ПАПЯРО́ЧНАЯ ВУЛКАНІ́ЧНАЯ СЬЕ́РА (Cordillera Neo-Volcánica),

горны хрыбет у Мексіцы, акаймоўвае паўд. край Мексіканскага нагор’я. Даўж. 800 км, шыр. 50—100 км. Расчлянёны скідамі. Частыя землетрасенні. Шмат дзеючых вулканаў: Арысаба (5700 м), Каліма, Папакатэпетль (5452 м), Парыкутын і інш. Вечназялёныя і хваёвыя лясы, на вяршынях — вечныя снягі. Нацыянальныя паркі. Каля падножжа г. Мехіка.

т. 12, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛІНГ-ГА́НГРЫ, Наін-Сінга,

горны хрыбет на ПдЗ Тыбецкага нагор’я, найвыш. ў сістэме Гандзісышань, у Кітаі. Даўж. каля 600 км. Выш. да 7315 м (г. Алінг-Гангры). Складзены з гранітаў, сланцаў, кварцытаў. Грэбень хрыбта альпійскага тыпу. Ландшафты высакагорных пустыняў. Вышэй за 4500 м — вечныя снягі і ледавікі. На паўд. схілах Алінг-Гангры бярэ пачатак выток Інда — р. Сінгі.

т. 1, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫСА́БА (Orizaba),

Сітлальтэпетль, дзеючы вулкан у Мексіцы. На паўднёва-ўсходняй ускраіне Мексіканскага нагор’я, у Папярочнай Вулканічнай Сьеры Кардыльераў. Правільны конус Арысабы вышынёй каля 5700 м (самы высокі пункт краіны), складзены з андэзітаў і базальтаў. На схілах да 4000 м лясы, вышэй — альпійскія лугі, з 4500 м — вечныя снягі. Арысаба — частка нацыянальнага парку Піка-дэ-Арысаба (плошча 19,7 тысяч га, заснаваны ў 1936).

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА, Уэд-Дра,

рака на ПнЗ Афрыкі, у Марока. Даўж. каля 1150 км, пл. бас. 15,1 тыс. км². Пачынаецца на паўд. схіле Высокага Атласа вытокамі Дадэ і Іміні, цячэ па зах. ускраіне Сахары. Упадае ў Атлантычны ак. толькі ў час паводкі, калі растаюць снягі ў гарах. Пастаяннае цячэнне ў гарах (каля 200 км), ніжэй воды ракі выкарыстоўваюцца на арашэнне. Даліна Д. густа населена.

т. 6, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НІЯ (Kenya),

патухлы вулкан у Кеніі, на У ад Усх.-Афр. рыфтавай сістэмы. Выш. 5199 м (другая па выш. пасля Кіліманджары вяршыня ў Афрыцы). Усечаны конус над лававым плато. Горныя лясы, лугі, на вяршыні — шматгадовыя снягі і ледавікі (каля 15, даўж. да 1,5 км). На выш. 1200—2000 м плантацыі кавы, сізалю, бананаў. Уваходзіць у склад нац. парку Маўнт-Кенія.

т. 8, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАГАВЫ́ ХРЫБЕ́Т (Coast Range),

горны хрыбет у сістэме Кардыльер Паўн. Амерыкі, у Канадзе і ЗША. Даўж. каля 1700 км. Выш. да 4042 м (г. Уодынгтан). Складзены пераважна з гранітаў. Моцна расчлянёны глыбокімі папярочнымі далінамі і фіёрдамі. Да выш. 1000—1800 м хвойныя лясы (дугласія, зах. хемлак, туя, сітхінская елка), вышэй — альпійскія лугі і горныя тундры. Вечныя снягі і ледавікі, якія месцамі апускаюцца да ўзроўню мора.

т. 3, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛІМАНДЖА́РА (Kilimanjaro),

вулканічны масіў ва Усх. Афрыцы, на ПнУ Танзаніі. Утвораны з трох конусаў патухлых вулканаў, якія зліліся: Кіба (выш. 5895 м, найвыш. пункт мацерыка), Мавензі і Шыра. Складзены пераважна з трахібазальтаў і фаналітаў. Кіба з актыўнай сальфатарнай дзейнасцю. На схілах саванны, горныя лясы, плантацыі кавы і бананаў, на вяршыні шматгадовыя снягі і ледавікі. Нац. парк Кіліманджара, уключаны ЮНЕСКА у Спіс сусв. спадчыны, утварае ч. рэзервата К.

т. 8, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУАПЕ́ХУ (Ruapehu),

дзеючы вулкан у цэнтр. ч. Паўночнага в-ва Новай Зеландыі. Самая высокая вяршыня на Вулканічным плато, выш. 2796 м. Уяўляе сабой усечаны конус, складзены з андэзітаў. Мае 2 кратэры, адзін з іх запоўнены гарачай вадой, якая часам закіпае. На схілах лясы з чырв. буку і хмызнякі, вышэй за 1700—2000 м снягі, ледавікі. Уваходзіць у нац. парк Тангарыра, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 13, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗБЕ́К (груз. Мкінвары — ледзяны; асец. Урсхох — белая гара),

вяршыня Бакавога хр. ў цэнтр. частцы Вял. Каўказа, у Грузіі. Выш. 5033 м (усх. вяршыня), зах. вяршыня на 400 м ніжэй. Патухлы вулканічны конус, складзены з андэзітавых і трахіта-ліпарытавых лаў, насаджаны на масіў з юрскіх сланцаў. На схілах субальпійскія і альпійскія лугі, з выш. 3300 м — вечныя снягі. Далінныя ледавікі (Дэўдаракскі, Мна, Суатысі і інш.). Агульная плошча зледзянення 135 км². Раён альпінізму і турызму.

т. 7, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯ́СКІНСКІ ХРЫБЕ́Т (Alaska Range),

на Пд Аляскі, у Ціхаакіянскім поясе Кардыльераў Паўн. Амерыкі (ЗША). Даўж. каля 1000 км. Сярэдняя выш. каля 3000 м, найб. — 6191 м (г. Мак-Кінлі самая высокая вяршыня Паўн. Амерыкі). Восевая ч. хрыбта складзена з інтрузіўных (пераважна гранадыярытаў), па краях — з асадкавых парод. Схілы стромкія, моцна расчлянёныя. Аляскінскі хрыбет — важны клімата- і водападзел. На паўд. увільготненых схілах да выш. 800 м яловыя лясы, вышэй — вечныя снягі, буйныя ледавікі; на паўн. больш сухіх схілах мяжа лесу павышаецца да 1000—1200 м, вышэй — горныя тундры.

т. 1, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)