МЕТАТЭО́РЫЯ,

тэорыя, аб’ектам даследавання якой з’яўляецца якая-небудзь інш. тэорыя, якая аналізуе ўласцівасці, структуру, метады, лагічныя асновы (доказнасць, супярэчлівасць, строгасць і інш.) прадметнай тэорыі. М. ўстанаўлівае памеры тэорыі, спосабы ўвядзення новых паняццяў, дае магчымасць пабудаваць яе больш рацыянальным спосабам. Вынікі М. могуць фармалізавацца і вывучацца далей. Фармулюецца М. на метамове. Найб. пашырана М. логікі (металогіка) і матэматыкі (метаматэматыка). Задачай М. з’яўляецца даследаванне ўмоў фармалізацыі навук. тэорый, а таксама сінтакс. (лагічны сінтаксіс) і семантычных (семантыка лагічная) уласцівасцей фармалізаваных моў. Такія даследаванні набываюць асаблівае значэнне ў сувязі з развіццём кібернетыкі і выліч. тэхнікі.

В.М.Пешкаў.

т. 10, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМІНАТЫ́ЎНЫ ЛАД, акузатыўны лад, намінатыўная тыпалогія, намінатыўнасць,

тып моў, структурныя кампаненты якіх арыентаваны на семантыка-сінтаксічнае проціпастаўленне суб’екта і аб’екта. Найб. істотныя асаблівасці Н.л.: падзел дзеясловаў на пераходныя і непераходныя, наяўнасць актыўнага і пасіўнага станаў у пабудовах з пераходным дзеясловам, існаванне прамога і ўскосных дапаўненняў і развітай сістэмы склонаў. Н.л. уласцівы большасці моў свету: індаеўрап., урала-алтайскім, афразійскім, дравідскім, кітайска-тыбецкім і інш. мовам. Разам з эргатыўным ладам, агентыўным і інш. з’яўляецца аб’ектам вывучэння ў кантэнсіўнай тыпалогіі моў (гл. ў арт. Тыпалогія моўная).

Літ.:

Климов Г.А. Принципы контенсивной типологии. М., 1983.

А.Я.Міхневіч.

т. 11, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНА́КАВАЯ ТЭО́РЫЯ МО́ВЫ,

вучэнне, якое даследуе мову ў адносінах да інш. знакавых сістэм (матэм., муз., дарожнай і інш.), а таксама яе падабенства ці адрозненне ад іх. Заснавальнік семіётыкі амер. філосаф Ч.Пірс разглядаў мову як знакавыя адзінкі, характэрнай рысай якіх служыць адсутнасць знешняга падабенства з суадноснымі прадметамі. Амер. вучоны Ч.Морыс прапанаваў разглядаць усе знакі (у т. л. і моўныя) у трох вымярэннях:адносіны знакаў да аб’ектаў (семантыка), да інш. знакаў (сінтактыка) і да тых, хто карыстаецца гэтымі знакамі (прагматыка). Заснавальнік лінгвасеміётыкі (навукі, што вывучае знакавыя ўласцівасці мовы) швейцарскі лінгвіст Ф. дэ Сасюр асн. рысамі моўных знакаў лічыў іх сістэмнасць і наяўнасць адвольнай сувязі паміж іх планамі выражэння і планамі зместу. Гэтыя рысы надаюць мове стабільнасць, а таксама здольнасць фармуляваць самыя складаныя адцягненыя паняцці. Найб. выразны знакавы характар маюць пісьмовыя формы мовы, разам з якімі выкарыстоўваюцца і неславесныя знакі (лічбы, сімвалы і інш.).

Літ.: Семиотика языка и литературы. М., 1983; Соссюр Ф. де. Труды по языкознанию: Пер. с фр. М., 1977.

Б.А.Плотнікаў.

т. 7, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛО́ГІКА (ад мета... + логіка),

