ЗБРО́Я (ваен.),

устройствы і сродкі для паражэння праціўніка ва ўзброенай барацьбе; састаўная ч. ўзбраення. Уключае сродкі паражэння і сродкі дастаўкі іх да цэлі; у больш складаную З. ўваходзяць таксама прылады і прыстасаванні кіравання і навядзення. Сучасная З. падзяляецца; на зброю масавага знішчэння (ядз., хім., біял.) і звычайную; стратэгічную, аператыўна-тактычную і тактычную; агнястрэльную зброю, рэактыўную зброю і ракетную зброю; стацыянарную з нерухомай і рухомай асновай, самаходную, буксірную і перавозную (пераносную); індывідуальную (асабістую) і групавую (калектыўную); аўтаматычную зброю, паўаўтам. і неаўтаматычную; некіроўную і кіроўную. Да звычайнай адносяцца: агнястрэльная (артылерыйская — гарматы, пушкі, гаўбіцы, мінамёты і інш., гл. Артылерыя; стралк. і сродкі бліжняга бою — аўтаматы, вінтоўкі, пісталеты, кулямёты, ручныя гранатамёты і гранаты і інш.); рэактыўная (наземныя, авіяц. і марскія сістэмы залпавага агню, рэактыўныя гранатамёты; гл. Рэактыўная артылерыя); ракетная; мінная (процітанк., проціпяхотныя і марскія міны) і тарпедная (тарпеды рознага тыпу) З., а таксама бамбамёты, авіяц., глыбінныя і інш. бомбы; халодная зброя (сучасная — штык, армейскі нож, корцік).

З. ўзнікла ў палеаліце як універсальная прылада для апрацоўкі дрэва, палявання і самаабароны (каменныя рубілы, нажы), потым як спец. ўдарная і кідальная зброя: дубіна, па́ліца (у т. л. бумеранг), кап ’ё з крамянёвым наканечнікам, прашча, бола. У канцы палеаліту з’яўляецца кап’якідалка, лук і стрэлы, каменная сякера, у неаліце — булава і кінжал, пазней — бярдыш, алебарда. Развіццё З. выклікала стварэнне засцерагальнага ўзбраення. З бронзавага веку пачалі вырабляцца бронз., пазней жал. мячы (гл. Меч), чаканы, коп’і і інш. У дзяржавах Стараж. Усходу, Грэцыі і Рыма выкарыстоўваліся кідальныя машыны (балісты, катапульты, франдыболы, брыколі), інш. аблогавая тэхніка. З 8 ст. качэўнікі прычарнаморскіх стэпаў карысталіся шабляй (на Русі вядома з 10 ст., з 19 ст. сталі выкарыстоўваць шашку). Да канца 14 ст. на Русі меч выцеснены шабляй, у Зах. Еўропе — шпагай. З вынаходствам пораху з’явілася агнястрэльная З. (з 11 ст. ў Кітаі, з 12 ст. ў арабаў, з 14 ст. ў Зах. Еўропе, на Русі і Беларусі). Першыя яе ўзоры — араб. модфа, ручная пішчаль (ручніца), з 15 ст. аркебуза, з 16 ст. мушкеты, пісталеты. У 17 ст. ручная агнястрэльная З. аснашчана штыком. Да канца 17 ст. пашырылася гладкаствольная крамянёвая зброя. Наразное ружжо (штуцэр) вядома з 16 ст., аднак з-за цяжкасці вырабу наразная З. стала пашыранай толькі ў 19 ст. (вінтоўкі, карабіны). У сярэдзіне 19 ст. пачалі выкарыстоўвацца міны, потым тарпеды; у канцы 19 ст. з’явілася аўтам. З. — аўтам. пушкі, кулямёты і інш. У час рус.-яп. вайны 1904—05 пачалі выкарыстоўваць мінамёты, у 1-ю сусв. вайну — танкавыя, авіяц. і зенітныя пушкі, агнямёты, хім. З. (у 1915 хлор, у 1916 фасген, у 1917 іпрыт і ядавітыя дымы). У гады 2-й сусв. вайны ўпершыню выкарыстаны сав. рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша» (1941), ням. кіроўныя самалёты-снарады ФАУ-1 і ФАУ-2 (1944), амер. атамныя бомбы (1945). У 1950-я г. з’явілася ракетна-ядзерная зброя, у 1980—90-я г. касмічная зброя (у т. л. лазерная, пучковая, кінетычная, эл.-магн. выпрамянення, ЭМВ-зброя і інш.), працягвалася развіццё і звычайных відаў З. Для сучаснай З. характэрна паскоранае абнаўленне (цыклы замены ўзораў З. складаюць каля 10 гадоў). У стварэнні розных сістэм З. бралі ўдзел прамысл. прадпрыемствы і НДІ Беларусі.

Літ.:

Маркевич В.Е. Ручное огнестрельное оружие. СПб., 1994;

Жук А.Б. Стрелковое оружие. М., 1992;

Современное стрелковое оружие: Справ. пособие. Мн., 1997;

Разин Е.А. История военного искусства. (СПб.], 1994;

Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986.

Р.Ч.Лянькевіч, У.М.Сацута.

Некаторыя віды зброі (ад старажытнасці да 19 ст.): 1 — старажытнае кап’ё; 2 — каменная сякера; 3 — па́ліца; 4 — пума; 5, 6 — наканечнікі крамянёвы і бронзавы; 7 — рускі дроцік (суліца); 8 — лук усходні (мангольскага воіна); 9 — сякера вікінгаў; 10 — жалезная булава (пачатак н.э.); 11 — баявы молат (клявец) рыцара; 12 — грэчаскі меч; 13, 14 — рыцарскія меч і булава; 15 — рапіра; 16 — шпага; 17 — ручная бамбарда канца 14 ст.; 18 — куляўрына 15 ст.; 19 — еўрапейскі мушкет 16—17 ст. з кнотавым замком (унізе апора для стральбы); 20 — нямецкі мушкетон 1480 (прататып пісталета); 21 — рускі самапал (ручніца) 16—17 ст.; 22 — ручная марціра 1712; 23 — руская фузея 1723; 24 — багінет да фузеі; 25 — рускі трохгранны штык; 26 — драгунская вінтоўка Бердана 1870; 27 — капсульны рэвальвер Кольта 1835; 28 — вінтоўка Вінчэстэра 1895.
Некаторыя ўзоры стралковай зброі 20 ст.: 1 — рэвальвер Нагана 1910 (Бельгія); 2 — пісталет «Парабелум» 1908 (Германія); 3 — пісталет Маўзера 1920 (Германія); 4 — рэвальвер Сміта і Весана 1955 (ЗША); 5 — пісталет Берэты 1960-я г. (Італія); 6 — пісталет Браўнінга 1983 (Бельгія); 7 — пісталет-кулямёт «Узі» (Ізраіль); 8 — снайперская вінтоўка Драгунова 1963 (СССР); 9 — аўтаматычная вінтоўка «Галіл» (Ізраіль); 10 — аўтамат АКС-74У (Расія).

т. 7, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЖО́ВЫЯ ПАХО́ДЫ,

рэлігійныя войны заходнееўрап. феадалаў супраць мусульм. дзяржаў, язычнікаў, ерэтычных рухаў, прыбалт. і слав. народаў у 11—15 ст. Вяліся пад патранажам каталіцкай царквы. Былі выкліканы ростам матэрыяльных патрэб знаці ў сувязі з развіццём гарадоў і таварна-грашовых адносін у Зах. Еўропе, спрыяльнымі міжнар. абставінамі (паліт. раздробленасць мусульм. свету ў канцы 11 ст.; Візантыя перажывала вял. цяжкасці ў сувязі з нападамі сельджукаў, печанегаў, нарманаў). Іх удзельнікі, падкрэсліваючы свае рэліг. памкненні, нашывалі на адзенне крыжы (адсюль — крыжакі, крыжаносцы). У 1096—1270 адбылося 8 вял. паходаў на Усход. У 1-м К.п. (1096—99), абвешчаным рым. папам Урбанам II у 1095 на Клермонскім саборы дзеля вызвалення труны Гасподняй у Іерусаліме, удзельнічала каля 100 тыс. чал. Выступленню крыжацкага войска папярэднічаў паход незаможных сялян на чале з прапаведнікам Пятром Ам’енскім, якія былі разбіты туркамі-сельджукамі пад Нікеяй. Крыжацкія атрады пераправіліся ў М. Азію, захапілі Нікею (1097), Эдэсу (1098), Антыёхію (1098) і Іерусалім (1099), стварылі на заваяваных землях Іерусалімскае каралеўства (кароль Готфрыд Бульёнскі). Узніклі таксама духоўна-рыцарскія ордэны. Пасля захопу сельджукамі Эдэсы (1144) адбыўся 2-і К.п. (1147—49), ініцыіраваны і арганізаваны абатам Бернарам Клервоскім. Узначалілі яго франц. кароль Людовік VII і герм. імператар Конрад III. Удзельнічала каля 140 тыс. воінаў. Ням. рыцары былі разбіты мусульманамі каля Дарылея (1147). Няўдалая аблога Дамаска, дрэнная арг-цыя прывялі да правалу паходу. 3-і К.п. (1189—92) ажыццёўлены, каб адваяваць Іерусалім, захоплены ў 1187 егіп. султанам Салах-ад-дзінам. Яго ўзначалілі герм. імператар Фрыдрых І Барбароса, франц. кароль Філіп II і англ. кароль Рычард I Львінае Сэрца. Ням. войска, якое першым рушыла (1189) пасля нечаканай гібелі імператара пры пераправе цераз р. Салефа (М. Азія), было фактычна дэзарганізавана. У 1190 выступілі англічане і французы. У 1191 крыжакі авалодалі Акрай, Рычард I захапіў в-аў Кіпр, дзе было заснавана каралеўства. У 1192 Рычард I заключыў з Салах-ад-дзінам мір, паводле якога за крыжакамі засталося ўзбярэжжа ад Тыра да Яфы. 4-ы К.п. (1199—1204), арганізаваны рым. папам Інакенціем III, меў на мэце заваёву Егіпта. Аднак Венецыя, якой крыжакі завінавацілі частку сумы за прадастаўлены ім флот, дамаглася захопу хрысц. гарадоў (Задара ў Далмацыі ў 1202, Канстанцінопаля ў 1204). На захопленых землях Візант. імперыі ўзнік шэраг дзяржаў, у т. л. Лацінская імперыя. У 1212 адбыліся т.зв. дзіцячыя К.п. (сярод удзельнікаў было шмат дзяцей і падлеткаў). Большасць з іх загінула ад голаду і хвароб. У 5-м К.п. (1217—21), арганізаваным Інакенціем III супраць Егіпта, удзельнічалі франц., англ., ням. і італьян. рыцары. Яго кульмінацыяй была паўтарагадовая аблога і захоп у 1219 г. Дам’ета (Егіпет). 6-ы К.п. (1228—29) узначаліў герм. імператар Фрыдрых II Гогенштаўфен. У 1229 у Яфе падпісаны мір тэрмінам на 10 гадоў, паводле якога Іерусалім (акрамя 2 кварталаў) і некат. інш. землі (у т. л. Віфлеем і Назарэт) адыходзілі пад уладу Фрыдрыха II. У 1244 Іерусалім канчаткова заваяваны мусульманамі. У 7-м К.п. (1248—54), арганізаваным франц. каралём Людовікам IX, удзельнічала 12—25 тыс. чал. У 1249 захоплены г. Дам’ета, у лют. 1250 — крэпасць Мансура, дзе крыжакі былі абложаны і прымушаны да здачы. У палон трапіў і Людовік IX (выпушчаны ў 1250 за 200 тыс. ліўраў). 8-ы К.п. (1270), арганізаваны Людовікам IX у Туніс, спыніўся пасля яго смерці, не дасягнуўшы мэты. Неўзабаве былі страчаны апошнія ўладанні крыжаносцаў у Сірыі і Палесціне (у 1289 Трыпалі, у 1291 Акра). Пад іх уладай застаўся толькі Кіпр (да 1489). К.п. прывялі да значных чалавечых і эканам. страт як на З, так і на У, аднак яны пашырылі кантакты паміж дзвюма цывілізацыямі, далучылі зах. свет да дасягненняў араб. і інш. усх. культур. У 12—15 ст. К.п. былі накіраваны супраць славян, ліваў, эстаў, прусаў і інш. (гл. Крыжовы паход супраць славян 1147, Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.), альбігойцаў (гл. Альбігойскія войны 1209—29), у 15 ст. — супраць гусітаў (гл. Гусіцкія войны). Экспансія крыжакоў ва Усх. Еўропу (у т. л. на бел. землі) спынена ў выніку барацьбы слав. і прыбалтыйскіх народаў (гл. Лядовае пабоішча 1242, Грунвальдская бітва 1410, Трынаццацігадовая вайна 1454—66).

Літ.:

Заборов М.А. История крестовых походов в документах и материалах. М., 1977;

Яго ж. Крестоносцы на Востоке: Пер, с нем. М., 1980;

Куглер Б. История крестовых походов. Ростов н/Д, 1995.

Дз.М.Чаркасаў.

Да арт Крыжовыя паходы. Адбыццё войска Людовіка IX у восьмы крыжовы паход у 1270. Мініяцюра невядомага майстра 15 ст. з «Вялікіх французскіх хронік».

т. 8, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

сярэдневяковая культура, якая склалася ў Арабскім халіфаце ў 7—10 ст. у працэсе культ. ўзаемадзеяння арабаў і заваяваных імі народаў. У навук. л-ры гэты тэрмін ужываецца і для абазначэння культуры ўласна араб. народаў і ў дачыненні да сярэдневяковай арабамоўнай культуры іншых народаў, што ўваходзілі ў Халіфат.

Фарміраванне ўласна арабскай культуры адносіцца да перыяду ўзнікнення ісламу (7 ст.) і стварэння Халіфата, які ў выніку арабскіх заваяванняў ператварыўся ў велізарную дзяржаву. Заснаваная арабамі дзярж.-паліт. супольнасць, дапоўненая рэліг., а ў большасці раёнаў і моўнай супольнасцю, стварыла ўмовы для ўзнікнення агульных формаў культ. жыцця. У 8—9 ст. на араб. мову перакладзена шмат навук. і літ. помнікаў старажытнасці (сірыйскіх, сярэднеперс., індыйскіх), якія ў перакладах і апрацоўках увайшлі ў араб. пісьменства і спрыялі пераймальнай сувязі з культурай эліністычнага свету, а праз яе — з ант. і стараж.-ўсх. цывілізацыямі. Гал. цэнтрамі фарміравання арабскай культуры ў канцы 7 — сярэдзіне 8 ст. адначасова з Дамаскам, сталіцай Амеядаў, былі Мекка і Медына ў Аравіі, Куфа і Басра ў Іраку. Адсюль арабская культура распаўсюдзілася і далей развіта ў правінцыях Амеядскага халіфата, на велізарнай тэр. ад Пірэнеяў да р. Інд. З утварэннем Абасідаў халіфата (750) цэнтр арабскай культуры з Сірыі перамясціўся ў Ірак, у заснаваны ў 762 г. Багдад. У 9—10 ст. арабская культура дасягнула найвышэйшага росквіту. Яе здабыткі ўзбагацілі сусв. культуру; найб. значнымі яны былі ў філасофіі, медыцыне, матэматыцы, астраноміі, геаграфіі, філалогіі, гісторыі, хіміі, мінералогіі, у сферы матэрыяльнай культуры і мастацтва (архітэктура, маст. рамёствы). Распад халіфата Абасідаў і ўтварэнне на яго тэр. самаст. дзяржаў прывялі да змяншэння ролі арабскай культуры ў свеце. Але ў мусульм. Іспаніі, якая аддзялілася ад Халіфата яшчэ ў 8 ст., пачала развівацца самастойная, т.зв. араба-ісп. культура. Ва ўсх. правінцыях Халіфата з канца 9 ст. фарміруецца асяроддзе іранскага культ. і нац., адраджэння. Перс. мова выцясняе арабскую, якая застаецца ў асн. мовай Карана, тэалогіі, філасофіі, некаторых прыродазнаўчых навук. Цэнтры арабскай культуры перамясціліся ў Егіпет, Іспанію. Да канца 10 ст. Багдад саступіў першынство Каіру. У Паўн. Афрыцы пры Фатымідах (10—2 ст.) і Айюбідах (12—13 ст.) працягвалася развіццё лепшых традыцый арабскай культуры. Значэнне арабскай культуры 8—10 ст. у гісторыі сусв. культуры абумоўлена адкрыццём яе стваральнікамі новых сродкаў навук., рэліг.-філас. і маст. пазнання свету і чалавека. Хоць навук. і эстэт. традыцыі арабскай культуры не перарываліся, у творчасці яе дзеячаў з 2-й пал. 13 ст. запанаваў эпігонскі кірунак, назіраецца яе адставанне ад тэмпаў культ. прагрэсу ў інш. краінах мусульм. Усходу і Еўропы. Бліскучы росквіт перажыла араба-ісп. цывілізацыя ў 10—15 ст. У яе цэнтрах (Кордава, Андалусія, Севілья, Малага, Гранада) найб. поспехі дасягнуты ў астраноміі, матэматыцы, хіміі, медыцыне, філасофіі. Літ. творы гэтага перыяду — лепшыя помнікі арабскай культуры. Сусв. вядомасць набылі ісп.-маўрытанскае дойлідства і прыкладное мастацтва (гл. Маўрытанскі стыль). У 16 ст., калі араб. краіны ператварыліся ў правінцыі Асманскай імперыі, арабская культура прыйшлі ў заняпад.

Дакладныя і прыродазнаўчыя навукі. Матэматычныя і астр. веды арабаў фарміраваліся пад уплывам стараж.-грэч. навукі і ў сувязі з развіццём яе ў народаў Сярэдняй Азіі, Закаўказзя, Індыі, Персіі і Егіпта. Навук. працы Эўкліда, Архімеда, Пталамея сталі вядомыя ў Зах. Еўропе дзякуючы арабскім перакладам. Уяўленне аб шарападобнасці Зямлі дало магчымасць арабскім вучоным правесці вымярэнні дугі зямнога мерыдыяна (827). Яны ўнеслі папраўкі і дапаўненні ў астр. табліцы, далі назвы многім зоркам (напр., Альдэбаран, Міцар, Працыён і інш.). Выкарыстоўваючы індыйскія лічбы (дзесяць матэм. знакаў), арабскія вучоныя пачалі праводзіць вылічэнні з вял. лікамі. У 10 ст. гэтыя лічбы сталі вядомыя ў Еўропе і атрымалі назву арабскіх. Арабскія матэматыкі ўвялі паняцце «алгебра» (М.Харэзмі), трыганаметрычныя функцыі, устанавілі залежнасці паміж імі, зрабілі шэраг адкрыццяў у геаметрыі і астраноміі. У Багдадзе, Самаркандзе і Дамаску існавалі астр. абсерваторыі. Значны ўклад арабаў і ў развіццё медыцыны. Ібн аль-Байтар апісаў больш за 2600 лекавых прэпаратаў, лекавых і інш. раслін. «Канон медыцыны» Ібн Сіны (Авіцэна) стаў настольнай кнігай зах.-еўрапейскіх медыкаў. Шэраг адкрыццяў у фармакалагічнай хіміі зрабіў алхімік Джабір Ібн Хайян (8 ст.).

Геаграфія. Араб. геагр. л-ра не мела сабе роўных па змястоўнасці і разнастайнасці жанраў. У ёй захавалася апісанне ўсяго мусульм. Усходу, краін Еўропы, Паўн. і Цэнтр. Афрыкі, узбярэжжа Усх. Афрыкі і Азіі (да Карэйскага п-ва), Малайскага архіпелага. Працы араб. географаў і падарожнікаў — найважнейшыя, часам унікальныя сведчанні аб народах сярэдніх вякоў. Геаграфічны светапогляд даісламскіх арабаў адлюстраваны ў стараж. паэзіі і Каране. Арабская навук. геаграфія ўзнікла на мяжы 8—9 ст., калі з’явіліся пераклады і апрацоўкі астранома-геагр. прац ант. аўтараў, асабліва Пталамея. Вучоныя (Батані, Харэзмі і асабліва Біруні) выкарыстоўвалі разліковыя правілы і табліцы сферычнай астраноміі. Іх карты паўтаралі карты Пталамея або нагадвалі стараж.-іранскія. У 9 ст. імі створана апісальная геаграфія (Ібн Хардадбех, Кудама ібн Джафара, аль-Якубі), якая развівалася і ў 10—14 ст. (запіскі Ібн Фадлана і Абу Дулафа, дыярыушы Абу Хаміда аль-Гарнаці, Ібн Джубайра і Ібн Батуты, апісанні падарожжа ў Расію Макарыя Антыяхійскага і інш.). Росквіт араб. геагр. л-ры прыпадае на 10 ст., калі ў працах вучоных класічнай школы (аль-Істахры, Ібн Хаукаля, аль-Мукадасі), прысвечаных апісанню гандл. шляхоў і мусульм. свету, змяшчаўся багаты геагр. і гіст.-культ. матэрыял. У 11—14 ст. узніклі жанры геагр. слоўнікаў (аль-Казвіні, Якута, аль-Бакры) і касмаграфіі (працы аль-Казвіні, аль-Дзімашкі, Абу-ль-Фіды). У Еўропе найб. вядомыя былі працы аль-Ідрысы (1100—65 ці 61), творы якога з 70 картамі (пазначана і р. Прыпяць) — лепшы геагр. трактат сярэднявечча. У далейшым развіццё геаграфіі ішло па шляху стварэння шматлікіх кампіляцый (творы аль-Макрызі). Геаграфічныя раздзелы ў творах ан-Нувайры, аль-Умары, аль-Калькашандзі, Ібн Маджыда (лоцман Васка-да-Гамы, 15 ст.) і аль-Мехры (16 ст.) абагульнілі тэорыю і практыку мараплавання.

Філасофія. Працяглы час араб. філасофія была звязана з тлумачэннем ісламу. На рубяжы 7—8 ст. у яе асяроддзі вяліся дыскусіі пра сутнасць і атрыбуты Бога, абсалютную прадвызначанасць свету, свабоду чалавека ў ім, паходжанне Карана і інш., што прывяло да ўзнікнення мусульм. рацыяналіст. тэалогіі — калама. У яе межах вылучылася школа мутазілітаў (засн. Васіль Ібн Ата, тэарэтыкі аль-Алаф, ан-Назан, аль-Джахіз), прадстаўнікі якой арыентаваліся на традыцыі Арыстоцеля і неаплатонікаў, сцвярджалі прыярытэт веры над розумам, спрадвечнасць Карана, праводзілі ідэі монатэізму. Рэакцыяй на мутазілізм стала ханбаліцкая школа (засн. Ахмад Ібн Ханбала) прыхільнікаў суніцкага традыцыяналізму, якія заклікалі арыентавацца на лад жыцця прарока Мухамеда і яго «праведных продкаў», выступалі супраць новаўвядзенняў у веравучэнні і праве. На пач. 10 ст. прадстаўнікі новага кірунку каламу — ашарызму (засн. Абу-Хасан, аль-Ашары) зрабілі спробу кампрамісу з вучэннем традыцыяналістаў-дагматыкаў. Жаданне навукова абгрунтаваць ісламскую тэалогію абумовіла зацікаўленасць да ант. філас. спадчыны. Асновай араб. філасофіі стаў «неаплатанізаваны» арыстоцелізм — усх. перыпатэтызм (гл. Перыпатэтычная школа). Ідэі ўсх. перыпатэтызму развіты ў творах Фарабі і Ібн Сіны. Тайнае рэліг.-філас. т-ва «Братоў чысціні і шчырасці» (2-я пал. 10 ст.) імкнулася спалучыць іслам з эліністычнай філасофіяй. Другой формай апазіцыі артадоксам і прыхільнікам рацыяналізму стаў містыка-аскетычны кірунак у ісламе — суфізм. Злучыць ісламскі традыцыяналізм з суфійскімі ідэаламі імкнуліся абу-Хамід аль-Газалі (1058—1111) і Ібн аль-Арабі (1163—1240). У гэты ж перыяд распрацоўвалася і рэліг.-філас. сістэма шыізму. У 12 ст. цэнтр араб. філасофіі перамясціўся ў мусульм. Іспанію і Паўн. Афрыку. Заснавальнік зах.-араб. філасофіі — сарагоскі філосаф Ібн Бадж (каля 1070—1138). Яго рацыяналістычную лінію прадаўжаў Ібн Туфайль (1110—85). Вяршыні зах.-араб. філасофія дасягнула ў вучэнні Ібн Рушда, які лічыў, што бессмяротны толькі агульны чалавечы розум у яго гіст. развіцці. Заснавальнікам філасофіі гісторыі і арыгінальнай сацыялагічнай тэорыі быў Ібн Хальдун. Араб. філасофія паўплывала на еўрап. філасофію і сусв. духоўную культуру.

Гістарычная навука. Арабская гістарыяграфія як самаст. дысцыпліна вылучылася на мяжы 8—9 ст. Першыя запісы гіст. зместу адносяцца да канца 7 ст. Матэрыялам для ранніх помнікаў гіст. л-ры на араб. мове служылі гіст.-генеалагічныя паданні араб. плямёнаў, напаўлегендарныя паведамленні пра даісламскія дзяржавы ў Паўд. Аравіі і пра арабскія княствы ў Сірыі і Іраку, а таксама рэліг.-гіст. паданні пра ўзнікненне і пашырэнне ісламу. Значную ролю адыгралі астр. веды (устанаўленне храналогіі сусв. гісторыі), іранскія гіст.-эпічныя і іудзейска-хрысц. паданні. Ідэю дыдактычнай каштоўнасці гісторыі, прынятую большасцю мусульм. гісторыкаў, найб. дакладна сфармуляваў Ібн Міскавайх. Спробу выкладаць гіст. падзеі ў іх прычыннай сувязі зрабіў Ібн Хальдун, распрацаваўшы арыгінальнае вучэнне пра агульныя законы развіцця грамадства. Найбуйнейшы прадстаўнік ранняга перыяду араб. гістарыяграфіі — Мухамед-аз-Зухры (п. у 741 ці 742). Першы вялікі гіст. твор на араб. мове (гісторыя стараж. прарокаў і жыццяпіс Мухамеда) стварыў Ібн Ісхак (каля 704—768 ці 767). Значныя працы пакінулі аль-Вакідзі (747—823), Ібн Сад (п. 845) і інш. Гісторыкі 8—9 ст. прысвячалі свае творы араб. заваёвам, грамадз. войнам у Халіфаце 7 — пач. 8 ст. Цэнтрам араб. гістарыяграфіі доўгі час быў Ірак. Найб. значныя працы па ўсеагульнай гісторыі пакінулі аль-Белазуры (каля 820 — каля 892), Абу Ханіфы ад-Дынаверы (п. каля 895), аль-Якубі ат-Табары (832 ці 839—923, аўтар шматтомнай «Гісторыі прарокаў і цароў»), аль-Масудзі (п. у 956 ці 957), Хамзы аль-Ісфахані (п. у 2-й пал. 10 ст.) і інш. Гісторыкі 9—10 ст. вылучаліся энцыклапедычнасцю ведаў (Якубі і Масудзі). З 2-й пал. 10 ст. ў гістарыяграфіі пераважалі дынастыйныя і мясц. хронікі. У гіст. энцыклапедыі йеменскага гісторыка аль-Хамдані (п. у 2-й пал. 10 ст.) сабраны звесткі па генеалогіі, гісторыі, археалогіі, геаграфіі і л-ры Паўд. Аравіі. У 12—13 ст. дынастыйная гісторыя найб. развіта ў Сірыі, дзе створана ўсеаг. гісторыя Абу-ль-Фіда (1273—1331). У 15—16 ст. вядучае месца занялі егіп. гісторыкі (працы па гісторыі мамлюкаў, гіст. энцыклапедыі і ўсеагульныя хронікі), асабліва плеяда гісторыкаў-палігістараў (аль-Макрыдзі, 1364—1442), якія пакінулі шматтомныя працы па паліт. сац.-эканам. і культ. гісторыі Егіпта. Значнае месца займала біягр. л-ра: біягр. слоўнікі Якута, Ібн Халікана, зборы біяграфій дзеячаў навукі і інш. Гіст. творы на араб. мове напісаны і ў інш. краінах мусульм. Усходу.

