ГУ́БСКАЯ (Надзея Аляксандраўна) (н. 3.2.1947, в. Стары Каўрай Чаркаскай вобл., Украіна),
бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1994). Скончыла Кіеўскую кансерваторыю (1975). У 1966—77 працавала на Украіне і ў Расіі. З 1977 салістка Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам вял. напаўнення, багатай і высакароднай тэмбравай афарбоўкі. Сярод партый: Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Яраслава («Князь Ігар» А.Барадзіна), Графіня, Паміна («Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» В.А.Моцарта), Аіда, Леанора, Лізавета, Амелія («Аіда», «Трубадур», «Дон Карлас», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Чыо-Чыо-сан, Тоска ў аднайм. операх Дж.Пучыні, Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), саліруючае сапрана ў вак.-харэаграфічным прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.І.Глінкі (1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТРЫ́ЧНАЯ СІСТЭМА МЕР, дзесятковая сістэма мер,
сукупнасць адзінак фізічных велічынь, у аснову якой пакладзена адзінка даўжыні — метр. Распрацавана ў канцы 18 ст. ў Францыі з мэтай уніфікацыі вымярэнняў і сістэматызацыі адзінак розных фіз. велічынь. Памеры, найменні і вызначэнні адзінак, якія ўваходзілі ў М.с.м., выбраны так, каб яны мелі інтэрнац. характар і маглі быць прыняты ўсімі краінамі.
Першапачаткова ў М.с.м., акрамя метра, уваходзілі адзінкі: плошчы — квадратны метр, аб’ёму — кубічны метр, масы — кілаграм (маса 1 дм вады пры 4 °C), а таксама ўмяшчальнасці — літр, плошчы зямельных дзялянак — ар, масы — тона. Важнай адметнай асаблівасцю М.с.м. з’яўляецца спосаб утварэння дзесятковых кратных адзінак і дольных адзінак. Міжнар. характар М.с.м. пацверджаны Метрычнай канвенцыяй 1875, якую падпісалі 17 дзяржаў (у т. л. Расія); у 1925 М.с.м. прызнана ў СССР, у т. л. ў Беларусі. На аснове М.с.м. распрацавана Міжнародная сістэма адзінак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЧА́К (Яраслаў Антонавіч) (19.2.1921, г. Броды, Украіна — 2.3.1989),
дырыжор. Нар.арт.СССР (1979). Скончыў Вышэйшы муз.ін-т імя М.Лысенкі (Львоў, 1939). З 1944 дырыжор у оперных т-рах Украіны і Расіі. З 1972 гал. дырыжор, з 1980 дырыжор Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. На бел. сцэне кіраваў пастаноўкай опер «Джардана Бруна» С.Картэса (1977), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989, Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Міндыя» А.Тактакішвілі (1972), «Сельскі гонар» П.Масканьі (1973), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1974), «Дон Карлас» Дж.Вердзі (1979), «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1986) і балетаў «Крылы памяці» У.Кандрусевіча (1986), «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына (1974), «Спартак» А.Хачатурана (1980), «Балеро» на муз. М.Равеля (1984); вак.-харэагр. прадстаўлення «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1983). Выканальніцкая манера Вашкевіча вызначалася спалучэннем эмац. свабоды са строгім густам, уважлівым стаўленнем да аўтарскага тэксту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГАДЗЕ́ЕЎ (Аляксей Пятровіч) (7.4.1926, г.п. Альхаватка Данецкай вобл., Украіна — 23.7.1997),
бел. харавы дырыжор, педагог. Нар.арт. Беларусі (1971). Скончыў Бел. кансерваторыю (1956, клас Г.Зелянковай). З 1959 хормайстар, у 1960—93 гал. хормайстар Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Адначасова з 1958 выкладаў у Бел. акадэміі музыкі. Спектаклі, пастаўленыя з яго ўдзелам, вызначаліся высокай якасцю хар. гучання: оперы «Арэстэя» С.Танеева і «Атэла» Дж.Вердзі (1963), «Багема» Дж.Пучыні (1968), «Хаваншчына» (1970) і «Барыс Гадуноў» (1974) М.Мусаргскага, «Міндыя» А.Тактакішвілі (1973), «Лаэнгрын» Р.Вагнера і «Джардана Бруна» С.Картэса (1977), «Новая зямля» Ю.Семянякі (1982), «Іван Сусанін» М.Глінкі (1984), «Вайна і мір» С.Пракоф’ева (1985), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989), «Кармэн» Ж.Бізэ (1990), «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі (1992), сцэн. кантата «Карміна Бурана» К.Орфа (1983) і інш. Аўгар метадычных прац, кн. «Тэхніка харавога дырыжыравання» (1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫЯ МЕТРАЛАГІ́ЧНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ,
арганізацыі, створаныя на аснове міжнар. пагадненняў для ажыццяўлення і захоўвання эталонаў асн.адзінак фізічных велічынь і забеспячэння міжнар. адзінства мер і вымярэнняў. У адпаведнасці з Метрычнай канвенцыяй (падпісана ў 1875 у Парыжы 17 дзяржавамі) Генеральныя канферэнцыі па мерах і вазе склікаюцца не менш як 1 раз у 6 гадоў і з’яўляюцца найвышэйшым органам па ўстанаўленні адзінак фіз. велічынь.
