Дзейнічала з вер. 1941 да ліст. 1943 у г. Калінкавічы Гомельскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Складалася з групы чыгуначнікаў (37 чал., кіраўнік П.С.Ануфрыеў), групы К.М.Бакуна (стала ядром партыз. атрада імя Варашылава) і камсам.-маладзёжнай арг-цыі «Смугнар» («Смерць прыгнятальнікам народа», 10 чал., кіраўнік К.Ф.Ярмілаў). Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, газеты, здабывалі для партызан зброю, боепрыпасы, харчаванне, адзенне, медыкаменты, разведданыя, рабілі дыверсіі на чыг. вузле і прадпрыемствах. Смугнараўцы правялі рэйд па вёсках Палесся, разграмілі шэраг паліцэйскіх участкаў, здзейснілі шэраг дыверсій. У жн. 1942 фашысты раскрылі маладзёжную арг-цыю і пасля катаванняў амаль усіх расстралялі; з вер. ўтварылася камсам.-маладзёжная арг-цыя з 11 чал. (кіраўнік М.М.Судас). У 1942—43 многія падпольшчыкі пайшлі ў партызаны.
Літ.:
Розинский Г.Б. Смугнар: Докум. повесть. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІЦІ́НСКІ (Вячаслаў Антонавіч) (25.11.1920, в. Зялёны Востраў Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 30.11.1995),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскі ун-т (1950). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах. фронце. З кастр. 1941 чл. Наваград-Валынскай падп. арг-цыі, з чэрв. 1942 у 1-м Валынскім партыз. атрадзе, камандзір дыверсійнай групы. З мая 1943 камандзір дыверсійнага атрада, які дзейнічаў на Украіне і ў Брэсцкай вобл. 27.6.1944 атрад высаджаны дэсантам у Львоўскай вобл., здзейсніў рэйд у Польшчу, з вер. 1944 у Чэхаславакіі. Атрад, ператвораны ў Асобую партыз. брыгаду імя К.Готвальда, удзельнічаў у Славацкім нац. паўстанні 1944. Ганаровы грамадзянін г. Наваград-Валынскі (Украіна) і Бардзеёў (Славакія). Аўтар кніг успамінаў «Фронт без тылу» (1971), «Партызанскія Татры» (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ШКА (Дзяніс) (? — пасля 1671),
кіраўнік атрада бел. сялян у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, наказны бел. палкоўнік. Арганізаваны ім у 1656—57 атрад дзейнічаў у Мінскім і Аршанскім пав., рабіў рэйды па шляхецкіх маёнтках. Яго рэзідэнцыямі былі Ігумен (1656) і Камень (з 1657) у Мінскім пав. У вер. 1658 перайшоў на бок Рэчы Паспалітай, вёў баявыя дзеянні супраць рас. войск ва ўзаемадзеянні з І.Нячаем і С.Аскеркам (гл.Аскеркі). 22.5.1659 сейм Рэчы Паспалітай надаў М. шляхецтва. У снеж. 1664 здзейсніў рэйд у Ноўгарад-Северскі пав., у студз. 1665 — у ваколіцы Чарнігава. У маі 1665 на шляху паміж Старадубам і Гомелем яго атрад (400 чал.) разбіты і сам ён паранены. Пазней служыў у войску гетмана ВКЛ П.Сапегі.
Літ.:
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАЎ (Натан Майсеевіч) (1.6.1916, г. Магілёў — 3.3.1978),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1935), Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1948). У 1965—78 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Найб. значныя творы прысвечаны падзеям Кастр. рэвалюцыі і барацьбе бел. народа ў гады Вял.Айч. вайны: «Раніца ў Кастрычніку. Мінск, 1917 год» (1957), «Беларусь. За ўладу Саветаў» (1967), «Рэйд Каўпака» (1948), «Зямля непакораная» (1974). Стварыў партрэты бел. кампазітараў Я.Цікоцкага (1949), У.Кандрусевіча (1975), групавы партрэт фехтавальшчыц («Беларускія «мушкецёры», 1971); лірычныя і індустр. пейзажы «Разліў на Бярэзіне» (1958), «Гомель. Порт» (1963), «Вясна. Сяброўкі» (1967), «Роздум» (1971), «Зацвіло» (1973), «Венецыя. Дажджлівая раніца» (1974), «Новы горад», «Саната», «Мінчанка» (усе 1977), нацюрморты і інш.