Літаратура. Вытокі араб. л-ры ў вуснай нар. паэзіі вандроўных араб. плямёнаў. У дакласавым грамадстве склаліся паэтычныя жанры: ганьбаванне ворага (хіджа), пахвальба (фахр), песня помсты (сар), жалобнае галашэнне ці элегія (рыса), элементы любоўнай і апісальнай лірыкі (насіб і васф). Росквіт даісламскай (бедуінскай) паэзіі — 5—7 ст. У запісах 8—10 ст. (анталогія «Кніга песень» Абу-ль-Фараджа аль-Ісфахані і інш.) дайшлі вершы каля 125 паэтаў, сярод якіх абаронцы інтарэсаў сваіх плямёнаў (Амр ібн Кульсум, аль-Харыс ібн Хіліза), выразнікі ідэалаў патрыярхальнай даўніны (Тарафа, Лабід ібн Рабія), песняры воінскай доблесці (Антара ібн Шадад) або ўцех (Імру-уль-Кайс — стваральнік класічнай касыды), богашукальнікі (Умейя ібн Абі-с-Сальт), прыдворныя панегірысты (Набіга, Зухайр, Аша). Першы помнік араб. пісьменства і прозы — Каран. Увядзенне ісламу прыпыніла развіццё паэзіі, але з канца 7 ст. яна адраджаецца ў Сірыі і Іраку. У арыстакратычным асяроддзі вял. гарадоў Халіфата ўзнікла любоўная лірыка (Амар ібн Абі Рабія). Сярод бедуінаў Аравіі вылучаліся песняры ідэальнай любові. Пазней складаюцца рамант. аповесці пра пары закаханых (Джаміл і Бусайна, Меджнун і Лейла і інш.). Пры Абасідах араб. л-ра зазнала моцны ўплыў культуры народаў Пярэдняй Азіі, асабліва персаў. Пачынальнік «новага стылю» — паэт Башар ібн Бурд, тэарэтык — Ібн аль-Мутаз. Вылучаюцца геданістычная і вальнадумная лірыка Абу Нуваса і аскетычныя вершы Абу-ль-Атахія. У 9 ст. ў творчасці іх пераемнікаў, багдадскіх паэтаў, на першы план выступіла паліт. сатыра; у 10 ст.грамадз. і філас. лірыка панегірыста аль-Мутанабі і сірыйскага паэта аль-Маары. Касыдную традыцыю падтрымлівалі паэты 9 ст. Абу Тамам і аль-Бухтуры. У прозе 8—9 ст. вядучае месца займалі аль-Джахіз і Ібн Кутайба. Празаікі 10 ст. — ат-Таўхідзі і ат-Танухі, стваральнік жанру авантурнай навелы (макамы) — Бадзі аз-Заман аль-Хамадані. З 8 ст. развіваецца араб. л-ра Магрыба, якая дасягнула найвышэйшага росквіту ў 11—12 ст. у гарадах араба-мусульм. Іспаніі. У 11 ст. ў творчасці севільскіх паэтаў (Ібн Зайдун, аль-Мутамід ібн Абад, Ібн Хамдзіс і інш.) сцвердзіўся ідэал асвечанага рыцара; у андалузскай паэзіі пашырыліся новыя, страфічныя формы араб. верша — мувашах, заджал (Ібн Кузман). Пасля мангольскага нашэсця (13 ст.) цэнтр араб. л-ры перамяшчаецца ў Егіпет і Сірыю. У 13—15 ст. і пазней з’яўляюцца нар. творы ў жанры сіра — цыклы вусных апавяданняў на гераічныя і любоўныя тэмы, своеасаблівыя рыцарскія раманы. Кн. казак «Тысяча і адна ноч» канчаткова склалася ў Егіпце (14—15 ст.).

Мастацтва. Арабская архітэктура ўвабрала ў сябе традыцыі Рыма, Візантыі, сасанідскага Ірана. Араб. архітэктары стварылі новыя тыпы і комплексы будынкаў: мячэці з мінарэтамі, маўзалеі-«дзюрбэ», медрэсэ, караван-сараі, палацы правіцеляў і інш., пашырылі купальныя канструкцыі і арнаментыку. Сярод выдатных арх. помнікаў мячэці Амеядаў у Дамаску (гл. Амеядаў мячэць) і Кубат ас-Сахра ў Іерусаліме (687—691), палацавыя комплексы ў Мшаце, Кусейр-Амра (абодва 8 ст., Іарданія). У перыяд праўлення Абасідаў у Самары пабудавана мячэць Мутавакіля (9 ст.) з конусным спіральным мінарэтам аль-Мальвія. Сярод выдатных помнікаў араб. дойлідства ў Каіры мячэці Ібн Тулуна (876—879), аль-Азхар (969—972), ансамблі султанаў Калауна (1284—85) і Хасана (1356—63). Своеасаблівая, т.зв. маўрытанская, архітэктура склалася ў Іспаніі (Вял. мячэць у Кордаве, 8—9 ст.; палацавы комплекс Альгамбра ў Гранадзе, 13—14 ст.).

Выяўленчае мастацтва развівалася пераважна ў насценных размалёўках, арх. пластыцы, разьбе, мініяцюры (Егіпет 10—11 ст., багдадская школа мініяцюры 13—14 ст.). Дэкар.-прыкладное мастацтва вызначалася дэкаратыўнасцю. Складанымі арнаментальнымі кампазіцыямі ўпрыгожвалі кнігі («Макамем» аль-Харыры, 11 ст.). Арабы стварылі і распаўсюдзілі арабескі і эпіграфічны арнамент — каліграфічна выкананыя надпісы. Шырока вядомыя вырабы маст. рамёстваў: кераміка і шкло Сірыі, Ірака, Егіпта, дамаская зброя, маўрытанская кераміка, маст. бронза (ліццё і чаканка), разьба па дрэве і камені, дэкар. шаўковыя і парчовыя тканіны.

У музыцы развіваліся старадаўнія песенныя жанры хіда (караванныя песні), хіджа (сатыр. песня) і інш. Існавалі араб. прафес. спевакі-паэты (шаіры). Сярод традыц. інструментаў мізхар, кісара, барбат (тыпы лютні), джанк (арфа), касаба (тып флейты), кус (літаўра). З 7 ст. развівалася класічная араб. музыка (пераважна вакальная), муз. навука (трактаты аль-Кіндзі, аль-Фарабі, Ібн Сіны, Сафі ад-Дзіна, аль-Ісфахані).

Літ.:

История философии. Т. 1. М., 1957. С. 222—236;

История философии в кратком изложении: Пер. с чеш. М., 1991. С. 342—349;

Основы религиоведения. М., 1994. С. 222—232;

Веймарн Б., Каптерева Т., Подольский А. Искусство арабских народов. М., 1960;

Еолян И. Очерки арабской музыки. М., 1977.

С.Ф.Дубянецкі (філасофія).

Да арт. Арабская культура. Старажытныя вароты Багдада.
Да арт. Арабская культура. Мінарэт аль-Мальвія мячэці Мутавакіля ў Самары (Ірак). 9 ст. (злева); мазаіка мячэці Кубат ас-Сахра ў Іерусаліме. 7 ст.

т. 1, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́КА (італьян. barocco літар. вычварны, дзіўны),

вызначальны стыль у еўрап. мастацтве канца 16 — сярэдзіны 18 ст. Прыйшло на змену гуманіст. маст. культуры Адраджэння і вытанчанаму суб’ектывізму мастацтва маньерызму.

Першапачатковы этап развіцця барока звязаны з узмацненнем феад.-каталіцкай рэакцыі ў Зах. Еўропе. Стыль барока шырока выкарыстоўваўся для прапаганды ідэй Контррэфармацыі, нёс больш рознабаковае і дыялектычна супярэчлівае ў параўнанні з рэнесансавым светаўспрыманне. Эстэтыка барока заснавана на проціпастаўленні ідэальнага і пачуццёвага ў чалавеку, яго волі і розуму з ірацыянальнасцю быцця. Таму мастацтва барока вызначаецца эмацыянальным і інтэлектуальным напружаннем, складанасцю выяўл. сродкаў, імкненнем да сінтэтычнасці жанраў, яму ўласцівыя драматызм, патэтыка, павышаная экзальтацыя. Станаўленне барока адбывалася ў перыяд інтэнсіўнага складвання нацый і нац. дзяржаў, часткова звязана з барацьбой за нац. адзінства і антыфеад. рухам у шэрагу еўрап. краін. Гэта спрыяла сплаву эстэт. канцэпцыі барока з маст. традыцыямі розных народаў і фарміраванню шматлікіх яго нац. разнавіднасцяў.

Барока — мастацтва ансамблевых рашэнняў, найб. яскрава выявілася ў архітэктуры, дзе асн. маст. прынцыпы — дынамічнасць кампазіцыі, кантрасты маштабаў, рытмаў, матэрыялаў і фактур, святлоценявыя і колеравыя эфекты, крывалінейнасць абрысаў, імкненне стварыць ілюзію бязмежнай прасторы. У Італіі, на радзіме барока, асобныя яго прыёмы праявіліся ў 16 ст. ў жывапісе Карэджа, М.Караваджа, збудаваннях Дж.Віньёлы. Найвышэйшага росквіту дасягнула ў Рыме ў 1-й пал. 17 ст. (т.зв. Высокае італьян. барока; творы арх. і скульптара Л.Берніні, арх. Ф.Бараміні, жывапісца П’етра да Картона), пашырылася ў Нідэрландах (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк, Я.Іорданс). У Іспаніі ў 17 ст. асобныя рысы барока выявіліся ў аскетычнай архітэктуры Х.Б.дэ Эрэры, у рэаліст. жывапісе Х. дэ Рыберы і Ф.Сурбарана, скульптуры Х.Мантаньеса. У 18 ст. ў пабудовах Х.Б. дэ Чурыгеры формы барока набылі дэкар. вытанчанасць (яшчэ больш гіпертрафіраваную ў «ультрабарока» краін Лац. Амерыкі). Своеасаблівасць стыль барока набыў у Аўстрыі, дзе ён спалучаўся з тэндэнцыямі ракако (арх. І.Б.Фішэр фон Эрлах і І.Л.Гільдэбрант, мастак Ф.А.Маўльберч), абсалютысцкіх княствах Германіі (арх. і скульптары І.М.Фішэр, І.Б.Нейман, А.Шлютэр, М.Д.Пёпельман, Г.В. фон Кнобельсдорф, сям’я арх. Дзінцэнгофер), у Польшчы, Славакіі, Венгрыі, Славеніі, Харватыі, Зах. Украіне, Літве. У Францыі, дзе пануючым стылем 17 ст. стаў класіцызм, абодва кірункі зліліся ў адзіны пампезны т.зв. вялікі стыль (убранне залаў Версаля, жывапіс Ш.Лебрэна). Паняцце «барока» часам неправамерна пашыраюць на ўсю маст. культуру 17 ст., у т. л. на з’явы, далёкія ад барока па змесце і стылі (напр., «нарышкінскае барока», або «маскоўскае барока» ў рус. дойлідстве канца 17 ст., гл. «Нарышкінскі стыль»). У многіх краінах Еўропы ў 17 ст. склаліся нац. рэаліст. школы, прадстаўнікамі якіх былі вял. майстры (Д.Веласкес у Іспаніі, Ф.Халс, Я.Вермер Дэлфцкі, Рэмбрант у Галандыі і інш.). У Расіі стыль барока быў свабодны ад экзальтацыі і містыцызму (характэрных для мастацтва каталіцкіх краін) і меў нац. асаблівасці. Архітэктура рас. барока дасягнула велічнасці ў гарадах і сядзібных ансамблях Пецярбурга, Петрадварца, Царскага Сяла і інш., вызначаецца ўрачыстасцю і цэльнасцю кампазіцыі (арх. В.Растрэлі, Дз.Ухтамскі, С.Чавакінскі); у выяўл. мастацтве — свецкай і грамадскай тэматыкай (скульптура Б.К.Растрэлі і інш.). У 1-й пал. 18 ст. барока эвалюцыянавала да лёгкасці стылю ракако, суіснавала і перапляталася з ім, а з 1770-х г. паўсюдна выцеснена класіцызмам.

На Беларусі для мастацтва барока характэрна ўзаемадзеянне зах.-еўрап. ўплыву з візант. і мясц. традыцыямі, што надало яму пэўную самабытнасць. Найб. поўна яно праявілася ў архітэктуры; у залежнасці ад яе развівалася выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва. Пачатак эпохі барока тут звязаны з буд-вам першага ў Рэчы Паспалітай помніка архітэктуры барока — Нясвіжскага касцёла езуітаў (1584—93). Развіццё нац. разнавіднасці бел. барока ў манум. мураванай архітэктуры прайшло 3 перыяды: ранняе (канец 16 — 1-я пал. 17 ст.), сталае (2-я пал. 17 — 1730-я г.) і позняе (1730—80-я г.). Для ранняга перыяду характэрныя пошукі гал. чынам новых аб’ёмна-прасторавых кампазіцый у пабудовах, адпаведных эстэт. канцэпцыі барока. Асобныя збудаванні паступова трацілі абарончыя функцыі, што адбілася на трансфармаванні замкавага буд-ва ў палацава-замкавае (Гальшанскі палац). У культавым дойлідстве паступова сфарміраваўся базілікальны тып храма (гл. Базіліка) з плоскім гал. фасадам, напачатку бязвежавым, потым 2-вежавым (Гродзенскі касцёл і кляштар езуітаў). Перыяд сталага барока вызначаўся пэўнай стабілізацыяй кампазіцыі 2-вежавай базілікі і развіццём маст. характарыстык арх. збудаванняў, павелічэннем колькасці ярусаў вежаў, большай пластычнай насычанасцю фасадаў (Слонімскі Андрэеўскі касцёл). Сталае Барока знайшло ўвасабленне ў грамадз. архітэктуры (Магілёўская ратуша) і ў развіцці прынцыпаў ансамблевасці арх. комплексаў (касцёл і кляштар картэзіянцаў у Бярозе). Найб. важны з іх — паступовае разгортванне арх. аб’екта (плошчы, вуліцы, сядзібы) перад гледачом. Палацавыя комплексы сталага і позняга барока будаваліся паводле сіметрычна-восевай схемы з паўадкрытымі параднымі дварамі. Фасады і інтэр’еры палацаў аздаблялі ордэрнай пластыкай, дэкар. лепкай, паліхромнымі мармурамі, паліванай керамікай, фрэскавай размалёўкай (Ружанскі палацавы комплекс, палац у в. Ручыца Вілейскага р-на Мінскай вобл., не захавалася). Гал. элемент ратуш — ярусная вежа (Магілёў, Віцебск). Маст. сістэма позняга барока ў манум. культавай архітэктуры Беларусі атрымала ў мастацтвазнаўстве назву віленскага барока. Важную ролю ў стварэнні своеасаблівай школы віленскага барока адыграла творчасць арх. І.К.Глаўбіца. У канцы 18 ст. ў мураванае дойлідства паступова ўкараняліся прынцыпы класіцызму, што прывяло да стварэння шматлікіх помнікаў, якія спалучалі элементы 2 стыляў (Свяцкі палацава-паркавы ансамбль). У адпаведнасці з этапамі развіцця стылю барока адбываліся змены ў эстэт. і канструкцыйных характарыстыках арх. збудаванняў. Дэкар. пластыка, аснову якой у барока складала ордэрная сістэма, на працягу 17—18 ст. перайшла ад адзіночных плоскіх пілястраў і сціплых гарыз. цягаў да шматлікіх раскраповак, хвалістых карнізаў, стукавай лепкі ў аздобе будынкаў. Спецыфіка дрэва як буд. матэрыялу абумовіла непарыўнасць эстэт. і тэхн. бакоў у стварэнні шматлікіх маст.-канструкцыйных прыёмаў драўлянага дойлідства часоў барока: ярусная структура вежаў, іх завяршэнне шасцерыкамі і васьмерыкамі, верт. шалёўка з нашчыльнікамі (Валавельская Юр’еўская царква, Рубельская Міхайлаўская царква).

У выяўленчым мастацтве рысы барока праявіліся ў 1-й пал. 17 ст., найбольш у скульпт. аздабленні і размалёўках касцёлаў. У скульптуры барока характарызавалася працягам традыцый бел. мясцовых майстроў, што абумовіла яе самабытнасць і разнастайнасць вобразных характарыстык (інтэр’еры Сафійскага сабора ў Полацку, касцёлаў кармелітаў у Пінску, езуітаў у Гродне, аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.). У манум. жывапісе рысы барока відавочныя ў размалёўках Магілёўскага касцёла кармелітаў, Гродзенскага касцёла і кляштара францысканцаў, у іканастасах і алтарах Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў і інш. У 2-й пал. 18 ст. стыль барока стаў пануючы і ў іканапісе, дзе яго рысы спалучаліся з традыцыямі візант. і стараж.-рус. мастацтва. Кампазіцыі абразоў набылі падкрэслены дынамізм, персанажы — характарнасць і канкрэтнасць, у асобных выпадках — натуралізм. Пашыраным і папулярным відам жывапісу ў часы барока быў парадны шляхецкі партрэт, лепшыя ўзоры якога прывабліваюць яркай характарнасцю тыпажу, а часам і псіхалагізмам вобразаў (партрэты Міхаіла Сервацыя Вішнявецкага, Соф’і Даратэі, Казіміра Агінскага і інш.). У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. барока саступае месца класіцызму, хоць іх элементы ў жывапісе суіснавалі амаль да сярэдзіны 19 ст. («Спас», «Адзігітрыя» і царскія вароты з цэркваў Іванаўскага р-на). У графіцы стыль барока найб. выявіўся ў кніжнай гравюры. Майстры кнігі 16—18 ст. выпрацавалі спецыфічны стыль бел. барока, які вызначаўся стрыманасцю формаў, сувяззю з нар. мастацтвам (гербы Р.Хадкевіча з «Евангелля вучыцельнага», «Псалтыра», выд. Заблудаўскай друкарняй). У пазнейшых геральдычных гравюрах рысы барока набывалі ўсё больш развітыя формы, узмацніліся экспрэсія і патэтыка (гербы Л.Сапегі ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588, Л.Мамоніча ў «Псалтыры», выд. ў Вільні, Агінскіх і Валовічаў у «Евангеллі вучыцельным» Еўінскай друкарні). З пераездам Куцеінскай друкарні ў Рас. дзяржаву (сярэдзіна 17 ст.) стыль бел. барока пашырыўся і ў рус. выданнях, надрукаваных куцеінскімі друкарамі ў Іверскім манастыры (гравюры «Раю мысленнага», «Брашна духоўнага»). Пранік ён у рус. кніжнае мастацтва і праз ілюстраваныя выданні Сімяона Полацкага (медзярыты «Гісторыі пра Варлаама і Іасафа», «Псалтыры рыфмаванай»). Найб. развіцця дасягнулі прынцыпы барока ў выданнях Магілёўскай друкарні, дзе працавалі гравёры М. і В.Вашчанкі, Ф.Ангілейка, Афанасій П. і інш. У 17 ст. бел. графічнае барока паўплывала і на ўкр. графіку, што звязана з пераездам на Украіну гравёраў Тарасевічаў, Шчырскага, Крышчановіча і інш. Маст. прынцыпы барока яскрава выявіліся ва ўсіх відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ткацтве (слуцкія паясы, шпалеры), вырабах са шкла (гл. Урэцкая мануфактура), паліванай кераміцы, разьбе па дрэве (беларуская рэзь), ювелірным мастацтве.

Для літаратуры эпохі барока характэрныя ўскладненасць, парадаксальнасць, метафарычнасць, спалучэнне рэальнага з нерэальным, імкненне здзівіць, уздзейнічаць на пачуцці. Лірычны герой барочнай паэзіі — істота зменлівая, унутрана супярэчлівая, надзеленая і дабрачыннасцямі і заганамі. У параўнанні з гарманічным і цэльным чалавекам рэнесансавай л-ры ён бліжэй да рэальнага, зямнога. Стылявыя прыкметы барока нераўназначныя на розных этапах развіцця і ў розных жанрах, што дазваляе гаварыць пра яго розныя стылявыя ўзроўні. Побач з «высокім» барока ў панегірычнай паэзіі, трагедыі, гераічнай паэме развівалася «памяркоўнае» барока — рэліг. і свецкая лірыка, элегія, пастараль, прытча. На «сярэднім» узроўні ўзніклі такія празаічныя жанры, як падарожжа, утопія, паліт. трактат.

Л-ра барока ў Іспаніі — гэта паэзія Л. дэ Гонгары-і-Арготэ, трагедыі П.Кальдэрона дэ ла Баркі, драмы Тырса дэ Маліны, сатыры Ф.Кеведа-і-Вільегаса; у Італіі — паэзія Т.Таса і Дж.Марына, «Пентаметр» Дж.Базіле; у Германіі — трагедыі А.Грыфіуса і Д.Лоэнштайна, лірыка П.Флемінга, раман Г.Грымельсгаўзена; у Францыі — паэзія і проза Т.А. д’Абінье, раманы Ш.Сарэля; у Англіі — трагікамедыя Ф.Боманта, Дж.Флетчэра; у Польшчы — паэзія Я.А.Морштына, В.Патоцкага; у Расіі — М.В.Ламаносава, В.К.Традзякоўскага.

У бел. л-ры і ў шматмоўнай л-ры Беларусі барока найб. выразна выявілася ў пераходны перыяд, асабліва ў 2-й пал. 17 — 1-й трэці 18 ст. Бел. барока цесна звязана з ідэямі Контррэфармацыі, што асабліва адчуваецца ў містычнасці ідэалу і рытарычнай зададзенасці, але як маст. светаўспрыманне значна шырэй за іх. Эстэтыка барока была крокам наперад у маст. развіцці Беларусі. Тут сінтэзаваліся сярэдневяковыя і рэнесансавыя традыцыі, упершыню скрыжаваліся шляхі развіцця пісьмовай л-ры і фальклору. Бел. барока не былі чужыя ідэі гуманізму ранняга Асветніцтва (Сімяон Полацкі, Д.Рудніцкі). Асобныя рысы барока відаць ужо ў бел. палемічнай прозе і панегірычнай паэзіі 1-й пал. 17 ст., калі эстэтыку барока пашыраў выкладчык Полацкай калегіі М.Сарбеўскі. Найб. поўна яны выявіліся ў рэліг.-філас. паэзіі і школьнай драме, а таксама ў школьных курсах паэтыкі і рыторыкі. Бел. барока ўласцівыя розныя ідэйныя і фармальна-стылявыя тэндэнцыі. Побач з «высокім», найчасцей элітарным, арыстакратычным барока, асн. творы якога напісаны на польск., лац. і стараслав. мовах, існавала «сярэдняе» і «нізкае» барока. Яно адпавядала запатрабаванням бяднейшай шляхты, гараджан і было прадстаўлена бел. парадыйна-сатыр. і гумарыстычнай паэзіяй і прозай («Птушыны баль», «Ліст да Абуховіча», «Казанне руске», «Прамова русіна» і інш.), інтэрмедыямі да школьных драм, песенна-інтымнай лірыкай.

Музыка барока паглыбіла і рознабакова ўвасобіла свет духоўных перажыванняў чалавека. Вядучае значэнне набылі муз.-тэатр. жанры, найперш опера. Наглядалася тэндэнцыя адасаблення музыкі ад слова, што вяло да развіцця шматлікіх інстр. жанраў. Узніклі і буйнамаштабныя цыклічныя формы (канчэрта гроса, ансамблевая і сольная санаты). У сюітах чаргуюцца уверцюры тэатр. характару, фугі, імправізацыі арганнага тыпу, быт. танцы, пявучыя «арыі», праграмныя п’есы.

Найб. выразна стыль барока выявіўся ў Італіі (2-я пал. 16 ст.) у шматхорных вак.-інстр. поліфанічных творах майстроў венецыянскай школы на чале з Дж.Габрыэлі, у арганнай творчасці Дж.Фрэскабальдзі, глыбока драматычных операх К.Мантэвердзі. Італьян. опернае барока паўплывала на музыку інш. еўрап. краін, асабліва Германіі: ням. нац. оперу (яе вяршыня — оперы Р.Кайзера), арганныя творы Дз.Букстэхудэ, клавірныя санаты І.Кунаў. На пач. 18 ст. творчасць І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля яшчэ звязана з музыкай барока, але ёй ужо цесна ў рамках якога-н. аднаго стылю (як і творчасці буйнейшых кампазітараў 17 ст. Г.Шутца ў Германіі і Г.Пёрсела ў Англіі).

На Беларусі для музыкі барока характэрнае ўзаемадзеянне зах.-еўрап. уплываў з мясц., часта нар. традыцыямі, перапляценне рэнесансавых, сярэдневяковых і класіцысцкіх тэндэнцый. Гэта выявілася ў суіснаванні розных стылявых пластоў і кірункаў — аднагалосага харала перыяду Рэфармацыі, стылю а капэла і новага канцэртнага стылю, які з канца 17 ст. стаў дамінуючым. Усёй музыцы барока ўласцівы процілеглыя імкненні, з аднаго боку, да сінтэзу мастацтваў, з другога — да развіцця інстр. жанраў. Гэта рэалізавалася ў пышных пастаноўках школьнага т-ра, у насычэнні музыкай спектакляў батлейкі, у пашырэнні на пач. 17 ст. аркестраў (капэл) пры дварах магнатаў, калегіумах, касцельных і уніяцкіх ансамбляў, што культывавалі тагачасныя еўрап. прыдворныя танцы (павана, марэска куранта, сэра), польск. і мясц. нар. танцы. Гіст. значэнне бел. музыкі барока найперш у тым, што яна вылучыла новы шматгалосы стыль — партэсныя спевы, якія своеасабліва рэалізавалі кампазіцыйны прынцып канцэртнасці з тыповымі для яго жанрамі партэснага канцэрта ў царк. музыцы, канта і псалмы ў свецкай. Яскравыя ўзоры муз. твораў з выразнымі стылявымі рысамі барока змяшчае рукапісны зборнік старадаўняй бел. музыкі 16—17 ст. «Полацкі сшытак».

Тэатр. У еўрап. тэатр. культуры рысы барока выразна праглядаюцца з 1590-х г. да сярэдзіны 18 ст. У гэты перыяд завяршыліся працэсы, пачатыя ў тэатры Адраджэння, — рэлігійныя святочныя відовішчы, што выконвалі аматары на вуліцах і плошчах, ператварыліся ў свецкія забавы, якія ладзілі прафес. акцёры ў прыдворных тэатрах-палацах. Усталяваліся прынцыпы арганізацыі тэатр. прасторы, пабудовы сцэны — амаль паўсюдна замацаваўся тып «сцэны-скрыні», аддзеленай ад гледача рамай і збудаванай у спец. закрытым памяшканні. Вядучымі тэатр. краінамі сталі Англія, Іспанія, Францыя.

