АДРЫЎНО́Е ЦЯЧЭ́ННЕ,

цячэнне, пры якім паток вадкасці (газу), што абцякае цела, адрываецца ад яго паверхні з утварэннем віхравой зоны. Узнікае каля паверхні цела з крывалінейнымі ўтваральнымі (напр., сферы, крыла самалёта), пры наяўнасці вязкага пагранічнага слоя і павышэння ціску ў напрамку цячэння. Уплывае на гідрадынамічныя (аэрадынамічныя) характарыстыкі целаў, а пры звышгукавых скарасцях цячэння і на цеплавы рэжым.

Схема ўтварэння адрыўнога цячэння.

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСІДАВА́ННЕ,

працэс утварэння на паверхні металічных вырабаў аксіднай плёнкі. Павышае каразійную ўстойлівасць, зносаўстойлівасць, электраізаляцыйныя ўласцівасці вырабаў, надае ім прывабны дэкар. выгляд (гл. Паціна). Аксідную плёнку атрымліваюць тэрмічным (гл. Вараненне), хімічным (з дапамогай раствораў кіслот, шчолачаў, спец. рэчываў) і электрахім. анодным (гл. Анадзіраванне) спосабам. Выкарыстоўваюць у прылада-, самалёта-, машынабудаванні, для аддзелкі буд. і арх. дэталяў, метал. вырабаў быт. прызначэння. Гл. таксама Акаліна, Акісленне металаў.

т. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКО́ЎСКАГА ТЭАРЭ́МА,

тэарэма аб пад’ёмнай сіле, што дзейнічае на цела ў плоскапаралельнай плыні несціскальнай вадкасці або газу. Паводле Ж.т., пад’ёмная сіла абумоўлена звязанымі з абцякальным целам віхрамі (т. зв. далучанымі віхрамі), што ўзнікаюць з-за наяўнасці вязкасці ў вадкасці або газе. Ж.т. выконваецца пры дагукавых скарасцях і ляжыць у аснове тэорыі крыла самалёта, грабнога вінта, лапатак турбін, кампрэсараў і інш. Устаноўлена М.Я.Жукоўскім (1904).

т. 6, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫМА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА ў тэхніцы,

сістэма, для якой пэўны крытэрый прымае найб. (ці найменшае) значэнне з мноства магчымых. Вынік працэсу аптымізацыі. Крытэрыем аптымальнасці можа быць хуткадзеянне, дакладнасць, затраты энергіі або матэрыялу і інш. Прыклады аптымальнай сістэмы — сістэмы аўтам. кіравання самалётаў і караблёў, аптымальныя канструкцыі ў буд-ве і машынабудаванні (аптымальны профіль крыла самалёта, аптымальная аэрадынамічная форма кузава аўтамабіля), аптымальныя тэхнал. працэсы (награванне металу ў печах з мінім. акалінаўтварэннем).

т. 1, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛЬ (галанд. kiel) судна, 1) асноўная падоўжная бэлька ў дыяметральнай плоскасці карабля (судна), якая служыць асн. мацаваннем і сувяззю днішчавага набору, забяспечвае яго агульную трываласць. Бывае брусковы (у выглядзе бруса або некалькіх стальных палос), верт., гарыз., тунэльны і інш. 2) Вертыкальная ч. апярэння самалёта, верталёта, дырыжабля, ракеты. Служыць для надання ўстойлівасці і кіроўнасці лятальнаму апарату. К. авіяц. ракеты для зручнасці транспартавання і падвескі можа быць складным.

т. 8, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДТАЧЭ́ЕЎ (Георгій Мяфодзьевіч) (ліст. 1916, в. Красніца Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 25.4.1944),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Магілёўскі аэраклуб (1940). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Лётчык-штурмавік мал. лейт. Н. зрабіў каля 100 баявых вылетаў. 31.1.1944 у час налёту на варожы аэрадром падабраў экіпаж падбітага самалёта камандзіра і вярнуўся на свой аэрадром. Загінуў пры вызваленні Севастопаля. На радзіме пастаўлены абеліск.

