ІБН ФАДЛА́Н Ахмед ібн Абас, арабскі падарожнік і пісьменнік 1-й пал. 10 ст. У 921—22 у якасці сакратара пасольства абасідскага халіфа Муктадзіра здзейсніў падарожжа праз Бухару і Харэзм да цара волжскіх балгар, якое апісаў у кнізе, дзе прывёў цікавыя звесткі пра гарады і народы, у т. л. Харэзм, агузаў, башкір, балгар, русаў, змясціў багаты фальклорна-этнагр. матэрыял. Першапачатковы тэкст кнігі І.Ф. страчаны, скарочаная рэдакцыя гэтага твора знойдзена ў г. Мешхед у 1923.

т. 7, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НУ ЗАКО́НЫ,

адзін з самых стараж. літ. помнікаў інд. цывілізацыі. Складзены на аснове ідэй брахманізму, з’яўляюцца зборам норм (грамадз., рэліг., маральных) паводзін веруючага індуса. У М.з. ўключаны таксама тэксты касмалагічнага, культавага і рытуальнага зместу, тлумачэнні па дзярж. ладзе і каставай сістэме. М.з. складаюцца з 12 глаў, якія разбіты на 2650 шлок (двухрадкоўяў). Паводле брахманскай традыцыі, аўтар М.з. — міфічны першачалавек Ману (адсюль назва). Асноўныя тэксты адносяцца да часу дынастыі Маур’я (4—2 ст. да н.э.), да нашага часу захавалася рэдакцыя, запісаная на мяжы Н.Э.

А.​І.​Малюгін.

т. 10, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й ПАРТЫЗА́НСКАЙ СЛА́ВЫ Створаны ў 1971 ва ўрочышчы Хаваншчына (за 3 км на Пд ад в Корачын) Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл., дзе ў 1943—44 у Вял. Айч. вайну базіраваліся Брэсцкія падп. абкомы КП(б)Б і ЛКСМБ, штаб Брэсцкага партыз. злучэння, рэдакцыя і друкарня падп. газ. «Зара»; філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. 960 адзінак асн. фонду (1999). Уключае 4 драўляныя домікі, 2 зямлянкі, калодзеж, «Лясную школу». У доміках экспанаты пра дзейнасць падп. абкомаў, штаба партыз. злучэння, барацьбу моладзі супраць ням. фашыстаў, работу рэдакцыі газеты, партыз. шпіталя і інш.

т. 11, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЎДЭ Дзіна Маркаўна (н. 7.3.1937, г. Тульчын Вінніцкай вобл., Украіна),

харэограф, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1994). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1996). У 1976—97 балетмайстар-рэпетытар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, дзе паставіла балеты «Жызэль» А.​Адана (1976, аднаўленне) і «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса (1979, пастаноўка і рэж. рэдакцыя), танцы ў операх «Джардана Бруна» С.​Картэса (1977), «Сівая легенда» Дз.​Смольскага (1978) і інш., удзельнічала ў пастаноўцы балетаў В.Елізар’евым, у т. л. «Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава, «Стварэнне свету» А.​Пятрова, «Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага, «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева і інш.

Л.​І.​Вішнеўская.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРЭ́ЙЦ Станіслаў Станіслававіч (літ. псеўданім Арліцкі; 25.8.1836, г. Арол ?, Расія — пасля 1918),

бел. і рус. журналіст, мемуарыст, белетрыст. Скончыў Віцебскую гімназію (1856), быў вольным слухачом Горы-Горацкага земляробчага ін-та. Служыў у Магілёве ў палаце дзярж. маёмасцяў, уваходзіў у гурток перадавой моладзі. Дасылаў заметкі ў пецярб. час. «Искра» і «Экономический указатель». Рэдакцыя «Современника» ўхваліла яго праект выдання ў Магілёве час. «Белорусский вестник» (не выходзіў). Удзельнік паўстання 1863—64. З 1868 у Пецярбургу. Выдаваў час. «Дешевая библиотека», «Всемирный труд», «Луч» і інш. У рамане «Апошнія язычнікі» (1871—72), кн. «Старасвецкія памешчыкі. Нарысы Заходняга краю» (1885), мемуарах расказвае пра Беларусь 1850—60-х г., паўстанне 1863—64.

т. 1, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАПЕ́РАД»,

газета дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася 12.12.1929—3.10.1930 у Вільні на бел. мове раз у тыдзень. Асн. задачай рэдакцыя лічыла аб’яднанне разрозненых у выніку рэпрэсій урада Ю.​Пілсудскага сіл бел. вызв. руху, стварэнне адзінага бел. нац. фронту. Асвятляла пытанні эканам. і паліт. жыцця ў краіне і за яе межамі, выкрывала палітыку польск. ўрада ў справе насаджэння на бел. землях асадніцтва, адстойвала інтарэсы бел. працоўных перад адміністрацыяй. Змясціла статут Цэнтр. саюза бел. культ. і гасп. арг-цый і інфармацыю пра яго 1-ы з’езд. Друкавала асобныя творы бел. пісьменнікаў, у т. л. філас.-літ. эсэ «Янка Купала». Выйшаў 31 нумар. Закрыта ў сувязі з фін. цяжкасцямі выдаўцоў.