У Англіі ў канцы 16 ст. фарміраваўся тэатр, які спалучаў нар. сярэдневяковую традыцыю і ўплыў рэнесансавага італьян. тэатра. Драма ранняга англ. барока, створаная У.Шэкспірам, адкінула правілы рэнесансавага класіцызму і спалучыла трагедыю і фарс, высокае і нізкае. Англ. «жорсткая трагедыя» паўплывала на развіццё еўрап. тэатра барока, асабліва ў Германіі і Аўстрыі. У 17 ст. англ. вандроўныя трупы былі вядомыя і ў Рэчы Паспалітай. Тэатр Іспаніі ў канцы 16 ст. ўступіў у свой «залаты век», які пачаўся творчасцю Лопэ дэ Вэгі. Абапіраючыся на нац. літ. і тэатр. традыцыі і выкарыстаўшы тэхніку італьян. камедыі дэль артэ, ён ствараў свае дынамічныя камедыі, поўныя прыгодаў і кахання. Яго традыцыі прадоўжыў Тырса дэ Маліна. Вяршыняй сталага барока ў Іспаніі з’явіліся п’есы П.Кальдэрона дэ ла Баркі, якія ўвасобілі светапогляд эпохі, дзе за раскошай і пышнасцю адчуваліся разгубленасць і няўпэўненасць. У Францыі ў канцы 16 ст. ўзнік жанр «трагікамедыі-балета». Нягледзячы на вонкавую супрацьлегласць, стваральнікі тэатра класіцызму П.Карнель, Ж.Расін, Мальер працавалі ў агульнай плыні еўрап. барока. У канцы 17—18 ст. менавіта ўзор франц. т-ра дамінаваў на б.ч. кантынентальнай Еўропы. У ням. княствах, Аўстрыі, Рэчы Паспалітай бурнае развіццё нац. тэатра запаволілася і прыпадае ўжо на 2-ю пал. 18 ст.

Бел. тэатр. культура барока існавала і развівалася ў рэчышчы тэатр. культуры Рэчы Паспалітай. З канца 16 ст. актыўным правадніком тэатр. формаў барока быў школьны тэатр. Захапленне італьян. операй мала закранула Беларусь, але, як і ў інш. рэгіёнах Рэчы Паспалітай, тут былі папулярныя розныя формы паратэатра барока — маляўнічыя рэліг. і свецкія шэсці, святочныя ўрачыстасці, рыцарскія спаборніцтвы. У гэты час з касцельных відовішчаў узнік нар. лялечны тэатр батлейка. На схіле эпохі барока (1740—70-я г.) на Беларусі ўзніклі шматлікія прыдворныя т-ры, што належалі мясц. магнатам (у Нясвіжы, Слуцку і Белай — Радзівілам, у Слоніме — Агінскім, у Гродне і Паставах — Тызенгаўзу, у Ружанах — Сапегам, у Беластоку — Браніцкім і інш.). У пастаноўках гэтых тэатраў, якія часта абапіраліся на арыгінальную (звычайна польскамоўную) драматургію і музыку, спалучаліся рысы барочных відовішчаў з элементамі, характэрнымі ўжо для Асветніцтва. Але менавіта сінтэз, уласцівы барока, дазваляў ствараць незвычайныя па сваёй пышнасці і фантазійнасці тэатр. відовішчы. На высокім узроўні была тэхніка сцэны маянтковых тэатраў, а акцёры і музыкі, вывучаныя ў магнацкіх тэатр. школах Беларусі, паўплывалі на тэатр. мастацтва Польшчы і Расіі.

Літ.:

Виппер Б.Р. Введение в историческое изучение искусства. 2 изд. М., 1985;

Angyal E. Świat słowiańskiego baroku. Leipzig, 1961;

Białostocki J. Pięć wieków myśli o sztuce. 2 изд. Warszawa, 1976;

Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Раабен Л. Музыка барокко // Вопросы музыкального стиля: Сб. статей. Л., 1978;

Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.

Т.В.Габрусь (архітэктура), Б.А.Лазука (выяўленчае мастацтва), А.В.Мальдзіс (літаратура), В.М.Арэшка (тэатр).

Да арт. Барока. Пояс. Слуцкая мануфактура. 2-я пал. 18 ст.
Да арт. Барока. Інтэр’ер манастырскай царквы ў Атабойрэне (Германія). Арх. І.М.Фішэр. 1748.
Да арт. Барока. Абраз «Варвара пакутніца» з Лунінца Брэсцкай вобл. 2-я пал. 18 ст.
Да арт. Барока. Партрэт Міхала Сервацыя Вішнявецкага. Невядомы мастак. 1750-я г.
Да арт. Барока. Партрэт Соф’і Даратэі. Невядомы мастак. 2-я пал. 18 ст.
Да арт. Барока. Амбон у касцёле аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. Сярэдзіна 18 ст.
Да арт. Барока. Міхайлаўская царква ў в. Рубель Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1796.
Да арт. Барока. Андрэеўскі касцёл у Слоніме. 1775.
Да арт. Барока. Палац Сан-Сусі ў Патсдаме. Арх. Г.В. фон Кнобельсдорф. 1745—47.
Да арт. Барока. Кубак. Урэцкая мануфактура. Сярэдзіна 18 ст.
Да арт. Барока. Манстранц. 1783.
Да арт. Барока. Палац сядзібы ў в. Ручыца (б. Ганута) Вілейскага раёна Мінскай вобл. З малюнка Н.Орды. 1877
Да арт. Барока. Галоўны алтар касцёла францысканцаў у Пінску. 1730-я г.
Да арт. Барока. Інтэр’ер Сафійскага сабора ў Полацку. Каля 1762.

т. 2, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІДЭРЛА́НДЫ (Nederland),

Каралеўства Нідэрландаў (Koninkrijk der Nederlanden), неафіц. назва Галандыя, дзяржава на зах. узбярэжжы Зах. Еўропы. На Пн і 3 абмываецца Паўночным м., на У мяжуе з Германіяй, на Пд — з Бельгіяй. Пл. 41,5 тыс. км², без унутр. водаў — 33,9 тыс. км². Нас. 15 808 тыс. чал. (1999). Сталіца — г. Амстэрдам, рэзідэнцыя ўрада — г. Гаага. Падзяляецца на 12 правінцый. Афіц. мова — нідэрландская (галандская). Н. валодаюць в-вам Аруба і Нідэрландскімі Антыльскімі астравамі. Нац. свята — Дзень Каралевы (30 крас.).

Дзяржаўны лад. Н. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1983. Кіраўнік дзяржавы — манарх, пры якім ёсць дарадчы орган — Дзярж. савет (яго члены назначаюцца манархам). Заканад. ўлада належыць манарху і Генеральным штатам (парламент у складзе 2 палат (Першай і Другой). Першая палата (75 дэпутатаў) выбіраецца правінцыяльнымі штатамі на аснове прапарцыянальнага прадстаўніцтва тэрмінам на 4 гады. Другая палата (150 дэпутатаў) выбіраецца насельніцтвам на тых жа падставах на той жа тэрмін. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць манарх і кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Тэр. Н. нізінная — працяг Паўн.-Германскай нізіны, сярэдняя выш. 20—30 м, значная частка (прыкладна 27%) ніжэй узр. мора (да -7 м). Для аховы ад затаплення пабудаваны дамбы. Нізіны ніжэй узр. мора, адгароджаныя ад мора дзюнамі, плацінамі і дамбамі, асушаны і ператвораны ва ўрадлівыя польдэры. Вядзецца далейшае асушэнне мелкаводдзяў. На крайнім Пд адгор’і Ардэнаў (выш. да 321 м). Карысныя выкапні: прыродны газ (запасы 2,5 трлн. м³, 4-е месца ў свеце), нафта, каменны вугаль, кухонная соль, буд. матэрыялы. Клімат умерана цёплы, марскі. Сярэдняя т-ра студз. ад 1 °C (Пн) да 3 °C (Пд), ліп. адпаведна 16,3—17,1 °C. Ападкаў 600—800 мм за год. Шмат паўнаводных рэк, каналаў, азёр. На ПдЗ дэльты Рэйна, Шэльды, Мааса. Пад ворывам, садамі, лугамі і пашай 50% тэр. Пад лесам і хмызнякамі 8% тэр. Ёсць дубовыя і букавыя гаі, пасадкі хвоі і таполі, хмызнякі з абляпіхі, верасовыя пусткі. У жывёльным свеце дробныя млекакормячыя (вавёрка, заяц, куніца), шмат птушак. У краіне 3 нац. паркі, больш за 500 невял. прыродных рэзерватаў (агульная пл. каля 100 тыс. га).

Насельніцтва. Пераважаюць галандцы, або нідэрландцы (96%). Да карэннага насельніцтва адносяцца фламандцы (на Пд) і фрызы (на Пн), ёсць выхадцы з Сурынама і Інданезіі, немцы, яўрэі, мараканцы, туркі. Сярод вернікаў пераважаюць католікі і пратэстанты, мусульман 3%. Натуральны прырост блізкі да нулявога. Сярэдняя шчыльн. 466 чал. на 1 км², на ПдЗ дасягае 2000 чал. на 1 км². У гарадах жыве 83,3%. Найб. гарады (1998, тыс. чал.): Амстэрдам — 1103, Ротэрдам — 1070, Гаага — 495, Лейдэн — 116. Усе гэтыя гарады і шмат інш. уваходзяць у канурбацыю Рандстад, якая аб’ядноўвае гарады і пасёлкі на ПдЗ краіны (каля 6 млн. ж.). У прам-сці і буд-ве занята 23% эканамічна актыўнага насельніцтва. У сельскай гаспадарцы — 4%, у абслуговых галінах — 73%.

Гісторыя. Чалавек засяліў тэр. сучасных Н. у неаліце. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. тут рассяліліся кельты і тэўтонскія плямёны — фрызы, батавы і інш. У 1 ст. да н.э. — 5 ст. н.э. большасць гэтай тэр. належала Стараж. Рыму. З 5 ст. н.э. землі сучасных Н. (акрамя населеных фрызамі) у складзе Франкскай дзяржавы; пашырылася хрысціянства, фарміраваліся феад. парадкі. Пры распадзе Франкскай дзяржавы тэр. Н. паводле Вердэнскага дагавора 843 увайшла ў склад уладанняў Лотара I (сына Карла Вялікага), паводле Мерсенскага дагавора 870 — у склад Усх.-Франкскага каралеўства. У 10—11 ст. тут утварыўся шэраг феад. уладанняў, залежных ад «Свяшчэннай Рым. імперыі». Адно з іх — графства Галандыя — дасягнула вял. поспехаў у развіцці рамяства. рыбалоўства, сельскай гаспадаркі і ў 13—14 ст. падпарадкавала сабе шэраг суседніх зямель. З 12 ст. хутка раслі гарады, будаваліся плаціны і дамбы для адваявання зямлі ў мора і балот. У 14 ст. з’явіліся першыя мануфактуры. У 1433 Галандыю, потым шэраг інш. феад. уладанняў захапілі герцагі Бургундыі. У межах Бургундскай дзяржавы адбылося аб’яднанне феад. уладанняў (яны сталі наз. правінцыямі) на б.ч. тэр. Нідэрландаў гістарычных (сучасныя Н., Бельгія, Люксембург, ч. Паўн.-Усх. Францыі). У 1463 тут упершыню склікана агульная прадстаўнічая ўстанова — Генеральныя штаты. Пасля распаду Бургундскай дзяржавы нідэрл. землі ўвайшлі ў склад уладанняў Габсбургаў (1482). У 1520—40-я г. імператар Карл V захапіў апошнія самастойныя нідэрл. землі — Фрысландыю, Утрэхт, Аверэйсел, Дрэнтэ, Гронінген, Гелдэрн, якія з раней далучанымі правінцыямі склалі ў 1548 комплекс з 17 правінцый пад агульнай назвай Нідэрланды. Пасля распаду імперыі Карла V гэтыя землі апынуліся (з 1556) пад уладай Іспаніі. У ходзе Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. 7 паўн.-нідэрл. правінцый (Галандыя, Зеландыя, Гелдэрн, Утрэхт, Фрысландыя, Аверэйсел і Гронінген) утварылі (1579) незалежную дзяржаву — Рэспубліку Злучаных правінцый на чале з Ген. штатамі, Дзярж. саветам і штатгальтэрам (кіраўніком выканаўчай улады). Па назве гал. правінцыі яе наз. таксама Галандскай рэспублікай або проста Галандыяй. Паўд. правінцыі (сучасныя Бельгія, Люксембург і асобныя раёны Францыі) засталіся пад уладай Іспаніі, з якой Рэспубліка Злучаных правінцый да 1609 і ў 1621—48 вяла працяглыя войны. Паводле Вестфальскага міру /648 Іспанія фармальна прызнала яе незалежнасць. Вызваленне ад улады ісп. феад.-абсалютысцкай манархіі стварыла спрыяльныя ўмовы для капіталіст. развіцця і стварэння шматгаліновай эканомікі. У 1-й пал. 17 ст. невял. краіна (25 тыс. км², 2 млн. чал.) ператварылася ў буйнейшую гандл.-прамысл. і калан. дзяржаву, фін. цэнтр свету. Гандаль усё больш набываў пасрэдніцкі характар і рабіўся асновай галандскай эканомікі.

У 17 ст. створана галандская калан. імперыя, якая ўключала калоніі Новая Галандыя (Паўн. Амерыка, да 1667), Гвіяна (Паўд. Амерыка, атрымана ў 1667 ад Англіі ў абмен на Новую Галандыю), Капская калонія (Паўд. Афрыка), Галандская Індыя (цяпер Інданезія), в-аў Цэйлон (Шры-Ланка) і інш. Гал. ролю ў калан. палітыцы адыгрывалі манапольныя гандл. кампаніі. што атрымлівалі выключныя правы на гандаль з вял. рэгіёнамі свету, ваен.-адм. кіраванне калоніямі, захоп новых тэрыторый. З іх найбольшыя Ост-Індская (1602—1798) і Вест-Індская (1621—1791) кампаніі. Гандл. і эканам. саперніцтва Галандыі з Англіяй прывяло да Англа-галандскіх войнаў 17 стагоддзя (1652—54, 1665—67, 1672—74), агульным вынікам якіх было аслабленне ваен. і паліт. моцы Галандыі. Цяжкімі для яе былі і войны з Францыяй (1672—78, 1688—97, 1702—13). У 18 ст. Галандская рэспубліка ўступіла ў паласу эканам. заняпаду. Купецкія вярхі, якія кіравалі дзяржавай, асн. ўвагу аддавалі пасрэдніцкаму гандлю, а не вытворчасці. Таму ўжо ў канцы 17 ст. Галандыя саступіла Англіі першынство ў прам-сці, а да сярэдзіны 18 ст. — і ў мараплаўстве, і ў знешнім гандлі. Апошні штатгальтэр Рэспублікі Злучаных правінцый Вільгельм V [1766—95] уцягнуў краіну ў кааліцыйную вайну супраць рэв. Францыі (1793). Акупацыя франц. войскамі (1795) паклала канец існаванню рэспублікі. Ў маі 1795 на тэр. Галандскай рэспублікі абвешчана залежная ад Францыі Батаўская рэспубліка, улады якой скасавалі аўтаномію правінцый, прывілеі дваран і рэшткі прыгонніцтва. У 1806 яна пераўтворана ў Галандскае каралеўства, далучанае ў 1810 да Францыі. Эканоміка краіны была падарвана напалеонаўскімі войнамі і кантынентальнай блакадай. У выніку паражэнняў Напалеона I і нац.-вызв. паўстання да ліст. 1813 франц. панаванне ў Н. скінута. На тэр. б. Галандскай рэспублікі ўтварылася новая канстытуцыйна-манархічная дзяржава. урад якой запрасіў на пасаду кн. Вільгельма Аранскага (сына Вілыельма V). Галандыі былі вернуты Інданезія і некаторыя інш. калоніі, захопленыя Вялікабрытаніяй і яе саюзнікамі ў ходзе войнаў з Францыяй, але Капская калонія, Цэйлон і ч. Гвіяны засталіся за Вялікабрытаніяй. Венскі кангрэс 1814—15 злучыў тэр. б. Галандскай рэспублікі і Бельгіі ў адзінае Нідэрландскае каралеўства (афіцыйна абвешчана 31.5.1815), або Н., на чале з Вільгельмам Аранскім. які пачаў кіраваць як кароль Вільгельм 1 [1815—40], Да каралеўства на падставе асабістай уніі далучыўся Люксембург. У перыяд «Ста дзён» Напалеона I нідэрл. войскі ўдзельнічалі ў бітве сіл антыфранц. кааліцыі з франц. арміяй пры Ватэрлоо (18.6.1815). Канстытуцыя Н. 1815 устанавіла роўнае прадстаўніцтва галандскіх і бельг. правінцый у ніжняй палаце парламента, але Вільгельм I фактычна праводзіў палітыку нац. прыгнёту бельг. насельніцтва, што выклікала Бельгійскую рэвалюцыю 1830, у выніку якой Бельгія стала незалежным каралеўствам. Спроба Н. зноў падпарадкаваць Бельгію ў вайне 1831—33 поспеху не мела. У 1890, пасля смерці караля Вільгельма III (1849—90], спынілася персанальная унія Н. і Люксембурга, які стаў незалежным. Такім чынам, сфарміравалася сучасная тэр. Н. У 1-й пал. 19 ст. заняпад эканомікі Н. пераадолены, але яе развіццё ішло марудна, асабліва ў цяжкай прам-сці. Больш дынамічна развіваліся тэкст. прам-сць і суднабудаўніцтва Сельская гаспадарка заставалася высокаразвітой галіной эканомікі. Паскоранаму эканам. развіццю Н. у 2-й пал. 19 ст. спрыялі прыток капіталу з калоній, даходы ад транзітнага гандлю і вывазу капіталу, дзейнасці Амстэрдамскага, Ротэрдамскага, Нідэрл.-Інд. і інш. банкаў. У выніку зрошчвання банкаўскага і прамысл. капіталу ўзніклі буйныя манаполіі, у т. л. электратэхн. аб’яднанне «Філіпс» (1891), канцэрн «Алгемене кюнстзейдэ юні» (1907). Актывізавалася паліт. жыццё, узнік шэраг партый рознай рэліг. і паліт. афарбоўкі: Ліберальная партыя буйной гандл.-фін. буржуазіі (1830-я г.), пратэстанцкая Антырэв. партыя (1878), Рым.-каталіцкая дзярж. партыя (1901), пратэстанцкі Хрысц.-гіст. саюз (1908) і інш. У 1850-я г. заснаваны першыя прафсаюзы і рабочыя газеты. У Амстэрдаме ўзніклі секцыя Інтэрнацыянала 1-га (1869), Усеагульны нідэрл. рабочы саюз (1871), С.-д. аб’яднанне (1878) і С.-д. саюз (1881).

У 1-ю сусв. вайну Н. захоўвалі нейтралітэт, іх вытворцы і гандляры ўзбагаціліся на продажы ваюючым краінам прамысл. і харч. тавараў. У 1918 С.-д. рабочая партыя Н. перайменавалася ў Камуніст. партыю Н. і ў 1919 увайшла ў Камуністычны Інтэрнацыянал. У 1918—39 краінай кіравалі правыя кааліцыйныя ўрады Рым.-каталіцкай дзярж., Антырэв. партый і Хрысц.-гіст. саюза. У 1930—36 Н. перажылі эканам. крызіс: на /з зменшылася прамысл. вытв-сць, беспрацоўе перавысіла 30%, у стане хаосу апынулася банкаўская сістэма, масава разараліся дробныя сяляне, адбываліся забастоўкі рабочых і служачых. На фоне крызісу актывізаваўся фаш. рух. У 1931 узнікла найбуйнейшая з фаш. арг-цый Н. — Нац.-сацыяліст. рух. У выніку антыфаш. выступленняў працоўных і дзеянняў улад уплыў фаш. арг-цый да 1939 скараціўся, а пасля 2-й сусв. вайны яны забаронены. 10—14.5.1940 Н. захоплены гітлераўскай Германіяй, каралева Вільгельміна [1890—1948] і ўрад эмігрыравалі ў Вялікабрытанію; яп. войскі ў сак. 1942 захапілі Інданезію. Ва ўмовах фаш. акупацыі ў Н. разгарнуўся рух Супраціўлення, праводзіліся масавыя забастоўкі. Да 5.5.1945 брыт. і амер. войскі разам з 5 тыс. змагароў Супраціўлення вызвалілі краіну. У 2-й сусв. вайне загінулі 199 тыс. нідэрландцаў, у т. л. 2,5 тыс. чал. пакараны гітлераўцамі за ўдзел у Супраціўленні. Страты нідэрл. эканомікі склалі 5,6 млрд. долараў, удвая скарацілася вытв-сць. Аднак да 1948 перасягнуты даваен. ўзровень вытв-сці. У пасляваен. час вырасла роля дзярж.-манапал. рэгулявання эканомікі (планаванне на год, рэгіянальнае праграмаванне). На эканоміку Н. станоўча паўплывала адкрыццё багатых радовішчаў газу і нафты. Але распад нідэрл. калан. імперыі працягваўся. У 1945—47 заваявала незалежнасць Інданезія, у 1975 — Нідэрл. Гвіяна (Сурынам). Пад кантролем Н. засталіся Антыльскія (Нідэрл.) а-вы. Адбыліся змены ў паліт. жыцці краіны. Роля бурж. партый, якія скампраметавалі сябе калабарацыянізмам у гады 2-й сусв. вайны, зменшылася, вырас уплыў канфесіянальных арг-цый. На выбарах 1998 найб. колькасць галасоў у 2-й палаце парламента атрымала рэфармісцкая Партыя працы, лідэр якой В.Кок узначаліў кааліцыйны ўрад. З 1980 каралевай Н. з’яўляецца Беатрыкс II з дынастыі Аранскіх-Насаў. Н. — чл. ААН (з 1945), НАТО (з 1949), Савета Еўропы (з 1949), Еўрап. Саюза (з 1992) і інш. міжнар. паліт. і эканам. груповак. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 24.2.1992.

Гаспадарка. Н. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна з развітым замежным гандлем і суднаходстам. Па ўзроўні эканам. развіцця займае прыкладна 14-е месца ў свеце, па экспарце і імпарце 7—8-е месца. Валавы ўнутр. даход на 1 чал. за год — 22,2 тыс. долараў (1998). Доля прам-сці складае 21,1%, будаўніцтва — 5,5%, сельскай і лясной гаспадаркі разам з рыбалоўствам — 3,2%, абслуговых галін — 70,2%. Прамысловасць вылучаецца высокім тэхн. узроўнем, высокай кваліфікаванасцю і прадукцыйнасцю працы. Пераважна развіты галіны, якія працуюць на імпартнай сыравіне з наступным экспартам гатовай прадукцыі. Вядучыя пазіцыі ў эканоміцы займаюць буйнейшыя канцэрны «Роял Датч-Шэл» (нафтахімія), «Юнілевер» (быт. хімія і харч. прадукты), «Філіпс» (электратэхніка), «Акза-Нобель» (хім. прадукцыя). Існуе каля 700 тыс. сярэдніх і малых прадпрыемстваў, іх доля ў экспарце 25%. Аснову паліўна-энергет. балансу складаюць (здабыча ў 1997) прыродны газ — 84,5 млрд. м³ (прав. Гронінген) і нафта — 2,1 млн. т. У краіне спажываецца 55% здабытага газу, увозіцца для перапрацоўкі 80—90 млн. т. нафты. Агульная магутнасць нафтаперапр. з-даў каля 100 млн. т, размешчаны яны каля Амстэрдама і Флісінгена. Вытв-сць электраэнергіі 83,3 млрд. кВтгадз (1997), каля 7,1 млрд. кВт·гадз імпартуецца. Доля ЦЭС у выпуску электраэнергіі каля 94%, АЭС — каля 5%. У 1997 выплаўлена 5,8 млн. т чыгуну і 6,8 млн. т сталі, гал. ц. Эймёйдэн. Значная выплаўка алюмінію — каля 400 тыс. т (Флісінген, Дэлфзейл), цынку — каля 200 тыс. т (Бюдэл), волава (Арнем). Вядучае месца займаюць машынабудаванне і металаапрацоўка. Асн. галіны: эл.-тэхн. (электраматоры, абсталяванне для электрастанцый, вымяральныя прылады, быт. электратэхніка; цэнтры — Эйндхавен, Ротэрдам, Зволе, Леўвардэн), хім. машынабудаванне (Амстэрдам, Утрэхт), аўтамабілебудаванне (у 1997 грузавых 35 тыс., легкавых 165 тыс., цэнтры Борн і Эйндхавен), авіябудаванне (Калхавен, Папендрэхт). Н. маюць развітое суднабудаванне, прыкладна 50% суднаў ідзе на экспарт. Асн. верфі ў Ротэрдаме, Амстэрдаме, Східаме, Флісінгене. Н. спецыялізуецца на экспарце хім. прадукцыі (каля 10% сусв. хім. экспарту): вытв-сць угнаенняў, этылену, аміяку, сінт. каўчуку, пластмас, фармацэўтычнай і быт. хім. прадукцыі, лакаў, фарбаў, фарбавальнікаў, асн. цэнтры — Утрэхт, Амстэрдам, прав. Лімбург. У 1997 атрымана 1,7 млн. т азотных угнаенняў, 4,5 млн. т пластмас і сінт. валокнаў. У хім. прам-сці выкарыстоўваецца кухонная соль, каля 2—3 млн. т яе штогод здабываюць на У прав. Аверэйсел. Развіта харч. і харчасмакавая прам-сць са спецыялізацыяй па перапрацоўцы мяса-малочнай прадукцыі і імпартнай какавы. Вядучыя пазіцыі ў сусветным экспарце масла, сыру, згушчанага малака, шакаладу; буйныя прадпрыемствы ў Амстэрдаме, Занстадзе, Східаме, Ротэрдаме. Вылучаецца таксама вытв-сць гароднінных і рыбных кансерваў, маргарыну, піва, цукру. У лёгкай прам-сці найб. развіта тэкст. (207 млн. м² тканін, 1997), асабліва шарсцяная, баваўняная і шаўковая. Асн. раёны: усх. ч. прав. Аверэйсел (баваўняная), прав. Паўн. Брабант (шарсцяная) і Гелдэрланд (штучная і сінт. пража і тканіны). Гарбарна-абутковая прам-сць выпускае 6,2 млн. пар абутку (1997). Развіта дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць: вытв-сць (1997) піламатэрыялаў 346 тыс. м³, драўнянавалакністых пліт 2,2 млн. умоўных м³, паперы і кардону 3 млн. т. Вытв-сць цэменту 3,5 млн. т (1997). Ёсць прадпрыемствы швейнай, керамічнай і фарфора-фаянсавай прам-сці (Амстэрдам). Сельская гаспадарка высокаінтэнсіўная. Шырока развіта с.-г. кааперацыя. Па вытв-сці с.-г. прадукцыі на 1 га Н. ў 8 разоў апярэджваюць Вялікабрытанію і ў 5 разоў Францыю і Германію. Пл. с.-г. угоддзяў 2 млн. га, у т. л. 0,8 млн. га пад ворывам. Гал. галіна — жывёлагадоўля. Буйн. раг. жывёлы (1997) 4,4 млн. галоў, сярэдні надой на карову 6,6 тыс. л, вытв-сць малака 11,2 млн. т. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): свіней — 14,3, авечак і коз — 1,7, птушкі — 92. Вытв-сць (1997): мяса ў забойнай вазе 3,5 млн. т, воўны 4 тыс. т, яек 9,9 млрд. штук. У раслінаводстве вылучаецца (1997) вытв-сць бульбы (8,1 млн. т, ураджайнасць 437 ц/га), цукр. буракоў (6,4 млн. т, ураджайнасць 548 ц/га), пшаніцы (1,1 млн. т, ураджайнасць 83,7 ц/га). Сеюць таксама жыта, ячмень, авёс, лён. Добра развіта садоўніцтва (збор пладоў 0,7 млн. т), агародніцтва (збор 3,7 млн. т), сусветную вядомасць мае кветкаводства, прадукцыя якога (кветкі, цыбуліны цюльпанаў, нарцысаў, гіяцынтаў, насенне інш. культур) шырока экспартуецца. Па кошце экспарту с.-г. прадукцыі Н. займаюць 2-е месца ў свеце пасля ЗША. Развіта марское рыбалоўства (каля 400 тыс. т штогод), сажалкавае рыбаводства. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. чыгунак 2,8 тыс. км (2 тыс. км электрыфікавана), аўтадарог 127 тыс. км (114,4 тыс. км з цвёрдым пакрыццём), унутр. водных шляхоў 5 тыс. км. Н. маюць гандл. флот грузападымальнасцю 5,4 млн. дэдвейт-т (1998). Парты абслугоўваюць знешні гандаль Н. і суседнія краіны (асабліва Германію). Гал. парты: Ротэрдам (найб. ў свеце, у 1997 прыняў 34 тыс. марскіх і 130 тыс. рачных суднаў, грузаабарот 400 млн. т), Амстэрдам, Дордрэхт, Эймёйдэн, Флісінген. У краіне 28 аэрапортаў. Авіякампанія «КЛМ» займае 7-е месца ў свеце па перавозцы пасажыраў. У Н. 10,2 тыс. км газаправодаў, 965 км прадуктаправодаў, 418 км нафтаправодаў. Развіты замежны турызм (штогод наведвае больш за 3 млн. чал., найб. з Германіі і ЗША, расходы турыстаў у краіне перавышаюць 6 млрд. долараў). У 1998 экспарт склаў 160 млрд. дол., імпарт 142 млрд. дол. Гал. экспартныя тавары: прыродны газ, прадукцыя эл.-тэхн. прам-сці, судны, хімікаты, лекі, харч. прадукты, кветкі і насенне. Імпартуюцца машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, нафта, разнастайная сыравіна, прадукты трапічнага земляробства. Гал. гандл. партнёры: Германія (27% экспарту, 21% імпарту), Бельгія-Люксембург (адпаведна 13 і 11%), Вялікабрытанія (па 10%), Францыя (11% экспарту), ЗША (9% імпарту), Італія (6% экспарту), краіны Цэнтр. і Усх. Еўропы. Экспарт з Беларусі ў 1997—83,2 млн. (прадукцыя хім. і лёгкай прам-сці, фанера), імпарт — 85,2 млн. дол. (харч. прадукты, лекі, тканіны, аргтэхніка, хімікаты). Грашовая адзінка — гульдэн.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (ваен. паліцыя). Агульная колькасць каля 60 тыс. чал. (1998), у т. л. 57 тыс. чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. У сухап. войсках каля 27 тыс. чал., 600 танкаў, 383 БМП, 269 бронетранспарцёраў, 624 гарматы, 173 мінамёты. У ВПС каля 12 тыс. чал., 170 баявых самалётаў і 12 верталётаў. У ВМС каля 14 тыс. чал., у т. л. 3 тыс. чал. у марской пяхоце, 4 эсмінцы, 12 фрэгатаў, 17 тральшчыкаў, 2 падводныя лодкі; у марской авіяцыі 13 баявых самалётаў і 22 верталёты.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Партыя працы, «Дэмакраты-66», Нар. партыя за свабоду і дэмакратыю, «Зялёныя левыя», Хрысц.-дэмакр. заклік, Рэфармісцкая паліт. федэрацыя, Сацыяліст. партыя і інш. Асн. прафс. цэнтры: Федэрацыя нідэрл. прафсаюзаў (каталіцкая і сацыял-дэмакратычная) і Нідэрл. нац. аб’яднанне хрысц. прафсаюзаў (пратэстанцкае).

Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя страхавая і прыватная. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,1, жанчын 81 год (1999). Узровень нараджальнасці 12 на 1 тыс. чал. Смяротнасць 9 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,29%. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 181 чал., урачамі — 1 на 412 чал. Дзіцячая смяротнасць 5 на 1 тыс. нованароджаных.

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Н. уключае пач., прадоўжаную (сярэднюю), вышэйшую і адукацыю дарослых. Да 16-гадовага ўзросту навучанне бясплатнае. Каля 65% школьнікаў Н. вучацца ў прыватных школах. Пач. адукацыя адзіная для дзяцей ва ўзросце 4—12 гадоў. Асн. яе мэта — забеспячэнне развіцця інтэлекту, творчых здольнасцей дзіцяці, сац., культурных і фіз. навыкаў. Выкладаюцца: галандск. і англ. (у апошнія 2 гады навучання) мовы, матэматыка, геаграфія, біялогія, гісторыя, рэліг. і ідэалаг. рухі, музыка, маляванне, фіз. выхаванне, самаабарона, у т. л. дарожная бяспека і інш. Прадоўжаная (сярэдняя) адукацыя (для навучэнцаў ва ўзросце ад 12 да 18—20 гадоў) працягвае стадыю пач. адукацыі, уключае агульнаадук. і прафес. кірункі. У адзінай школьнай сістэме магчыма адначасова з агульнай адукацыяй атрымаць прафес. падрыхтоўку на пач. і сярэднім узроўнях або падрыхтоўку да паступлення ў ВНУ. На працягу першых 3 гадоў навучанне вядзецца па агульнай праграме, якая ўключае 15 абавязковых дысцыплін. Прадоўжаную адукацыю даюць розныя тыпы школ: падрыхтоўчая навуковая (6 гадоў навучання, рыхтуе да паступлення ва ун-т або вышэйшую прафес. ўстанову); вышэйшай агульнай прадоўжанай адукацыі (5 гадоў навучання, рыхтуе да паступлення ў вышэйшую прафес. ўстанову або можна прадоўжыць вучобу ў сярэдняй прафес. установе ці ў 5-м класе падрыхтоўчай навук. школы); у школах сярэдняй агульнай прадоўжанай адукацыі і падрыхтоўчай прафес. тэрмін навучання 4 гады; яны рыхтуюць да пераходу ў сістэму сярэдняй прафес. адукацыі або вытв. вучнёўства. Прадоўжаная адукацыя ўключае таксама асв. работу з моладдзю (арыентацыйныя і адаптацыйныя праграмы для навучэнцаў 16-гадовага ўзросту, якія яшчэ не абралі будучую прафесію або месца навучання), сістэму вытв. вучнёўства (для навучэнцаў 16—20-гадовага ўзросту) і сярэднюю прафес. адукацыю (2—4-гадовыя курсы падрыхтоўкі тэхн., с.-г., аховы здароўя і абслугоўвання, эканам.-адм. кірункаў). Выпускнікі сярэдніх прафес. устаноў могуць прадоўжыць навучанне ў сістэме вышэйшай прафес. адукацыі. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзіць вышэйшая прафес. (ін-ты, тэрмін навучання 4—6 гадоў; выпускнікі атрымліваюць званне інжынера, бакалаўра) і навук. (ун-ты), якая мае 2 фазы. Тэрмін навучання на 1-й фазе 4 гады. Другая фаза мае абмежавальныя ўмовы прыёму і накіравана на падрыхтоўку да навукова-даследчай дзейнасці. Выпускнікі ун-та атрымліваюць акадэмічную ступень майстра. Далейшае навучанне і абарона дысертацыі даюць права на атрыманне ступені доктара. Адукацыя дарослых вядзецца на ўсіх узроўнях у дзярж. і прыватных установах; форма навучання дзённая, вячэрняя (пагадзінная) і завочная. Да сістэмы адукацыі дарослых належыць Адкрыты ун-т, які дае вышэйшую адукацыю і даступны ўсім з 18-гадовага ўзросту. У 1997/98 навуч. г. ў Н. каля 7 тыс. пач. школ (больш за 1,6 млн. дзяцей), 720 сярэдніх агульнаадук. (больш за 830 тыс. вучняў), 59 ін-таў (каля 260 тыс. студэнтаў), 15 ун-таў, у т. л. Адкрыты ун-т (у іх больш за 169 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты: у Лейдэне (з 1575), Гронінгене (з 1614), Утрэхце (з 1636), Неймегене (з 1923), Тылбургу, Твэнце (з 1961), Маастрыхце, 2 ун-ты ў Амстэрдаме, у т. л. ун-т Фру, Эразмскі ў Ротэрдаме, тэхнал. ў Дэлфце (з 1842) і Эйндховене (з 1956), с.-г. ў Вагенінгене. Буйнейшыя б-кі: Нац. ў Гаазе, універсітэцкія ў Амстэрдаме, Лейдэне, Утрэхце. У 1997 у Н. 1145 грамадскіх б-к і іх філіялаў; 741 музей (аб’яднаны ў Нідэрландскую асацыяцыю музеяў). Буйнейшыя музеі: Рэмбранта (з 1907), Ван Гога (з 1974), Рэкс (з 1808), бат., гіст. (з 1926), кінематаграфіі (з 1946) у Амстэрдаме; Галандскі літ. музей і цэнтр дакументацыі ў Гаазе; Фрызійскі літ. музей і цэнтр дакументацыі (з 1959) у Леўвардэне; прыродна-гіст. ў Леўвардэне (з 1884), Маастрыхце (з 1912), Ротэрдаме (з 1927); Бойманс (з 1847) і Марыціем (з 1873) у Ротэрдаме; мінералогіі і генеалогіі (з 1912) у Дэлфце; тэкст. вытв-сці (з 1958) у Тылбургу. Навук. даследаванні праводзяцца ун-тамі і НДІ.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у Н. больш за 100 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Amsterdamsche Courant» («Амстэрдамскія куранты», з 1619; сучасная назва «De Telegraaf», «Тэлеграф», з 1893), «Algemeen Dagblad» («Усеагульная штодзённая газета», з 1946), «De Volkskrant» («Народная газета», з 1920), «NRC-Handelsblad» («НРК-гандлёвая газета», з 1970), «Het Vrije Volk» («Вольны народ», з 1900), «Het Binnenhof» («Унутраны двор», з 1945), «De Gelderlander» («Гельдэрландзец», з 1848). Інфарм. агенцтвы — Алгемен Недэрландс Персбюро (АНП, каап. аб’яднанне выдаўцоў галандскіх газет, засн. ў 1934), каталіцкае — Каталіск Недэрландс Персбюро (з 1946). Радыёвяшчанне з 1923. Дзейнічаюць 10 агульнанац., 10 рэгіянальных і каля 150 мясц. радыёстанцый. Тэлебачанне з 1951 (з 1967 каляровае, з 1985 спадарожнікавае). Праграмы тэлебачання трансліруюцца на 3 каналах. З 1988 дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе Нідэрл. радыёвяшчальная карпарацыя (засн. ў 1969). Перадачы вядуцца на 7 мовах.

Літаратура. Адгалоскі нідэрл. героіка-эпічных песень — у эпасах інш. герм. народаў (англ. «Беавульф», ням. «Песня пра Нібелунгаў» і «Кудруна»), На канец 8 — пач. 9 ст. прыпадае творчасць эпічнага песняра Ф.Бернлефа. Першы помнік нідэрл. л-ры на ніжнефранкскім дыялекце — «Каралінгскія псалмы» (9 ст.). Найбуйнейшы прадстаўнік куртуазнай паэзіі 12 ст. — Хендрык ван Велдэке (песні, нідэрл. версія «Рамана пра Энея»), У 13—14 ст. развіваліся рыцарскія раманы і жывёльны эпас («Пра ліса Рэйнарда»), бюргерская дыдактычная (Я. ван Марлант, Я. ван Бундале) і рэліг. (Хадэвейх, Я. ван Руйсбрук) паэзія, нар. балады («Спадар Халевейн») і рамансы. У 14—15 ст. узнікла рэліг. і свецкая драма («Спектакль пра Антыхрыста», «Ланселот Дацкі» і інш.), маральна-дыдактычныя вершы-«спрокі» (Дз.Потэр). Нідэрл. Адраджэнне (15—16 ст.) адметнае лацінамоўнай творчасцю гуманістаў Агрыкалы, Эразма Ратэрдамскага, І.Секунда і інш. Гуманіст. ідэямі прасякнуты творы на нідэрл. мове Дз.В.Корнхерта, Х.Л.Спігела (трактаты, эпічная паэзія), Я. ван дэр Нота (лірыка). Развіваліся драматургія і паэзія рытараў (К.Эверарт, А. дэ Роверэ, М. дэ Кастэлейн, Г.Бейнс), вядомасць набыла рэліг.-палемічная л-ра (творы Ф.Марнікса ван Сінт-Альдэгондэ), ананімныя песні гёзаў, нар. паэзія. На мяжы 16—17 ст. уласна нідэрл. (галандская) і флам. (бельгійская) л-ры пачалі ўспрымацца як самастойныя. У 17 ст. гуманіст. тэндэнцыі выявіліся ў пострэнесансавым рэалізме Г.А.Брэдэра, творах прадстаўнікоў т.зв. Мейдэнскага згуртавання (драматургія і паэзія П.К.Хофта, проза і паэзія К.Хёйгенса, галантная проза І. ван Хемскерка). Падмурак нідэрл. барока стварылі Г.Гроцый, Ю.Ліпсій, Я.Рэфсен (Рэвій), паэт і драматург І. ван дэн Вондэл (трагедыя «Люцыфер»). На духоўнае жыццё Н. істотна паўплывалі філас. ідэі Б.Спінозы. Адметная з’ява канца эпохі нідэрл. барока — бурлескныя творы В.Г. ван Фокенбраха і любоўная лірыка Я.Лёйкена; папулярнасць набыла творчасць песняра нідэрл. мяшчанства Я.Катса. У эпоху Асветніцтва (18 ст.) найвышэйшыя дасягненні нідэрл. л-ры — драматургія П.Лангендэйка, М.Корвера, Р.Фейта, асветніцкія раманы Э.Волф-Бекер і А.Дэкен, эстэтыка-літаратуразнаўчыя працы Ф.Хемстэрхёйса, публіцыстыка Ю.ван Эфена. У 19 ст. творы Фейта, І.Кінкера і інш. паклалі пачатак рамантызму, найбуйнейшыя прадстаўнікі якога драматург і паэт В.Білдэрдэйк, паэты А.К.Старынг, Х.Толенс, паэт, празаік і публіцыст Э.І.Потгітэр, гіст. раманісты Г.Л.Босбам-Тусен, Я.ван Ленеп, крытык Я.Гел. Развіваліся рэаліст. проза (Н.Бетс, Мультатулі), публіцыстыка (К.Бюскен Хют), драматургія (Х.Я.Схімел). Пад уплывам мадэрнізму ўзнікла літ. група «Пакаленне 80-х», прадстаўнікі якой звярталіся да адлюстравання ўнутр. свету чалавека, сац. праблем (В.Клос, Ж.Перк, Х.Гортэр, Ф.В.ван Эдэн, Л.ван Дэйсел, А.Вервей, Ф.ван дэр Гус). У пач. 20 ст. ў падтрымку сац.-дэмакр. і рабочага руху выступілі паэтэса Х.Роланд-Холст ван дэр Схалк, празаік Х.Хеерманс. Псіхал.-рэаліст. прозу з элементамі натуралізму стваралі Л.Куперус, Вервей, М.Эмантс. У прозе А. ван Схендэла, паэзіі А.ван дэр Леу, К.А.ван Схелтэма адчувальныя ўплывы неарамантызму і сімвалізму. У 1920—30-я г. традыцыі паэтаў «Пакалення 80-х» прадоўжыў П.К.Баўтэнс. Вядомасць набыла паэзія традыц. форм М.Нейхафа. Х.Ахтэрберга, экспрэсіянісцкая і экзістэнцыялісцкая паэзія і проза Х.Марсмана, А.Роланд-Холста, псіхал.-містычныя і гіст. раманы Ф.Бордэвейка, Ё.ван Амерс-Кюлер, рэліг.-філас. драма В.Э.Фрысланда, рэаліст. проза ван Схендэла, С.Вестдэйка, крытыка і эсэістыка М. тэр Брака, Я.Грэсхафа. У 1930—40-я г. пашырылася антыфаш. тэматыка (творы Ц. дэ Фрыса, М.Дэкера, Г.Бламан). У 1950-я г. ўзнікла паэт. школа т.зв. эксперыменталістаў (Л.Фроман, Х.Каўвенар, Люсеберт, Р.Камперт), да якой у 1960-я г. прымкнулі і празаікі («эксперыментальныя раманы» С.Полет, Я.Бернлефа). Побач з экзістэнцыялісцкай л-рай (В.Ф.Херманс, А.Косман) развівалася рэаліст. проза Я.Волкерса, Х.Мюліса, Х.Хасе. Спалучэнне мастацтва з навукай, т. зв. новы стыль, — вызначальная рыса «постэксперыменталістаў» (Х.Слётэлар, Г.Верхаген). У 1970-я г. з’явілася новае пакаленне паэтаў і празаікаў («группа 70-х гадоў»), якія ў «Маніфесце для 70-х гадоў» выступілі супраць мадэрнізму, заклікалі ствараць л-ру, блізкую і зразумелую для народа (П.Андрысе, Г.Пломб). У л-ры 1980-х г. адметнае месца заняла традыцыяналісцкая (К.Нотэбам, А.ван Хейдэн, Р.ван Рысен) і афарыстычная (К.Стып) паэзія, наватарская драматургія і філас. паэзія Ю.Херцберг. Сярод сучасных нідэрл. пісьменнікаў Л.Ноленс, Г.Мейсінг, Д.Мейсінг, Х.Партакарэра, М.Харт, В. ван дэр Брук, М. ван Памел і інш. Асобныя творы нідэрл. пісьменнікаў на бел. мову пераклалі Л.Баршчэўскі, У.Шатон.

Архітэктура. На тэр. Н. захаваліся мегалітычныя збудаванні эпохі неаліту, рэшткі стараж.-рым. пабудоў (у Валкенбюргу, Элсце). У эпохі сярэднявечча і Адраджэння архітэктура развівалася ў межах адзінай маст. школы на тэр. гіст. правінцыі Н. (гл. Нідэрландскае мастацтва). У 17 ст. пераважалі грамадскія і гандл.-прамысл. збудаванні, звязаныя з суднаходствам і марскім гандлем (будынкі Адміралцейства і Ост-Індскай кампаніі, кварталы гандл. складоў у Амстэрдаме і інш.). З сярэдзіны 17 ст. пашырыўся галандскі варыянт класіцызму, які вызначаўся практычнасцю і прастатой, яснасцю кампазіцыі, стрыманым пластычным дэкорам (Я. ван Кампен, П.Пост, Ф. і Ю. Вінгбанс). У культавым буд-ве пераважалі сціплыя паводле арх. вырашэння пратэстанцкія цэрквы. У 19 ст. інтэнсіўна забудоўваліся гарады. З 1830-х г. пашырыўся эклектызм, з перавагай рацыянальных арх. форм, звязаных з нац. традыцыямі (Э.Гюгел, П.І.Х.Кёйперс і інш.). У пач. 20 ст. ў горадабудаўніцтве вырашаліся праблемы перанаселенасці, эканам. забудовы. У арх. вырашэнні будынкаў дамінаваў функцыяналізм (Я.І.П.Аўд Х.П.Берлаге, Г.Рытвелд, В.Дзюдак, К.ван Тра, К.ван Эстэрэн). Рамант.-экспрэсіўную тэндэнцыю развівалі Х.П.К.дэ Базел, М. дэ Клерк і інш. На развіццё архітэктуры Н. паўплывала дзейнасць групы «Стыль». З канца 1940-х г. пошукі новых арх. форм змяніліся рацыянальным разуменнем функцыян. задач архітэктуры (І.А.Брынкман, Я.Дзёйкер і інш.). Сярод лепшых пабудоў: гандл. цэнтр «Лейнбан» з вуліцамі для пешаходаў (1949—53, арх. І.Х. ван дэн Брук, Я.Б.Бакема), чыг. вакзал у Ротэрдаме, інтэрнат «Бюргервесхёйс» (1958—60) і аэрапорт Схіпхал (1963—67) у Амстэрдаме, новае крыло музея Кролер-Мюлер (1977) у Отэрла і інш. Стылізатарскі кірунак прадстаўлены работамі дэлфцкіх архітэктараў (малапавярховыя пасёлкі, цэрквы; арх. М.Я.Гранпрэ-Мальер і інш.).

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Н. выяўлены неалітычная кераміка, творы мастацтва кельтаў, ювелірныя вырабы стараж. германцаў. У эпохі сярэднявечча і Адраджэння мастацтва развівалася ў межах адзінай маст. школы на тэр. гіст. правінцыі Н. (гл. Нідэрландскае мастацтва). У канцы 16 ст. вызначыліся 2 самаст. нац. школы: фламандская (гл. ў арт. Бельгія) і галандская. У 17 ст. пераважалі станковы жывапіс і графіка; пашырыўся караваджызм (Д. ван Бабюрэн, П.Бор, В.С. дэ Гест, П.Ф. дэ Грэбер, В.П.Крабет, П.Морэлсе, Х.Тэрбруген, Г. ван Хонтхарст і інш.). У 1620—30-я г. склалася нац. школа рэалізму, якая паўплывала і на развіццё еўрап. мастацтва. Імкненне да выяўлення паўнакроўнасці навакольнага жыцця і натуральнай прыгажосці быт. з’яў прывяло да дыферэнцыяцыі жанраў: партрэт (Ф.Халс, Рэмбрант), пейзаж (Х.Аверкамп, Я. ван Гоен, С. і Я. Ройсдал, А.Кёйп, Х.Сегерс, М.Хобема), нацюрморт (А. ван Беерэн, В.Калф, П.Клас, В.Хеда), быт. (А. ван Астадэ, Я.Вермер, Я.Стэн, Г.Тэрбарх, П. дэ Хох), анімалістычны (Кёйп, П.Потэр) жанры і інш. У канцы 17 ст. нідэрл. мастацтва заняпала, у творах пашырыліся рысы сухой апісальнасці, знешняй прыгажосці і ідэалізацыі. Высокім маст. узроўнем у 17—18 ст. вызначалася дэкар.-прыкладное мастацтва: вырабы з серабра, дэлфцкі фаянс (выкарыстоўвалі формы і матывы кіт. фарфору), размаляваная кафля, масіўная разная мэбля, маст. тканіны і інш. У 1-й пал. 19 ст. пашырыліся кампазіцыі і партрэты ў духу акадэмізму (Я.В.Пінеман), рамант. жанравыя і гіст.-быт. сцэны (А.Шэфер, Х. тэн Катэ), пейзажы ў традыц. манеры гал. мастацтва (А.Схелфхаўт). У 2-й пал. 19 ст. развіваліся рэаліст. жывапіс, які працягваў традыцыі мастацтва 17 ст., і імпрэсіянізм. Сярод найб. значных мастакоў Г.Брэйтнер, Я.Х.Вейсенбрух, Іосеф Ісраэлс, Я. і В. Марысы і інш. У 1880-я г. пачаў сваю творчасць В. ван Гог. Жывапіс і графіка мяжы 19—20 ст. адметныя рысамі сімвалізму і мадэрну (Я.Торап, І.Торн-Прыкер). У пач. 20 ст. вял. ўплыў на мастацтва Н. зрабіла групоўка «Стыль». Склалася самаст. школа скульптуры (М.Андрысен, Х.М.Везелар, Л.Зейл, Х.Кроп, І.Мендэс да Коста, Дж.Радэкер, Л.Х.Сондар і інш.). Развіваліся абстрактнае мастацтва (К.Апел, А.Волтэн, Т. ван Дусбург, П.Мондрыян, Б. ван дэр Лек), экспрэсіянізм (Я.Слёйтэрс), сюррэалізм, поп-арт, кінетычнае мастацтва. З 1960-х г. мастацтва Н. развіваецца ў традыцыях пач. 20 ст. У дэкар.-прыкладным мастацтве высокім маст. узроўнем вызначаюцца мэбля, шкло і тканіны па праектах арх. Х.П.Берлаге і Г.Рытвелда, маст. кераміка, дыванаткацтва.

Музыка. Элементы стараж. песень зафіксаваны ў герм. эпасе «Песня пра Нібелунгаў». З сярэднявечча пашыраны эпічныя, абрадавыя, быт., лірычныя нар. песні, песні пратэсту (рух флагелантаў у 15 ст., гёзы ў рэвалюцыю 16 ст.). Бытавалі і нар. танцы. Нар. муз. мастацтва распаўсюджвалі менестрэлі — выканаўцы на шалмеях, арфе, віёле, псалтэрыі. Пачатак прафес. музыкі звязаны з манастырскай культурай, якая мела высокі ўзровень ужо ў 9—10 ст. (Хукбальд). Мясц. муз. традыцыя ўзбагачалася дасягненнямі інш. муз. культур, што садзейнічала ўздыму Нідэрландскай школы ў 15—16 ст. У 17 ст. пашырыліся інстр. жанры, пратэстанцкія псалмы, расквітнела арганная музыка (Я.П.Свелінк). Інтэнсіўна развівалася муз. жыццё гарадоў, ствараліся калегіі аматараў музыкі, аркестры, першыя нідэрл. оперы («Пераможнае каханне» К.Хакварта). У 1-й пал. 19 ст. акрэсліўся ўздым нац. музыкі, павялічылася ўвага да нац. культуры, фальклору (І Ферхюлст, Р.Хол, В.Нікалаі), адкрываліся муз. школы, ствараліся муз. т-вы. На мяжы 20 ст. ўзнікла нац. кампазітарская школа (Б.Зверс, А.Дыпенбрак, І.Вагенар і іх паслядоўнікі). Пачалося выкарыстанне ў творчасці нац. муз. фальклору (Ю.Ронтген). Развіваліся праграмная сімф. музыка (Зверс, Вагенар, К.Допер), нац. опера (Ронтген). Пачала фарміравацца школа нідэрл. дырыжораў, якія выступалі з сімф. аркестрам т-ва «Кансертгебаў» (сярод кіраўнікоў В.Кес, В.Менгельберг, Э.А. ван Бейнум, Э.Іохум, В. ван Отэрла, Б.Хайтынк). Паявіліся оперныя трупы, оперныя артысты (Я.Урлюс, А. ван Рой). Пасля 1-й сусв. вайны ў музыцы Н. узніклі новыя стылістычныя тэндэнцыі, звязаныя з выкарыстаннем еўрап. прынцыпаў кампазіцыі, у т. л. санорыкі, політанальнасці і інш. (Х.Загвейн, М.Фермелён, Д.Ройнеман, С.Дрэсдэн). Сярод найб. значных сучасных кампазітараў В.Пейпер і яго вучні Г.Ландрэ, Х.Бадынгс, Р.Эсхер, Я.Герадс, О.Кетынг, Х.Кокс, Т. дэ Леуў, П.Схат і інш. У Н. праводзяцца міжнар. муз. фестывалі, у т. л. адзін з буйнейшых у Еўропе Нідэрл. муз. фестываль, і конкурсы, у т. л. арганістаў (з 1951), выканаўцаў на карыёне (з 1959). Працуюць: оперны т-р «Дэ Недэрландсе опера», оперныя кампаніі «Дэ Зёйд-Недэрландсе опера» і «Форум», кампанія «Нідэрландскі балет», 12 сімф. аркестраў, у т. л. Амстэрдамскі, Гаагскі каралеўскі арк. «Рэзідэнсі», хар. аб’яднанне «Голас народа», мужчынскі хор «Апола», хор «Гаагскія спевакі» і інш.; 7 кансерваторый, 3 муз. ліцэі, ф-ты гісторыі і тэорыі музыкі ва ун-тах Амстэрдама, Лейдэна, Утрэхта.

