САМНІ́ТЫ (лац. Samnites),

старажытнаіталійскія плямёны умбра-оскска-сабельскай галіны. Жылі ў гарах, займаліся пераважна жывёлагадоўляй. У 5 ст. да н.э., спусціўшыся з гор, частка С. заняла З і ПдЗ Апенінскага п-ва і змяшалася з мясц. насельніцтвам. У 4 ст. да н.э. ўзначалілі саюз плямён (т. зв. Самніцкая федэрацыя). У 2-й пал. 4 — пач. 3 ст. да н.э. вялі войны з Рымам (гл. Самніцкія войны), якія скончыліся падпарадкаваннем С. Падтрымлівалі палкаводцаў Піра і Ганібала ў час іх паходаў супраць Рыма. Змагаліся супраць Рыма ў Саюзніцкай вайне 90—88 да н.э. Амаль поўнасцю знішчаны рым. палкаводцам Л.​К.​Сулам (1 ст. да н.э.).

т. 14, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛА́СІКА (ад лац. classicus узорны),

1) узорныя, выдатныя, агульнапрызнаныя творы л-ры і мастацтва, якія маюць вечную каштоўнасць для нац. і сусв. культуры.

2) Літаратура і мастацтва Стараж. Грэцыі, элінізму і Стараж. Рыма.

т. 8, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМ,

найменне Рыма і Рымскай (з 4 ст. н.э. Візантыйскай) імперый у краінах Усходу; у перыяд заваявання М. Азіі сельджукамі ўжывалася як адна з назваў Канійскага султаната (Румскі султанат), у час Асманскай імперыі назва яе еўрап. уладанняў (гл. Румелія).

т. 13, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́КХІ (лац. Gracchus),

браты, палітычныя дзеячы Стараж. Рыма. Паходзілі са знакамітага роду Семпроніяў. Тыберый (162—133 да н.э.), нар. трыбун у 133, ва ўмовах нестабільнага становішча ў краіне правёў закон, які абмежаваў буйное землекарыстанне на грамадскім полі (агер публікус), але не атрымаў падтрымкі сярод сенатараў. На нар. сходзе адхілены ад улады (упершыню ў гісторыі Рыма), але паўторна выставіў сваю кандыдатуру ў нар. трыбуны. Забіты сенатарамі ў дзень выбараў. У 129 сенат спыніў надзяленне зямлёй паводле яго закону. Гай (153—121 да н.э.), нар. трыбун у 123 і 122 да н.э., аднавіў агр. заканадаўства брата, правёў законы ў інтарэсах гар. плебсу і саслоўя коннікаў, прапанаваў даць саюзнікам правы рым. грамадзян і інш. Загінуў у час узбр. паўстання.

Гракхі. Скульптурны партрэт. 19 ст.

т. 5, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮ БЕЛЕ́ ((Du Bellay) Жаашэн) (1522, Лірэ, каля г. Шале, Францыя — 1.1.1560),

французскі паэт. Адзін з кіраўнікоў літ. групы «Плеяда», у маніфесце якой «Абарона і праслаўленне французскай мовы» (1549) сфармуляваў шляхі абнаўлення франц. паэзіі — заснаванне новых жанраў, узбагачэнне моўных сродкаў, наследаванне ант. паэтам і інш. Аўтар зб. санетаў «Аліва» (1549—50) і зб. од «Лірычныя вершы» (1549). У 1553—57 жыў у Рыме, дзе стварыў свае лепшыя зб-кі санетаў «Старажытнасці Рыма» і «Шкадаванні», зб. од і элегій «Сельскія гульні» (усе апубл. 1558), якія перадаюць італьян. ўражанні паэта — яго адмоўнае стаўленне да каталіцкага Рыма, погляд на гісторыю развіцця чалавецтва, асуджэнне войнаў, туга па радзіме.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Поэзия Плеяды. М., 1984.

Літ.:

Виппер Ю.Б. Поэзия Плеяды. М., 1976.

т. 6, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСПІ́ГІ (Respighi) Атарына [9.6(7). 1879, г. Балоння, Італія — 18.4.1936], італьянскі кампазітар, педагог. Чл. Нац. акадэміі дэі Лінчэі (1932). Вучыўся ў муз. ліцэі ў Балонні (1891—99). Сярод педагогаў: Дж.​Мартучы, М.​Рымскі-Корсакаў, М.​Брух. З 1913 праф. кансерваторыі «Санта-Чэчылія» ў Рыме (у 1924—26 дырэктар). У яго творчасці спалучаліся тэндэнцыі імпрэсіянізму і неакласіцызму, сучасная тэхніка пісьма і імкненне да архаічнай мелодыкі стараж. форм, маляўнічасць аркестроўкі. Сярод твораў: оперы, балеты; творы для арк., у т. л. сімф. трылогія «Фантаны Рыма» (1916), «Пініі Рыма» (1924), «Рымскія ўрачыстасці» (1928); для інстр. з арк., у т. л. «Грыгарыянскі канцэрт» для скрыпкі з арк. (1921); п’есы для фп. і інш. інстр.; песні, рамансы, рэд. і арк. версіі італ. музыкі 17—19 ст.

т. 14, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МСКАЕ ПРА́ВА,

сістэма права Стараж. Рыма. Уключала прыватнае права і публічнае права. Мела распрацаваную сістэму норм, якія рэгулявалі розныя віды маёмасных адносін, рэчавых правоў. Прыватнае Р.п. з’явілася класічным правам грамадства, заснаванага на прыватнай уласнасці. Яно было запазычана (рэцэптавана) многімі краінамі.

т. 13, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАГО́РТА [лац. cohors (cohortis)],

тактычнае падраздзяленне (360—600 чал.) у арміі Стараж. Рыма. Уведзена ў 107 да н.э. Складалася з 3 маніпул. 10 К. аб’ядноўваліся ў легіён. Існавалі К. колькасцю да 1000 чал., якія дзейнічалі самастойна. У пераносным сэнсе — згуртаваная група аднадумцаў.

т. 7, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ПАТ, Публій Карнелій Непат

[Publius Cornelius Nepos; каля 109 да н.э., г. Павія, Італія — каля 27 да н.э.],

старажытнарымскі гісторык і паэт. Сябар Катула і Цыцэрона. Аўтар «Хронікі» ў 3 кн. (захавалася ў фрагментах), у якой апісаў найважнейшыя падзеі ў гісторыі Грэцыі ў сувязі з гісторыяй Рыма (увёў новую храналогію, у якасці вызначальнай прыняў дату заснавання Рыма). Праца «Прыклады» (не захавалася) уяўляла сабой зборнік гіст. анекдотаў і апавяданняў пра выдатныя мясціны. Гал. праца Н. — «Пра знакамітых людзей» у 16 кн. (захаваліся 22 біяграфіі з раздзелам «Пра знакамітых іншаземных палкаводцаў» і біяграфіі Катона Старэйшага і Атыка з раздзелам «Пра рымскіх гісторыкаў»). Аўтар эратычных вершаў (паводле сведчання Плінія Малодшага); захаваліся звесткі, што Н. быў таксама выдаўцом.

Тв.:

Рус. пер. — О знаменитых иноземных полководцах;

Из книги о римских историках. М., 1992.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬБА-ЛО́НГА (Alba Longa),

старажытны лацінскі горад на ПдУ ад Рыма. Паводле падання, засн. каля 1152 да н.э. Асканіем, сынам Энея. Каля пач. 1-га тыс. да н.э. быў цэнтрам Лацінскага Саюза, у 7 ст. да н.э. разбураны рымлянамі, жыхары горада пераселены ў Рым.

т. 1, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)