Першая Ген. канферэнцыя адбылася ў 1889. Работу па падрыхтоўцы рашэнняў канферэнцый вядзе Міжнародны камітэт мер і вагі, пры якім працуюць 7 кансультатыўных камітэтаў (па электрычнасці, фота- і радыёметрыі, тэрмаметрыі, па вызначэнні метра, секунды, па эталонах для вымярэння іанізуючых выпрамяненняў, па адзінках). Ён таксама кіруе работай Міжнароднага бюро мер і вагі — міжнар. навуковай метралагічнай арг-цыі, створанай у 1875 (г. Сеўр, Францыя). У 1956 створана Міжнародная арганізацыя па заканадаўчай метралогіі, якая распрацоўвае мерапрыемствы па ліквідацыі перашкод у міжнар.гандл. і навук-тэхн. супрацоўніцтве, выкліканых няўзгодненасцю нарматыўных дакументаў розных краін. Пытанні метралогіі вывучаюць Міжнар. электратэхн. камісія (засн. ў 1906), Міжнар.арг-цыя па стандартызацыі (засн. ў 1947) і інш.Гл. таксама Метрычная сістэма мер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТРАЛАГІ́ЧНАЯ СЛУ́ЖБА,
сетка арг-цый, на якія ўскладзена адказнасць за метралагічнае забеспячэнне, г.зн. за ўстанаўленне і выкарыстанне навук.-арганізац. асноў, тэхн. сродкаў, правіл і норм, неабходных для дасягнення адзінства і патрэбнай дакладнасці вымярэнняў. М.с. Беларусі ўключае дзярж. М.с. (у яе ўваходзяць Дзярж.к-т па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі — Дзяржстандарт, н.-д. ўстановы, рэгіянальныя органы Дзяржстандарту) і М.с. суб’ектаў гаспадарання (мін-ваў, ведамстваў, прадпрыемстваў, арг-цый, устаноў). Нарматыўнай асновай М.с. з’яўляюцца міжнар. і міждзярж. стандарты, стандарты Рэспублікі Беларусь, тэхн. ўмовы, стандарты прадпрыемстваў, метадычныя ўказанні, інструкцыі; тэхн. базай — эталоны, узорныя сродкі вымярэнняў, рабочыя сродкі вымярэнняў і інш.
Для забеспячэння адзінства вымярэнняў М.с. распрацоўвае эталоны, метады і сродкі перадачы адзінак фіз. велічынь ад эталонаў да рабочых сродкаў вымярэнняў, ажыццяўляе вымярэнні на вытв-сці і ў навук. даследаваннях, распрацоўвае дзярж. стандарты, праводзіць акрэдытацыю выпрабавальных лабараторый і цэнтраў. Прававой асновай М.с. Беларусі з’яўляюцца законы аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў, аб сертыфікацыі прадукцыі, работ і паслуг, аб ахове правоў спажыўца і інш. Уведзены ў дзеянне нац. эталоны адзінак часу, частаты, шкалы часу, адзінкі тэмпературы, напружання пераменнага току. Створана лабараторыя дзярж. дазіметрычных эталонаў, зацверджаны і ўнесены ў Дзярж. рэестр сродкаў вымярэнняў Рэспублікі Беларусь дзярж. стандартныя ўзоры саставу раствораў іонаў металаў, арган. рэчываў і пестыцыдаў, водных раствораў неметалаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РЫ,
сродкі вымярэнняў, прызначаныя для ўзнаўлення і захоўвання фізічных велічынь зададзенага памеру. Вывучаюцца метралогіяй. Існуюць М. для даўжыні, масы, аб’ёму, эл. супраціўлення, частаты, т-ры і інш.; не маюць М. скорасць руху, мех. сіла, ціск, сіла эл. току, час, энергія, магутнасць. М. выкарыстоўваюць у якасці эталонаў, узорных сродкаў вымярэнняў і рабочых сродкаў вымярэнняў.