Тэатр. З канца 12 ст. на тэр. Н. наладжваліся прадстаўленні царк. і свецкіх драм. твораў. У 2-й пал. 15 ст. ўзніклі аматарскія т-вы л-ры і тэатра, т. зв. камеры рытараў, звязаныя з нац.-вызв. рухам (ставілі містэрыі, міраклі, маралітэ, у 1606 паказы забаронены). У пач. 17 ст. паявіліся першыя пастаянныя т-ры. Цэнтрам тэатр. жыцця стаў «Амстэрдамскі гарадскі тэатр» (1638, створаны на аснове «Нідэрландскай акадэміі», засн. ў 1617 С.Костэрам). У яго рэпертуары п’есы І. ван дэн Вондэла, Г.А.Брэдэра, П.К.Хофта. Існавала шмат вандроўных труп. Сярод вядучых акцёраў таго часу І.К.Ватыр-Зісеніс, А.К. ван Гермез, Г.І.Грэвелінк, Л.Карлсзан, М.Корвер, А.Ноземан, Я.Пюнт, В. ван дэр Хувен. У 18—19 ст. т-р знаходзіўся пад моцным замежным уплывам. Уздыму нац. т-ра садзейнічала арганізацыя ў Амстэрдаме ў 1870 аб’яднання «Сцэнічны саюз Нідэрландаў», пры якім у 1875 адкрыўся т-р «Нідэрландская сцэна» (узначальваў В.Роярдс). У 1888 створаны т-р «Нідэрлацдскае сцэнічнае аб’яднанне» (з 1912 кіраўнік Г.Хеерманс, з 1917 — Э.Феркадэ), у рэпертуары п’есы Хеерманса, М.Эмантса, Ф.В ван Эдэна, А.Стрындберга, Г. фон Гофмансталя, выступалі акцёры Л.Баўместэр, Я.Мюс, Р.Хопер і інш. У 1910—30-я г. свае трупы ўзначальвалі акцёры і рэжысёры Роярдс, Феркадэ, Л.Салбарн і інш. У 1920-я г. пашыраны аматарскія калектывы. У 1920 Хеерманс адкрыў у Амстэрдаме «Карэ тэатр». У 1940—60-я г. вядучымі калектывамі былі «Гаагская камедыя» (кіраўнікі К.Ласёр, П.Стэнберген) і «Нідэрл. камедыя» (пад кіраўніцтвам Х.В. ван дэр Берга і І. дэ Местра) у Амстэрдаме. З 1950-х г. ставяцца п’есы нац. драматургаў Я.Стала, С.Нотэбама, Я. ван дэр Мерве і сусв. класікі. Т-ры працуюць у гарадах Амстэрдам, Арнем, Гаага, Ротэрдам, Эйндхавен, у краіне шмат тэатр. кабарэ, ёсць эксперым. трупа, т-р для дзяцей. Сярод сучасных майстроў сцэны Л. дэ Бур, А. ван Далсюм, К. ван Дэйк, Ф.Карэлсен, Ш.Кёлер, Э. ван Лінген, Ж.Роярдс-Сандберг, В.Фос, Г.Хермюс.

Кіно. У 1898 зняты першы дакумент. фільм-рэпартаж «Каралеўская сям’я» (рэж. Андэрсен), у 1902 — ігравы кароткаметражны фільм «Прыгоды санкюлота» (рэж. А. і В. Муленсы). У 1910—19 у Харлеме існавала першая кінастудыя, якая выпускала дакумент. і кароткаметражныя ігравыя фільмы. У 1920-я г. нац. кінавытворчасць заняпала. У 1927 у Амстэрдаме створана аб’яднанне «Фільм-ліга» на чале з І.Івенсам, якое імкнулася абнавіць мову дакумент. кіно («Мёртвая вада», рэж. Г.Рутэн; «Зёйдэр-Зе», рэж. Івенс, абодва 1934). Сярод інш. твораў дакумент. кіно «Свет крышталёў» (рэж. Я.Мол), «Востраў Вялікадня» (рэж. Дж.Ферну; абодва 1934), «Стары горад» (1935, рэж. В.Тухінскі), «Балада пра цыліндр» (1936, рэж. М. дэ Хас). Для школы дакумент. кіно характэрны пошук сродкаў выразнасці, паэтычнае адлюстраванне рэчаіснасці ў спалучэнні з вострай публіцыстычнасцю. У 1933 зняты першы гукавы ігравы фільм «Бацька радзімы» (рэж. Г.Я.Тэнісен). У 1930-я г. маст. фільмы ставілі пераважна эмігранты з Германіі. У 1945—50 выпускалі дакумент. стужкі, прысвечаныя руху Супраціўлення (рэж. Р.Хорнекер, П.Рота, Ферну, О. ван Неенхаф і інш.). Сярод маст. фільмаў канца 1950—70-х г. «Фанфары» (1958), «Голас вады» (1967, рэж. абодвух Б.Ханстра), «Месье Хавардэн» (1969, рэж. Х.Кюмель), «Калегі, спыніце шум» (1960), «Міра» (1971, сумесна з Бельгіяй), «Макс Хавелаар» (паводле Мультатулі, 1976; рэж. усіх Ф.Радэмакерс), «Франк і Ева» (1973, рэж. П. дэ ла Пара), «Салдат каралевы» (1977, рэж. П.Верхувен) і інш. З 1980-х г. пачаўся ўздым кінематографа Н.: «Задыхаючыся» (1982, рэж. М.Сакс), «Кафэ-марожанае» (1984, рэж. Д.Ф.Франк), «Аранжавы салдат» (1984, рэж. Верхувен). Сярод фільмаў 1980—90-х г. — «Знікненне» (рэж. Дж.Слёйзер), «Моц» (рэж. Ф.Фокеш; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю жаночага кіно ў Мінску, 1999), «Прыгажуня» (рэж. І.Ахтэм), «Эліне Вера» (рэж. Кюмель), «Ава і Габрыэль» (рэж. Ф. дэ Руй), «Флодэр будуе Манхатан» (рэж. К.Хім) і інш. Сярод кінаакцёраў В. ван Алмерай, В.Андэрсен, К.Брусе, І.Блуменг, М. ван дэ Вен, Т.Ленсінк, П.Фабер, Р. дэ Хоер, Э.Хойтынг, Т.Хююрдэман і інш., рэжысёраў — Верхувен, П.Парэ, І.Стэлінг, В.Хаанстра, Х.Хілкем і інш. Буйнейшыя кінакампаніі — «Алартс», «Анімейтэд Піпл», «Скорпіо-філмс» і інш., кінастудыі — «Сінесентрум», «Карылан-філмс» і інш. У Амстэрдаме і Ротэрдаме праводзяцца міжнар. кінафестывалі дакумент. кіно. Кінематаграфістаў рыхтуюць Кінаінстытут у Амстэрдаме (з 1948) і Акадэмія кіно (з 1958).

Літ.:

Чистозвонов А.Н. Реформационное движение и классовая борьба в Нидерландах в первой половине XVI в. М., 1964;

Серебряный Л.Р. Нидерланды: традиции и современность. М., 1990;

Ошис В.В. История нидерландской литературы. М., 1983;

Крашенинникова Н.Л. Современная архитектура Нидерландов (Голландия). М., 1971;

Виппер Б.Р. Становление реализма в голландской живописи XVII в. М., 1975;

Яго ж. Очерки голландской живописи эпохи расцвета (1640—1670). М., 1962;

Ротенберг Е.И. Западноевропейское искусство XVII в. М., 1971;

Тарасов Ю.А. Голландский пейзаж XVII в. М., 1983.

П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.І.Сініца (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), Н.М.Якавец (асвета. навук. ўстановы), Г.М.Малей (друк, радыё, тэлебачанне), Л.П.Баршчэўскі (літаратура), Г.У.Шур (кіно).

Герб і сцяг Нідэрландаў.
Да арт. Нідэрланды. Газавыя ўстаноўкі ў Слохтэрэне, на поўначы краіны.
Да арт. Нідэрланды. Нафтаачышчальны завод на захадзе краіны.
Да арт. Нідэрланды. Польдэры.
Да арт. Нідэрланды. Рака Рэйн у Ротэрдаме.
Да арт. Нідэрланды. Узяцце «марскімі гёзамі» г. Брыл у 1572. Гравюра 1583.
Да арт. Нідэрланды. Руіны г. Ротэрдам. Май 1940.
Да арт. Нідэрланды. Набярэжная канала ў Амстэрдаме.
Да арт. Нідэрланды. Рэмбрант. Начны дазор. 1642.
Да арт. Нідэрланды. Я.Вермер. Майстэрня жывапісца. 1665—70.
Да арт. Нідэрланды. Кафлянае пано. Дэлфцкі фаянс. Каля 1700.
Да арт. Нідэрланды. П.Мондрыян. Кампазіцыя. 1929.

т. 11, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІКАБРЫТА́НІЯ (Great Britain),

Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі (The United Kingdom of Great Britain and Northern Ireland), астраўная дзяржава ў Зах. Еўропе. Займае в-аў Вялікабрытанія, паўн.-ўсх. ч. в-ва Ірландыя і каля 5,5 тыс. дробных астравоў, у т. л. Англсі, Мэн, Уайт, Гебрыдскія, Аркнейскія, Шэтлендскія, а таксама Нармандскія а-вы каля берагоў Францыі. Абмываецца Атлантычным ак. і яго морамі — Паўночным (на У) і Ірландскім (на З); на Пд праліў Ла-Манш і яго найб. вузкая ч. — Па-дэ-Кале. Падзяляецца на 4 адм.-паліт. гіст. вобласці: Англію (39 графстваў і 7 метрапалітэнскіх графстваў), Уэльс (8 графстваў), Шатландыю (9 раёнаў і 3 астраўныя тэрыторыі), Паўночную Ірландыю (26 акруг). Пл. 244 тыс. км². Нас. 58 млн. чал. (1995). Сталіца — г. Лондан (вылучаны з прыгарадамі і суседнімі гарадамі ў асобную адм. адзінку — Вялікі Лондан). Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень нараджэння каралевы Лізаветы II (адзначаецца ў адну з субот у 1-й пал. чэрвеня).

Дзяржаўны лад. Вялікабрытаніі — парламенцкая манархія. Канстытуцыі як адзінага закону няма. Дзейнічаюць Вялікая хартыя вольнасцей 1215, Петыцыя аб праве 1628, Габеас корпус акт 1679, «Біль аб правах» 1689, Вестмінстэрскі статут 1931, Акт аб нар. прадстаўніцтве 1969 і інш. Кіраўнік дзяржавы — манарх (кароль або каралева), паўнамоцтвы і прэрагатывы якога фактычна знаходзяцца ў руках урада, які фарміруецца кіруючай партыяй. Заканад. ўлада належыць манарху і парламенту, які складаецца з 2 палат: верхняй (палата лордаў, каля 1200 чл. з ліку свецкіх і духоўных пэраў) і ніжняй (палата абшчын, 650 чл.), якія выбіраюцца на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад (кабінет міністраў) на чале з прэм’ер-міністрам. Мясцовыя органы самакіравання ў графствах, гарадах-графствах, акругах і прыходах — саветы (выбіраюцца насельніцтвам на 3 гады) на чале з мэрамі (выбіраюцца на 1 год). Судовая сістэма: палата лордаў, Вярх. суд правасуддзя (складаецца з Высокага суда і Апеляцыйнага суда па цывільных справах). Высокі суд падзяляецца на суд завяшчанняў, разводаў і адміралцейства.

Судаводства 1-й інстанцыі ажыццяўляюць у сёлах міравыя суды, у гарадах — паліцэйскія суды.

Мясцовае кіраванне ў Англіі, Уэльсе, Шатландыі мае свае органы, суд. сістэму, нац. царкву, адм.-тэр. падзел. Аўтаномная частка Злучанага Каралеўства — Паўн. Ірландыя, якая з 1972 знаходзіцца пад непасрэдным кіраўніцтвам урада Вялікабрытаніі, мае свой уласны парламент, у склад якога ўваходзяць сенат, палата абшчын і прызначаны манархам губернатар. Вялікабрытанія ўзначальвае Садружнасць — аб’яднанне большасці краін і тэрыторый, якія раней уваходзілі ў Брытанскую імперыю (усяго 49). Захавала кантроль над 14 параўнальна невялікімі каланіяльнымі тэрыторыямі.

Прырода. Прыроду Вялікабрытаніі вызначаюць астраўное размяшчэнне, блізкасць цёплага Паўн.-Атлантычнага цячэння і значная парэзанасць берагавой лініі. Пн і З гарыстыя, у цэнтры і на Пд пераважаюць нізіны. Горы сярэдняй вышыні, моцна згладжаныя, парэзаныя ледавіковай і рачной эрозіяй. Найб. высокае Паўн.-Шатландскае нагор’е з Грампіянскімі гарамі (найвыш. пункт Вялікабрытаніі — г. Бен-Невіс, 1343 м). Далей на Пд размешчаны Сярэдне-Шатландская нізіна і Паўд.-Шатландскае ўзвышша. На Пн уласна Англіі ў мерыдыянальным напрамку цягнуцца Пенінскія горы. На п-ве Уэльс Кембрыйскія горы, гарысты і п-аў Корнуал. Найбольшыя нізіны Паўд.-Усходняя і Мідленд. У Паўн. Ірландыі нізіна з воз. Лох-Ней і ўзвышшы па яе краях. У нетрах Вялікабрытаніі ёсць каменны вугаль (Пеніны, Пд Шатландыі і Уэльса; 45 млрд. т), жал., свінцова-цынкавыя і алавяныя руды, каменная і калійныя солі, каалін, буд. матэрыялы; у нетрах шэльфа Паўн. мора — нафта (2,6 млрд. т) і прыродны газ (1400 млрд. м³). Клімат умераны акіянскі, з няўстойлівым надвор’ем, парывістымі вятрамі і частымі густымі туманамі, з мяккай зімой і халаднаватым летам. Т-ра паветра ад 13—17 °C у ліп. да 3 °C у студз. Ападкаў ад 2000—3000 мм на З да 600—700 мм за год на ПдУ. Найб. рэкі: Северн, Тэмза, Трэнт; некалькі важных суднаходных каналаў. Ёсць значныя азёры, найб. Лох-Ней (пл. 396 км²) у Паўн. Ірландыі. Пераважае культурная расліннасць, шмат лугоў, верасовых пустак. Пад лесам (дуб, вяз, граб, бук, хвоя) і хмызнякамі 9% пл. краіны. Жывёльны свет у параўнанні з мацерыковай Еўропай крыху збеднены. Шматлікія нац. рэзерваты прыроды і рэкрэацыйныя паркі (Пік-Дыстрыкт, Сноўданія і інш.).

Насельніцтва. 81,5% складаюць англічане. Нац. меншасці: шатландцы (9,6%), уэльсцы, або валійцы (1,9%, у аднайм. частках краіны), ольстэрцы (1,8%, перасяленцы ў Паўн. Ірландыю з Англіі і Шатландыі), ірландцы (2,4% у Паўн. Ірландыі і гарадах Англіі); значныя групы выхадцаў з Вест-Індыі, Індыі, Пакістана, краін Афрыкі і Азіі, яўрэяў, італьянцаў, французаў. Невял. колькасць ірландцаў, уэльсцаў, а таксама гэлы (60 тыс. чал.) на Пн Шатландыі збераглі свае мовы (кельцкія паводле паходжання). Сярод вернікаў — пратэстанты (27 млн. англікан пераважна ў Англіі, 0,8 прэсвітэрыян у Шатландыі), католікі (9 млн. чал., у т. л. каля паловы насельніцтва Паўн. Ірландыі), мусульмане (каля 1 млн. чал.), метадысты, сікхі, індуісты, іудаісты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 236.8 чал. на 1 км² (ад 1000 чал. на 1 км² у прамысл. раёнах да 1—10 чал. на 1 км² на Пн Шатландыі). Гар. насельніцтва больш за 89%. Вял. гарады (тыс. ж., 1992): Лондан (у межах Вялікага Лондана) — 6905, Бірмінгем — 1009, Лідс — 722, Глазга — 684, Шэфілд — 531, Ліверпул — 479, Брадфард — 478, Эдынбург — 440, Манчэстэр — 435. Каля трэці гар. насельніцтва жыве ў гар. канурбацыях: Вял. Лондан, Вял. Манчэстэр, Уэст-Мідлендс (вакол Бірмінгема), Клайдсайд (вакол Глазга), Уэст-Йоркшыр (вакол Лідса), Саўт-Йоркшыр (вакол Шэфілда), Мерсісайд (вакол Ліверпула), Тайнсайд (вакол Ньюкасла). У прам-сці і буд-ве занята 25% працаздольнага насельніцтва, у кіраванні — 9,1, энергетыцы — 1,9, сельскай гаспадарцы — 1,2, у гандлі і абслуговых галінах — 62,8%.

Гісторыя. Паводле археал. звестак, чалавек на тэр. Вялікабрытаніі жыве з эпохі ранняга і сярэдняга палеаліту. Значнага развіцця стараж. насельніцтва Брытаніі (плямёны скотаў і піктаў) дасягнула ў перыяд неаліту: росквіт першабытнай абшчыны, пераход да жывёлагадоўлі і земляробства. У 6—1 ст. да н.э. Брытанскія а-вы засялілі кельты. Напярэдадні рымскага заваявання брыты (так сталі наз. кельцкія і кельтызаваныя плямёны Брытаніі) перажывалі перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу і зараджэння класавага грамадства. У 1 ст. н.э. Брытанія заваявана Рымам, аднак яе раманізацыя была нязначнай. У пач. 5 ст. рымляне пакінулі Брытанскія а-вы. У сярэдзіне 5 — пач. 7 ст. пачалася іх каланізацыя герм. плямёнамі англасаксаў, у ходзе якой утварылася некалькі каралеўстваў (гл. Англасаксонскае заваяванне). У канцы 6—7 ст. англасаксы прынялі хрысціянства. Аснову іх сац.-эканам. сістэмы складала сельская абшчына, якая пачынала ўжо распадацца. У 7—8 ст. значнага развіцця дасягнула буйное і сярэдняе землеўладанне феад. тыпу. З канца 8 ст. пачаліся набегі на Брытанскія а-вы нарманаў, пераважна э тэр. Даніі. Гэта стала адной з прычын аб’яднання ў 829 большасці англасакскіх каралеўстваў у адну дзяржаву — Англію. У 1066 яе захапілі нарманы на чале з герцагам Вільгельмам, які стаў англ. каралём Вільгельмам І (гл. Нармандскае заваяванне Англіі 1066). Першы перапіс насельніцтва, праведзены ў 1086 («Кніга страшнага суда») засведчыў існаванне моцнай цэнтр. улады. Большасць сялян трапіла ў прыгонную залежнасць (гл. Віланы). Нармандскае заваяванне паскорыла эканам. развіццё Англіі. Да канца 12 ст. тут канчаткова склалася цэнтралізаваная феад. дзяржава. Першыя каралі дынастыі Плантагенетаў, асабліва Іаан Беззямельны, умацавалі каралеўскую ўладу. Гэта выклікала апазіц. выступленні шырокіх слаёў насельніцтва (баронаў, рыцараў, гараджан), і кароль вымушаны быў падпісаць у 1215 Вялікую хартыю вольнасцей пераважна для буйных феадалаў. Аднак супраціўленне каралеўскаму самавольству не заціхала і перарасло ў грамадз. вайну (1263—67), у час якой быў створаны (1265) 1-ы ў гісторыі Англіі парламент — сход прадстаўнікоў ад графстваў і гарадоў. У канцы 13 ст. ў Англіі ўсталявалася новая форма дзяржавы — феад. манархія з саслоўным прадстаўніцтвам — парламентам. У 14 ст. ён падзяліўся на 2 палаты, верхнюю (палата лордаў) і ніжнюю (палата абшчын). У канцы 13 ст. Англія заваявала Уэльс. Тэрытарыяльныя і гандл. супярэчнасці паміж Англіяй і Францыяй прывялі да Стогадовай вайны 1337—1433, у выніку якой Англія страціла на кантыненце ўсе тэрыторыі, акрамя г. Кале. Вайна аслабіла краіну, узмацніла сац. нестабільнасць. Сялянскія хваляванні выліліся ў антыфеад. Уота Тайлера паўстанне 1381. У канцы 14 — пач. 15 ст. пачаўся крызіс феад. прыгоннай сістэмы. З сярэдняга і дробнага дваранства, багатых сялян і інш. слаёў узнікла т.зв. новае дваранства — джэнтры, якія сталі пераходзіць на арэнду. Асн. зямельным уладаннем у большасці сялян стаў капігольд. Вялікіх поспехаў дасягнула суконная справа, з’явіліся першыя мануфактуры. У 15 ст. абвастрылася і міжусобная барацьба феадалаў, асабліва паміж дынастыямі Ланкастэраў і Йоркаў. Яна скончылася Пунсовай і Белай руж вайной (1455—85), у якой загінулі гал. прадстаўнікі многіх старадаўніх дынастый. Да ўлады прыйшлі Цюдары. Яны паклалі пачатак англ. абсалютызму, асн. асаблівасцю якога было захаванне органаў саслоўнага прадстаўніцтва і мясц. самакіравання. Абсалютызм дасягнуў свайго росквіту пры каралю Генрыху VIII. Пры ім праведзена Рэфармацыя, у ходзе якой узнікла англіканская царква, царк. ўласнасць ператворана ў свецкую, што ўмацавала каралеўскую казну і ўладу. У 16 ст. адбываўся эканам. ўздым краіны, ішоў працэс накаплення першапачатковага капіталу. У сувязі з хуткім ростам мануфактур, асабліва суконных, павялічыўся попыт на воўну, што спрыяла развіццю авечкагадоўлі. Буйныя землеўладальнікі зганялі сялян з зямлі і здавалі яе ў арэнду пад пашу (гл. Агароджванні), што прыводзіла да сял. выступленняў (найб. вядома паўстанне пад кіраўніцтвам Р.Кета, 1549). Перамяшчэнне гал. гандл. шляхоў з Міжземнамор’я ў Атлантыку паставіла Англію ў цэнтр сусв. эканомікі. У 16 ст. ўзніклі буйныя гандл. кампаніі (Ост-Індская, 1600, і інш.), якія валодалі манапольнымі правамі. У канцы 16 — пач. 17 ст. Англія ўступіла ў барацьбу за гандл. шляхі і сферы ўплыву. Пасля англа-ісп. вайны 1587—1604 яна стала буйнейшай марской дзяржавай. З канца 16 ст. пачалося пранікненне Англіі ў Індыю, у 1607 заснавана першая англ. калонія ў Паўн. Амерыцы (Віргінія). Працягвалася падпарадкаванне Ірландыі (з 12 ст.), рос англ. уплыў у Шатландыі. Развіццё капіталіст. ўкладу патрабавала ліквідацыі феад. сістэмы і абсалютызму. Антыманархічная апазіцыя сканцэнтравалася ў парламенце, ніжняя палата якога складалася з новага дваранства і вярхоў буржуазіі. Процістаянне парламента каралю абвастрылася з прыходам да ўлады ў Англіі шатл. дынастыі Сцюартаў, якія сталі на шлях. феад. рэакцыі. Вынікам гэтага канфлікту сталі Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя, якія скончыліся перамогай бурж. апазіцыі. У 1649 у Англіі ўсталявалася рэспубліка. У 1652 да Англіі канчаткова далучана Шатландыя (да гэтага яны былі звязаны асабістай уніяй), а таксама падпарадкавана Ірландыя. З 1653 рэспубліка набыла форму пратэктарату О.Кромвеля. Яго ўнутр. і знешняя палітыка праводзілася ў інтарэсах буржуазіі і новага дваранства — працягваліся агароджанні, вяліся войны з Іспаніяй і Галандыяй (гл. Англа-галандскія войны 17 стагоддзя). Няўстойлівасць новага рэжыму, адсутнасць яго падтрымкі народам прывялі да рэстаўрацыі ўлады Сцюартаў (1660—88). Імкненне апошніх да абсалютызму зноў выклікала фарміраванне парламенцкай апазіцыі. У 1688 у Англіі адбылася т.зв. «Слаўная рэвалюцыя», якая скончылася перамогай апазіцыі і запрашэннем на прастол Вільгельма Аранскага (гл. Вільгельм III Аранскі). Паліт. сістэма, якая склалася ў Англіі, грунтавалася на кампрамісе паміж зямельнай арыстакратыяй і вярхамі буржуазіі: «Біль аб правах» (1689) канчаткова замацаваў у краіне рэжым канстытуцыйнай манархіі. З 1707 афіц. назва краіны — Злучанае каралеўства Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі. На працягу 1-й пал. 18 ст. адбывалася абмежаванне каралеўскай улады і павелічэнне ролі парламента. Паступова аформіліся 2 паліт. партыі — вігі (выражалі інтарэсы радавітай арыстакратыі, звязанай з вярхамі буржуазіі) і торы (абапіраліся на зямельную арыстакратыю і кансерватыўнае дваранства), якія мелі свае фракцыі ў палаце абшчын. У пач. 18 ст. пераважалі кабінеты торы, у 1714—62 — вігаў, якія праводзілі палітыку пратэкцыянізму. У сярэдзіне 18 ст. росквіту дасягнуў мануфактурны капіталізм, завяршаўся аграрны пераварот, які вёў да размывання сялянства і ператварэнне яго ў наёмных рабочых. Прамысл. пераварот у сярэдзіне 18 ст. выклікаў глыбокія змены ў эканам., сац. і паліт. жыцці краіны. З 1825 пачалося буд-ва чыгунак, завяршылася фарміраванне ўнутр. рынку. На паліт. арэну выходзіла прамысл. буржуазія, якая стварыла самастойны паліт. рух — бурж. радыкалізм. Яго асн. патрабаванні — выбарчая рэформа і адмена пратэкцыянізму. З 2-й пал. 18 ст. сістэматычны характар прынялі выступленні рабочых. У канцы 18 — пач. 19 ст. шырокі размах набыў рух разбуральнікаў машын (лудзітаў), якія выступалі супраць укаранення ў вытв-сць машын, бо лічылі іх прычынай пагаршэння свайго становішча. Пачалося стварэнне прафсаюзаў — трэд-юніёнаў. Знешняя палітыка Вялікабрытаніі вызначалася актыўнай калан. экспансіяй. У выніку Сямігадовай вайны 1756—63 Вялікабрытанія расшырыла свае ўладанні за кошт Францыі і Іспаніі. У 1780-я г. яна пачала каланізацыю Аўстраліі, у пач. 19 ст. захоп тэрыторый у Афрыцы (Капская калонія). Аднак у выніку Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 ад Вялікабрытаніі аддзяліліся яе паўн.-амер. калоніі. У канцы 18 ст. пад уплывам амер. і франц. рэвалюцый пачаўся ўздым англ. дэмакр. руху, які працягваўся з перапынкамі да 1830-х г. Англія ўдзельнічала ў вайне супраць рэв. Францыі і антыфранц. кааліцыях, гэта была вайна за калан. першынство і панаванне на сусв. рынках. Англа-ірландская унія 1801 знішчыла рэшткі аўтаноміі Ірландыі. У 1770—1830 краінай у асноўным кіравалі торы. Яны праводзілі палітыку рэпрэсій, прынялі шэраг антыдэмакр. законаў: увялі «хлебныя законы» (1815), якія выклікалі рост цэн. Аднак паступова на палітыку краіны ўсё больш сталі ўплываць памяркоўныя торы, якія імкнуліся прыстасавацца да новых умоў жыцця, больш лічыцца з інтарэсамі буржуазіі (урад Піта Малодшага). У пач. 19 ст. ўрад торы заклаў асновы фабр. заканадаўства, правёў некаторыя рэформы. Вігі пераарыентаваліся на прамысл. буржуазію і сталі на абарону прынцыпаў лібералізму, што дапамагло ім у 1830 вярнуцца да ўлады. У 1832 яны правялі першую парламенцкую рэформу, паводле якой выбарчае права атрымала буйная і сярэдняя буржуазія. Пачалося ўзаконенне двухпартыйнай сістэмы, вігі і торы трансфармаваліся адпаведна ў лібералаў і кансерватараў. У 1830—40-я г. яны па чарзе кіравалі краінай. Вігі-лібералы спрабавалі вырашыць некаторыя сац. праблемы: прынялі выгадны для буржуазіі закон «Пра бедных» (1834), пад націскам рабочага руху правялі закон аб 10-гадзінным рабочым дні для жанчын і падлеткаў (1847). Торы-кансерватары заставаліся апорай зямельнай арыстакратыі. Аднак ва ўладзе знаходзілася іх памяркоўнае крыло на чале з Р.Пілем (піліты). Яны адмянілі «хлебныя законы» (1846), правялі некаторыя фабр. законы У канцы 1830 — пач. 1850-х г. барацьба брыт. рабочых вылілася ў масавы паліт. рух (чартызм), асн. патрабаваннем якога было ўсеагульнае выбарчае права. Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў за Вялікабрытаніяй вядучую ролю ў міжнар. палітыцы, умацаваў яе пазіцыі на Еўрап. кантыненце. Брыт. ўрады будавалі сваю знешнюю палітыку на аснове прынцыпаў захавання «раўнавагі сіл» у Еўропе і свабоды дзеянняў. У сярэдзіне 19 ст. Вялікабрытанія завяршыла заваяванне Індыі, узмацніла свой уплыў на Б. і Д. Усходзе, абвастрыўшы тым самым англа-рус. адносіны, з 1840-х г. пачалося яе сістэм. пранікненне ў Кітай, т.зв. «опіумныя войны» (гл. Англа-кітайская вайна 1840—42). 1850—60-я г. — час абсалютнай манаполіі Вялікабрытаніі на сусв. рынку. К таму часу яна стала магутнай калан. імперыяй (больш падрабязна пра калан. палітыку Вялікабрытаніі гл. ў арт. Брытанская імперыя, Англа-афганскія войны, Англа-бірманскія войны, Англа-бура-зулуская вайна 1838—40, Англа-бурская вайна 1899—1902, Англа-майсурскія войны, Англа-маратхскія войны, Англа-сікхскія войны, Англа-франка-кітайская вайна 1856—60). Да сярэдзіны 19 ст. ў краіне завяршыўся прамысл. пераварот, па тэмпах росту на 1-е месца выйшла цяжкая прам-сць, расла канцэнтрацыя вытв-сці і капіталу, высокага агратэхн. ўзроўню дасягнула сельская гаспадарка. У адрозненне ад інш. краін у Вялікабрытаніі ўжо існавалі асн. бурж.-дэмакр. свабоды, былі легалізаваны рабочыя і дэмакр. арг-цыі. Эканам. перавага буржуазіі паскорыла ў 1850-я г. фарміраванне Ліберальнай партыі, якая аб’яднала вігаў, фрытрэдэраў, пілітаў. У 2-й пал. 19 ст. яна заняла пануючае становішча ў паліт. жыцці Вялікабрытаніі, значную ролю адыгрываў яе лідэр Г.Дж.Пальмерстан. Вакол торы ўтварылася Кансерватыўная партыя Вялікабрытаніі, адным з самых уплывовых яе лідэраў быў Б.Дызраэлі. У 1867 кансерватары правялі дэмакр. выбарчую рэформу, паводле якой права голасу атрымалі дробная буржуазія і рабочая арыстакратыя. У 1868 у Вялікабрытаніі створана агульнанац. прафс. арг-цыя — Брытанскі кангрэс трэд-юніёнаў. У знешняй палітыцы Вялікабрытанія падтрымала рабаўладальнікаў Поўдня ў час Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65, працягвала саперніцтва з Францыяй і Расіяй за панаванне ў Еўропе, на Б. і Д. Усходзе, выступіла супраць Расіі ў Крымскай вайне 1853—56, у выніку ўмацавала свае пазіцыі ў Асманскай імперыі. У апошняй трэці 19 ст. англ. капіталізм уступіў у новы этап развіцця, гал. рысай якога было ўзнікненне манаполій. Аднак працэс манапалізацыі ў Вялікабрытаніі ішоў больш павольна, чым у маладых капіталіст. краінах (ЗША, Германія). Устарэлая тэхн. база не дазваляла ўкараняць навейшыя дасягненні. Зніжаліся тэмпы росту прам-сці, намецілася адставанне Вялікабрытаніі ад інш. развітых краін. У 1880-я г. манаполія Вялікабрытаніі на сусв. рынку была страчана. Наяўнасць велізарнай калан. імперыі і вываз капіталу за рубеж сталі асн. рысамі англ. манапаліст. капіталізму. Вялікабрытанія ўмацавала свае пазіцыі ў Індакітаі, канчаткова захапіла Бірму (1886), Егіпет (1882), Судан (1890-я г.), устанавіла пратэктарат над Афганістанам (1879). У 1876 англ. каралева абвешчана імператрыцай Індыі. Вынікі 2-й выбарчай рэформы (1867) паказалі неабходнасць барацьбы і кансерватараў, і лібералаў за расшырэнне сваёй сац. апоры. З гэтай мэтай абедзве партыі ў канцы. 19 ст. праводзілі бурж.-дэмакр. рэформы. Ліберальныя кабінеты У.Гладстана (1868—74, 1880—85, 1886, 1892—94) легалізавалі прафсаюзы (1871), расшырылі выбарчае права (1884), правялі адм. рэформы, якія аслабілі пазіцыі арыстакратыі ў дзярж. апараце і арміі. Імкнучыся ўзмацніць кантроль над рабочым насельніцтвам, якое павялічвалася, лібералы прынялі законы пра пач. адукацыю, што стала пачаткам буд-ва дзярж. сістэмы нар. асветы. Кансерватыўныя ўрады Дызраэлі (1874—80) і Р.Солсберы (1885—86, 1886—92, 1895—1902) канчаткова ўзаконілі стачкі (1875), дэмакратызавалі мясц. кіраванне, прадоўжылі сістэматызацыю нар. асветы. Дэмакратызацыя выбарчай сістэмы выклікала перагрупоўку сіл кансерватараў і лібералаў.

