КРУГААБАРО́Т КАПІТА́ЛУ,

рух капіталу праз сферы вытв-сці і абарачэння, што забяспечвае вытв-сць прыбавачнай вартасці і ўзнаўленне капіталу. У гэтым працэсе капітал паслядоўна праходзіць праз 3 формы — грашовы капітал, таварны капітал, вытворчы, якія ўяўляюць сабой формы (часткі) прамысловага капіталу; кожная з іх мае свой кругаабарот і выконвае пэўныя эканам. функцыі. Бесперапыннае паўтарэнне К.к. ўтварае абарот капіталу.

т. 8, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНКТ (ад лац. punctum кропка),

1) месца, якое прызначана для пэўных мэт, напр., населены П., камандны П. (гл. Пункт камандны).

2) Асобны раздзел, параграф якога-н. тэксту, які абазначаецца лічбай або літарай.

3) Момант, перыяд у развіцці падзей, дзеяння, напр., кульмінацыйны П.

4) Тэмпературная мяжа, пры якой рэчыва змяняе свой стан, напр., П. кіпення, П. плаўлення.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЛАХАЎ (Пётр Пятровіч) (1822, Масква — 2.12.1885),

рускі кампазітар і вакальны педагог. Сын Пятра Аляксандравіча (каля 1793—1835) і брат Паўла Пятровіча (1824—1875) Булахавых, вядомых у свой час оперных спевакоў-тэнараў. Аўтар папулярных рамансаў і песень, блізкіх да гар. фальклору («Тройка», «Не, не цябе так палка я люблю», «Спатканне», «І няма ў свеце вачэй», «Гары, гары, мая зорка» і інш.).

т. 3, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎМА́ТА, Ілжэбардыя (? — 29.9.522 да н.э.),

мідыйскі маг (жрэц). У 522 да н.э. выступіў супраць перс. Цара Камбіса, сына Кіра II. Выдаў сябе за тайна забітага Бардыю (Смердыса) — брата Камбіса і замацаваўся на троне. Завалодаў б.ч. Ахеменідаў дзяржавы. Імкнуўся перацягнуць на свой бок заваяваныя персамі краіны, вызваліў іх на 3 гады ад падаткаў. Забіты змоўшчыкамі на чале з Дарыем (гл. Дарый I).

т. 5, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІКУРА́Т,

ступеньчаты культавы будынак у Стараж. Месапатаміі.

Будавалі З. з сырцовай цэглы ў выглядзе высокай, у некалькі ярусаў (З—7) вежы, якая звужалася ўверсе. Сцены абкладвалі каляровай глазураванай цэглай, кожны паверх меў свой колер (звычайна чорны, чырвоны, белы). Наверсе размяшчалася свяцілішча, да якога ішлі пандусы і прыступкі. Найб. вядомыя З. — Этэменанкі (т. зв. Вавілонская вежа, 7 ст. да н.э.) і Чога-Зенбіль.

т. 7, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДАМІ́НІУМ [ад лац. con (cum) разам + dominium уладанне] у міжнародным праве, валоданне пэўнай тэрыторыяй дзвюма або некалькімі дзяржавамі, якія сумесна ажыццяўляюць над ёй свой суверэнітэт. Кожная з гэтых дзяржаў усталёўвае сваю ўладу ў межах К. на падставе адпаведнага пагаднення паміж імі. К. часта недаўгавечныя. Вядомы К. Францыі і Іспаніі над некалькімі астравамі на пагранічнай р. Бідасоа; К. Вялікабрытаніі і Егіпта над Суданам.

т. 7, с. 577

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІФО́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі народжаны багіняй падземнага царства Геяй пачварны дракон, які ахоўваў каля г. Дэльфы аракул Геі. Апалон забіў П. стралой (адсюль Апалон Піфійскі) і заснаваў на тым месцы свой аракул (Піфійскі, або Дэльфійскі аракул), дзе ад яго імя прадказвала Піфія. З нагоды перамогі над П. Апалон, паводле міфа, заснаваў Піфійскія гульні. Ад імя П. паходзіць другая назва г. Дэльфы — Піфо.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЧЫМБО́ЛЬДА ((Arcimboldo) Джузепе) (1527, Мілан — 11.7.1593),

італьянскі мастак. Жыў у Вене, Празе, Мілане. Майстар фрэсак, жывапісец, тэатр. дэкаратар, графік. У маньерыстычным кірунку вынайшаў свой алегарычны стыль адлюстравання, звязаны з парадаксальнай фантазіяй. Выканаў серыі партрэтаў, складзеных з раслін, прадметаў, сімвалаў і г.д. Сярод вядомых работ: «Лета», «Зіма» (1569), «Флора» (1589), «Партрэт Рудольфа II» (1590) і інш. Творчасць мастака — унікальны прыклад позняга маньерызму.

Я.​Ф.​Шунейка.

Дж.Арчымбольда. Зіма. 1569.

т. 1, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХО́ТА (Іван Рыгоравіч) (9.6.1918, в. Папаснае Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 21.10.1943),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). На фронце з 1942. Камандзір танк. роты старшы лейт. М. вызначыўся ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл.: у час варожай контратакі падбіты і ахоплены полымем свой танк ён накіраваў на батарэю праціўніка, знішчыў яе гарматы, што садзейнічала поспеху наступлення танк. батальёна; згарэў у танку.

т. 10, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ РАЗВІЦЦЯ́ (МАР; International Development Association),

філіял Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. Створана ў 1960 для прадастаўлення крэдытаў і пазык на льготных умовах краінам, якія сталі на шлях развіцця. МАР мае свой статут, але фактычна кіруецца банкам. Структура МАР: савет кіраўнікоў, выканаўчы дырэктарат, прэзідэнт. Склад савета кіраўнікоў і выканаўчага дырэктарата той жа, што і ў банка. Адм. дзейнасць ажыццяўляе па сумяшчальніцтве персаналам банка. Месцазнаходжанне — Вашынгтон.

т. 10, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)