М. падзяляюцца на адназначныя, якія ўзнаўляюць фіз. велічыню аднаго памеру (ripa, вымяральная колба), мнагазначныя, што ўзнаўляюць шэраг аднайм. велічынь аднаго памеру (лінейка з дзяленнямі, кандэнсатар пераменнай эл. ёмістасці), наборы М. для ступеньчатага ўзнаўлення шэрагу значэнняў велічыні ў пэўных межах (наборы плоскапаралельных канцавых мер). Разнавіднасцю М. з’яўляюцца стандартныя ўзоры і ўзорныя рэчывы — целы або пробы рэчыва пэўнага саставу, адно з якіх пры належных умовах характарызуецца велічынёй з вядомым значэннем (узоры цвёрдасці, шурпатасці і да т.п.). М., прызначаная для параўнання з ёю памераў, формы і размяшчэння паверхняў дэталей з мэтай вызначэння іх годнасці, наз.калібрам. Значэнне дадзенай фіз. велічыні, абазначанае на М., з’яўляецца намінальным значэннем М. Сапраўднае значэнне М. атрымліваюць пры яе вымярэнні з выключэннем сістэматычных хібнасцей і давядзеннем да мінімуму выпадковых хібнасцей. Хібнасць вызначэння сапраўднага значэння наз. хібнасцю атэстацыі М. Хібнасць М. — гэта рознасць паміж намінальным і сапраўдным значэннем М. У залежнасці ад хібнасці атэстацыі М. падзяляюцца на разрады, а хібнасць М. з’яўляецца асновай для падзелу іх на класы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЖЭ́ЙКА (Зінаіда Якаўлеўна) (н. 6.12. 1933, г. Орша Віцебскай вобл.),
бел. этнамузыколаг. Засл. дз. маст. Беларусі (1987). Д-р мастацтвазнаўства (1992). Скончыла Бел. кансерваторыю (1961). Прадстаўнік навук. школы Я.Гіпіуса. З 1966 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Працуе ў галіне тэарэт. этнамузыкалогіі і практычнай фалькларыстыкі. Асн. даследаванні па сістэмнай тыпалогіі бел. песеннага фальклору, яго арэальным, сац. і экалагічным аспектах; муз. кампаратывістыцы, гісторыі этнамузыкалагічнай навукі. Вядзе праграму аўдыёвізуальнай антрапалогіі (сцэнарыст і палявы рэж. 7 муз.-этнагр. фільмаў, 1972—99; «Беларусьфільм»). Аўтар манаграфій «Песенная культура беларускага Палесся» (1971), «Песні беларускага Паазер’я» (1981), «Песні Беларускага Палесся» (вып. 1—2, 1983—84), «Каляндарна-песенная культура Беларусі» (1985), працы «Народна-песенная культура Беларусі ў агульнаславянскім кантэксце» (выд. 1998; матэрыялы 12-га Міжнар. з’езда славістаў, 1998). Адзін з аўтараў і рэдактар кн. «Беларуская этнамузыкалогія: Нарысы гісторыі (XIX—XX стст.)» (1997). Падрыхтавала грампласцінкі аўтэнтычнага фальклору, у т. л. «Музычны фальклор Беларускага Палесся» (Гран-пры ЮНЕСКА 1988). Чл. камісіі слав. фальклору пры Міжнар. к-це славістаў, Еўрап. семінару этнамузыколагаў, Міжнар. асацыяцыі па нар. творчасці і інш. Прэмія імя Б.Асаф’ева ў галіне музыказнаўства 1991 (Расія). Дзярж. прэмія Беларусі 1994.
Тв.:
Проблемы методов сравнительных славяно-балканских исследований в современной этномузыкологии // Македонски фолклор. Година XIX, Cкoпje, 1986. Бpoj 37;
Белорусский песенный фольклор в европейском контексте // Weißrußland und der Westen. Dresden, 1998.