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАД СЦЯ́ГАМ КАМУНІ́ЗМУ»,

заходнебеларускі часопіс. Орган ЦК КПЗБ. Выдаваўся ў 1927—30 у Вільні на бел. мове (рэдакцыя часопіса знаходзілася ў Мінску). Выходзіў 1 раз у 3 месяцы. Ставіў за мэту ўзброіць камуністаў ленінскім вучэннем, распрацоўваць новыя ідэалаг. і паліт. пытанні для парт. актыву, знаёміць з дзейнасцю Камінтэрна, ВКП(б), КПП, КП(б)Б і КПЗБ Шмат увагі аддаваў сацыяліст. будаўніцтву ў БССР. Асвятляў найб. важныя праблемы пралет. рэвалюцыі, нац. пытання, расстаноўкі і суадносін класавых сіл у Зах. Беларусі. Меў рубрыку «Хроніка міжнароднага жыцця». У 1930 выдаваў серыю брашур, у іх ліку «Вынікі пленумаў ЦК КПЗБ», «Аб УКП(б)», «Аб прафсаюзах», «Аб нацыянальна-вызваленчай барацьбе», «Аб правым ухіле ў УКП(б)».

П.​І.​Зялінскі.

т. 11, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗРА́ДНЫЯ КНІ́ГІ,

«гасударавы разрады», кнігі запісаў распараджэнняў урада Расіі пра штогадовыя прызначэнні на ваен., цывільную і прыдворную службу ў 16 — пач. 18 ст.; зборы (зводы) вытрымак з розных афіц. дакументаў. Вяліся дзякамі велікакняжацкай (з 1547 царскай) канцылярыі, потым Разраднага прыказа. «Гасударавы разрады» складаліся кожны раз за некалькі гадоў або дзесяцігоддзяў, з 1613 — штогод. Пасля 1613 з’явіліся новыя віды афіц. Р.к. (захаваліся за 1613—36), прысвечаныя ў асн. апісанню службы на паўд. межах, скарочаная рэдакцыя Р.к. 1636 (з тэкстам за 1550—1636) і інш. Пры скасаванні месніцтва (1682) большасць старых Р.к. спалена, бо іх звычайна выкарыстоўвала ў месніцкіх спрэчках служылая знаць. Канчаткова вядзенне Р.к. спынена пасля ліквідацыі Разраднага прыказа (1711).

т. 13, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЯЛЯ́НСКАЯ ДО́ЛЯ»,

газета арг-цыі «Беларускае працоўнае сялянства». Выдавалася ў чэрв. 1921 — крас. 1922 у г. Каўнас (Літва) на бел. мове, выходзіла нерэгулярна. Рэдакцыя стаяла на пазіцыях непадзельнасці і незалежнасці Беларусі, прапаведавала ідэю сац. і нац. самаўсведамлення сялянства, гуртавання яго сіл на вызв. барацьбу супраць польскай акупацыі. Асобныя публікацыі скіраваны на барацьбу за незалежнасць Беларусі. Аддавала ўвагу выбарам у Віленскі сойм, пытанню далучэння Віленшчыны да Польшчы. Змясціла рэзалюцыі 1-й Усебел. канферэнцыі (вер. 1921, Прага), дэкларацыю ўрада БНР у сувязі з 4-й гадавінай абвяшчэння суверэнітэту Беларусі, матэрыялы пра каап. рух і школьнае пытанне. Друкавала творы П.​Мядзёлкі, А.​Смаленца, І.​Дварчаніна (пад псеўд. І.​Гудок), В.​Мурашкі (В.​Маслоўскай), В.​Ластоўскага (пад псеўд. Юрый В.), Т.​Грыба (пад псеўд. А.​Небарака), М.​Бяздольнага. Выйшла 7 нумароў.

А.​С.​Ліс.

т. 15, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ АБАРО́ННАЕ СПАРТЫ́ЎНА-ТЭХНІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БелАСТТ),

масавая грамадская арг-цыя. Правапераемніца Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту БССР (ДТСААФ). На нечарговым з’ездзе ДТСААФ БССР у кастр. 1991 пераўтворана ў АСТТ Рэспублікі Беларусь (новая рэдакцыя статута і сучасная назва прыняты ў 1995). Асн. задачы: правядзенне мерапрыемстваў па выхаванні ў насельніцтва краіны патрыятызму і інтэрнацыяналізму, гатоўнасці да абароны Радзімы і працы, падрыхтоўка спецыялістаў для Узброеных Сіл, кадраў масавых тэхн. прафесій ваен.-прыкладнога значэння, развіццё ваенна-прыкладных відаў спорту і тэхн. творчасці моладзі. У БелАСТТ развіваюцца аўтамабільны, верталётны, водныя, дэльтапланёрны, матацыклетны, парашутны, планёрны, радыёспорт, самалётны, стралковы віды спорту. Вышэйшыя органы кіравання — з’езд (канферэнцыя БелАСТТ), паміж з’ездамі — рэсп. савет, яго прэзідыум і бюро прэзідыума. У структуры БелАСТТ — абл., гар., міжраённыя саветы і пярвічныя арг-цыі. З 1982 дзейнічае музей гісторыі т-ва (мае статус народнага).

Г.​К.​Кісялёў.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)