ГІПЕРЫЁН,

спадарожнік планеты Сатурн. Адлегласць ад Сатурна 1,48 млн. км, найб. папярочнік каля 350 км, сідэрычны перыяд абарачэння 21,28 сут. Адкрыты Дж.​Ф.​Бондам (1848, ЗША).

т. 5, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЁНА,

спадарожнік планеты Сатурн. Дыяметр 1120 км, сярэдняя адлегласць ад цэнтра планеты 377,4 тыс. км, маса 0,067 масы Зямлі. Сідэрычны перыяд абарачэння 2 сут 17 гадз 41 мін. Адкрыў Дж.​Касіні (1684, Францыя).

т. 6, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАСІ́НІ»

(Cassini),

аўтаматычная міжпланетная станцыя НАСА і Еўрапейскага касм. агенцтва. Запушчана 15.10.1997 з мэтай даследавання планеты Сатурн і яе спадарожніка Тытана. «К.» мае арбітальны апарат (маса 5300 кг) і спускальны модуль «Гюйгенс» (маса 350 кг), які ўвойдзе ў атмасферу Тытана. Працягласць пералёту 6 г. 7 мес. Першыя вынікі даследаванняў чакаюцца ў 2004—2006. На арбіце Сатурна «К.» будзе знаходзіцца да 2008. Названа ў гонар Дж.Д.Касіні.

т. 8, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЬЦЫ САТУ́РНА,

яркія плоскія канцэнтрычныя кольцы вакол планеты Сатурн, утвораныя мноствам цвёрдых ледзяных ці пакрытых лёдам цел, якія адбіваюць сонечнае святло. Цвёрдыя целы, што ўтвараюць К.С., маюць памеры ад некалькіх міліметраў да 15 м, рухаюцца па кругавых і эліптычных арбітах і пастаянна сутыкаюцца адно з адным. Таўшчыня К.С. 1,5 км, знешні дыяметр каля 250 тыс. км. У кольцах назіраюцца цёмныя шчыліны, самыя буйныя з якіх наз. шчылінамі Касіні і Эйнке.

т. 8, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЖЭ́НЕРАЛ МО́ТАРС КАРПАРЭ́ЙШЭН»

(General Motors Corporation),

аўтамабільны канцэрн ЗША. Адзін з найб. вытворцаў аўтамабіляў у свеце. Засн. ў 1916, адміністрацыя ў г. Дэтройт. Звязана з фін. групай Моргана. Налічвае больш за 150 прадпрыемстваў у ЗША, філіялы, зборачныя цэхі ў 35 краінах свету, у т. л. ў Аўстраліі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, Мексіцы. Выпускае легкавыя аўтамабілі розных марак («Б’юік», «Кадылак», «Пантыяк», «Олдсмабіл», «Шэўрале»), грузавыя аўтамабілі, аўтобусы, дызельныя лакаматывы і інш. У 1985 «Дж.м.к.» заснавала новую кампанію пад назвай «Сатурн карпарэйшэн», якая выпускае мікралітражныя аўтамабілі.

т. 6, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЎН ((Braun) Вернер фон) (23.3.1912, г. Выжыск, Польшча — 5.6.1977),

канструктар ракетнай і касм. тэхнікі. Вучыўся ў Цюрыхскім і Берлінскім тэхнал. ін-тах, Берлінскім ун-це. Гал. канструктар балістычнай ракеты «Фау-2», якая выкарыстана для абстрэлу Вялікабрытаніі і Нідэрландаў у час 2-й сусв. вайны. Адзін з кіраўнікоў ваен. даследчага ракетнага цэнтра Германіі ў Пенемюндзе (1937—45). З 1945 у ЗША, дзе ўзначальваў Службу праектавання і распрацоўкі ўзбраення арміі ЗША. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны ракеты «Рэдстоўн», ракеты-носьбіты «Юпітэр», «Сатурн», ШСЗ «Эксплорэр», касм. караблі «Апалон».

В. фон Браўн.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРА́ЛЬНЫЯ КУ́ЛЬТЫ,

пакланенне нябесным свяцілам і з’явам. Вядомыя ў рознай ступені ўсім народам. Былі найб. распаўсюджаны ў Стараж. Двухрэччы, Егіпце і Стараж. Індыі, дзе храмы адначасова служылі і абсерваторыямі. У вавілонскай рэлігіі Месяц і 5 бачных няўзброеным вокам планет былі абвешчаны багамі і атрымалі ўласныя назвы (Сім — Месяц, Шамаш — Сонца, Мадрук — Юпітэр, Іштар — Венера, Нергал — Марс, Набу — Меркурый, Нінургу — Сатурн; пра Уран і Нептун народы стараж. свету не ведалі. На аснове астральных культаў у вавілонскай рэлігіі ўзніклі астралогія, варажба і рэліг. прароцтвы. Адлюстраваннем астральных культаў у хрысціянстве з’яўляюцца легенды пра віфлеемскую зорку і сем зорак у Апакаліпсісе.