Кансерватары пераарыентаваліся на буйных прамыслоўцаў. Лібералы перажывалі крызіс, у 1880-я г. адбыўся раскол іх партыі, выкліканы ірландскай праблемай. У канцы 19 ст. пачалі стварацца масавыя трэд-юніёны, узнікалі сацыяліст. арг-цыі. у 1900 утварылася агульнанац. рабочая партыя — К-т рабочага прадстаўніцтва (з 1906 Лейбарысцкая партыя Вялікабрытаніі).

З канца 19 ст. тэмпы эканам. росту Вялікабрытаніі запаволіліся, па аб’ёме вытв-сці яна пачала адставаць ад ЗША і Германіі. У пач. 20 ст. абвастрыліся супярэчнасці з Германіяй з-за рынкаў збыту і панавання на моры. Сац. напружанасць вымусіла кіруючыя колы Вялікабрытаніі пайсці на пэўныя ўступкі працоўным і ў адносінах да заморскіх тэр.: правы дамініёнаў атрымалі Канада (1867), Аўстралійскі Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907). Абвастрэнне англа-герм. супярэчнасцей садзейнічала ўрэгуляванню адносін Вялікабрытаніі з Францыяй і Расіяй. Падпісанне англа-французскага пагаднення 1904 і англа-рускага 1907 (гл. Англа-расійскія пагадненні 1873, 1885, 1907) заклала асновы ваен. саюзу Антанты. У 1-й сусв. вайне Вялікабрытанія шырока выкарыстоўвала матэрыяльныя рэсурсы сваіх калоній. Упершыню былі ўведзены воінская павіннасць, ваен. рэжым. У выніку вайны Вялікабрытанія атрымала частку б. герм. і тур. уладанняў у Афрыцы і Азіі. Германія перастала быць яе асн. сапернікам на сусв. рынках, у калоніях і на моры. Але вайна каштавала Вялікабрытаніі амаль трэці нац. багацця, яна страціла частку рынкаў і вядучую ролю ў сусв. гандлі, аслаблі яе міжнар. фінансавыя пазіцыі. Узмацніўся нац.-вызв. рух у калоніях і рабочы рух у метраполіі. Брыт. ўрад быў адным з гал. арганізатараў узбр. інтэрвенцыі супраць Сав. Расіі, што выклікала масавы рух «Рукі прэч ад Расіі!». Правал інтэрвенцыі вымусіў урад пайсці на сав.-англ. перагаворы і падпісаць у 1921 гандл. пагадненне, што азначала прызнанне Сав. Расіі дэ-факта. На хвалі ўздыму барацьбы працоўных за свае правы ў 1920 ўзнікла кампартыя Вялікабрытаніі (КПВ), якая не стала значнай паліт. сілай у краіне (спыніла дзейнасць у ліст. 1991). Крызісныя з’явы вымусілі кіруючыя колы Вялікабрытаніі правесці шэраг рэформаў (выбарчае права для мужчын з 21 года, для жанчын з 30 гадоў, пашырэнне сістэмы сац. страхавання, абавязковае навучанне дзяцей да 14 гадоў, дзярж. дапамога ў вырашэнні жыллёвага пытання). Пасля 1-й сусв. вайны ліберальная партыя паступова выцяснялася з паліт. жыцця лейбарыстамі, якія ў 1924 і 1929—31 сфарміравалі ўрад на чале з Дж.Р.Макдональдам. Але гал. ролю ў міжваен. перыяд адыгрывала партыя кансерватараў, якая ў сваіх мэтах выкарыстоўвала кааліцыю з нацыянал-лейбарыстамі і нацыянал-лібераламі (1931—39). Эканоміка Вялікабрытаніі развівалася марудна з-за тэхн. адсталасці прам-сці (асабліва вядучых галін — вуглездабыўной, металургічнай, машынабуд.), абумоўленай недахопам капіталаўкладанняў. Узмацнілася і канкурэнцыя з боку ЗША і інш. краін. Спроба мадэрнізаваць прам-сць і павысіць яе эфектыўнасць за кошт працоўных выклікала супраціўленне прафсаюзаў. Усеагульная стачка 1926 скончылася паражэннем і новым наступленнем на заваёвы працоўных. У час сусв. эканам. крызісу 1929—33 у Вялікабрытаніі ўзмацніліся бурж.-рэфармісцкія тэндэнцыі. Умяшанне дзяржавы ў эканоміку вялося амаль выключна ўскоснымі метадамі рэгулявання фін.-крэдытнай сферы. Але для барацьбы з рабочым рухам урад часцей прыбягаў да рэпрэсій, чым да рэформаў. Разам з тым у Вялікабрытаніі рабочыя мелі значныя сац. заваёвы. У абставінах абвастрэння адносін з дамініёнамі англ. ўрад пашырыў іх правы і перайшоў да палітыкі поўнага пратэкцыянізму (гл. Англа-трансіарданскія дагаворы 1928, 1946, 1948, Вестмінстэрскі статут 1931). У знешняй палітыцы Вялікабрытаніі ў міжваен. перыяд пераважалі антысав. тэндэнцыі, імкненне наладзіць адносіны з Германіяй, утаймаваць агрэсара. Таму ўрад Н.Чэмберлена (1937—40) падпісаў Мюнхенскае пагадненне 1938, не прыклаў намаганняў для стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе. Пасля нападу Германіі на Польшчу Вялікабрытанія разам з Францыяй 3.9.1939 уступіла ў вайну, але не вяла актыўных дзеянняў. Канец «дзіўнай вайне» паклала ў крас. 1940 агрэсія Германіі ў Даніі і Нарвегіі. Пасля капітуляцыі Францыі (22.6.1940) Вялікабрытанія засталася сам-насам з Германіяй. Пасля адстаўкі Чэмберлена з мая 1940 урад узначаліў У.Чэрчыль, які асэнсаваў глыбіню нацысцкай пагрозы і арганізаваў абарону Брытаніі. Значную матэрыяльную дапамогу Вялікабрытаніі аказалі ЗША. 12.7.1941 СССР і Вялікабрытанія заключылі пагадненне пра сумесныя дзеянні ў вайне супраць Германіі, а 26.5.1942 — Дагавор аб саюзе ў вайне супраць гітлераўскай Германіі і яе сатэлітаў у Еўропе, аб супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе пасля вайны тэрмінам на 20 гадоў, англа-савецка-іранскі дагавор 1942. Нягледзячы на саюзныя абавязацельствы, Вялікабрытанія адцягвала адкрыццё 2-га фронту ў Зах. Еўропе. У 2-й сусв. вайне Вялікабрытанія панесла меншыя чалавечыя ахвяры (каля 300 тыс. чал.), чым у 1914—18. Значна большымі былі матэрыяльныя страты — 8,5 млрд. фунтаў стэрлінгаў. Унутр. і знешняя дзярж. запазычанасць патроілася. Аслаблі пазіцыі Вялікабрытаніі і на сусв. рынку, яе цяснілі ЗША. Значная частка залатога запасу Вялікабрытаніі перамясцілася ў амер. банкі, рэзка вырас дэфіцыт яе плацежнага балансу. Узмацніўся рух за нац. незалежнасць калан. краін. Эканоміка Вялікабрытаніі пасля вайны развівалася нізкімі тэмпамі. Асабліва ў 1950-я г. ва ўмовах нарастання навук.-тэхн. прагрэсу, узмацнення інтэграцыйных працэсаў у Зах. Еўропе і распаду калан. сістэмы. У сярэдзіне 1960-х г. Вялікабрытанія саступіла 2-е месца па развіцці ФРГ, а ў 1970-я г. яе абышлі Японія і Францыя. Значныя страты эканоміцы нанеслі крызісы 1974—75 і 1980—82. Да 1986 узровень беспрацоўя не апускаўся ніжэй за 3 млн. чал. (13—14% працаздольнага насельніцтва). Эканам. цяжкасці былі абумоўлены адставаннем Вялікабрытаніі ад многіх краін па ўзроўні прадукцыйнасці працы, нерацыянальным выкарыстаннем інвестыцый, недастатковым укараненнем дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу, вял. ваен. выдаткамі, імкненнем захаваць свой уплыў у краінах Брыт. садружнасці.

З канца вайны хутка рос паліт. ўплыў лейбарысцкай партыі. У 1945 прыняты маніфест «Тварам да будучыні», у якім ставілася мэта стварыць сацыяліст. садружнасць Вялікабрытаніі шляхам эвалюцыі ў рамках змешанай эканомікі ў бок павелічэння ў ёй ролі дзярж. маёмасці, абвешчана шырокая сац. праграма. Лейбарысты выказваліся за захаванне саюзу з СССР і ЗША. Іх урады (у 1945—51 К.Этлі, у 1964—70 і 1974—76 Г.Вільсана, у 1976—79 Дж.Калагэна) нацыяналізавалі Англ. банк, вугальную, газавую, сталеліцейную, электраэнергетычную прам-сць, чыгунку, сродкі сувязі, шэраг авіякампаній, радыё, тэлебачанне і інш. Дзяржава выплаціла ўладальнікам гэтых прадпрыемстваў буйныя кампенсацыі і затраціла вял. сродкі на іх мадэрнізацыю. Каб зберагчы прыбыткі манаполій, быў прыняты план Маршала, уведзена новая сістэма сац. страхавання, палепшана сістэма адукацыі, адменены антыпрафсаюзны закон 1927. У 1965 упершыню прыняты 5-гадовы «нац. эканам. план». Імкнучыся стрымаць рост заработнай платы, спыніць забастоўкі, увесці арбітраж пры працоўных канфліктах, урад Вільсана ў 1975 дамогся «сац. кантракта» паміж трэд-юніёнамі і ўрадам: прафсаюзы абавязаліся на 2 гады абмежаваць павелічэнне зарплаты 10% у год, што стала асновай антыінфляцыйнай палітыкі.

Кансерватары, якія знаходзіліся ва ўладзе у 1915—55 (Чэрчыль), 1955—57 (А.Ідэн), 1957—63 (Г.Макмілан), 1963—64 (А.Дуглас-Х’юм), 1970—74 (Э.Хіт), 1979—90 (М.Тэтчэр) і з 1990 (Дж.Мэйджар), прызналі рэформы лейбарыстаў, але абмежавалі іх маштабы. У аснове іх эканам. палітыкі была дэнацыяналізацыя ў інтарэсах прыватнага капіталу. Яны адмянілі кантроль над платай за жыллё, павялічылі ўзносы працоўных у фонд нац. службы аховы здароўя; у 1962 стварылі Нац. савет эканам. развіцця, які распрацоўваў рэкамендацыйныя планы развіцця эканомікі, абмежавалі рост заработнай платы 2,5%. У 1971 урад Хіта прыняў закон «аб адносінах у прамысловасці», які прымушаў прафсаюзы рэгістравацца ў спец. органах дзярж. нагляду, забараніў стачкі салідарнасці і паліт. выступленні трэд-юніёнаў, што выклікала пратэсты рабочых. У 1960 кансерватары стварылі Еўрап. асацыяцыю свабоднага гандлю. Найб. выніковай была дзейнасць урада Тэтчэр, якая праводзіла палітыку радыкальнай перабудовы эканомікі на прынцыпах неакансерватызму. Праведзены шэраг мер па ліквідацыі інфляцыі, дэнацыяналізацыя і прыватызацыя, заахвочвалася прыватна-прадпрымальніцкая ініцыятыва, у т. л. дробны бізнес, скарачалася падаткаабкладанне асабістых прыбыткаў. Разам з гэтым пачалося наступленне на прафсаюзы. Тэмпы эканам. росту ў Вялікабрытаніі перавышалі ўсе еўрап. паказчыкі, створана больш рабочых месцаў, чым у краінах ЕЭС, разам узятых. Рэзка павялічылася колькасць акцыянераў (11 млн. чал.) і ўладальнікаў прыватнага жылля (60% сем’яў). У 1980-я г. змянілася аблічча брыт. мадэлі дзярж.-манапаліст. капіталізму. Гэта выявілася ў скарачэнні дзярж. сектара пры павышэнні яго эфектыўнасці, у выкарыстанні пераважна крэдытна-фін. метадаў дзярж. рэгулявання, у дзярж. стымуляванні развіцця эканомікі на базе перадавых навукаёмістых тэхналогій і інш. Ва ўмовах эканам. крызісу 1990—92 карэктывы ў палітыку ўнёс урад Мэйджара. Ён адмовіўся ад рэзкага скарачэння сац. выдаткаў, адмяніў непапулярны падушны падатак. З 1994 пачаўся рост поўнай занятасці, хоць беспрацоўе яшчэ захоўвалася на ўзроўні 8,4%. Мэйджар працягвае курс на частковы дэмантаж дзярж. сістэмы сац. абароны, праводзіць няўхільную лінію на зніжэнне кошту рабочай сілы. Праўленне кансерватараў адзначана жорсткім курсам у адносінах да Паўн. Ірландыі (Ольстэр). У 1970 спынена дзейнасць заканад. сходу Ольстэра і ўведзена прамое праўленне Лондана. У 1985 Тэтчэр падпісала пагадненне з Ірландскай Рэспублікай аб кіраванні справамі Паўн. Ірландыі. У 1995—96 дасягнута дамоўленасць аб правядзенні выбараў у Асамблею Ольстэра, а ў чэрв. 1996 пачаліся перагаворы з удзелам усіх зацікаўленых бакоў пры ўмове, што Ірландская рэсп. армія (ІРА) адмовіцца ад тэрору.

Знешняя палітыка лейбарыстаў і кансерватараў пасля 2-й сусв. вайны была прасякнута духам «халоднай вайны»: мацаваліся адносіны з ЗША, Вялікабрытанія ўдзельнічала ў стварэнні сістэмы ваен.-паліт. саюзаў, вяла «малыя» каланіяльныя войны ў Малаі, Угандзе, Нігерыі і інш., адыграла значную ролю ў суэцкай авантуры 1956 і інш. (гл. Англа-егіпецкі дагавор 1936, Англа-егіпецкае пагадненне 1954). Пад націскам нац.-вызв. руху Вялікабрытанія вымушана была пайсці на прызнанне незалежнасці б. калоній. У 1949 адменены Вестмінстэрскі статут 1931 (аб вернасці кароне); манарх прызнаны сімвалам свабоднай асацыяцыі незалежных нацый у рамках брыт. Садружнасці. Рэцыдывам імперскай свядомасці стаў англа-аргенцінскі канфлікт 1982. У 1952 Вялікабрытанія выпрабавала атамную, у 1957 — вадародную бомбу. Рашэнне аб’яднаць ядз. сілы з амер. ў рамках агульных ваен. стратэгічных планаў і размяшчэнне амер. ракет на брыт. тэр. выклікалі антыядзерны рух у краіне. З 1960-х г. узмацнілася еўрап. арыентацыя брыт. знешняй палітыкі. У 1973 Вялікабрытанія ўступіла ў ЕЭС, у 1975 падпісала Заключны акт Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ). У 1980-я г. Вялікабрытанія першая з зах. краін падтрымала працэс перабудовы ў СССР. Дасягнута дамоўленасць з КНР аб перадачы ёй ў 1997 Ганконга. У 1990 разам з СССР, ЗША і Францыяй падпісала з ГДР Дагавор аб канчатковым урэгуляванні адносін з Германіяй, аб спыненні дзеяння чатырохбаковых пагадненняў аб Берліне і ўсёй Германіі, заключаных пасля 2-й сусв. вайны. Вялікабрытанія — чл. ААН з 1945, пастаянны чл. Савета Бяспекі ААН, чл. Еўрапейскага Саюза, Савета Еўропы, НАТО і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992. Гл. таксама раздзел Гісторыя ў арт. Паўночная Ірландыя, Уэльс, Шатландыя.

Палітычныя партыі і прафсаюзы.

Кансерватыўная партыя, Лейбарысцкая партыя Вялікабрытаніі, Ліберальна-дэмакр. партыя. Дзейнічае 413 прафсаюзаў, найбуйнейшае аб’яднанне — Брытанскі кангрэс трэд-юніёнаў. У Шатландыі і Уэльсе свае праф. аб’яднанні — Шатландскі кангрэс трэд-юніёнаў і Уэльскі кангрэс трэд-юніёнаў.

Гаспадарка. Вялікабрытанія — высокаразвітая індустрыяльная краіна (7-е месца ў свеце па вытв-сці прамысл. прадукцыі). Доля ў валавым унутр. прадукце (ВУП): прам-сці каля 40%, сельскай гаспадаркі каля 2, гандлю каля 6, транспарту каля 7, будаўніцтва каля 6%. Дзяржава кантралюе кам.-вуг. прам-сць, эл.-энергетыку, чыг. транспарт, нац. банк, чорную металургію, некаторыя кампаніі апрацоўчай прам-сці. З 1980-х г. узяты курс на дэнацыяналізацыю, продаж дзярж. прадпрыемстваў і скарачэнне дзярж. сектара. Прамысловасць дае 90% экспарту. Вугальная прам-сць — старэйшая ў краіне. У 1992 кам. вугалю здабывалася 87 млн. т, бурага 10 млн. т. Асн. раёны здабычы — Йоркшырскі (60%), Нортамберленд-Дарэмскі, Паўднёва-Уэльскі. Здабыча нафты 87 млн. т, прыроднага газу — 48 млрд. м³ на шэльфе Паўн. мора. Нафтаперапр. прам-сць у прыморскіх і прамысл. раёнах (26 з-даў агульнай магутнасцю 123 млн. т за год). Вытв-сць эл.-энергіі 327 млрд. кВт·гадз (1992), у т. л. на ЦЭС 77,8%, АЭС 16,2, ГЭС 6%. Чорная металургія працуе на ўласным паліве і імпартнай жал. рудзе. Пераважае кіслародна-канвектарны спосаб і электраплаўка. Выплаўляецца 16,2 млн. т сталі (1992). Асн. металург, з-ды ў прыбярэжных раёнах: Паўд. Уэльс, Тайнсайд, Шатландыя; высакаякасныя сталі — у раёне Шэфілда, яе асн. вытворца — дзярж. кампанія «Брытыш стыл». Каляровая металургія працуе амаль цалкам на прывазной сыравіне, яе прадпрыемствы размешчаны пераважна ў партовых гарадах эстуарыя Тэмзы, Паўд. Уэльса, Ланкашыра. Алюміній выпускаюць з-ды на ПнУ і на в-ве Англсі. Апрацоўка каляровых металаў сканцэнтравана ў буйных цэнтрах машынабудавання, якое дае 40% кошту прамысл. прадукцыі і ​1/3 экспарту. Вылучаецца агульнае машынабудаванне (комплекснае, дарожнае, пагрузачна-разгрузачнае, пад’ёмна-транспартнае, с.-г., станкі і прылады), электроннае (ЭВМ і мікраэлектронныя элементы), транспартнае (рухомы састаў чыгунак, судна-, аўтамабіле- авіяракетабудаванне). Вытв-сць легкавых аўтамабіляў — 1291 тыс. (1992): асн. кампаніі «Форд», «Джэнерал мотарс», «Брытыш Лейленд мотар». Асн. цэнтры разнастайнага машынабудавання — Брысталь, Вял. Лондан, Дэрбі, стаканабудавання — Ковентры, Лестэр, Бірмінгем, прыладабудавання — Вял. Лондан, Бірмінгем, вытв-сці тэкстыльных машын — Ланкашыр, Йоркшыр, Усх. Мідленд, цяжкага машынабудавання — металургічныя цэнтры ПнУ Англіі і Клайдсайда, аўтамабілебудавання — Бірмінгем, Ковентры, Вял. Лондан, Лутан, Оксфард, Ланкашыр, суднабудавання — Клайдсайд, ПнУ Англіі, Белфаст. У аснове хім. прам-сці — вытв-сць сернай кіслаты, хлору, соды, мінер. угнаенняў, разнастайнай прадукцыі: сінт. валокнаў, пластмас, фарбавальнікаў, мыйных сродкаў, аграхімікатаў, фармацэўтычных тавараў і інш. Асн. раёны хіміі: ПдУ (Вял. Лондан — тонкая хімія і фармацэўтыка, Фолі — нафтахімія), Ланкашыр (асн. хімія і нафтахімія), ПнУ (комплекс вытворчасцей арган. і неарган. хіміі, цэнтр г. Білінгем), сярэдняя Шатландыя (нафтахімія — г. Грэйнджмут), Паўд. Уэльс (нафтахімія — каля г. Суонсі), ПдУ і Йоркшыр (мінер. ўгнаенні). Тэкст. прам-сць — старэйшая экспартная галіна, але былое сваё значэнне страціла. Асн. раён баваўнянай прам-сці — Ланкашыр, шарсцяной — Йоркшыр, трыкатажнай — Усх. Мідленд, ільняной — Паўн. Ірландыя. Разнастайная вытв-сць тканін з хім. валокнаў. Добра развіты швейная і абутковая прам-сць. Усюды развіта харч. прам-сць, якая перапрацоўвае мясц. сыравіну, у партовых гарадах — імпартную.

Сельская гаспадарка высокамеханізаваная, інтэнсіўная, забяспечвае больш за 80% патрэбы краіны ў харч. прадуктах. Больш за палову зямлі належыць буйным фермам (больш за 100 га), якія даюць асн. ч. таварнай прадукцыі. Гал. галіна — малочная і мясная жывёлагадоўля (70% кошту с.-г. прадукцыі), добра забяспечаная натуральнымі сенажацямі і пашамі (70% с.-г. зямель), кармавымі культурамі (​1/3 пасяўной плошчы) і імпартным фуражом. У 1994 (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 12, свіней (пераважна беконных) 7,7, авечак 43, птушкі 127. У раслінаводстве пераважаюць збожжавыя культуры (​3/5 ворыва, збор 22,5 млн. т у 1993). Гал. культуры — ячмень і пшаніца, вырошчваюць кукурузу, бульбу, цукр. буракі. Развіта агародніцтва, садоўніцтва, парніковая гаспадарка, кветкаводства. Сярэдняя ўраджайнасць пшаніцы больш за 60 ц/га, ячменю — 48 ц/га, цукр. буракоў — 350 ц/га, бульбы — 340 ц/га. Марское і рачное рыбалоўства. Гал. жытніца краіны — Усх. Англія і ПдУ.

