ГОРСТ (ням. Horst літар. гняздо),

прыўзняты, звычайна выцягнуты ўчастак зямной кары, абмежаваны крута нахіленымі разрывамі — скідамі або ўскідваннямі. Бывае просты горст (абмежаваны двума) і складаны (некалькімі скідамі або ўскідваннямі), шыр. да многіх дзесяткаў, даўж. да соцень кіламетраў. Схілы горста могуць быць укрыты асадкавымі пародамі.

Горст.

т. 5, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЗУС (лац. casus),

1) складаны, заблытаны выпадак, незвычайнае здарэнне, прыгода.

2) У праве — выпадковае дзеянне, якое ў адрозненне ад наўмыснага або неасцярожнага мае вонкавыя прыкметы правапарушэння, але пазбаўлена элемента віны і, такім чынам, не цягне за сабой юрыд. адказнасці. Ад К. трэба адрозніваць паняцце неадольнай сілы.

т. 7, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМО́НІЙ, амонію катыён,

складаны катыён агульнай формулы [RR​1NR​2R​3]​+, дзе R, R​1, R​2, R​3 — вадарод, алкіл, арыл. Катыён [NH4]​+, які існуе ў водных растворах аміяку, у саставе малекул неарган. і арган. злучэнняў адыгрывае ролю аднавалентнага металу, напр. гідраксід амонію (NH4OH), сульфат амонію [(NH4)2SO4], ацэтат амонію (CH3COONH4) і інш. Амоній з алкіл- і арыл-радыкаламі — катыён амоніевых соляў (гл. Амонію злучэнні).

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫШТА́ЛЬНАЯ ПЯЧО́РА, Крыўчэнская пячора,

карставая пячора ў гіпсах Падольскага ўзвышша ў Цярнопальскай вобл., на Украіне. Даўж. каля 22 км. Праходы і гроты ўтварыліся адпаведна сістэме ўзаемна перпендыкулярных тэктанічных трэшчын і ўяўляюць сабой вельмі складаны лабірынт. Пячора сухая, з пастаяннай т-рай паветра каля 10 °C. Нацёчныя ўтварэнні ў выглядзе махроў. Даследуецца з мэтай лек. выкарыстання. Помнік прыроды. Турызм.

т. 8, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЦЦЁВЫ ЦЫКЛ, цыкл развіцця,

сукупнасць усіх фаз індывід. развіцця арганізма, у выніку якога ён дасягае спеласці і становіцца здольным даваць патомства. Працягласць Ж.ц. вызначаецца колькасцю пакаленняў (генерацый), што развіваюцца на працягу года, або колькасцю гадоў, на працягу якіх ажыццяўляецца адзін Ж.ц.; залежыць таксама ад перыяду спакою або дыяпаўзы, якія ўласцівы дадзенаму арганізму. У жывёл адрозніваюць просты Ж.ц. (прамое развіццё) і складаны (развіццё з метамарфозам або з чаргаваннем пакаленняў). Напр., Ж.ц. капуснай бялянкі складаецца з фаз (стадый) развіцця: яйцо — вусень — кукалка — імага; у пячоначнага смактуна ад яйца да дарослага паразіта праходзіць 6 стадый развіцця.

Адзінкай пры вывучэнні Ж.ц. можа быць адзін ці шэраг антагенезаў, што змяняюць адзін аднаго. У вышэйшых раслін адрозніваюць аднагадовы, двухгадовы і шматгадовы Ж.ц. Для Ж.ц. многіх ніжэйшых раслін і папарацей характэрна змена гаметафіту і спарафіту. У паразітычных грыбоў Ж.ц. па складанасці падобны да паразітычных чарвей, якія развіваюцца са зменай гаспадароў. Сярод прасцейшых найб. складаны Ж.ц. у спаравікоў, напр., у гемаспарыдый. Пра Ж.ц. чалавека гл. ў арт. Антагенез.

т. 6, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВАРЫ́НІ, Гуарыні (Guarini) Гверына (17.1.1624, г. Мадэна, Італія — 6.3.1683), італьянскі архітэктар. Працаваў у Рыме, Мадэне, Месіне, Парыжы, з 1666 у Турыне. У яго пабудовах адлюстравана дынаміка позняга барока, складаны матэм. разлік спалучаецца з містычнай ірацыянальнасцю арх. вобразаў, напружанасцю формаў, вычварнасцю крывалінейных планаў: царква Сан-Ларэнца (1668—87) і Палацца Карыньяна (1679—83) у Турыне і інш.

