ЗІНО́ЎЕЎ Сцяпан, разьбяр па дрэве 2-й пал. 17 ст.; майстар беларускай рэзі. Паходзіў з Беларусі. «Жалаваны» майстар Аружэйнай палаты ў Маскве. Ствараў узоры разьбы («лебядзіныя», «жураўліныя», «гусіныя», 1668). Удзельнічаў у аздабленні царскага палаца ў с. Каломенскае (1678), у стварэнні разных іканастасаў для цэркваў у Ізмайлаве (1680-я г.), званіцы царквы царэвіча Іаасафа (1681) і Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра (1683—85) у Маскве. Зрабіў размаляваную фарбамі, серабром і золатам «Іарданскую сень» на 4 разных слупах (1668, разам з Арсеніем і К.Міхайлавым), разныя царскія вароты з сенню для царквы Фёдара Страцілата на Троіцкім падвор’і ў Маскве (былі ўстаноўлены ў іканастасе Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра, 1685).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТР,
старажытнарускі архітэктар. Будаўнік Георгіеўскага сабора (пачаты ў 1119) Юр’ева манастыра ў г. Ноўгарад. Яму прыпісваюцца таксама інш. саборы горада — Мікола-Дварышчанскі (закладзены ў 1113) і Раства Багародзіцы ў Антоніевым манастыры (закладзены ў 1117).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ РЭЗЬ,
манументальна-дэкаратыўная аб’ёмна-ажурная разьба па дрэве, якой бел. майстры аздаблялі храмы і палацы ў Маскоўскай дзяржаве ў 17 ст. Вядомая і як «флемская» разьба (ад ням. Flamme полымя). На ўзорах беларускай рэзі расліны пераплятаюцца з гронкамі, у іх уплятаюцца выявы птушак, жывёл, чалавека. Разьбу пакрывалі ляўкасам і залацілі. Да сярэдзіны 17 ст. на Русі існавала плоская разьба. Бел. майстры прынеслі ў Маскоўскую дзяржаву майстэрства разьбы, што развілася на Беларусі з канца 16 ст. пад уплывам мастацтва рэнесансу і барока. Лепшыя яе ўзоры — іканастасы Богаяўленскага сабора (2-я чвэрць 17 ст., не захаваўся) і Магілёўскай Мікалаеўскай царквы. У Маскоўскай дзяржаве бел. разьбяры выканалі работы ў Васкрасенскім саборы Новаіерусалімскага манастыра на Істры (1658), аздобілі іканастасы цэркваў у Ізмайлаве і ў Данскім манастыры пад Масквой. У 1667—68 яны ўпрыгожылі пазалочаныя калонкі, капітэлі, карнізы, ліштвы, а таксама мэблю Каломенскага палаца. Сярод работ бел. майстроў Каломенскага палаца асабліва вылучаецца буйнамаштабны іканастас Смаленскага сабораНовадзявочага манастыра ў Маскве (1683—86) з 84 калонкамі, пераплеценымі вінаграднай лазой, карнізамі і картушамі. Беларуская рэзь дасягнула росквіту на мяжы 17—18 ст.; яе традыцыі захоўваліся да пач. 19 ст. (іканастас Хаціслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы). Сярод майстроў беларускай рэзі найб. вядомыя К.Міхайлаў, старцы Арсеній і Іпаліт, пазалотчык Д.Залатароў.
Літ.:
Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в.: Из истории рус.-бел. связей. Мн., 1957.
Я.М.Сахута.