галіна логікі, у якой сродкамі метатэорыі вывучаюцца будова і ўласцівасці розных фармальна-лагічных сістэм і логікі ў цэлым. Узнікла ў сувязі з даследаваннямі асноў дэдуктыўных навук (асабліва матэматыкі). У вузкім сэнсе М. ўключае 3 часткі: лагічны сінтаксіс (гл. Сінтаксіс у логіцы), у якім даследуюцца структурныя ўласцівасці фармальных тэорый, правілы пабудовы і пераўтварэння выразаў, што прыняты ў розных сістэмах злічэння; семантыка лагічная, у якой вывучаюцца сэнс і значэнне выразаў мовы і правілы інтэрпрэтацыі лагічных злічэнняў; лагічная прагматыка, што раскрывае спосабы і шляхі практычнага выкарыстання суб’ектамі фармальных тэорый. У шырокім сэнсе да М. адносяць усе патрабаванні да пабудовы фармальных сістэм (гл. Фармалізацыя) і ўжывання аксіяматычнага метаду, агульныя правілы дэдукцыі, вываду і доказу, тэорый вызначальнасці паняццяў, мадэлей, сапраўднасці ў фармалізаваных мовах і інш. У рамках М. вывучаюцца таксама праблемы ўзаемаадносін паміж т.зв. экстэнсіянальнымі і інтэнсіянальнымі мовамі (гл. Семіётыка), сэнсавыя адносіны і псіхал. аспекты звычайных змястоўных разважанняў, пытанні мадэліравання інтэлектуальнай дзейнасці чалавека. Ідэі і метады М. выкарыстоўваюць таксама ў даследаваннях законаў разважання, у прыродазнаўчых тэорыях. Праблемы М. распрацоўваюцца ў творах Г.Фрэге, Д.Гільберта, К.Гёдэля, А.Тарскага, А.Чорча, Р.Карнапа, П.С.Новікава і інш.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 10, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ВА ПРАГРАМАВА́ННЯ,

фармальная мова сувязі чалавека з ЭВМ, прызначаная для апісання інфармацыі (напр., даных) і алгарытмаў яе апрацоўкі. Задаецца наборам сімвалаў (алфавіт), правіламі пабудовы тэксту (сінтаксіс), пералікам дзеянняў і аб’ектаў, што апісваюцца сінтаксічна дапушчальнымі тэкстамі праграм (семантыка). Праграмы, напісаныя на М.п., пераводзяцца ў машынныя коды з дапамогай транслятара.

Адрозніваюць М.п. машынна-арыентаваныя, працэдурна-арыентаваныя і аб’ектна-арыентаваныя. Да машынна-арыентаваных адносяць мовы, што ўлічваюць асаблівасці канкрэтнай ЭВМ (структуру каманд, памяць, знешнія прылады і інш.) і дазваляюць ствараць праграмы, такія ж па эфектыўнасці, як праграмы. напісаныя ў кодах машыны (гл. Асемблер, Машынная мова). У працэдурна-арыентаваных М.п. (напр., Паскаль, Фартран, Алгол, Модула, ПЛ/1) вылучаюць 2 часткі: для апісання структуры аб’ектаў і для працэдуры іх апрацоўкі. На іх эфектыўна апісваюцца і рэалізуюцца алгарытмы апрацоўкі інфармацыі складанай іерархічнай структуры. Самастойнае падмноства такіх моў складаюць мовы мадэліравання. Аб’ектна-арыентаваныя М.п. (напр., Ада, Сі​++) грунтуюцца на 4 гал. прынцыпах: магчымасць праграмісту апісваць уласныя аб’екты, вызначаць уласныя аперацыі над аб’ектамі, будаваць іерархіі аб’ектаў і дзеянняў над імі, перавызначаць аб’екты і аперацыі над імі. У выніку з’явіліся магчымасці развіваць і назапашваць праграмы з канкрэтнай прадметнай вобласці, павялічылася іх надзейнасць і скараціўся час іх распрацоўкі і наладкі.

У.Л.Каткоў.

т. 10, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХАРЫ́НСКАЯ (Лідзія Саулаўна) (27.3.1906, Тбілісі —24.5.1987),

бел. этнамузыколаг, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1974). Канд. мастацтвазнаўства (1969). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1939). Вучаніца К.Квіткі, Я.Гіпіуса. У 1939—41 і 1948—87 выкладала ў Бел. кансерваторыі (з 1970 дацэнт). Навук. працы па фундаментальных праблемах бел. муз. фальклору. Асн. тэмы — генетычная прырода, семантыка і эстэт. сутнасць нар. музыкі. Вял. ўвагу аддавала інтанацыйнаму ладу і муз.-паэт. стылістыцы традыц. і сучаснай бел. нар. песні. Аўтар прац «Беларуская народная партызанская песня, 1941—1945» (1968), «Беларуская народная песня: Гістарычнае развіццё» (1977), «Да пытання аб эстэтычным асваенні рэчаіснасці ў сучаснай беларускай народна-песеннай творчасці», «Некаторыя праблемы тыпалогіі народнага меласу ў святле палеапсіхалогіі і палеалінгвістыкі» (абедзве 1982), адзін з аўтараў падручніка «Гісторыя беларускай савецкай музыкі» (1971), кн. «Беларуская народная музычная творчасць» (1993, з Т.Якіменка) і інш. Публіцыст, прапагандыст бел. нар. творчасці і прафес. музыкі.