Літ.:
Н.М.Воранаў /Аўт. тэксту Р.Р.Бадзін. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБО́ЎСКІ (Стафан) (24.6.1767, в. Асташына Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.6.1847),
военачальнік, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794. Пасля заканчэння Рыцарскай школы ў Варшаве харунжы ў войску ВКЛ. У час ваенных дзеянняў Рэчы Паспалітай з Расіяй 1792 вызначыўся ў баях пад Мірам і Брэстам. Атрад Грабоўскага адыграў вырашальную ролю пры выгнанні з Вільні рас. гарнізона (крас. 1794), удзельнічаў у баях пад в. Солы, Паляны, у абароне Вільні. У жн. 1794 Грабоўскі ўзначаліў рэйд 2-тысячнага атрада паўстанцаў на Міншчыну і Магілёўшчыну. Пасля няўдалага бою пад Любанню (4.9.1794) капітуляваў. Высланы ў Кастрамскую губ., пазней амнісціраваны. У вайну 1812 ваяваў на баку Напалеона, ген.-маёр, трапіў у палон. Пры падтрымцы А.Чартарыйскага вызвалены, увайшоў у склад вышэйшай адміністрацыі Варшаўскага княства. З 1816 дырэктар Вайсковай камісіі, з 1825 міністр-сакратар Каралеўства Польскага, ген. дывізіі (1826). Удзельнік руска-турэцкай вайны 1826—29. У 1832—39 чл.Дзярж. савета Рас. імперыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГАДНЕ́ННЕ 1408 Заключана 14 вер. паміж вял.кн.ВКЛ Вітаўтам і вял.кн. маскоўскім Васілём I, завяршыла вайну 1406—08. Ваенныя дзеянні былі выкліканы бояззю Масквы далейшага ўзмацнення ВКЛ пасля канчатковага падпарадкавання Вітаўтам у 1404 Смаленскага княства. У лют. 1406 Вітаўт напаў на Пскоў, што выклікала беспаспяховы паход Васіля I на Вязьму і Сярпейск. У адказ Вітаўт зрабіў рэйд углыб маскоўскай тэрыторыі, захапіў Варатынск і Казельск. У вер. 1406 бакі заключылі перамір’е да 15.5.1407. У 1407 Вітаўт спаліў Адоеў, ваяваў на тэр. Навасільскага княства і ў маскоўскіх землях. Васіль I спаліў г. Дзмітравец, пасля чаго заключана перамір’е да 29.6.1408. Увосень 1408 праціўнікі сышліся ў вусці р. Угра і пасля некалькіх дзён стаяння «взяша мир вечный». Была захавана старая мяжа паміж Маскоўскім вял. княствам і смаленскімі землямі ВКЛ (у т. л. па Угры), аднак у час вайны Вітаўт здолеў замацавацца на землях Верхняй Акі, падпарадкаваць сабе Мцэнск, Любуцк, Карачаў, Бялёў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАНЬКО́ (Платон Мікітавіч) (1.12.1913, в. Чарнеччына Ахтырскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 10.8.1988),
украінскі паэт. У 1938—41 вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага ў Маскве. У Вял.Айч. вайну камандзір падраздзялення ў партызанскім злучэнні С.А.Каўпака. У зб-ках «Карпацкі рэйд» (1944), «Слаўны мір» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Цяпло зямлі маёй» (1959), «Разводдзе» (1970, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1972), «Сумленне памяці» (1980), «Асеніца» (1983) і інш. — героіка партыз. барацьбы і пасляваен. адбудовы, прыгажосць прыроды і чалавечых пачуццяў, роздум пра перажытае. Пісаў для дзяцей (за зб-кі «Чытаначка», «Аблятаў журавель», «Усім па сем» і інш.літ. прэмія імя Л.Украінкі 1976). Пераклаў на ўкр. мову творы П.Глебкі, В.Віткі. На бел. мову творы Варанько перакладалі А.Астапенка («Твая кніжка», 1954), А.Вялюгін («Хлопчык Памагай», 1958), С.Грахоўскі і інш. («Калыска памяці», 1983), а таксама М.Аўрамчык, Вітка, Н.Гілевіч, М.Калачынскі, Е.Лось, М.Танк, У.Шахавец (у кн. «Украінская савецкая паэзія. Анталогія», т. 2, 1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ТАЎ (Мацвей Іванавіч) (17.8.1751, станіца Старачаркаская Аксайскага р-на Растоўскай вобл., Расія — 15.1.1818),
расійскі ваен. дзеяч. Вайсковы атаман Данскога казацкага войска (з 1801), ген. ад кавалерыі (1809), граф (1812). Ганаровы д-р права Оксфардскага ун-та (1814). На ваен. службе з 1764. Удзельнік рус.-тур. войнаў 1768—74, 1787—91 і 1806—12, рус.-пруска-франц. вайны 1806—07. У пач. вайны 1812 камандзір «лятучага» корпуса 1-й арміі (у Гродне); адрэзаны ад яе франц. войскамі, далучыўся да 2-й арміі; прыкрываў яе адыход, атрымаў перамогі над напалеонаўскай кавалерыяй у Мірскім баі 1812 і каля в. Раманава (цяпер Леніна Слуцкага р-на). Пасля Смаленскай бітвы ўзначаліў ар’ергард аб’яднанай арміі. У час Барадзінскай бітвы 1812 зрабіў рэйд у тыл праціўніка. Восенню 1812 удзельнічаў у праследаванні адступаючай франц. арміі, у вызваленні Оршы, Талачына, Барысава і інш. Удзельнік замежных паходаў рускай арміі 1813—14.