Г.Гварыні. Палацца Карыньяна ў Турыне. 1679—83.

т. 5, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯ́ЗАНЫЯ ВАГА́ННІ,

уласныя ваганні ў складанай сістэме з некалькіх звязаных паміж сабой простых (парцыяльных) вагальных сістэм. Маюць складаны выгляд з-за ўплыву (праз сувязь) ваганняў у адной парцыяльнай сістэме на ваганні ў другой. У лінейных сістэмах З.в. можна выявіць як суперпазіцыю нармальных ваганняў, колькасць якіх роўная колькасці парцыяльных сістэм, аднак частоты адрозніваюцца ад частот уласных ваганняў адасобленых парцыяльных сістэм. Гл. таксама Абертон, Біцці.

т. 7, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́КУС (лац. locus месца),

месцазнаходжанне пэўнага гена на генетычнай або цыталагічнай карце храмасомы. Адлегласць паміж генамі вымяраецца ў адзінках красінговера (марганідах). Храмасома падзяляецца на кароткае і доўгае плячо; кожнае плячо падзяляюць на раёны, якія нумаруюць ад цэнтрамеры. Складаны Л. утвараецца цесна счэпленымі, незалежна дзеючымі генамі. Вітальны Л. — сукупнасць жыццёва важных генаў, пры элімінацыі або мутацыі якіх узнікае смяротны (лятальны) вынік.

Р.​Г.​Заяц.

т. 9, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-УСХО́ДНЯЯ КАТЛАВІ́НА,

падводная катлавіна ў паўн.-ўсх. частцы Ціхага акіяна. Абмежавана на Пн Алеуцкім жолабам, на У — мацерыковым схілам Паўн. Амерыкі, на ЗПаўн.-Заходнім і Гавайскім падводнымі хрыбтамі і горнай градой Лайн, на ПдУ — Усходне-Ціхаакіянскім падняццем. Даўж. з Пн на Пд каля 8900 км, з У на З каля 4200 км. Пераважаюць глыб. 5500 м, найб. 7168. Шматлікія разломы, вельмі складаны рэльеф дна.

т. 12, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУК,

1) ручная зброя далёкага бою для кідання стрэл. Вядомы з часоў позняга палеаліту. Выкарыстоўваўся ўсімі народамі і плямёнамі (акрамя карэнных аўстралійцаў і мікранезійцаў) на вайне і паляванні да 18 ст. (у некаторых народаў Афрыкі і ў 20 ст.).

З сярэдневякоўя ў Еўропе вядомы Л. просты і складаны. Просты Л. — сагнутая ў дугу пругкая драўляная палка, канцы якой сцягнуты цецівой; быў пашыраны ў стараж. рымлян, германцаў, нарманаў, кельтаў, англа-саксаў. Складаны Л. меў драўляную аснову лукавішча, узмоцненага звонку жыламі, з унутр. боку — касцянымі пласцінкамі; канцы і дзяржанне мелі таксама касцяныя пласцінкі, асобныя часткі змацоўваліся клеем і жыламі. Цеціву скручвалі з сухажылляў жывёл, вузкіх палос скуры, валасоў, раслінных валокнаў. Меў памеры 1,2—1,6 м і кідаў стрэлы да 900 м. Складаны Л. пераўзыходзіў просты ў трываласці, далёкасці кідання стрэл і сіле паражэння цэлі. Стрэлы рабілі з прамастойнага дрэва ці трыснягу; наканечнікі — з крэменю, рогу або косці, з 1-га тыс. да н.э. — з металу.

На тэр. Беларусі крамянёвыя наканечнікі стрэл знаходзяць пры раскопках мезалітычных і неалітычных помнікаў Верхняга Падняпроўя, Панямоння, Прыпяці, а металічныя — пры раскопках помнікаў бронзавага і жал. вякоў і ранняга сярэдневякоўя. Спачатку тут карысталіся простым, а з 16 ст. складаным Л., якім была ўзброена лёгкая конніца (гл. ў арт. Лучнікі). У эпоху сярэдневякоўя Л. доўгі час спаборнічаў па баявых якасцях з агнястрэльнай зброяй. Вопытны лучнік з добрага Л. трапна страляў на 300 м і рабіў 4—5 стрэлаў за мінуту.

2) Спарт. прылада (зброя), якая выкарыстоўваецца з 19 ст. Гл. Стральба з лука. Іл. гл. таксама да арт. Зброя.

Літ.:

Разин Е.А. История военного искусства. СПб., 1994.

М.​Г.​Нікіцін, В.​А.​Юшкевіч.

т. 9, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)