архіпелаг у Нарвежскім м., каля паўн.-зах. ўзбярэжжа Скандынаўскага п-ва; тэр. Нарвегіі. Ад паўвострава аддзелены пралівам Вест-фіёрд. Уключае а-вы Эўствагёй, Вествагёй, Флакстадзёй, Москенесёй і шмат дробных. Пл. 1,2 тыс.км². Нас. 27,1 тыс.чал. (1979). Выш. да 1161 м. Берагі ў асноўным скалістыя, парэзаныя фіёрдамі. Складзены пераважна з гранітаў, гнейсаў, сіенітаў, крышт. сланцаў. Клімат акіянічны, вільготны. Сярэдняя т-растудз. каля 0 °C, ліп. 12 °C. Ападкаў больш за 1000 мм за год. Мора каля берагоў не замярзае. Горныя тундры, верасоўнікі. Інтэнсіўнае рыбалоўства (селядзец, траска). Авечкагадоўля. Гал. населены пункт і порт — Свольвер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-КІТА́ЙСКАЕ МО́РА,
паўзамкнёнае мора на З Ціхага ак., каля берагоў Усх.- і Паўд.-Усх. Азіі, паміж п-вамі Індакітай і Малака, а-вамі Калімантан, Палаван, Лусон і Тайвань. Пл. 3537 тыс.км². Найб.глыб. 5560 м. Найб. залівы — Бакбо (Танкінскі), Сіямскі. Найб.в-аў Хайнань. Т-ра вады на паверхні ў лют. 20—27 °C, у жн. 28—29 °C. Салёнасць 32—34‰. Летам і восенню часта ўзнікаюць тайфуны. Прылівы няправільныя, сутачныя і паўсутачныя (да 4 м). Рыбалоўства (тунцы, селядзец, сардзіны і інш.). Гал. парты: Бангкок (Тайланд), Хашымін, Хайфон (В’етнам), Сянган, Гуанчжоў (Кітай), Маніла (Філіпіны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАХО́НЬ (Pelecus cultratus),
рыба сям. карпавых. Пашырана ў прэсных і саланаватых водах у бас. Азоўскага, Аральскага, Балтыйскага, Каспійскага і Чорнага мораў. На Беларусі трапляецца ў р. Дняпро і яго прытоках: Прыпяць, Сож, Бярэзіна, Друць. Нар. назвы чахоня, шабля, каза, чэшка, селядзец.
Даўж. да 50 см, маса 500—600 г, зрэдку да 2 кг. Афарбоўка светла-серабрыстая, спіна цёмна-бурая Цела прадаўгаватае, сціснутае з бакоў. Бруха пукатае, завостранае. Бакавая лінія зігзагападобная. Галава тупая, рот верхні. Спінны плаўнік кароткі, хваставы выемчаты. Паўпрахадныя і жылыя формы. Пелагічная, чародная рыба. Корміцца беспазваночнымі і дробнай рыбай. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЯДЦО́ВЫЯ, селядцы (Clupeidaė),
сямейства рыб атр. селядцападобных. 7 падсям., каля 20 (па інш. звестках каля 50) родаў, у т. л.пузанкі, салака, сардзіны, цюлькі, шпроты, сардзінелы. Каля 190 відаў. Пашыраны ў морах ад Арктыкі да Субантарктыкі, разнастайныя ў тропіках; некат. віды ва ўмераных і халодных водах.