т. 2, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАРА́Д ПЛАНЕ́Т»,

уяўнае збліжэнне планет па прамяні зроку. Бачны з Зямлі, калі здаецца, што большасць планет знаходзяцца блізка адна да адной (напр., у адным задыякальным сузор’і); на самай справе планеты аддалены адна ад адной на вял. адлегласці. Адбываецца прыблізна 1 раз у некалькі гадоў. Не аказвае адчувальнага гравітацыйнага ўздзеяння на Зямлю з прычыны малой агульнай масы планет у параўнанні з масай Сонца. Апошні «П.п.» адбыўся 6.4—17.5.2000, калі Марс, Юпітэр, Меркурый, Сатурн, Сонца і Венера знаходзіліся блізка па прамяні зроку (з прычыны блізкага вуглавога размяшчэння планет ад Сонца, гэта з’ява практычна не назіралася).

А.​А.​Шымбалёў.

т. 12, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́НАС, Крон,

у старажытнагрэч. міфалогіі адзін з тытанаў, сын Урана і Геі. Па навучанні маці кастрыраваў Урана, каб спыніць яго род, заняў трон і ўзяў за жонку сястру Рэю. Паводле прадказання Геі, яго павінен быў звергнуць сын, таму калі ў Рэі нараджаліся дзеці, К. адразу ж глытаў іх. Рэя падманула мужа і замест народжанага Зеўса падклала яму спавіты камень, які і праглынуў К. Зеўс вырас і прымусіў бацьку вярнуць астатніх дзяцей, якія склалі пакаленне алімп. багоў, а К. і тытанаў скінуў у тартар. Культ К. быў асабліва папулярны ў Алімпіі і Афінах, дзе ў яго гонар спраўлялі святкаванні (кроніі). У рым. міфалогіі яму адпавядае Сатурн.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕ́ТА-НО́СЬБІТ, касмічная ракета,

шматступеньчатая (2—4 ступені) ракета для вывядзення ў космас касмічных апаратаў. Надае карыснаму грузу скорасць, большую ці роўную 1-й або 2-й касмічнай скорасці. Працягласць палёту Р.-н. на актыўным участку траекторыі каля 17 мін; стартавая маса 10—3000 т (да 90% масы складае паліва). Асн. тып ракетнага рухавіка — вадкасны ракетны рухавік, выкарыстоўваецца таксама цвердапаліўны.

Паводле стартавай масы, энергет. характарыстык і масы карыснага грузу, які выводзіцца на нізкія каляземныя арбіты (200—300 км), адрозніваюць Р.-н.: лёгкія (карысны груз да 5 т; «Косма», «Зеніт», «Днепр», «Скаўт», «Пегас», «Аджэна», «Дэльта»), сярэднія (5—20 т; «Саюз», «Маланка», «Тытан»), цяжкія (20—100 т; «Пратон», «Тытан-4», «Арыян-5»), звышцяжкія (больш за 100 т, «Сатурн», касм. сістэмы «Спейс шатл», «Энергія»). Макс. маса выведзенага на арбіту грузу 147,5 тСатурн-5»; 1972). Колькасць ступеней Р.-н. абумоўлена гал. чынам яе прызначэннем. На старце працуе самы магутны рухавік 1-й ступені, які надае сістэме пэўную скорасць. Пасля таго, як запас паліва 1-й ступені зрасходаваны, яна аддзяляецца, і пачынае працаваць рухавік 2-й ступені; сістэма атрымлівае дадатковую скорасць. Асаблівасць апошніх ступеней некаторых Р.-н. — магчымасць шматразовага ўключэння іх рухавікоў, што дазваляе рабіць манеўры для змены вышыні, нахілення арбіты і інш. Старты Р.-н. здзяйсняюцца з касмадромаў. У выпадку далёкіх палётаў Р.-н. звычайна выводзіцца на арбіту ШСЗ з наступным стартам з гэтай арбіты.

Літ.:

Казневский В.П. Космические ракеты. М., 1961;

Морозов К.В. Ракеты-носители космических аппаратов. М., 1975.

У.​С.​Ларыёнаў.

Трохступеньчатая ракета-носьбіт: 1, 5, 8 — вадкасныя ракетныя рухавікі 1, 2 і 3-й ступеней; 2 — стабілізатар; 3, 6, 9 — бакі паліва 1, 2, 3-й ступеней; 4, 7, 10 — бакі акісляльніку 1, 2 і 3-й ступеней; 11 — прыборны адсек з апаратурай сістэмы кіравання; 12 — карысны груз; 13 — галаўны абцякальнік; 14 — механізм аддзялення касмічнага аб’екта, 15 стык паміж 2 і 3-й ступенямі; 16 — стык паміж 1 і 2-й ступенямі.

т. 13, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)