Да арт.Беларуская рэзь. Царскія вароты Магілёўскай Мікалаеўскай царквы. 1669—72. Магілёўскі краязнаўчы музей.Да арт.Беларуская рэзь. Клім Міхайлаў, Дарафей Залатароў. Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве. 1683—86. Фрагмент.Да арт.Беларуская рэзь. Клім Міхайлаў, Дарафей Залатароў. Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве. 1683—86. Фрагмент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛУБЕ́С (сапр.Іванаў) Сцяпан, цаніннік 2-й пал. 17 ст. Выхадзец з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Майстар паліхромных маёлікавых рэльефаў. З 1654 (?) працаваў у Маскве ў кн. Трубяцкога, у 1660—66 аздабляў Васкрасенскі сабор Новаіерусалімскага манастыра на Істры. З 1666 майстар Аружэйнай палаты Маскоўскага Крамля. Аўтар кафляных фрызаў царквы Грыгорыя Неакесарыйскага (да 1672) і Пакроўскага сабора ў Ізмайлаве (да 1674, паводле інш. крыніц 1671—79; абодва з І.Максімавым), маёлікавай аздобы «Церамка» над брамай Круціцкага падвор’я (1693—94). Мяркуюць, што ўдзельнічаў у аздабленні Церамнога палаца, царквы Спаса за залатой рашоткай і Аптэкарскага прыказа ў Крамлі. Найб. значны твор — маёлікавыя рэльефы апосталаў для царквы Успення ў Ганчарах (1691). Іл.гл. ў арт.Кераміка.
С.Палубес і І.Максімаў. Фрагмент дэкору Пакроўскага сабора ў Ізмайлаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБО́РСКІ (Пётр Іванаў) (?—1665),
майстар-цаніннік, чаканшчык і ювелір. Паходзіў з Беларусі. У 1658—65 узначальваў арцель бел. майстроў (І.Максімаў, С.Палубес, Ф.Чука і інш.), якія стварылі вонкавае ўбранства і аздабленне інтэр’ера Васкрасенскага сабора Нова-Іерусалімскага манастыра (каля г. Істра Маскоўскай вобл.) шматкаляровымі паліванымі кафлямі.
бел. архітэктар. Прадстаўнік класіцызму. Скончыў Пецярбургскую АН (1797). У 1805—12 Магілёўскі губ. архітэктар. Аўтар праектаў у Магілёве — астрога і дома для рэктара і прэфекта (тып гар. жылога дома; гл.Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкі, 1808), мураваных цэркваў, у Мсціславе — Троіцкага сабора (каля 1810).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРО́ЎСКІ (Веньямін Веньямінавіч) (1839, Магілёўская губ. — 15.8.1881),
бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскае буд. вучылішча (1862). У 1862—76 працаваў у Віцебскай буд.-дарожнай камісіі, у 1876—78 — полацкім епархіяльным архітэктарам. Аўтар праектаў рамонту з частковай рэстаўрацыяй Сафійскага сабора ў Полацку (1869), мураванай царквы для в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. (1881).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТЫКА́НСКІЯ САБО́РЫ,
сходы (з’езды) вышэйшых іерархаў каталіцкай царквы ў Ватыкане.