Г.М.Надтачэеў.

т. 11, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКО́ЎСКІ (Мікалай Ягоравіч) (17.1.1847, г. Арэхава-Зуева Уладзімірскай вобл., Расія — 17.3.1921),

рускі вучоны, заснавальнік сучаснай гідра- і аэрамеханікі. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1894). Скончыў Маск. ун-т (1868). Праф. Маск. ун-та (з 1886) і Маск. вышэйшага тэхн. вучылішча (з 1887). Арганізатар і першы кіраўнік (з 1918) Цэнтр. аэрагідрадынамічнага ін-та (ЦАГІ). Навук. працы па тэорыі авіяцыі, механіцы цвёрдага цела, гідрадынаміцы, гідраўліцы, астраноміі, матэматыцы і інш. Стварыў тэорыю гідраўлічнага ўдару (1898), адкрыў закон, які вызначае пад’ёмную сілу крыла самалёта (гл. Жукоўскага тэарэма), тэарэтычна прадказаў шэраг магчымых траекторый лёту (напр., «мёртвую пятлю», якую выканаў рус. лётчык П.​М.​Несцераў, 1913). У 1912—18 распрацаваў віхравую тэорыю паветр. вінта; вызначыў найб. прыдатныя профілі крылаў і лопасцей вінта самалёта. Прапанаваў тэорыю ўтварэння каметных хвастоў, метад вызначэння элементаў планетных арбіт, выканаў шэраг грунтоўных даследаванняў па тэорыі механізмаў, тэорыі ўстойлівасці руху і інш. Стварыў некалькі навук. школ у галіне дастасавальнай механікі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—7. М.; Л., 1948—50.

Літ.:

Космодемьянский А.А. Н.​Е.​Жуковский. М., 1969;

Н.​Е.​Жуковский — библиография печатных трудов. М., 1968.

М.Я.Жукоўскі.

т. 6, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАБЛЕ́МА (ад астра... + грэч. blēma рана),

замкнёнае кольцападобнае ўтварэнне на паверхні Зямлі або інш. нябеснага цела, што ўзнікла ў выніку падзення вял. метэарыта ці астэроіда. На Зямлі вядома каля 100 астраблемаў, у Еўропе больш за 30. Найб. даступныя для назірання астраблемы — Арызонскі кратэр (ЗША) дыяметрам 1200 м, глыб. 175 м і выш. 40 м (адносна гарызантальнай паверхні). На тэр. Беларусі знаходзіцца Лагойская астраблема.

Астраблема ў штаце Арызона ЗША. Здымак з самалёта.

т. 2, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРС (ад лац. cursus ход, цячэнне),

1) напрамак руху, шлях карабля, самалёта і інш. 2) Кірунак палітыкі, дзейнасці. Напр., К. на разрадку міжнар. напружанасці.

3) Поўнае выкладанне якой-н. навукі або яе часткі. Напр., К. механікі, К. фізікі.

4) Навучальны год у спец. сярэдніх і вышэйшых навучальных установах.

5) Закончаны цыкл лячэбных працэдур. Напр., К. лячэння.

6) Цана, па якой купляюць і прадаюць на біржах каштоўныя паперы (акцыі, аблігацыі ці інш.).

т. 9, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНЧУ́К (Рыгор Сяргеевіч) (24.1.1912, г.п. Лоеў Гомельскай вобл. — 14.5.1944),

Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Варашылаўградскую ваен. авіяшколу пілотаў (1936), Ваен.-марскую акадэмію (1942). У Чырв. Арміі з 1934. Камандзір самалёта лейт. П. вызначыўся ў сав.-фінл. вайну 1939—40, калі ў час бамбардзіроўкі свой ахоплены полымем самалёт пасадзіў у тыле ворага і вывеў экіпаж за лінію фронту. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Загінуў пры выкананні баявога задання.

Р.С.Пінчук.

т. 12, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)