Тв.:

Партизанские песни Белоруссии и их слагатели. М., 1964;

Мелодический язык современной белорусской народной песни. Мн., 1966;

Некоторые вопросы типологии народных напевов (на материале белорусского земледельческого и семейно-обрядового циклов // Традиционное и современное народное музыкальное искусство. М., 1976.

Літ.:

Можейко З. Профессия — музыкальная этнография // Сов. музыка. 1981. № 8;

Л.С.Мухарынская — артыкулы, перапіска, успаміны. Мн., 1993.

Р.М.Аладава.

Л.С.Мухарынская.

т. 11, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОПОЯ́З (ад рус. назвы Таварыства вывучэння паэтычнай мовы),

навукова-даследчае аб’яднанне рус. лінгвістаў, тэарэтыкаў і гісторыкаў літаратуры ў сярэдзіне 1910-х—1920-я г. Створаны ў 1916—18 Я.Паліванавым, Л.Якубінскім, В.Брык, С.Бернштэйнам, В.Шклоўскім, Б.Эйхенбаумам, Ю.Тынянавым. Адмовіўся ад традыц. метадаў апісання і аналізу літ. творчасці, засяродзіўшы ўвагу на даследаванні яе моўна-выяўл. сродкаў як дамінуючых канструктыўных фактараў у рухомай сістэме стварэння і ўспрымання твораў. Сцвярджаў эстэт. самакаштоўнасць паэт. мовы і фармальна-маст. наватарства незалежна ад ідэалаг. арыентацыі. Генетычна звязаны з мадэрнісцкімі плынямі ў мастацтве, якія імкнуліся пераадолець літ. шаблоны і аўтаматызм іх успрымання шляхам парадаксальных слоўных вобразаў і метадам «остранения» — стварэння ўскладненай, нялёгкай для ўспрымання формы. Даследаваў тэорыю вершаскладання, структуру і семантыка-эстэт. функцыі маст. мовы, сюжэтную будову буйных празаічных жанраў і іх эвалюцыю, выкарыстоўваў параўнальна-тыпалаг. метады і стыліст. спосабы аналізу. Пад уплывам жывой маст. практыкі (творчасць У.Маякоўскага, С.Эйзенштэйна і інш.) і канструктыўнай крытыкі ў 2-й пал. 1920-х г. аб’яднанне пераадольвала фармаліст. тэндэнцыі. Паўплываў на канцэпцыі выяўл. і арх. мастацтва Беларусі 1920-х г. (асобныя ідэі К.Малевіча, канструктывізм) і літ. рух [ідэя «аквітызму» (ажыўлення) у «Маладняку», погляд на л-ру як «жыццебудаўніцтва» ва «Узвышшы», атаясамліванне мастацтва і жыцця ў эстэт. праграме «Літаратурна-мастацкай камуны»]. У канцы 1920-х г. распаўся пад націскам раппаўскай вульгарна-сацыялаг. крытыкі, прадстаўнікі якой на Беларусі аднабакова разглядалі гэты кірунак як бурж. і фармалістычны. З 2-й пал. 1950-х г. пад уплывам метадаў О. фарміраваліся структуралісцкія і матэм. метады даследавання мовы і маст. л-ры.

Літ.:

Тынянов Ю. Проблема стихотворного языка;

Статьи. [2 изд.] М., 1965;

Шкловский В. О теории прозы. М., 1925;

Бахтин М. К эстетике слова // Контекст, 1973. М., 1974.

У.М.Конан.

т. 11, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАТЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