Літ.:
Мухарынская Л.С. Творчы шлях фалькларыста // Мастацтва Беларусі. 1984. № 11;
Якіменка Т. Песенная культура Беларусі ў ракурсах сістэмнай тыпалогіі і візуальнай культурнай антрапалогіі: Да пытання метаду накірункаў даследчай дзейнасці З.Я.Мажэйка // Музычная культура Беларусі: Дыялог часоў. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКІ (Міхал Клеафас) (7.10.1765, Гузаў каля Варшавы — 15.10.1833),
дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, літаратар. З роду Агінскіх. З 1789 надзвычайны пасол у Галандыі, выконваў дыпламат. місію ў Лондане. У 1791 у Магілёве прысягнуў Кацярыне II, чым захаваў маёнткі ва ўсх. Беларусі. Падтрымаў Канстытуцыю 3 мая 1791. Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі 1792 эмігрыраваў у Прусію, яго маёнткі былі канфіскаваны; вяртанне на радзіму і зварот маёмасці былі абумоўлены яго ўступленнем у канфедэрацыю. Дэпутат Чатырохгадовага (1788—92) і Гродзенскага (1793) соймаў. У 1793—94 падскарбі вял. літоўскі. У час паўстання 1794 увайшоў у склад Найвышэйшай літ. рады. Сфарміраваў на свае сродкі батальён стралкоў і камандаваў ім у некалькіх бітвах. У жн. 1794 зрабіў рэйд да Дынабурга (цяпер Даўгаўпілс). Змагаўся супраць прускіх войскаў. Пасля задушэння паўстання жыў у Вене, Венецыі, Парыжы. У 1802 вярнуўся ў свой маёнтак Залессе каля Смаргоні. У 1810 атрымаў званне сенатара. Прапанаваў імператару Аляксандру I праект аднаўлення ВКЛ у складзе Рас. імперыі (гл.Агінскага план 1811). Пасля адышоў ад паліт. дзейнасці. З 1823 жыў у Італіі. Вядомы як кампазітар. Ігры на фп. вучыўся ў Ю.Казлоўскага, на скрыпцы — у Дж.Б.Віёці. Кампазітарскую дзейнасць пачаў у 1790-я г. стварэннем маршаў і баявых песень, пашыраных сярод паўстанцаў 1794. Аўтар папулярных паланэзаў, у т. л. паланэза ля-мінор «Развітанне з Радзімай», фп. п’ес, рамансаў, адметных лірызмам, меладычнасцю, нар.-песеннымі традыцыямі, а таксама аднаактовай оперы «Зеліс і Валькур, або Банапарт у Каіры» на ўласнае лібрэта (1799). Агінскаму належаць трактат «Лісты пра музыку» (1828, выд. на польск. мове ў 1956), «Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 г.» (т. 1—4, 1826—27, на франц. мове).
Літ.:
Бэлза И. Михал Клеофас Огиньский. 2 изд. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТРАЛО́ГІЯ (ад метр + ...логія),
навука пра вымярэнні, метады і сродкі забеспячэння іх адзінства і патрэбнай дакладнасці. Адрозніваюць М. тэарэт. (распрацоўвае агульныя праблемы вымярэнняў і хібнасцей вымярэнняў), прыкладную (займаецца тэорыяй і практыкай забеспячэння гарантаванай дакладнасці канкрэтных вымярэнняў і вымяральных сістэм) і заканадаўчую (разглядае пытанні агульных правіл і норм, метралагічнай дзейнасці, якія патрабуюць рэгламентацыі і кантролю з боку дзяржавы).
Асн. задачы М.: стварэнне агульнай тэорыі вымярэнняў; утварэнне адзінак фізічных велічынь і сістэм адзінак; распрацоўка метадаў і сродкаў вымярэнняў, метадаў вызначэння дакладнасці вымярэнняў і аднастайнасці сродкаў вымярэнняў; стварэнне эталонаў і ўзорных сродкаў вымярэнняў, праверка мер і сродкаў вымярэнняў. Актуальныя праблемы М.: павышэнне дакладнасці вымярэнняў; пашырэнне дакладных вымярэнняў на вобласці вельмі малых і вельмі вял. значэнняў велічынь; правядзенне гранічна дакладных вымярэнняў у асаблівых нестацыянарных умовах: пры дынамічных рэжымах, вял. паскарэннях, высокіх і вельмі нізкіх т-рах; удасканаленне метадаў і сродкаў вымярэнняў, якія выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі і тэхнікі.
М. ўзнікла ў глыбокай старажытнасці як вучэнне аб мерах. Доўгі час была апісальнай навукай пра розныя меры і суадносіны паміж імі. Гіст. этапамі развіцця М. сталі: устанаўленне эталона метра (Францыя, канец 18 ст.), стварэнне абсалютных сістэм адзінак (К.Гаўс, 1832); падпісанне міжнар. Метрычнай канвенцыі (1875), распрацоўка і ўстанаўленне ў 1960 Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ); у Расіі — далучэнне да Метрычнай канвенцыі і стварэнне ў 1893 Дз.І.Мендзялеевым Гал. палаты мер і вагі. У 20 ст. метралагічныя даследаванні асобных краін каардынуюцца міжнароднымі метралагічнымі арганізацыямі. На Беларусі арганізавана сетка арг-цый, адказных за метралагічнае забеспячэнне — метралагічная служба. Пра развіццё М. на Беларусі гл. ў арт.Метралогія гістарычная.
Літ.:
Маликов С.Ф., Тюрин Н.И. Введение в метрологию. 2 изд. М., 1966;
Бурдун Г.Д., Марков Б.Н. Основы метрологии. 3 изд. М., 1985;
Шостьин Н.А. Очерки истории русской метрологии, XI — начало XX в. 2 изд. М., 1990.