Даўж. 35—45 см, у прахадных форм да 75 см, маса да 2 кг. Цела сціснутае з бакоў, укрытае вял. цыклоіднай луской. Спіна зеленавата-шэрая, бакі і бруха серабрыстыя. Характэрна адсутнасць прабадной лускі бакавой лініі (ёсць толькі 2—5 адразу за галавой). На галаве развітыя сейсмасенсорныя каналы. Уздоўж сярэдняй лініі бруха ў многіх відаў ёсць кіль з прывостранай лускі. Кормяцца пераважна планктоннымі беспазваночнымі. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ЎТАЕ МО́РА,
кіт.Хуанхай, паўзамкнёнае мора Ціхага ак., каля ўсх. берагоў Азіі, паміж п-вам Карэя і берагамі Кітая. Пл. 417 тыс.км². Найб.глыб. 106 м, сярэдняя 40 м. Буйнейшыя залівы: Бахайвань, Ляадунскі і Зах.-Карэйскі. У Ж.м. ўпадаюць р. Хуанхэ, Хайхэ, Ляахэ, Ялуцзян. Клімат умераны, мусонны. Сярэдняя т-ра вады на паверхні: ніжэй 0 на ПнЗ і 6—8 °C (люты) на Пд; ад 24 на Пн да 28 °C на Пд (жнівень). Паўн.-зах.ч. Ж.м. з ліст. да сак. замярзае. Салёнасць ад 30‰ і менш на ПнЗ да 33—34‰ на ПдУ. Прылівы паўсутачныя, каля берагоў Карэі да 9 м, у інш. раёнах да 3—4 м. У Ж.м. водзяцца селядзец, марскі лешч, траска, вугор, мідыі, вустрыцы. Найб. парты ў Кітаі — Цяньцзінь, Інкоў, Цындао, Далянь (Дальні), Люйшунь (Порт-Артур), у Карэі — Інчхон (Чэмульпо).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЫНГАВА МО́РА,
паўзамкнёнае мора Ціхага ак. паміж Азіяй на З, Паўн. Амерыкай на У, Алеуцкімі і Камандорскімі а-вамі на Пд. Берынгавым прал. злучана з Чукоцкім м.Пл. 2315 тыс.км², найб.глыб. 5500 м. Залівы: Анадырскі, Брыстольскі, Нортан, Алютарскі. Самыя вял. а-вы: Св. Лаўрэнція, Нунівак, Прыбылова, Карагінскі. Берагі моцна парэзаныя, усх. — нізінныя, зах. — пераважна гарыстыя. Упадаюць рэкі Анадыр і Юкан. Клімат на Пн арктычны і субарктычны з адметнымі рысамі кантынентальнасці, на Пд умераны марскі. Т-ра паверхневых водаў у лютым на Пд 2 °C, на Пн ніжэй за -1 °C, у жніўні 5—6 °C на Пн і 9—10 °C на Пд. Большую ч. года ўкрыта плывучымі льдамі. Салёнасць 28—33‰. Прылівы на ПнЗ паўсутачныя, на астатняй плошчы — няправільныя паўсутачныя (да 8,3 м у Брыстольскім зал.). Берынгаву мору ўласціва з’ява свячэння мора. Рыбалоўства (ласасёвыя, камбала, селядзец, сайра, мінтай); промысел марскіх коцікаў, цюленяў. На берагах і астравах птушыныя «базары». Гал. парты: Анадыр, Правідзення (Расія), Ном (ЗША). Названа ў гонар В.Берынга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАВІ́ЙСКАЕ МО́РА,
паўзамкнёнае мора Індыйскага ак. паміж паўастравамі Індастан на У і Аравійскім на З. Абмывае берагі Самалі, Джыбуці, Йемена, Амана, ААЭ, Саудаўскай Аравіі, Кувейта, Ірака, Ірана, Пакістана, Індыі. Пл. 4832 тыс.км². Сярэдняя глыб. 2734 м, найб. 5803 м. Берагі высокія, скалістыя, месцамі нізінныя дэльтавыя, парэзаныя залівамі і бухтамі. Найб. залівы: Адэнскі на З (злучаецца Баб-эль-Мандэбскім пралівам з Чырвоным м.), Аманскі на ПнЗ (злучаецца Армузскім пралівам з Персідскім залівам), Кач і Камбейскі на ПнУ. Найб. а-вы: Сакотра і Лакадыўскія. У Аравійскае мора ўпадае р.Інд. Рэльеф дна выраўнаваны, агульны нахіл з Пн на Пд; на З падводны хр. Мары. Клімат трапічны мусонны. Частыя тайфуны. Сярэдняя т-ра вады на паверхні зімой 22—27 °C летам 23—28 °C. Салёнасць 35,8—36,57 ‰. Прылівы паўсутачныя (да 5,1 м). Фауна: дзюгонь, лятучыя рыбы, тунец, меч-рыба, паўд.селядзец, рыфавыя рыбы, паруснікі і інш.Гал. парты: Бамбей (Індыя), Карачы (Пакістан), Адэн (Йемен).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕКСІ́Я,
моўная з’ява, якая выяўляецца пры папарным супастаўленні лексічных адзінак дзвюх блізкароднасных моў — паралексаў. Словы-паралексы маюць нерэгулярныя адрозненні ў некат. дэталях формы: грамат. родзе, ліку, націску, словаўтваральных элементах. Вылучаюць паралексы акцэнталагічныя (бел. «крапіва» — рус. «крапива»), словаўтваральныя (бел. «пакупнік» — рус. «покупатель»), граматычныя (бел. «боль» м.р. — рус. «боль» ж.р., «каноплі» мн.л. — «конопля» адз.л.), марфалагічныя (бел. «віск» — рус. «визг»). Існуе група П. змешанага тыпу, якія адрозніваюцца словаўтварэннем і націскам (бел. «радзімка» — рус. «родинка»), словаўтварэннем і прыналежнасцю да грамат. роду (бел. «цяля» — рус. «теленок»), націскам і прыналежнасцю да грамат. роду (бел. «селядзец» — рус. «селедка») і інш. Даследаванне бел.-рус. П. мае асабліва важнае значэнне для распрацоўкі пытанняў культуры бел. мовы ў аспекце двухмоўя. Створаны «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік» (1985), які адлюстроўвае разыходжанні ў парадыгмах паралекс.