1) аспектны даведнік, асноўнай мэтай якога з’яўляецца апісанне граматычных (фармальных і зместавых) уласцівасцей рознаўзроўневых моўных адзінак. Падзяляюцца на наступныя тыпы. Марфемныя слоўнікі падаюць марфемную будову слоў («Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.М.Бардовіча, Л.М.Шакуна, 2 выд., Мн., 1989); змяшчаюць вычарпальны пералік марфем, уласцівых пэўнай мове («Слоўнік марфем рускай мовы» А.І.Кузняцовай, Т.Ф.Яфрэмавай, М., 1986); адлюстроўваюць прадуктыўнасць (частотнасць) марфем і іх спалучальнасць («Марфемная дыстрыбуцыя ў беларускай мове: Дзеяслоў» В.У.Мартынава, П.П.Шубы, М.І.Ярмаш, Мн., 1967). Лексічныя даведнікі граматычнага характару апісваюць словы пэўных часцін мовы з паказам семантычных і грамат. адносін паміж рознымі формамі аднаго і таго ж рэестравага слова («Рускі дзеяслоў і яго дзеепрыметныя формы: Тлумачальна-граматычны слоўнік» І.К.Сазонавай, М., 1989); тлумачаць словы службовых часцін мовы шляхам падачы да кожнага рэестравага слова пераліку агульных семантыка-сінтаксічных функцый, якія выконваюцца гэтым словам у сказе («Тлумачальны слоўнік беларускіх прыназоўнікаў» П.П.Шубы, Мн., 1993). Сінтаксічныя слоўнікі змяшчаюць пералік сінтаксем пэўнай мовы з тэкставымі ілюстрацыямі да іх («Сінтаксічны слоўнік: Рэпертуар элементарных адзінак рускага сінтаксісу» Г.А.Золатавай, М., 1988). Стылістычныя даведнікі граматычнага характару падаюць пералік і частотнасць грамат. варыянтаў слоў і словазлучэнняў («Граматычная правільнасць рускага маўлення. Спроба частотна-стылістычнага слоўніка варыянтаў» Л.К.Граўдзінай, В.А.Іцковіча, Л.П.Катлінскай, М., 1976); тлумачаць і ілюструюць прыкладамі з тэкстаў адрозненні паміж варыянтнымі сінтаксічнымі канструкцыямі з аднолькавым апорным словам («Кіраванне ў беларускай і рускай мовах: Слоўнік-даведнік» Г.У.Арашонкавай, В.П.Лемцюговай, Мн., 1991). Граматычны слоўнік ўсіх тыпаў падаюць рэестравыя адзінкі ў прамым алфавітным парадку.

2) Аспектны даведнік па словазмяненні пэўнай мовы, у якім рэестравыя словы падаюцца ў адваротным алфавітным парадку (гл. Адваротны слоўнік), што дазваляе змяшчаць побач вял. масівы слоў з аднолькавым ці падобным тыпам словазмянення; да кожнага рэестравага слова змяшчаецца поўны набор звестак аб словазмяняльных формах («Граматычны слоўнік рускай мовы. Словазмяненне» А.А.Залізняка, 3 выд., М., 1987).

В.К.Шчэрбін.

т. 5, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАМАТЭМА́ТЫКА (ад мета... + матэматыка),

раздзел матэматычнай логікі, у якім вывучаюцца асновы матэматыкі, структура і заканамернасці матэм. доказаў з дапамогай фармальных метадаў. Тэрмін «М.» ўвёў Д.Гільберт для абазначэння тэорыі, якая аналізуе структуру і ўласцівасці фармальных сістэм. У шырокім сэнсе — метатэорыя матэматыкі.

Паводле Гільберта, фармалізаваная сістэма, што атрымліваецца ў выніку фармалізацыі навук. тэорыі, даследуецца (на прадмет высвятлення яе несупярэчлівасці, паўнаты, вырашальнасці і ўзаемасувязі з інш. тэорыямі, незалежнасці яе аксіём і інш.) змястоўнымі метадамі, якія не апелююць да сэнсу яе аб’ектаў (формул). Гэта канцэпцыя (наз. фінітызм) прадугледжвае выкарыстанне канечных канструкцый («наглядных» матэм. прадметаў, эфектыўна здзяйсняльных працэсаў) і адмаўляе абстракцыю актуальнай бесканечнасці (гл. Абстракцыя). К.Гёдэль паказаў абмежаванасць фінітных (простых) метадаў для даследавання фармалізаваных тэорый; у 1931 ён даказаў тэарэму аб непаўнаце дастаткова багатых фармальных сістэм (у т. л. аксіяматычнай мностваў тэорыі і арыфметыкі натуральных лікаў) і аб немагчымасці доказу несупярэчлівасці сістэмы з дапамогай сродкаў, якія фармалізуюцца ў гэтай сістэме. Для доказу несупярэчлівасці фундаментальных матэм. тэорый сучасная М. выкарыстоўвае больш складаныя, нефінітныя метады.

Састаўная частка прадмета М. — даследаванне фармалізаваных матэм. тэорый, выкладзеных у выглядзе сімвалічных моў, і вывучэнне саміх гэтых моў. Мноства канечных паслядоўнасцей з аперацыямі над імі таксама могуць быць аб’ектамі матэм. даследавання. Гэта абумоўлівае выкарыстанне ў М. метадаў алгебры (гл. Булева алгебра), тэорыі мностваў і тапалогіі. Шырока выкарыстоўваецца ў М. гёдэлеўскі метад арыфметызацыі метатэорыі і тэорыя рэкурсіўных функцый. У больш вузкім сэнсе да М. (у адрозненне ад металогікі) адносяць пытанні сінтаксісу, прадметнай матэм. тэорыі (гл. Сінтаксіс у логіцы); семантыку вылучаюць у якасці самаст. галіны даследавання (гл. Семантыка лагічная).