Гал. від транспарту — марскі (больш за 90% грузаабароту). Танаж марскога флоту 19,2 млн. бр. рэг. т (1994). Найб. марскія парты (1994): Лондан (каля 80 млн. т, 40% экспарту і 25% імпарту краіны), Ліверпул, Мілфард-Хейвен, Саўтгемптан, Манчэстэр, Глазга, Хал (Гуль), Брысталь. Даўж. чыгунак 16,9 тыс. км (1994), у т. л. 4,5 тыс. км электрыфікавана. Гал. чыг. вузел — Лондан (11 промняў). Тунэль пад Ла-Маншам і паромныя пераправы звязваюць чыгункі Вялікабрытаніі і мацерыковай Еўропы. Аўтатранспарт (22 млн. аўтамабіляў, у т. л. 17 млн. легкавых) ажыццяўляе б.ч. ўнутр. грузаперавозак і 90% пасажыраперавозак. Даўж. шашэйных дарог 363 тыс. км. З унутр. водных шляхоў (даўж. 2,3 тыс. км) найб. значэнне маюць р. Тэмза і Манчэстэрскі канал. У краіне 933 км нафтаправодаў, 2993 км нафтапрадуктаправодаў, 12,8 тыс. км газаправодаў. Працуе 385 аэрапортаў, найбуйнейшыя каля Лондана, Манчэстэра, Глазга. Асн. гандл. партнёры — краіны Еўрап. супольнасці (45% знешнегандл. абароту), асабліва ФРГ і Францыя, а таксама краіны Садружнасці і ЗША. Доля Вялікабрытаніі ў сусв. экспарце — каля 9% (5-е месца ў свеце). Вывозяцца нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, аўтамашыны, сталь, прадукцыя хім. прам-сці, тэкстыль. На долю Вялікабрытаніі прыпадае больш за 80% сусв. экспарту віскі, 44,5% авіяц. рэактыўных рухавікоў, больш за 28% штучных валокнаў. Імпарт: бавоўна, руды металаў, сера, фасфарыты, натуральны каўчук, шэрсць, харч. тавары. Вялікабрытанія — буйны экспарцёр капіталу (2-е месца ў свеце пасля ЗША). Турызм дае 4% ВУП, занята больш за 1 млн. чал. Грашовая адзінка — фунт стэрлінгаў.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск (арміі), ВПС і ВМФ, якія знаходзяцца ў стане рэфармавання (да 2000 года). У канцы 1994 налічвалі 254,3 тыс. чал. (376,2 тыс. рэзервістаў). Камплектуюцца з добраахвотнікаў. Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Сухап. войскі (1995) налічваюць 119 тыс. чал., размешчаны ў метраполіі (механізаваная і бранятанкавая дывізіі, 15 асобных пях. брыгад і інш.), ФРГ (23 тыс. чал., уваходзяць у склад «сіл хуткага разгортвання» НАТО) і на заморскіх тэрыторыях, у т. л. 2 пях. батальёны на Кіпры, па аднаму пяхотнаму батальёну ў Брунеі, Белізе, на Фалклендскіх а-вах, у Ганконгу (пях. брыгада, да 1997). Паводле дагавора аб звычайных узбр. сілах у Еўропе яны маюць на ўзбраенні да 1015 танкаў, 636 гармат палявой артылерыі, 384 баявых верталётаў, 3176 баявых браніраваных машын. У ВПС (1995) 75,7 тыс. чал., больш за 320 баявых самалётаў і 159 верталётаў. ВМФ (1994) найбуйнейшы ў Зах. Еўропе — 53 600 чал., 113 баявых караблёў (4 атамныя ракетныя, 13 атамных мнагамэтавых і 5 дызельных падводных лодак, 3 лёгкія авіяносцы, 12 эскадраных мінаносцаў, 26 фрэгатаў, 10 патрульных, 33 мінна-тральныя, 7 дэсантных) і 20 патрульных катэраў.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 74, у жанчын 80 гадоў. Смяротнасць 11на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 146 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 611 чал. Узровень нараджальнасці 13 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 7 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Вялікабрытаніі грунтуецца на актах аб адукацыі 1944 (Англія і Уэльс), 1945 (Шатландыя) і 1947 (Паўн. Ірландыя). У Англіі і Уэльсе яна складаецца з 3 ступеняў: 1-я — пач. адукацыя, 2-я — сярэдняя, 3-я — далейшая і універсітэцкая адукацыя. Абавязковая адукацыя для дзяцей ва ўзросце 5—16 гадоў. Існуе дзярж. сістэма нар. адукацыі (93% навучэнцаў) і прыватная (7%). Дзярж. сістэма — дашкольныя ўстановы (для дзяцей да 5 гадоў), пач. школы (5—11 гадоў), сярэднія школы (11—16 гадоў — няпоўныя, да 18 гадоў — поўныя). Сярэднюю адукацыю вучні атрымліваюць, як правіла, у аб’яднаных школах (да іх прымыкаюць школы з прамежкавай ступенню). Захоўваюцца і традыц. тыпы сярэдніх школ: граматычныя і сучасныя, ёсць нязначная колькасць сярэдніх тэхн. школ. Формы і метады навучання ў розных тыпах школ неаднолькавыя. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучні здаюць экзамены звычайнага ўзроўню, якія даюць магчымасць паступаць у навуч. ўстановы сістэмы далейшай адукацыі, або экзамены павышанага ўзроўню, якія замяняюць уступныя выпрабаванні ва ун-т і інш. ВНУ. Вучні, якія не здавалі выпускных экзаменаў (каля 30%), пакідаюць школу ва ўзросце 16 гадоў. Далейшая адукацыя (для асоб ва ўзросце больш за 16 гадоў) уключае агульнаадук., прафес. і тэхн. навуч. ўстановы рознага ўзроўню, установы для адукацыі дарослых, некаторыя ВНУ (усе віды вышэйшай адукацыі ў Англіі і Уэльсе, за выключэннем універсітэцкай, належаць да ступені далейшай адукацыі). Ун-ты традыцыйна не належаць да сістэмы далейшай адукацыі, да іх далучаюцца некаторыя спец. каледжы вышэйшай адукацыі, якія маюць курсы, што даюць магчымасць выпускнікам здаваць экзамены на атрыманне вучонай ступені або дыплома аб вышэйшай адукацыі (тэхн., маст. і інш.). Школьная сістэма Шатландыі будуецца на ўзор англійскай, аднак у пач. школах тэрмін навучання 7 гадоў, у сярэдніх — 6. Асноўны тып сярэдняй школы — аб’яднаная школа. Ёсць нязначная колькасць прыватных школ. Сярэднюю прафес. адукацыю даюць дзённыя і вячэрнія каледжы на базе няпоўнай сярэдняй школы, вышэйшую — цэнтр. ін-ты (на базе поўнай сярэдняй школы). У Паўн. Ірландыі паводле закону 1947 створана сістэма адукацыі на ўзор англійскай.

На 1.1.1996 у Вялікабрытаніі 29 900 дзярж. агульнаадук. школ, 1800 спецыялізаваных, 2500 прыватных (ва ўсіх відах школ навучалася больш за 9 млн. навучэнцаў); больш за 90 ун-таў (1 млн. 541 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты: Оксфардскі універсітэт, Кембрыджскі універсітэт, Лонданскі універсітэт, ун-т у Глазга (з 1451), Абердзінскі (з 1495), Эдынбургскі (з 1583), Дарэмскі (з 1832), Каралеўскі ун-т у Белфасце (з 1845), ун-т Уэльса ў Кардыфе (з 1893), Ольстэрскі ун-т у Калрэйне (з 1984). У 1988 статус ун-таў атрымалі 47 ін-таў, заснаваны ун-т і Каралеўскі каледж мастацтваў. Буйнейшыя б-кі: Брытанская бібліятэка ў Лондане, б-ка Оксфардскага ун-та (з 1602), б-ка Кембрыджскага ун-та, Нац. б-ка Уэльса ў Кардыфе (з 1907), Публічная б-ка Ланкашыра (з 1924), Нац. б-ка Шатландыі ў Эдынбургу (з 1682), б-кі Эдынбургскага і Лонданскага ун-таў. Найб. музеі: Брытанскі музей (з 1753), Брытанскі музей прыродазнаўчай гісторыі, Навуковы музей (з 1857; мае унікальную калекцыю машын), Лонданскі музей (з 1912), Нац. галерэя (з 1824), Музей Вікторыі і Альберта (з 1852), Галерэя Тэйт (з 1897), Нац. партрэтная галерэя (з 1857) — усе ў Лондане; Нац. музей Уэльса ў Кардыфе (з 1907), мемарыяльны музей Шэкспіра ў г. Стратфард-он-Эйван; Шатландскі каралеўскі музей (з 1854), Нац. галерэя Шатландыі (з 1859), Нац. музей шатландскіх выдатнасцей (з 1780) — усе ў Эдынбургу. Навукова-даследчую работу ў Вялікабрытаніі праводзяць ун-ты, Лонданскае каралеўскае т-ва, Грынвіцкая астр. абсерваторыя, Савет даследаванняў па грамадскіх навуках, галіновыя дэпартаменты і навук. цэнтры, а таксама каап. асацыяцыі, фірмы, прыватна-прамысл. лабараторыі і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. Вялікабрытанія займае адно з вядучых месцаў у свеце па насычанасці прэсай. Выходзіць каля 160 штодзённых і нядзельных газет, 1300 штотыднёвых, 7,5 тыс. інш. перыяд. выданняў (1992). Найб. уплывовыя газеты: «The Daily telegraph and morning post» («Штодзённы тэлеграф і ранішняя пошта», з 1855); «Daily express» («Штодзённы экспрэс», з 1900), «Daily mail» («Штодзённая пошта», з 1896), «Sunday times» («Нядзельны час», з 1822), «The Times» («Час», з 1785), «Daily mirror» («Штодзённае люстэрка», з 1903), «Sunday mirror» («Нядзельнае люстэрка», з 1915), «The People» («Народ», з 1881), «Tribune» («Трыбуна», з 1937), «The Observer» («Аглядальнік», з 1791). У Вялікабрытаніі няма афіц. цэнзуры, дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі рэгулюецца заканад. актамі. Амаль усе газеты ў фінансавых адносінах незалежныя ад паліт. партый і праводзяць самаст. рэдакцыйную палітыку. Вядучыя інфармацыйна-тэлеграфныя агенцтвы: Рэйтэр (Reuter), Прэс Асашыэйшэн (The Press Association), Эксчэйндж Тэлеграф (The Exchange Telegraph). Рэгулярнае радыёвяшчанне з 1922. Радыё- і тэлевяшчанне вядзецца пераважна 2 буйнымі агульнанац. арг-цыямі: «Брытыш бродкастынг карпарэйшэн» (Бі-бі-сі) «і Індэпэндэнт бродкастынг асорыты» (Ай-бі-эй). Дзейнічае некалькі дробных радыёкампаній, якія вядуць вяшчанне на асобныя рэгіёны краіны. Тэлевяшчанне (2 агульнанац. і 10 рэгіянальных праграм) вядзецца Бі-бі-сі і 16 прыватнымі тэлекампаніямі, якія адносяцца да Ай-бі-эй. Тэлеслужба Бі-бі-сі (з 1936) вядзе перадачы па 2 каналах (Бі-бі-сі І ахоплівае 99% насельніцтва Вялікабрытаніі, Бі-бі-сі II — 94%). Праграмы тэле- і радыёвяшчання трансліруюцца з дапамогай шырока развітых сетак наземнага, спадарожнікавага вяшчання і кабельнага тэлебачання. З некалькіх дзесяткаў спадарожнікаў розных краін і кампаній магчымы прыём больш за 100 тэле- і радыёпраграм (з іх каля 80 на англ. мове), практыкуюцца перадачы на некалькіх мовах з магчымасцю выбару любой з іх. Тэлепраграмы вядуцца па сістэмах каляровага тэлебачання PAL і SECAM; PAL plus і D2=MAC; MPEG. Мона- і стэрэафанічнае гукавое суправаджэнне перадаецца аналагавым і лічбавым спосабамі. Прыём вядзецца на індывідуальныя (76%) і калектыўныя (24%) антэны. Многія праграмы носяць агульнаеўрапейскі (BBC World, Euronews, Eurosport і інш.) і міжнародны (CNN) характар. Шырока практыкуецца паказ закадзіраваных праграм.

Літаратура. Вытокі л-ры Вялікабрытаніі ў багатым фальклоры англасаксаў, якія ў 5—6 ст. прыйшлі з кантынента і прынеслі з сабою герм. міфы і легенды, што вусна перадаваліся з пакалення ў пакаленне. З твораў нар. паэзіі англасаксаў зберагліся элегічныя паэмы «Бадзяга», «Скаргі Дэора», «Жальба жонкі», фрагмент эпічнай паэмы «Фінсбургская бітва». Пісьмовая л-ра ўзнікла ў 7 ст. Найб. стараж, помнікі гераічнага эпасу — паэмы «Беавульф» (напісана ў канцы 7 ст., захавалася ў рукапісе 10 ст.). Пасля ўвядзення хрысціянства з’явілася л-ра на лац. мове (Альдгельм, Беда Высокашаноўны, Алкуін), ствараліся рэліг. паэмы і на англасаксонскай мове (Кэдман, Кюневульф). Англасаксонская проза зарадзілася ў 9—11 ст. (кароль Альфрэд, Эльфрык, Вульфстан). Пасля заваявання Англіі нарманамі (11—13 ст.) развівалася трохмоўная л-ра: царк. творы на лац. мове, рыцарскія вершы і паэмы на франц., англ. паданні на англасаксонскай. Да сярэдзіны 14 ст. склалася агульнанац. англ. мова. Апошняй праявай літ. трохмоўя была творчасць Джона Гаўэра (паэма «Люстэрка роздуму», 1376—79, на франц. мове; «Марны лямант у пустыні», 1382, на лац.; «Гісторыя закаханага», 1390, выд. 1483, на англ.). Драм. падзеі часоў Сял. вайны пад кіраўніцтвам Уота Тайлера адлюстраваны ў творчасці У.Ленгленда (паэма «Мроя аб Пятру-аратаю», 1362). Вяршыня л-ры класічнага сярэднявечча і прадвеснік рэнесансу ў Англіі — нац. эпас Дж.Чосера «Кентэрберыйскія апавяданні» (канец 14 ст.). Стогадовая вайна з Францыяй, вайна Пунсовай і Белай руж затрымалі развіццё л-ры Вялікабрытаніі. Сярод нямногіх помнікаў 15 ст. — выкладзеныя ў прозе легенды аб рыцарах Круглага стала (раман «Смерць Артура» Т.Мэлары, апубл. ў 1485); развівалася нар. паэзія — балады легендарнага, гіст., драм. характару.

Спыненне феад. спрэчак і ўстанаўленне абсалютызму Цюдараў спрыялі адраджэнню л-ры. У пач. 16 ст. актыўна пранікаюць з кантынента на Брытанскія а-вы ідэі гуманізму. Т.Мор стварыў новы ў еўрап. л-ры жанр рамана-утопіі («Утопія», 1516, на лац. мове; 1551, на англ. мове), а паэты-«петраркісты» — узоры англ. санета (зб. «Песні і санеты», 1557). З уступленнем на трон Лізаветы І гуманізм становіцца гал. кірункам у англ. л-ры. Вяршыняй эпічнай паэзіі стала паэма Э.Спенсера «Каралева фей» (1590), напісаная арыгінальнай страфой (спенсерава страфа). Зарадзіліся жанры махлярскага і прыгодніцкага раманаў, пастаральнай л-ры («Эўфуэс і яго Англія» Дж.Лілі, 1580; «Аркадыя» Ф.Сідні, 1590, «Вопыты і павучанні» Ф.Бэкана, 1597—1625). Тэарэт. маніфестам англ. рэнесансу ў л-ры стала «Абарона паэзіі» Сідні (1581, апубл. 1595). У драматургіі аб’яднанне традыцый нар. т-ра з «вучонай» драмай ажыццявілі К.Марла, Р.Грын, Т.Кід, Лілі. Найвышэйшае дасягненне англ. драматургіі — творчасць У.Шэкспіра. Завяршаюць перыяд росквіту англ. драматургіі Б.Джонсан, Т.Хейвуд, Т.Дэкер, Ф.Бомант і Дж.Флетчэр.

Да буйнейшых з’яў л-ры 17 ст. належыць «метафізічная школа» паэтаў (Дж.Дон, Дж.Херберт), лірыка кавалераў (Э.Марвел), алегарычны раман «Шлях паломніка» Дж.Беньяна, паэзія і драматургія Дж.Драйдэна, класіцыстычная камедыя нораваў (У.Уічэрлі, У.Конірыў, Дж.Этэрыдж, Дж.Ванбру, Дж.Фаркер). Паэма Дж.Мільтана «Страчаны рай» пазначыла пераход ад гуманізму да асветніцкай ідэалогіі. У 18 ст. ў рэчышчы англ. Асветніцтва развівалася некалькі літ. кірункаў: класіцызм (паэмы А.Попа), рэалізм (раманы Дж.Свіфта, Д.Дэфо, Г.Філдынга, Т.Дж.Смолета) і сентыменталізм (раманы С.Рычардсана, О.Голдсміта, Л.Стэрна, паэзія Э.Юнга, Т.Грэя). Драматургію 18 ст. прадстаўляюць жанры класіцыстычнай трагедыі («Катон» Дж.Адысана), «баладнай оперы» («Опера жабракоў» Дж.Гея), «мяшчанскай» драмы («Лонданскі купец» Дж.Ліла). Майстрам асветніцкай камедыі быў Р.Б.Шэрыдан. Апазіцыйныя класіцызму літ. плыні і з’явы аб’яднаны паняццем перадрамантызму, калі адраджалася цікавасць да фальклору і нац. традыцый («Паэмы Асіяна» Дж.Макферсана; «Брыстольская трагедыя» Т.Чатэртана, зб-кі нар. балад Т.Персі, Дж.Макдональда). У прозе перадрамантызм выявіўся ў раманах «жахаў і таямніц» Х.Уолпала і Г.Радкліф. Адраджэнне цікавасці да нар. паэзіі вызначыла шырокую папулярнасць шатл. паэта Р.Бёрнса. Пачатак рамантызму ў англ. л-ры звязваюць з выхадам у свет зб-ка «Лірычныя балады» У.Вордсварта і С.Т.Колрыджа, з творчасцю паэтаў «Азёрнай школы» (Вордсварт, Колрыдж, Р.Саўці). Асобнае месца ў англ. рамантызме займае міфатворчасць У.Блейка. Малодшае пакаленне рамантыкаў прадстаўляе плеяда вял. паэтаў — Дж.Г.Байран, П.Б.Шэлі, Дж.Кітс. Жанр гіст. рамана стварыў В.Скот. Асобная роля ў працэсе пераходу ад рамантызму да рэалізму належыць творчасці сясцёр Бронтэ. Традыцыі асветніцкага дыдактычнага і сац.-псіхал. рэаліст. раманаў звязала Дж.Осцін («Гордасць і прадузятасць»).

Росквіт прозы пісьменнікаў-рэалістаў прыпадае на 1830—60-я г. (Ч.Дзікенс, У.М.Тэкерэй, Э.Гаскел, Э.Дж.Булвер-Літан, Ш.Бронтэ). Спалучэнне сац. праблематыкі з тонкім псіхал. аналізам у творчасці Дж.Эліята («Млын на Флосе») і Дж.Мерэдзіта («Эгаіст»). Псіхолагам, які апярэдзіў праблематыку 20 ст., быў «апошні віктарыянскі класік» А.Тролап (цыкл раманаў «Барсетшырскія хронікі»), У канцы 19 ст. назіраюцца кантрастныя кірункі ў прозе: жорсткі рэалізм Т.Хардзі і С.Батлера, неарамантызм Т.М.Рыда і Р.Л.Стывенсана, натуралізм Дж.Мура і Дж.Гісінга. Вобраз рэвалюцыянера стварыла ў рамане «Авадзень» Э.Л.Войніч. Развівалася і паэзія познарамантычнага тыпу: апавядальная лірыка А.Тэнісана, філас. паэзія Р.Браўнінга, грамадз. і інтымная лірыка Э.Браўнінг, геданістычная — Э.Фіцджэралда (пераклады А.Хаяма). Яркай з’явай у паэзіі і мастацтве стала творчасць «Брацтва прарафаэлітаў», тэарэтыкамі якога былі Дж.Рэскін і У.Морыс. Гэты рух вылучыў паэтаў Д.Г.Расеці і К.Расеці. Блізкі да прарафаэлітаў быў позні рамантык А.Ч.Суінберн. На фоне афіц.-дыдактычнай дзіцячай л-ры адметныя філас. казкі-гратэскі Л.Кэрала і «бяссэнсіцы» Э.Ліра. Тэндэнцыі эстэтызму, імпрэсіянізму, сімвалізму знайшлі адлюстраванне ў творчасці О.Уайльда. На абнаўленне драматургіі паўплывала творчасць Б.Шоу, аўтара «драм-дыскусій», майстра п’ес, дзе выкрываюцца парадоксы бурж. грамадства. Тэндэнцыі рэалізму з выкарыстаннем формы фантаст. і дэтэктыўнага жанраў у л-ры прадаўжалі Г.К.Чэстэртан, А.К.Дойл, Г.Дж.Уэлс. Філігранны стыль, тонкі псіхалагізм, дакладнасць сац. крытыкі вызначаюць прозу Дж.Голсуарсі («Сага аб Фарсайтах»), У.С.Моэма («Цяжар жаданняў чалавечых»), А.Бенета («Клейхенгер»), К.Мэнсфілд, А.Э.Копарда, Э.М.Форстэра. Гумарыстычны кірунак у прозе прадстаўляе Дж.К.Джэром, марыністыку — Дж.Конрад. Наватарскай была творчасць Р.Кіплінга, аўтара асобай эстэтыкі трагічнага стаіцызму. 1910-я г. сталі пачаткам новага этапу ў развіцці англ. паэзіі (геаргіянцы — Дж.Мейсфілд, У.Дж. дэ ла Мар; імажысты — Р.Олдынгтан, Э.Паўнд).

Крызіс познавіктарыянскай эпохі, 1-я сусв. вайна, пасляваен. крызіс выклікалі пераломныя з’явы ў англ. л-ры. Геаргіянцы, якія сталі «акопнымі паэтамі», пісалі пра трагедыю вайны (Р.Брук, З.Сасун). У пошуках дакладнага слова і сэнсу паэты-мадэрністы спрабуюць пераўтвараць паэт. мову, адмаўляюцца ад традыц. формы верша, ствараюць асобую міфал. сістэму (Т.С.Эліят, Паўнд). Наблізілася да грамадз. тэматыкі і вярнула ў паэзію жывую нар. мову т.зв. «оксфардская» група паэтаў (У.Х.Одэн, С.Спендэр, С.Д.Льюіс). У англ. прозе 1920—30-х г. вядучае становішча займае раман (раманы «плыні свядомасці» — «Уліс» Дж.Джойса, эксперым. псіхалагічны «Місіс Дэлаўэй» В.Вулф, сац.-псіхал. эратычны «Палюбоўнік лэдзі Чатэрлі» Д.Г.Лорэнса; «інтэлектуальны раман» «Цудоўны новы свет» О.Хакслі, сатырычны «Заняпад і разбурэнне» І.Во, традыцыйны рэалістычны «Цытадэль» А.Кроніна, «Усе людзі — ворагі» Олдынгтана). Драматургію развівалі Дж.Бары, Дж.Б.Прыстлі. Паступовы распад Брыт. імперыі пасля 2-й сусв. вайны выклікаў у л-ры песімізм і «прарочую» ацэнку будучыні таталітарных дзяржаў (антыўтопія Дж.Оруэла «1984-ы год»). Рэаліст. проза шукае новы дынамізм і псіхал. дакладнасць («З любові да бліжняга» Дж.Кэры).

У 1950-я г. ўзнікла л-ра «раззлаваных маладых людзей». Расчараванне моладзі ў перспектывах бурж. грамадства паказалі К.Эміс («Шчасліўчык Джым»), Дж.Уэйн («Спяшайся ўніз»), А.Сілітаў і С.Чаплін — аўтары «рабочага» рамана, Дж.Олдрыдж і Ч.П.Сноў — палітычнага. Пра ўплыў НТР на лёс чалавецтва разважаюць пісьменнікі-фантасты (А.Кларк, Дж.Уіндэм, Дж.Г.Болард). Англ. экзістэнцыялізм прадстаўляюць раманы-прытчы У.Голдынга («Валадар мух»), мадэрнісцкія пошукі — Л.Дарэл (квадралогія «Александрыйскі квартэт»). Традыцыі класічнага рэалізму 19 ст. і экзістэнцыяльныя матывы ярка выяўлены ў творах А.Мэрдак («Пад сеткай», нап. 1966). Майстрам сац.-паліт. гратэскавага рамана зарэкамендавала сябе М.Спарк, псіхал. раман абнавілі адкрыццямі экзістэнцыяльнай эстэтыкі Дж.Фаўлс, С.Хіл, М.Дрэбл, Ч.Дж.Мітчэл. Традыцыі дэтэктыўнай прозы прадоўжылі А.Крысці, Дж. Ле Карэ. Яркай з’явай англ. паэзіі 1960-х г. стала творчасць «Групы» (ад назвы «Анталогія паэтаў «групы», куды ўвайшлі 17 паэтаў). Паэзія 1970-х г. імкнецца да аб’ектыўнасці і паказу непрыхарошанай праўды жыцця (Т.Х’юз, Ф.Ларкін).

У 2-й пал. 20 ст. зарадзілася і развіваецца англ. постмадэрнісцкая л-ра: «Жанчына французскага лейтэнанта» Фаўлса, «Розенкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя» Т.Стопарда, «Грошы» М.Эліса, «Лэрнэк» Э.Грэя, «Ногі ў цырку» А.Картэра, «Сорам» С.Рушдзі, «Апанаванасць востравам» Т.Мо. У гэтым рэчышчы працуюць Дж.Барнс, Э.Бёрджэс, Т.Шарп, Г.Свіфт. Актыўна развіваецца і постмадэрнісцкая драматургія (Х.Бернтан, Э.Бонд). Англ. «літаратуразнаўчы раман» стварае П.Акрайд. У перакладзе на бел. мову з 1928 выдадзены творы Дойла, Уэлса, Войніч, Скота, Кіплінга, Шэкспіра, Свіфта, Дэфо, Дзікенса, Стывенсана, Бёрнса, Байрана і інш.; у перыяд. друку апублікаваны асобныя творы Блейка, Кітса, Тэнісана, Уайльда, Шэлі, А.Мэя і інш. Бел. перакладчыкі: Ю.Гаўрук, У.Дубоўка, К.Крапіва, Я.Семяжон, а таксама В.Валынскі, В.Небышынец, А.Разанаў, Я.Рапановіч, С.Шупа і інш. Гл. таксама раздзел Літаратура ў арт. Паўночная Ірландыя, Шатландыя.