Літ.:
Михневич А.Е. Паралексы // Русский язык. Мн., 1981. Вып. 1;
Кунцэвіч Л.П. Да характарыстыкі беларуска-рускай паралексіі // Беларуская лінгвістыка. Мн., 1987. Вып. 31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫТА́НСКАЯ КАЛУ́МБІЯ (Britich Columbia),
правінцыя на З Канады. Уключае таксама а-вы Ванкувер, Каралевы Шарлоты і інш.Пл. 947,8 тыс.км². Нас. 3282 тыс.чал. (1995). Адм. ц. — г. Вікторыя. На У — Скалістыя горы (г. Робсан, 3954 м), на З — Берагавы хр. (г. Уодынгтан, 4042 м), паміж імі — унутр. плато выш. каля 1000 м. У прыморскай ч. клімат мяккі, вільготны, у гарах — суровы (зімой да -50 °C). Ападкаў ад 2400 мм на ўзбярэжжы да 300 мм у міжгорных далінах. Шмат азёр. Большая ч.тэр. пад хвойнымі лясамі. Здабываюць вугаль, медзь, серабро, золата, цынк, свінец, малібдэн, нафту, прыродны газ. На рэках Піс-Рывер, Калумбія і інш. значныя ГЭС, якія выпрацоўваюць каля 80% усёй электраэнергіі. Каляровая металургія — выплаўка алюмінію, свінцу, цынку, серабра. Машынабудаванне (суднабудаванне, вытв-сць лесапрамысл. і горнага абсталявання), хім., харч., цэлюлозна-папяровая прам-сць. Сельская гаспадарка ў далінах рэк на З пераважна прыгарадная (малочная жывёлагадоўля, агародніцтва, пладаводства). На ўзбярэжжы рыбалоўства (ласасёвыя, селядзец, палтус) і рыбаперапр. прам-сць. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Гал. парты і прамысл. цэнтры — Ванкувер, Вікторыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЦКАЕ МО́РА,
паўзамкнёнае мора Ціхага акіяна, каля ўсх. берагоў Азіі. Пл. 1603 тыс.км², найб.глыб. 3521 м. Узбярэжжа належыць Расіі і Японіі. Ад Ціхага акіяна аддзелена п-вам Камчатка, градой Курыльскіх а-воў і в-вам Хакайда; а-вамі Сахалін і Хакайда аддзелена ад Японскага м., з якім на З і ПдЗ злучана пралівамі Невяльскога і Лаперуза. Берагі пераважна скалістыя. Залівы Шэліхава, Аніва, Цярпення, Сахалінскі і інш. Самыя вял. астравы — Шантарскія. Упадаюць найб. рэкі Амур, Уда, Ахота, Гіжыга, Пенжына. Клімат мусонны, умераных шырот. Зімой пануюць моцныя халодныя вятры, якія дзьмуць з мацерыка, летам — слабыя, цёплыя, паўд.-ўсх. вятры. Т-ра вады летам 1,5—15 °C, зімой -1,8—2 °C. З кастр. да чэрв. амаль усё мора ўкрыта лёдам. Салёнасць 32,8—33,8‰. Прылівы пераважна няправільныя, сутачныя (да 12.9 м). Для Ахоцкага мора характэрна з’ява свячэння вады і лёду. Рыбалоўства (ласасёвыя, селядзец, мінтай, камбала, траска, навага, мойва), лоўля крабаў. Па моры праходзяць важныя марскія шляхі, якія злучаюць Уладзівасток з паўн. раёнамі Д. Усходу і Курыльскімі а-вамі. Гал. парты: на мацерыку Магадан, Ахоцк, на в-ве Сахалін Карсакаў, на Курыльскіх а-вах Паўночна-Курыльск.