Літ.:

Клини С.К. Введение в метаматематику: Пер. с англ. М., 1957;

Расёва Е., Сикорский Р. Математика метаматематики: Пер. с англ. М., 1972;

Гильберт Д., Бернайс П. Основания математики: Теория доказательств: Пер. с нем. М., 1982.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 10, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛІЧЭ́ННЕ,

сістэма правіл аперыравання са знакамі пэўнага віду, якая дазваляе даць дакладнае апісанне некаторага класа задач і алгарытмы іх рашэння; спосаб утварэння якой-н. сукупнасці (мноства) элементаў на аснове правіл атрымання новых элементаў з зададзеных зыходных. Мае фундаментальны характар, як і паняцце алгарытму. Узнікла і развівалася ў рамках матэматыкі (гл. Аперацыйнае злічэнне, Варыяцыйнае злічэнне, Дыферэнцыяльнае злічэнне, Інтэгральнае злічэнне). Пазней метады пабудовы З. пачалі выкарыстоўвацца ў логіцы (гл. Алгебра логікі, Матэматычная лінгвістыка). Агульная тэорыя З. выкарыстоўваецца ў алгарытмаў тэорыі.

У матэматычнай логіцы любое З. адназначна задаецца зыходнымі элементамі (алфавітам З.), правіламі ўтварэння формул дадзенага З. (слоў ці выразаў), сукупнасцю аксіём і правіл пераўтварэння (вывядзення) яго фразеалогіі. Прыпісванне элементам З. пэўных значэнняў (гл. Семантыка лагічная) пераўтварае З. ў фармалізаваную мову. Напр., у З. выказванняў шляхам пэўнай канечнай працэдуры (доказу; улічваецца толькі праўдзівасць ці непраўдзівасць выказвання) атрымліваюць выказванні-тэарэмы (гл. Логіка выказванняў). У выніку атрымліваюць лагічную сістэму, якая фармалізуе разважанне, заснаванае на структуры складаных выказванняў у адрозненне ад унутранай структуры элементарных выказванняў. Пры З. прэдыкатаў атрымліваюць сцвярджэнні (формулы, тэарэмы) з улікам суб’ектна-прэдыкатыўнай структуры выказванняў (напр., «элемент X мае ўласцівасць P), што дае магчымасць выяўляць сувязь аб’ектаў з іх уласцівасцямі і суадносіны паміж імі, колькасна характарызаваць сувязь рэчаў, уласцівасцей і адносін з дапамогай лагічных эквівалентаў выразаў «усе», «некаторыя», «кожны» і інш. (гл. Квантары). Такое З. адпавядае логіцы прэдыкатаў, калі яно мае ўласцівасці несупярэчлівасці (кожная тэарэма агульназначная) і паўнаты (кожная агульназначная формула даказальная). З. прэдыкатаў уключае З. выказванняў і разглядаецца звычайна як яго пашырэнне шляхам фармалізацыі вывадаў, заснаваных на ўнутранай структуры выказванняў. Тэорыю З. прэдыкатаў распрацаваў ням. логік, матэматык і філосаф Г.Фрэге, чым істотна ўзбагаціў сілагістыку Арыстоцеля і традыц. сілагістыку. Абагульненне З. выказванняў — З. класаў, дзе дадаткова разглядаецца суб’ектна-прэдыкатная структура выказванняў і пры гэтым з кожным прэдыкатам (уласцівасцю) звязваецца ўся сукупнасць элементаў (клас) з разгляданай вобласці, якія маюць гэтую ўласцівасць (гл. Логіка класаў). З. класаў часам разглядаюць як фармалізаваную тэорыю мностваў, выкарыстоўваюць як дапаможны этап пры пераходзе ад З. выказванняў да З. прэдыкатаў і будуюць на базе З. выказванняў з дапамогай адпаведнай інтэрпрэтацыі яго формул.

Літ.:

Гильберт Д., Аккерман В. Основы теоретической логики: Пер. с нем. М., 1947;

Методологические проблемы развития и применения математики. М., 1985;

Жуков Н.И. Философские основания математики. 2 изд. Мн., 1990.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 7, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)