Архітэктура. Ранні перыяд развіцця мастацтва Вялікабрытаніі прадстаўляюць мегалітычныя комплексы энеаліту і бронзавага веку (Стонхендж, Эйвберы), руіны рым. пабудоў (Адрыянаў вал), разьба па камені, метал. ўпрыгожанні, культавыя прадметы кельцкіх плямён, піктаў, англасаксаў (1 ст. да н.э. — 10 ст. н.э.). Раманскі стыль прадстаўлены англа-нарманскім храмам у Ілі (1083—1190), Дарэме (1093—1133), Норыджы (1095—1150), з магутнымі квадратнымі вежамі, замкамі ў Лондане (Таўэр), Віндзары (канец 11 ст.), крэпасцю ў Рочэстэры (канец 1130-х г.). Пабудовы гатычнага стылю Вялікабрытаніі падзяляюць на ранні (да 1250), «дэкаратыўны стыль» (1250—1340), «перпендыкулярны стыль» (1340—1550). Гатычныя храмы вылучаюцца маштабнасцю, дамінантамі вежаў, шырокімі фасадамі з развітым дэкорам, нервюрнымі скляпеннямі; ім характэрна спалучэнне простых і масіўных выцягнутых аб’ёмаў, багацце дэкар. разьбы на фасадах, ускладненыя ўзоры, дэкар. і канструкцыйныя эфекты: саборы ў Кентэрберы (1070—1509), Дарэме (1-я пал. 12 ст.), Солсберы (1220—66), Уэлсе (1230—33), Лінкальне (1075—1380), Вестмінстэрскага абацтва ў Лондане (13 ст.). «Перпендыкулярны стыль» вызначаецца пышнасцю аздобы і пластычных эфектаў нервюрных скляпенняў: сабор у Глостэры (1351—1407), капліца Каралеўскага каледжа ў Кембрыджы (1446—1515). Рэфармацыя і англ. рэвалюцыі 17 ст. паўплывалі на станаўленне свецкага характару мастацтва і рацыянальных схем у архітэктуры. Класіцызм развіваў традыцыі архітэктара позняга Адраджэння А.Паладыо. Пабудовам і гар. ансамблям уласцівы строгасць і яснасць формаў, ураўнаважанасць і ўрачыстасць кампазіцыі: Фіцрой-сквер у Лондане (арх. Р. і Дж.Адам, 1790—1800), пл. Шарлоты ў Эдынбургу (арх. Адам, 1792—1807). Вяршыня англ. класіцызму — сабор св. Паўла ў Лондане (арх. К.Рэн, 1675—1710). У архітэктуры 18 ст. панавалі пышныя формы барока (Дж.Ванбру, Н.Хоксмар). У.Кет і У.Чэймберс распрацавалі тып «англійскага парку» (парк у Бленіме). У выніку прамысл. перавароту канца 18 — пач. 19 ст. гарады цэнтр. Англіі (Манчэстэр, Бірмінгем, Шэфілд) і паўд. Шатландыі (Глазга) ператварыліся ў вял. індустр.-гандл. цэнтры. З 19 ст. англ. архітэктары распрацоўваюць прынцыпы тыповай, масавай гар. забудовы, складаныя метал. канструкцыі мастоў і перакрыццяў (інж. Т.Тэлфард, Р.Стывенсан). «Крыштальны палац» у Лондане (арх. Дж.Пакстан, 1851) са зборным метал. каркасам і шкляным запаўненнем стаў маніфестам рэвалюцыі ў еўрап. архітэктуры. Гэтаму кірунку процістаялі тэндэнцыі неакласіцызму (Брытанскі музей у Лондане, арх. Р. і С.Смёрк, 1823—57) і неаготыкі (Парламент у Лондане, арх. Ч. і Э.Бэры, А.П’юджын, 1840—68), а потым і эклектызм. Адначасова ідуць пошукі рацыянальнай сціпласці і ўтульнасці ў архітэктуры жылля, пераважна загарадных дамоў (Б.Скот, Н.Шо, Ч.Ф.Войзі). У 20 ст. хаатычны рост гарадоў і прыгарадаў з малапавярховай забудовай спарадзілі новыя тэндэнцыі ў горадабудаўніцтве: Э.Хоўард і Р.Ануін першымі распрацавалі праекты гарадоў-садоў і гарадоў-спадарожнікаў. П.Гедэс і Л.П.Аберкрамбі стварылі праекты комплекснай планіроўкі прамысл. раёнаў. У пач. 20 ст. побач з прадстаўнікамі неакласіцызму (Э.Лачэнс) і неаготыкі (Т.Скот Малодшы) выступалі ініцыятары стылю мадэрн і рацыяналізму (Ч.Макінташ), а у 1920—30-х г. — і функцыяналізму (М.Фрай, О.Уільямс). Пасля 2-й сусв. вайны рэканструяваны разбураныя гар. раёны. Прынцып мікрараянавання выкарыстоўваўся да 1960-х г. Сярод пабудоў вылучаюцца Каралеўская канцэртная зала (арх. Р.Мэцью, Л.Марцін, 1949—51), Культурны цэнтр Барбікан (1984) — абодва ў Лондане, сабор у Ковентры (арх. Б.Спенс, 1954—62).

Выяўленчае мастацтва. У раннім сярэднявеччы была пашырана кніжная мініяцюра («Ліндысфарнскае евангелле», каля 681—721). Блізкія да мініяцюры па стылі і першыя насценныя размалёўкі (саборы ў Кентэрберы, 12 ст.; у Чычэстэры, каля 1260). Гатычная скульптура была падпарадкавана дэкар.-арнаментальным мэтам (надмагілле Эдварда II у саборы у Глостэры, 14 ст.); развіваліся жывапіс (алтар у Вестмінстэры, канец 13 ст.) і вітраж (капліца св. Тройцы сабора ў Кентэрберы, пач. 13 ст.). У 14 ст. з’яўляецца станковы, у т. л. партрэтны, жывапіс. Тонкасцю і вытанчанасцю адметныя тагачаснае ткацтва, вышыўка, дыванаробства, разьба па дрэве і косці, ювелірная справа. Рэнесансавыя традыцыі ў мастацтве Вялікабрытаніі не мелі такой сілы, як у інш. еўрап. краінах. У жывапісе 16—17 ст. пераважаў партрэтны жанр (мініяцюрысты Н.Хіліярд, А.Олівер, С.Купер, жывапісцы У.Добсан, Дж.Райлі). Выяўл. мастацтва дасягнула росквіту ў 18 ст. ў творах рэаліста і сатырыка У.Хогарта, у багатых па каларыце партрэтах Дж.Рэйналдса, Т.Гейнсбара, Г.Рэберна, Дж.Опі, якія спалучалі парадную імпазантнасць з натуральнасцю і адухоўленасцю вобразаў, трапнасцю, сац. і індывід. характарыстыку з віртуознай лёгкасцю і свабодным жывапісам. Эфектныя партрэты стваралі Дж.Ромні, Т.Лорэнс і інш. У 2-й пал. 18 ст. развівалася нац. школа пейзажа: рамант. рысамі адзначаны паэт. работы Гейнсбара і Дж.Крома, акварэлі Дж.Козенса і Т.Гёртына. Жанравы жывапіс прадстаўлены творамі Дж.Морленда і Дж.Райта. У 17—18 ст. распрацоўваліся высокамастацкая мэбля (Т.Чыпендэйл, Дж.Хеплуайт, Т.Шэратан), вынайдзены англ. крышталь і фаянс (вырабы мануфактуры Дж.Уэджвута з рэльефамі ў ант. формах), працавалі шпалерныя мануфактуры ў Мортлейку, заводы фарфору ў Боу, Чэлсі, Вустэры, Дэрбі. У графіцы 18 — 1-й пал. 19 ст. важнае месца належала паліт. і быт. карыкатуры (Дж.Гілрэй, Т.Роўлендсан), рэпрадукцыйнай гравюры. Т.Б’юік вынайшаў тарцовую ксілаграфію. У 1-й пал. 19 ст. жывапіс рамантызму дасягнуў вяршыні ў творах У.Блейка і перадімпрэсіяністычных краявідах У.Тэрнера. Пленэрныя рэалістычныя пейзажы ствараў Дж.Констэбл, пейзажы і гіст. палотны Р.Бонінгтан, акварэль развівалі Дж.С.Котмен і Д.Кокс. У сярэдзіне і 2-й пал. 19 ст. мастакі-прэрафаэліты (Д.Г.Расеці, Э.Мілес, Х.Хант, У.Морыс, Э.Бёрн-Джонс) імкнуліся да яснай прыгажосці, эстэтызацыі прадметнага асяроддзя. Графіка О.Бёрдслі прадвызначыла сецэсію ў еўрап. мастацтве. Каларыстыка твораў Дж.Уістлера стала першаасновай імпрэсіянізму. Жанравы жывапіс 2-й пал. 19 ст. нясе адбітак сентыментальнасці і літ. займальнасці (У.Сікерт, У.Стыр, У.Фрыт, Х.Херкамер). У мастацтве 20 ст. росквіт рэаліст. партрэтнага і жанравага жывапісу і графікі (Ф.Брэнгвін, О.Джон, У.Орпен), спалучаўся з нараджэннем новых авангардных плыняў: фавізм (М.Сміт, А.Хітчэнс), футурызм і кубізм (У.Льюіс), сюррэалізм (С.Спенсер, Г.Сазерленд, П.Нэш, Ф.Бейкан), абстракцыянізм (Б.Нікалсан, Б.Хепуарт), сюррэалізм і абстракцыянізм (Г.Мур, К.Армітэдж), поп-арт (П.Філіпс). Гл. таксама раздзел Архітэктура і выяўл. мастацтва ў арт. Шатландыя, Паўночная Ірландыя, Уэльс.

Музыка. Вытокі музыкі Вялікабрытаніі — у муз. культуры стараж. кельцкіх плямён, носьбітамі якой былі барды. Муз. фальклор народаў Брытанскіх а-воў адметны нац. своеасаблівасцю, аднак мае агульныя рысы — ладавую сістэму, элементы шматгалосся, дакладную рытміку. Асн. інстр. жанры — танцы жыга, кантрданс, хорнпайп. Сярод найб. стараж. інструментаў: пайп (дудка), рэкордэр (флейта), фідль (скрыпка), тэйбар (барабаны); пазней з’явіліся арфа, ліра, лютня, валынка і інш. З усталяваннем хрысціянства развівалася царк. прафес. муз. мастацтва. У сярэдневяковай царк. музыцы Вялікабрытаніі панаваў грыгарыянскі харал, літургія суправаджалася ігрой на аргане. Ранні ўзор свецкага шматгалосся — 6-галосы падвойны канон «Лета прыйшло» (на мяжы 14 ст.). Нармандскія заваёўнікі прынеслі ў Вялікабрытанію мастацтва менестрэляў і трубадураў. У канцы 14 — пач. 15 ст. паявіліся прыдворныя капэлы. У 1-й пал. 15 ст. вылучылася англ. школа поліфаністаў на чале з Дж.Данстэйблам, якая заняла гал. месца ў еўрап. поліфанічным мастацтве. У эпоху Адраджэння музыка ўвайшла ў побыт англ. арыстакратаў і гараджан, пашырыліся кансорты — садружнасці людзей, якія ігралі на розных інструментах, з’явіліся салісты-інструменталісты. У 16 ст. ў царк. музыку ўведзены буйныя формы — меса, магніфікат і інш., у свецкую — мадрыгал (У.Бёрд). У 16—17 ст. працавалі пачынальнікі еўрап. клавірнай музыкі кампазітары Дж.Бул, А.Гібанс, К.Тай, Дж.Тавернер, Т.Таліс, Дж.Даўленд. У пач. 17 ст. фарміруецца англ. муз. т-р, што ўзяў пачатак ад містэрый, музыку да якіх пісалі А.Ферабоска, браты Г. і У.Лоўс і інш. У час панавання пурытан (сярэдзіна 17 ст.) развіццё свецкай музыкі прыпынілася, асн. муз. жанрамі сталі рэліг. гімны, псалмы і хары на біблейскія тэксты, блізкія да нар. песеннасці. Пасля рэстаўрацыі Сцюартаў (1660) у муз. культуру зноў пачалі пранікаць ідэі Адраджэння, уплывы свецкай музыкі, што адбілася на творчасці Г.Пёрсела, стваральніка адной з першых англ. опер «Дыдона і Эней» (1689). Муз. культура 1-й пал. 18 ст. звязана з імем Г.Ф.Гендэля. У 18—19 ст. у муз. культуры Вялікабрытаніі панавалі іншаземныя ўплывы, асабліва італьян. опера. Захапленне ёю высмеяна ў парадыйнай «Оперы жабрака» (1728) Дж.Гея і І.К.Пепуша, якая дала пачатак т.зв. баладнай оперы, звязанай з традыцыямі менестрэляў. Творчасць кампазітараў 18—19 ст. (Т.Арн, У.Бенет, Г.Бішап, М.Балф, Дж.Барнет) звязана пераважна з т-рам. У канцы 19 ст. папулярныя былі аперэты А.Салівена і С.Джонса. У 19 ст. Лондан — адзін з цэнтраў еўрап. муз. жыцця. Тут гастралявалі Ф.Шапэн, Ф.Ліст, Н.Паганіні, Г.Берліёз, Р.Вагнер, Дж.Вердзі, А.Дворжак, П.Чайкоўскі, А.Глазуноў; створаны т-р «Ковент-Гардэн» (1732), Каралеўская акадэмія музыкі (1822), Трыніты-каледж (1872), Каралеўскі муз. каледж (1883), Акадэмія старадаўняй музыкі (1770), Кэтч-клуб (1761), шматлікія муз. т-вы. З 1784 у Лондане праводзяцца Гендэлеўскія фестывалі (з 1857 рэгулярна). Заснаваны фірмы муз. інструментаў «Бродвуд», «Хіл і сыны». З канца 19 ст. развіваецца муз. навука (сярод музыказнаўцаў Дж.Гроў). На мяжы 19—20 ст. узнікла т.зв. англ. муз. адраджэнне. Сярод прадстаўнікоў новай англ. кампазітарскай школы Э.Элгар, Х.Пэры, Ф.Дыліус, Г.Холст, Р.Воан-Уільямс, Дж.Айрленд, Ф.Брыдж. Адзін з буйнейшых майстроў англ. музыкі 20 ст. Б.Брытэн. Сярод інш. дзеячаў муз. культуры кампазітары М.Тыпет, Л.Берклі, А.Бліс, А.Бенджамін; дырыжоры Дж.Барбіролі, Т.Бічэм, М.Сарджэнт, А.Боўлт; піяністы Дж.Мур, Дж.Огдан; вакалісты К.Ферыер, Дж.Мак-Кормак, П.Пірс і інш. Сярод шматлікіх эстр. ансамбляў найб. вядомы «Бітлз», «Ролінг-Стоўнз», «Куін» і інш. У Лондане працуюць т-ры «Ковент-Гардэн» і «Сэдлерс-Уэлс», Англійская нац. опера, Каралеўскі балет, сімф. і камерныя аркестры, у т. л. Лонданскі філарманічны аркестр, Бі-Бі-Сі і інш.

Тэатр. Вытокі англ. т-ра звязаны з абрадавымі гульнямі. З 11 ст. існаваў царк. т-р як частка рэліг. рытуалу (літургічная драма, міракль). У пач. 13 ст. з пераносам царк. паказаў на гар. плошчы закладзены пачатак нар. містэрыяльнага сярэдневяковага т-ра (містэрыі, маралітэ, фарсы). У 14—16 ст. склаўся прафес. т-р. У 16 ст. з’явіліся вандроўныя трупы, аматарскі школьны т-р. Росквіту англ. тэатр. мастацтва і драматургія дасягнулі ў эпоху Адраджэння. Драматургія У.Шэкспіра на многія стагоддзі стала школай акцёрскага майстэрства. Найб. вядомыя тагачасныя акцёры Э.Алейн і Р.Бёрбедж. Пабудаваны тэатр. памяшканні — «Тэатр» (1576), «Лебедзь» (1596), «Глобус» (1599) і інш., набылі папулярнасць дзіцячыя трупы хлопчыкаў. У канцы 16 — пач. 17 ст. тэатр быў пераважна нар. відовішчам, з 1620-х г. ён ператварыўся ў арыстакратычную забаву. У час бурж. рэвалюцыі пурытане спец. указам (1642) забаранілі тэатр. паказы. Аднавілася тэатр. дзейнасць з рэстаўрацыяй манархіі Сцюартаў (1660). У 1663 у Лондане адкрыты т-р «Друры-Лейн». Росквіт тэатр. мастацтва эпохі Асветніцтва звязаны з «камедыямі нораваў» Р.Шэрыдана, творчасцю акцёра Д.Гарыка. Узвышаны стыль акцёрскага выканання, што панаваў у канцы 18 — пач. 19 ст., асабліва выявіўся ў творчасці Дж.Кембла і С.Сіданс. У рэпертуары т-раў 19 ст. пераважалі меладрамы, фарсы, перакладныя класічныя творы. Рамантычны кірунак у акцёрскім мастацтве звязаны з творчасцю Э.Кіна. У 2-й пал. 19 ст. ў Лондане пабудаваны новыя т-ры, набылі вядомасць акцёры і рэжысёры Ч.Кін, У.Макрэдзі, Г.Ірвінг і Э.Тэры (кіраўнікі т-ра «Ліцэум»). У 1890-я г. ўзніклі «Незалежны тэатр», «Олд Вік» і інш., якія прапагандавалі творы Б.Шоу, Дж.Голсуарсі. Разам з рэалістычным існавала пампезнае мастацтва акцёра і рэжысёра Г.Б.Тры; рэж. Т.Крэг вёў пошукі формаў сімвалісцкага т-ра. Дасягненні тэатр. мастацтва 20 ст. звязаны з творчасцю акцёраў Л.Аліўе, Дж.Гілгуда, А.Гінеса, В.Лі, Р.Рычардсана, М.Рэдгрэйва, П.Скофілда, С.Торндайк, Э.Эванс, П.Эшкрафт. Рэжысуру вызначаюць новае асэнсаванне шэкспіраўскай драматургіі, шырыня абагульненняў, вастрыня сцэн. прыёмаў (П.Брук, Т.Гатры, Рэдгрэйв), імкненне да рэалізму (Дж.Літлвуд, П.Хол, Т.Рычардсан). Пасля 2-й сусв. вайны ўзніклі т.зв. рэпертуарныя т-ры. Новы ўздым англ. т-ра пачаўся з п’есы Дж.Осбарна «Азірніся ў гневе» (1956). З’явілася драматургія «раззлаваных маладых людзей», новая сацыяльна-быт. драма. Не абмінулі англ. т-р «эксперыментальныя» кірункі, што ўзніклі ў Еўропе ў 1950—60-я г., у т. л. «тэатр абсурду». Тэатр. калектываў з пастаяннай трупай і ўласным памяшканнем у Вялікабрытаніі амаль няма. Звычайна тэатр. будынкі здаюць у арэнду трупам, якія фарміруюцца для пастаноўкі адной п’есы. Выключэнне складаюць Каралеўскі Шэкспіраўскі тэатр і Нацыянальны т-р (створаны ў 1963 на аснове т-ра «Олд Вік»). Сярод тэатр. навуч. устаноў: Каралеўская акадэмія драм. мастацтва, Цэнтр. школа дыкцыі і драм. мастацтва (Лондан), Бірмінгемская школа дыкцыі і драм. мастацтва, тэатр. ф-т пры Брыстольскім ун-це. З 1947 у г. Эдынбург штогод праводзіцца Міжнар. фестываль музыкі і драмы.

Кіно. Пачаткам нац. кінавытворчасці лічыцца першы паказ англ. фільма, арганізаваны ў 1896 У.Полам, які адначасова з братамі Люм’ер сканструяваў кінакамеру. Пол і рэжысёры т.зв. брайтанскай школы Э.Колінз, Дж.Уільямсан і Дж.А.Сміт выпускалі эксцэнтрычныя камедыі, экранізацыі, трукавыя фільмы. Вял. папулярнасцю карысталіся хронікі, дакумент. фільмы і кінамеладрамы. З 1906 у кінематаграфіі Вялікабрытаніі пачаўся працяглы крызіс; дэманстраваліся пераважна франц. экранізацыі і амер. «кінабаевікі». У 1927 парламент прыняў закон у падтрымку нац. кінематаграфіі, выпуск фільмаў павялічыўся. Асн. кінапрадукцыя 1930-х г. — меладрамы, фарсы і салонныя камедыі. Вылучаліся фільмы заснавальніка фірмы «Лондан філмс» рэж. А.Корды, у якіх здымаліся вядомыя акцёры Ч.Лоўтан, Р.Донат, Л.Хоўард, В.Лі, Л.Аліўе і інш. Вядомасць набылі дэтэктыўныя фільмы А.Хічкака, фільмы К.Відара («Цытадэль», 1938), К.Рыда («Зоркі глядзяць уніз», 1939). У 2-ю сусв. вайну значных поспехаў дасягнула дакумент. кіно (рэж. Х.Джэнінгс, С.Джыліят, Ф.Лаўндэр і інш.), якое паўплывала і на маст. кінематаграфію. Павялічыўся імпарт фільмаў ЗША (да 70%). Кінамастацтва пасляваен. гадоў дасягнула пэўных поспехаў у экранізацыях твораў У.Шэкспіра («Гамлет», 1948, «Рычард III», 1955, рэж. абодвух Аліўе), у пастаноўках эксцэнтрычных, сатыр. камедый (А.Макендрык, Г.Карнеліус, Дж. і Р.Боўлтынгі). Сярод лепшых фільмаў: «Шлях у вышэйшыя колы» (1958) Дж.Клейтана, «Азірніся ў гневе» (1958), «Смак мёду» (1962) і «Том Джонс» (1963) Т.Рычардсана, «У суботу ўвечары, у нядзелю ўранні» К.Рэйса (1960), «Так званае каханне» Дж.Шлезінгера і інш. Працавала кінагрупа дакументалістаў «Свабоднае кіно» (рэж. Л.Андэрсан, Рэйс і інш.). З сярэдзіны 1960-х г. пачалася актыўная амерыканізацыя брыт. кінапрамысловасці. Асн. кінапрадукцыя — дэтэктыўныя фільмы, прымітыўныя камедыі. Сац.-крытычнай накіраванасцю вылучаліся фільмы рэж. Р.Лестэра, П.Уоткінса. Творчасць рэжысёраў рэаліст. кірунку звязана пераважна з тэлебачаннем. Сярод вядомых акцёраў: Дз.Богард, Р.Бёртан, М.Рэдгрэйв, В.Рэдгрэйв, П.Усцінаў і інш. Гал. навуч. ўстановы: Лонданская кінашкола, Нац. кінашкола, Каралеўскі каледж мастацтваў, Тэлевізійная кінаакадэмія ў Лондане. У г. Эдынбург штогод праводзяцца кінафестывалі (у рамках Міжнар. фестывалю музыкі і драмы).

Беларусы ў Вялікабрытаніі. Першая значная хваля бел. эміграцыі ў Вялікабрытанію ўзнікла пасля 2-й сусв. вайны. Аснову эміграцыі склалі беларусы, якія ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях саюзнікаў у складзе Другога корпуса Андэрса арміі. Разам з перасяленцамі іх было каля 15 тыс. У 1947 засн. Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі (ЗБВБ) з аддзеламі ў Лондане (1947), Брадфардзе (1948), Манчэстэры (1948) і Бірмінгеме (1952); праз давераных прадстаўнікоў ЗБВБ праводзіла работу ў Кембрыджы, Нотынгеме, Лідсе, Ковентры. У 1948 засн. Хрысц. аб’яднанне бел. работнікаў у Вялікабрытаніі (ХАБР), Згуртаванне бел. камбатантаў, Бел. хрысц. акад. аб’яднанне «Жыццё», Бел. незалежніцкі нар.-хрысц. рух, Саюз журналістаў. У 1949 створаны Каардынацыйны цэнтр бел. арг-цый у Вялікабрытаніі, які ўзгадняў культ. і грамадскую працу, наладжваў сувязі з сародзічамі ў інш. краінах. Пасля легалізацыі ЗБВБ (1948) беларусы атрымалі ліцэнзію на стварэнне ўласных прадпрыемстваў. Былі адчынены бюро па перасылцы паштовых пасылак, стаматалагічная лабараторыя, фотастудыя. У 1948 беларусы купілі ў Лондане дом, дзе размясціліся рэдакцыі іх часопісаў і газет, б-ка, архіў, праводзіліся сходы, лекцыі, святкаванні нац. угодкаў, працавала нядзельная школа. У 1949 пачаў дзейнасць бел. клуб у Манчэстэры. На сабраныя грошы набыты дамы ў Брадфардзе (1952) і Манчэстэры, якія сталі цэнтрамі бел. жыцця. У 1963 пры ЗБВБ засн. дапамогавая секцыя, якая мае аўтаномію, кіруецца асобным статутам і распараджаецца фондам (папаўняецца сродкамі з касы ЗБВБ і ахвяраваннямі прыватных асоб). Фонд зарэгістраваны брыт. ўладамі і вызвалены ад падаткаў, што дае магчымасць фінансаваць працу замежных даследчыкаў у галіне беларусазнаўства, сельскай гаспадаркі, эканомікі, палітыкі, выплачваць стыпендыі маладым вучоным з Беларусі, якія стажыруюцца ў ВНУ Вялікабрытаніі, аказваць дапамогу ахвярам Чарнобыля на Бацькаўшчыне. У 1964 у Бел. доме ў Лондане адкрыты Бел. юнацкі клуб, які аказваў моладзі дапамогу ў вучобе, працавала дадатковая школа для дзяцей, танц. гурток. У 1970 у Брадфардзе адкрыты грамадскі клуб «Сакавік», які разам з брадфардскім аддзяленнем ЗБВБ займаўся культ. і грамадскай працай. Цэнтрамі навук.-культ. жыцця ў Вялікабрытаніі сталі Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны і Англа-беларускае таварыства (АБТ), якія ўзаемадзейнічаюць у арг-цыі і правядзенні семінараў, навук. канферэнцый, выставак, літ. вечарын і інш. З нагоды 60-х угодкаў БНР у маі 1978 у Лондане дзейнічала Бел. замежная пошта. Значную ролю ў духоўным і культ. жыцці беларусаў Вялікабрытаніі адыгрывае царква. Місіі Бел. аўтакефальнай правасл. царквы існуюць у Лондане, Манчэстэры, Брадфардзе, Нотынгеме, Кембрыджы. У 1947 створана Бел. каталіцкая місія. Пры Доме марыянаў у Лондане дзейнічае царква св. Пятра і Паўла, у 1961—15 тут працавала бел. школа для хлопчыкаў імя св. Кірылы Тураўскага. У 1989 у Лондане створаны Бел. к-т дапамогі ахвярам радыяцыі, які ўзначаліў айцец К.Надсан. Выдавецкую дзейнасць ажыццяўляюць ЗБВБ, ХАБР, АБТ, Бел. б-ка і музей імя Ф.Скарыны і інш. На бел. мове выходзілі часопісы: грамадска-паліт. «Беларус на чужыне» (1947—50), «Аб’яднанне» (з 1948), «Патрыёт» (з 1949); навук. «The Journal of byelorussian studies» («Часопіс беларускіх даследаванняў», 1965—88); царк. «Божым шляхам» (1957—80), «Званіца» (1974), «На шляху» (1946—51), «Голас часу» (1989—95); маладзёжныя «Наперад» (1948—53), «Да мэты» (1948), сатырычны «Крапіва» (з 1949), бюлетэні «Змагар» (Згуртавання бел. камбатантаў, 1949—50), «Жыццё» (1948) і «Рунь» (Бел. хрысц.-акад. аб’яднання, 1950), «Чарнобыль у Беларусі» (з 1992), камунікаты Бел. выдавецкага фонду (1950), Бел. незалежнага нар.-хрысц. руху (1948—49). Выходзяць (1997): «Камунікат ЗБВБ» (з 1946), «Веснік Беларускага каталіцкага душпастырства» (з 1982).

Літ.:

Англия в эпоху абсолютизма: (статьи и источники). М., 1984;

Городецкая И.Е. Великобритания: избиратели, выборы, партии, 1945—1970. М., 1974;

Жигалов И.И. Современная история Великобритании (1945—1975). М., 1978;

Кертман Л.Е. География, история и культура Англии. 2 изд. М., 1979;

Аникст А. История английской литературы. М., 1956;

Английская литература, 1945—1980. М., 1987;

Daiches D. A critical history of English literature. Vol. 1-2, London, 1963;

Sanders A. The short Oxford history of English literature. London, 1996;

Виппер Б.Р. Английское искусство: Краткий ист. очерк. М., 1945;

Ковнацкая Л.Г. Английская музыка XX в.: Истоки и этапы развития. М., 1986;

Raynor H. Music in England. London, 1980;

Harrison F.L. Music in medieval Britain. 4 ed. Buren, 1980.

Ф.С.Фешчанка (прырода, гаспадарка), Н.Я.Арлова (гісторыя да канца 19 ст.), К.А.Далгучыц (гісторыя 20 ст), А.П.Ткачэнка (радыё, тэлебачанне), Н.М.Саркісава, В.В.Халіпаў (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўл. мастацтва), Л.А.Сівалобчык (музыка), А.С.Ляднёва (беларусы ў Вялікабрытаніі).

т. 4, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)