ЛІНЕ́ЙНАЯ ПРАСТО́РА,

абагульненне паняцця сукупнасці свабодных вектараў звычайнай 3-мернай прасторы. Л. п. наз. мноства, што складаецца з элементаў любой прыроды (якія наз. вектарамі) і ў якім вызначаны аперацыі складання элементаў і множання іх на лікі. Гл. таксама Вектарная прастора, Гільбертава прастора.

т. 9, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТМАФІ́ЛЬНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,

некаторыя хімічныя элементы атмасферы Зямлі. Паводле геахім. класіфікацыі элементаў да атмафільных элементаў адносяцца вадарод, азот і інертныя газы (гелій, неон, аргон, крыптон, ксенон і радон), якія ў атмасферы знаходзяцца ў стане свабодных атамаў або малекул. Кісларод належыць да літафільных элементаў (складае 47% літасферы).

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДЗЯНА́Я ПУСТЫ́НЯ,

разнавіднасць халоднай пустыні з вельмі нізкімі т-рамі паветра ў раёнах Арктыкі і Антарктыды, а таксама ў гляцыяльна-нівальным поясе высокіх гор. Пераважаюць ледавікі; бедная разрэджаная расліннасць (накіпныя лішайнікі і імхі) трапляецца на свабодных ад лёду ўчастках сушы, у т. зв. аазісах.

т. 9, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАЛІПІДЭМІ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя прэпараты, што паніжаюць у плазме крыві колькасць атэрагенных і павялічваюць колькасць неатэрагенных ліпапратэінаў. Зніжаюць усмоктванне халестэрыну з кішэчніка, ачышчэнне тлушчавай тканкі ад свабодных тлушчавых к-т, біясінтэз ліпідаў і ліпапратэінаў у печані, актывуюць катабалізм халестэрыну. Да гіпаліпідэмічных сродкаў адносяцца: клафібрат, к-та нікацінавая і прабукол, халестырамін, лінетол, арахідэн і інш.

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДА́У ДЫЯМАГНЕТЫ́ЗМ,

дыямагнетызм сістэмы носьбітаў зарадаў (напр., электронаў праводнасці ў металах). Прадказаны Л.Д.Ландау ў 1930. Абумоўлены квантаваннем арбітальнага руху зараджаных часціц у магн. полі, дзе траекторыя іх свабоднага руху скрыўляецца і ўзнікае дадатковае магн. поле, накіраванае процілегла знешняму полю. Назіраецца ў выраджаным газе свабодных электронаў і ў электронаў праводнасці ў металах, паўметалах і паўправадніках.

т. 9, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАФО́КЛ (каля 361—289 да н.э.),

тыран у Сіракузах (з 316) і Сіцыліі. Вызначыўся на вайск. службе. З дапамогай войска і свабодных беднякоў скінуў алігархію і быў абвешчаны палкаводцам з неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Адваяваў у Карфагена амаль усе грэч. гарады Сіцыліі, в-аў Керкіра (Корфу). Каля 305 прыняў тытул «цара сіцылійцаў». Памёр у час паходу ў Паўд. Італію.

т. 1, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТАЛЬЯ́НСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ ПРАФСАЮ́ЗАЎ ПРАЦО́ЎНЫХ (ІКПП; Confederazione Italiana Sindacati Lavoratori),

нацыянальны прафс. цэнтр Італіі. Засн. ў 1950. Знаходзіцца пад уплывам хрысц.дэмакр. партыі. У 1990-я г. аб’ядноўвала 17 галіновых прафсаюзаў, больш за 3 млн. чал. Кіруючыя органы: з’езд, ген. савет, выканком, сакратарыят. Друкаваны орган — штотыднёвік «Conquiste del Lavoro» («Заваёвы працы»), ІКПП — чл. Міжнароднай канфедэрацыі свабодных прафсаюзаў, Еўрапейскай канфедэрацыі прафсаюзаў.

т. 7, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНА́ДСКІ РАБО́ЧЫ КАНГРЭ́С (Canadian Labour Congress),

найбуйнейшае прафс. аб’яднанне Канады. Засн. ў 1956 у выніку зліцця Кан. кангрэса прафсаюзаў і Кан. кангрэса працы. Штаб-кватэра ў Агаве. У 1990-я г. аб’ядноўваў 104 галіновыя прафсаюзы, больш за 2 млн. чал. Мае забастовачны фонд. Кіруючыя органы: з’езд, выканком. Друкаваны орган — час. «Canadian Labour» («Канадскія прафсаюзы»). Чл. Міжнароднай канфедэрацыі свабодных прафсаюзаў.

т. 7, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗУВА́ЕЎ (Рыгор Аляксеевіч) (23.8.1895, Масква — 12.2.1989),

расійскі хімік-арганік. Акад. АН СССР (1966, чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Ленінградскі ун-т (1925). З 1927 у Ін-це высокага ціску АН СССР, адначасова ў Ленінградскім тэхнал. ін-це. З 1946 у Горкаўскім ун-це, адначасова ў 1956—62 дырэктар НДІ хіміі пры гэтым ун-це. З 1963 дырэктар-арганізатар Лабараторыі стабілізацыі палімераў, у 1969—88 дырэктар Ін-та хіміі АН СССР (г. Горкі). Навук. працы па хіміі металаарган. злучэнняў, арган. пераксідаў, радыкальных рэакцый. Адкрыў спосаб генерыравання свабодных аліфатычных радыкалаў раскладаннем металаалкілаў (1931—35, разам з М.​М.​Катонам), рэакцыю ініцыіраванага дэкарбаксіліравання дыацылатаў ртуці (1954, разам з Ю.А.Альдэкопам, М.А.Майерам), прамую рэакцыю свабодных радыкалаў з ртуццю. Распрацаваў метады сінтэзу новых тыпаў металаарган. злучэнняў.

Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэміі СССР 1971, 1985.

Тв.:

Металлоорганические соединения в электронике. М., 1972 (у сааўт.).

Літ.:

Воспоминания об академике Г.​А.​Разуваеве. М., 1992.

Р.А.Разуваеў.

т. 13, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́НДЭСТАГ (ням. Bundestag),

назва парламента ў ФРГ. Дзейнічае з 1949. Вярх. федэральны заканад. орган краіны (кіраўнік — федэральны прэзідэнт). Выбірае федэральнага канцлера і 50% членаў Федэральнага канстытуцыйнага суда, абмяркоўвае і прымае законы, кантралюе федэральны ўрад і інш. Дэпутаты бундэстага (672 чал.) выбіраюцца на 4 гады на ўсеагульных, прамых, свабодных, роўных і тайных выбарах. Парламентарыі адначасова з’яўляюцца членамі федэральнага сходу пры выбарах прэзідэнта краіны.

т. 3, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)