І Ватыканскі сабор (ці XX Усяленскі, гл.Усяленскія саборы) скліканы папам Піем IX у 1869—70. Прысутнічалі 764 прадстаўнікі ад краін Еўропы і Амерыкі. 21.4.1870 сабор прыняў «Дагматычную канстытуцыю пра каталіцкую веру», у якой асуджаліся рацыяналізм, пантэізм, матэрыялізм і атэізм як важнейшыя віды новага нявер’я і зацвярджаліся каноны веры (у Бога-творцу, стварэнне свету, цуды і інш.). 18 ліп. прынята «Першая дагматычная канстытуцыя пра царкву Хрыста», у якой вызначаліся прынцыпы вяршэнства папы над царквой. У якасці дадатку да канстытуцыі сабор прыняў дэкрэт аб бязгрэшнасці папы ў пытаннях веры і маралі. Работа I Ватыканскага сабора не была завершана ў сувязі з ліквідацыяй у 1870 Папскай дзяржавы (гл.Папская вобласць). II Ватыканскі сабор (ці XXI Усяленскі) скліканы папам Іаанам XXIII (кіраваў 1-й сесіяй) і заканчваў работу пад кіраўніцтвам папы Паўла VI. Сесіі сабора праходзілі на працягу 4 гадоў: 11.10—8.12.1962, 29.9—4.12.1963, 14.9—21.11.1964 і 11.9—7.12.1965. У перапынках паміж сесіямі працавалі шматлікія камісіі. У саборы ўдзельнічалі 2500 іерархаў каталіцкай царквы. Задачы, якія вырашалі ўдзельнікі сабора: унутранае абнаўленне царквы ў веры і маральнасці; імкненне да адзінства ўсіх хрысціян; абнаўленне ўсіх галін дзейнасці царквы і прыстасаванне яе да сучасных умоў жыцця. II Ватыканскі сабор прыняў 16 дакументаў, якія ўвасобілі новае самавызначэнне царквы, — 4 канстытуцыі (веравучэнні), 9 дэкрэтаў (павучанняў) і 3 дэкларацыі. Асн. ідэі, закладзеныя ў гэтых дакументах: адкрытасць у адносінах да грамадства; гатоўнасць да дыялогу з няверуючымі, інш. рэлігіямі, навукоўцамі; экуменічны кірунак, які засцерагае ад стварэння новых міжканфесіянальных бар’ераў; зварот да Свяшчэннага Пісання; разуменне патрэбы абнаўлення і інш. Вялікае значэнне мела канстытуцыя «Пра святую Літургію», якая ўводзіла богаслужэнне на роднай мове. Экуменічны характар сабора выявіўся ў прысутнасці на ім назіральнікамі прадстаўнікоў ад 28 дэнамінацый, стварэнні на перыяд яго дзейнасці сакратарыятаў па справах нехрысціянскіх веравызнанняў і кантактаў з няверуючымі, а таксама ў скасаванні ўзаемных анафем усх. і зах. цэркваў 1054. На саборы прысутнічалі таксама католікі, якія не мелі духоўнага звання, і жанчыны — прадстаўніцы Акцыі каталіцкай.
Літ.:
Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СА (позналац. missa ад лац. mitto пасылаю, адпускаю),
галоўнае богаслужэнне ў каталіцкай царкве. Уключае чытанне малітваў, песнапенні ў суправаджэнні аргана, заканчваецца абрадам прычашчэння. Паводле рашэння II Ватыканскага сабора (1962—65) дазволена праводзіць М. на нац. мове, прычашчаць недухоўных асоб хлебам і віном, уключаць элементы нац. музыкі, адноўлена агульная малітва ў царкве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́ЙЛАЎ Клім, бел. разьбяр па дрэве 17 ст. Паходзіў з г. Шклоў Магілёўскай вобл. Майстар беларускай рэзі. З 1654 (?) працаваў у Маскоўскай дзяржаве. З 1666 [1667(?)] у Палаце разьбярных і сталярных спраў Маскоўскага Крамля, у 1681 узначаліў Палату. З Арсеніем (Старцам) і С.Зіноўевым удзельнічаў у стварэнні «іарданскай сені» (1668, цяпер у саборы Раства Багародзіцы ў Суздалі). У 1667—68 удзельнічаў у аздабленні палаца цара Аляксея Міхайлавіча ў с. Каломенскае, харомаў царэўнаў Соф’і Аляксееўны і Кацярыны Аляксееўны (шафа, ківот, крэслы, куфэркі і інш.), стварэнні іканастасаў 3 цэркваў у Ізмайлаве. У 1683—85 група разьбяроў на чале з М. зрабіла клірас і 5-ярусны іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага і іканастас царквы Данскога манастыроў у Маскве. Пры ўдзеле М. створана драўляная разная рака цудатворца Савы Вішэрскага (1670). Іл.гл. таксама ў арт.Беларуская рэзь.
К.Міхайлаў, Д.Залатароў. Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра. Масква. 1683—1685. Фрагмент.