ПРАЗЕАДЫ́М (лац. Praseodymium),

Pr, хімічны элемент III гр. перыяд. сістэмы, ат. н. 59, ат.м. 140, 9077, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 1 стабільны нуклід ​141 Pr. У зямной кары 7∙10​−4% па масе. Адкрыты разам з неадымам, назва ад грэч. prasios — светла-зялёны (большасць солей П. маюць такую афарбоўку) і didymys — блізня, двайнік.

Метал светла-шэрага колеру, tпл 932 °C, шчыльн. 6780 кг/м³. У паветры акісляецца. Узаемадзейнічае з кіпнем (павольна), з салянай, азотнай і сернай к-тамі, пры награванні — з галагенамі, азотам, вадародам (пры пакаёвай т-ры паглынае яго). Метал. П. атрымліваюць пераважна электролізам расплаву трыхларыду Выкарыстоўваюць як кампанент міш-металу, магн. сплаваў з кобальтам і нікелем, легіруючую дабаўку да сталі і інш. сплаваў, аксіды — пігменты для каляровага шкла, маст. керамікі.

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУКУРУ́ЗНЫ АЛЕ́Й, маісавы алей,

раслінны тлусты алей з зародкаў кукурузы. Атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Светла-жоўтая вадкасць, шчыльн. 924 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання ад -10 да -15 °C. Паўвысыхальны алей (гл. Алеі). Выкарыстоўваюць як харч. прадукт, у вытв-сці маргарыну, мыла.

т. 8, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛЬЦЫЮ КАРБІ́Д,

злучэнне кальцыю з вугляродам, CaC2. Цвёрдае рэчыва, хімічна чысты — бясколерны, tпл2160 °C, шчыльн. 2200 кг/м³. Тэхнічны К.к. мае колер ад светла-бурага да чорнага. Бурна ўзаемадзейнічае з вадой з вылучэннем ацэтылену. Атрымліваюць аднаўленнем нягашанай вапны вугляродам у дугавых пячах. Выкарыстоўваюць для атрымання ацэтылену, цыянаміду кальцыю, аднаўлення шчолачных металаў.

т. 7, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАХІНО́Н,

арганічнае рэчыва, C14H8O2. Мал. м. 208,2. Светла-жоўтыя крышталі, tпл 286 °C, растваральны ў нітрабензоле, аніліне, гарачым талуоле, практычна не растваральны ў вадзе і спірце. Праяўляе ўласцівасці хінонаў. Атрымліваюць каталітычным акісленнем антрацэну ці з фталевага ангідрыду і бензолу. Выкарыстоўваюць у вытв-сці антрахінонавых фарбавальнікаў. Выклікае экзэмы і бранхіяльную астму (ГДК 5 мг/м³).

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЦЫ́Т (ад лац. Dacia Дакія),

магматычная горная парода, эфузіўны аналаг гранадыярытаў і кварцавых дыярытаў. Складзена з тонказярністай або шклістай асн. масы і ўкрапванняў плагіяклазу, кварцу, рагавой падманкі і інш. Структура парфіравая або афіравая. Колер светла-шэры, зеленавата-шэры, чырванаваты. Шчыльн. 2650 кг/м³. Д. вядомы ў вулканагенных тоўшчах усіх узростаў, асабліва ў кайназойскіх. Буд. матэрыял.

т. 6, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАЛА́ЧНЫЯ СМО́ЛЫ, навалакі,

тэрмапластычныя фенола-фармальдэгідныя смолы. Шклопадобныя рэчывы (кавалкі, гранулы) ад светла-жоўтага да цёмна-чырвонага колеру, шчыльн. каля 1200 кг/м³. Раствараюцца ў спіртах, кетонах, фенолах, водных растворах шчолачаў. У вадзе набракаюць і размякчаюцца. Ацвярджэнне адбываецца толькі ў прысутнасці ацвярджальнікаў (пераважна гексаметылентэтраміну). Выкарыстоўваюць у вытв-сці прэс-матэрыялаў, ліцейных форм, лакаў, пенапластаў.

т. 11, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫ́ЛАВЫ АЛЕ́Й,

тлусты алей з насення аднагадовай расліны перылы базілікавай. Атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Вадкасць ад светла-жоўтага да цёмна-жоўтага колеру, шчыльн. 931 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання каля -30 °C. Высыхальны алей. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці пакостаў, алкідных смол, алейных лакаў (заменнік ільнянога алею, высыхае хутчэй).

т. 12, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ПІЯ (лац. sepia ад грэч. sēpia каракаціца),

светла-карычневае фарбавальнае рэчыва. Натуральную С. вырабляюць з сакрэту т.зв. чарнільнага мяшка галаваногіх марскіх малюскаў — сепій (адсюль назва). У 20 ст. С. — штучная карычневая акварэльная фарба шматлікіх адценняў. С. наз. таксама від графічнай тэхнікі, пашыраны ў Еўропе з сярэдзіны 18 ст. (Ж.​А.​Фраганар у Францыі і інш.).

т. 14, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІВУ́ШНАЕ МА́СЛА,

адходы вытв-сці этылавага спірту метадам браджэння. Масляністая вадкасць ад светла-жоўтага да чырвона-бурага колеру з непрыемным пахам. Паводле хім. саставу — сумесь ізаамілавага (гл. Амілавыя спірты), ізабутылавага і інш. аднаатамных спіртоў: з альдэгідамі, к-тамі і інш. арган. злучэннямі. Выкарыстоўваюць для атрымання асобных спіртоў. С.м. атрутнае, раздражняе слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў.

т. 14, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАСУЛЯ́Р (ад позналац. grossularia агрэст),

мінерал з групы гранатаў, алюмасілікат кальцыю, Ca3Al2[SiO4]3. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі тэтрагонтрыэктаэдрычныя або простыя ці ў розных спалучэннях. Агрэгаты масіўныя, няправільныя зерні. Колер светла-зялёны, жаўтаваты, карычняваты ці белы. Бляск шкляны. Цв. 6,5—7. Шчыльн. 3,5. Тыповы мінерал вапняковых скарнаў і кальцыевага метасаматозу асн. і ультраасн. парод. Празрыстыя грасуляры — ювелірныя камяні.

Грасуляр.

т. 5, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)