Літ.:
Астапенко М.П., Левченко В.Г. Атаман Платов: Жизнеописание. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНО́ПСКАЯ БІ́ТВА 1853,
марская бітва паміж рас. і тур. эскадрамі 18 ліст. ў бухце г.Сіноп (на паўн. узбярэжжы Турцыі) у час Крымскай вайны 1853—56; апошняя вял. бітва эпохі паруснага флоту. Тур. эскадра пад камандаваннем Асман-пашы стаяла на рэйдзе і рыхтавалася да высадкі дэсанта ў р-не Сухум-Кале (Сухумі) і Поці (16 караблёў розных класаў, узброеных 510 гарматамі), знаходзілася пад аховай берагавых батарэй. Рас. эскадра пад камандаваннем віцэ-адм. П.С.Нахімава (6 лінейных караблёў, 2 фрэгаты, 720 гармат) заблакіравала тур. эскадру з боку мора, вытрымала абстрэлы тур. берагавой і карабельнай артылерыі, прарвалася на Сінопскі рэйд і адкрыла агонь па тур. караблях і берагавых батарэях. За 4 гадзіны бою знішчана 15 тур. караблёў (адзін уцёк) і большасць берагавых батарэй. Страты тур. боку — больш за 3 тыс.чал. забітымі, каля 200 чал., у т. л. паранены Асман-паша, трапілі ў палон. Рас. эскадра страціла 37 чал. забітымі і 235 параненымі. У сувязі з гэтым паражэннем Турцыі яе саюзнікі — Вялікабрытанія і Францыя ў снеж. 1853 накіравалі свае эскадры ў Чорнае мора.
Да арт.Сінопская бітва 1853. Сінопская бітва 18 лістапада 1853. Мастак А.Багалюбаў. 2-я пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКІ (Міхал Клеафас) (7.10.1765, Гузаў каля Варшавы — 15.10.1833),
дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, літаратар. З роду Агінскіх. З 1789 надзвычайны пасол у Галандыі, выконваў дыпламат. місію ў Лондане. У 1791 у Магілёве прысягнуў Кацярыне II, чым захаваў маёнткі ва ўсх. Беларусі. Падтрымаў Канстытуцыю 3 мая 1791. Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі 1792 эмігрыраваў у Прусію, яго маёнткі былі канфіскаваны; вяртанне на радзіму і зварот маёмасці былі абумоўлены яго ўступленнем у канфедэрацыю. Дэпутат Чатырохгадовага (1788—92) і Гродзенскага (1793) соймаў. У 1793—94 падскарбі вял. літоўскі. У час паўстання 1794 увайшоў у склад Найвышэйшай літ. рады. Сфарміраваў на свае сродкі батальён стралкоў і камандаваў ім у некалькіх бітвах. У жн. 1794 зрабіў рэйд да Дынабурга (цяпер Даўгаўпілс). Змагаўся супраць прускіх войскаў. Пасля задушэння паўстання жыў у Вене, Венецыі, Парыжы. У 1802 вярнуўся ў свой маёнтак Залессе каля Смаргоні. У 1810 атрымаў званне сенатара. Прапанаваў імператару Аляксандру I праект аднаўлення ВКЛ у складзе Рас. імперыі (гл.Агінскага план 1811). Пасля адышоў ад паліт. дзейнасці. З 1823 жыў у Італіі. Вядомы як кампазітар. Ігры на фп. вучыўся ў Ю.Казлоўскага, на скрыпцы — у Дж.Б.Віёці. Кампазітарскую дзейнасць пачаў у 1790-я г. стварэннем маршаў і баявых песень, пашыраных сярод паўстанцаў 1794. Аўтар папулярных паланэзаў, у т. л. паланэза ля-мінор «Развітанне з Радзімай», фп. п’ес, рамансаў, адметных лірызмам, меладычнасцю, нар.-песеннымі традыцыямі, а таксама аднаактовай оперы «Зеліс і Валькур, або Банапарт у Каіры» на ўласнае лібрэта (1799). Агінскаму належаць трактат «Лісты пра музыку» (1828, выд. на польск. мове ў 1956), «Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 г.» (т. 1—4, 1826—27, на франц. мове).
Літ.:
Бэлза И. Михал Клеофас Огиньский. 2 изд. М., 1974.