш.

Г.​А.​Фатыхава.

А.Назаранка. Coda 33. 1997.

т. 11, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПАМЕТРЫ́Я (грэч. lipometria ад liepō не хапаць + metron памер),

замена склада паўзай у пачатку стопнага вершаванага радка. Робіць больш разнастайным рытмічна-інтанацыйны малюнак верша.

Па сялі́бах непрабу́дны
Згі́нуў со́н,
Прад вачы́ма шлях у со́нцы
Но́вых дзё́н.
(Я.​Купала. «Здаецца ж, было гэта ўчора...»)

А.​А.​Майсейчык.

т. 9, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНЕ́БЕЛЬ (Марыя Восіпаўна) (18.5.1898, Масква — 1985),

расійская актрыса, рэжысёр, педагог. Нар. арт. Расіі (1958). Скончыла школу пры 2-й студыі МХАТ. З 1924 у трупе гэтага т-ра, з 1935 рэжысёр у Маск. т-ры імя Ярмолавай, з 1950 у Цэнтр. дзіцячым т-ры (у 1955—60 гал. рэжысёр). З 1948 выкладала ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (з 1960 праф.). Сярод роляў: Шарлота («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Карпухіна («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.​Дастаеўскага). Пастаноўкі: «Далёкая дарога» А.​Арбузава (1936), «Дзеці сонца» М.​Горкага (1937) і «Як вам гэта спадабаецца» У.​Шэкспіра (1940, абедзве разам з М.​П.​Хмялёвым), «У добры час» В.​Розава (1954), «Іванаў» А.​Чэхава (1955), «Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага (1969), «Дзядзечкаў сон» паводле Дастаеўскага (1972). Дзярж. прэмія СССР 1978.

т. 8, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПНО́С,

у стараж.-грэчаскай міфалогіі бог сну; сын Ночы і брат Смерці, багінь лёсу мойраў, багіні помсты Немесіды. Уяўлялі яго крылатым юнаком, спакойным, ціхім, добразычлівым да людзей. Паводле Гамера, жыў на в-ве Лемнас. Гера ўгаварыла Гіпноса ўсыпіць Зеўса, пакуль яна праследавала Геракла. Гіпнос ператварыўся ў птушку і нагнаў сон на Зеўса.

т. 5, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ,

І, Ні, Ры, дынастыя каралёў (з 1897 — імператараў) Карэі ў 1392—1910. Заснавальнік Лі Сон Ге (Тхэджо) вярнуў краіне назву Часон і перанёс сталіцу ў Сеул. Л. адмовіліся ад палітыкі дзярж. падтрымкі будызму на карысць канфуцыянства. З 17 ст. васалы кіт. імператараў дынастыі Цын (да 1895). У 1910 японцы пазбавілі ўлады апошняга імператара Л. Сунджона, пасля чаго Карэя была ператворана ў яп. калонію.

т. 9, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КТА, Нікс,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня ночы, якая супрацьстаіць багіні дзённага святла Гемеры. Лічылася дачкой Хаоса, сястрой Эрэба (Змроку), Эфіра (верхняга паветра) і Гемеры. З’яўляецца адной з пярвічных сусветастваральных патэнцый. Нарадзіла Танатаса (Смерць), Гіпноса (Сон), Гесперыд, Эрыду (багіню разладу), мойраў, Немесіду і Мома (бога зласлоўя). Жыллё Н. знаходзіцца ў бездані тартара; там сустракаюцца Н. (Ноч) і Гемера (Дзень), якія змяняюць адна адну і па чарзе абыходзяць зямлю.

т. 11, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЖУХ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 7.3.1953, г. Драгічын Брэсцкай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1972), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1978). Творчасць адметная кампазіцыйнай завершанасцю, метафарычнасцю мыслення, філасафічнасцю, абагульненасцю вобразаў: серыя «Чарнобыльская хроніка», «Святая зямля», «Сон. Сом», «Снеданне на траве», «Светлыя дні восені», «Купалле», «Флора-пастушка», «Настальгія», «Чорны раяль у экстэр’еры», «Тры грацыі», «Чай з лімонам», «Дама ў чорным на зялёным», «Дзяўчынка і лета» (усе 1990—96).

Г.​А.​Фатыхава.

У.Кожух. Святая зямля. 1990.

т. 8, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)