МАНІ́Ў ((Maniu) Юліў) (8.1.1873, г. Шымлеў-Сілваніей, Румынія — 5.2.1953),

румынскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1896 чл. прэзідыума рум. Нац. партыі Трансільваніі (Венгрыя). У 1906—10 дэп. венг. парламента. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі (1918) выступаў за далучэнне Трансільваніі да Румыніі. У 1919—38 дэп. рум. парламента. Адзін з заснавальнікаў і старшыня (1926—47) Нацыянал-царанісцкай партыі. У 1928—30 і 1932—33 прэм’ер-міністр Румыніі. Садзейнічаў інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва краіны з суседнімі дзяржавамі ў межах Антанты Малой. У 2-ю сусв. вайну разам з І.​К.​Брэціяну ўзначальваў апазіцыю супраць дыктатуры І.Антанеску, удзельнічаў у тайных перагаворах з краінамі—чл. антыгітлераўскай кааліцыі. Пасля звяржэння Антанеску (23.8.1944) увайшоў ва ўрад К.​Санатэску. З сак. 1945 у апазіцыі да камуніст. ўрада П.​Грозы. У 1947 арыштаваны, абвінавачаны ў падрыхтоўцы звяржэння ўрада Грозы і засуджаны на пажыццёвае зняволенне.

т. 10, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАРГІ́Ў-ДЭЖ ((Gheorghiu-Dej) Георге) (8.11.1901, г. Бырлад, Румынія — 19.3.1965),

палітычны і дзярж. дзеяч Румыніі. З 1930 чл. Камуніст. партыі Румыніі (КПР). Як адзін з арганізатараў забастоўкі чыгуначнікаў і нафтавікоў (1933) у г. Грывіца (цяпер у складзе Бухарэста) асуджаны на 12 гадоў катаргі. У ліст. 1944 уцёк з канцлагера і стаў адным з арганізатараў і кіраўнікоў узбр. паўстання (23.8.1944) супраць ваен. дыктатуры І.​Антанеску. З кастр. 1945 ген. сакратар ЦК КПР. У 1944—48 узначальваў шэраг міністэрстваў. Пасля аб’яднання КПР і С.-д. партыі ў адзіную Рум. рабочую партыю (РРП) ген. сакратар яе ЦК (1948—54, у 1955—65 1-ы сакратар ЦК РРП). З 1948 1-ы нам. старшыні, у 1952—55 старшыня СМ Рум. Нар. Рэспублікі (РНР). З 1961 адначасова старшыня Дзярж. савета РНР. Двойчы Герой Сац. Працы РНР (1951, 1961).

Тв.:

Рус. пер. — Статьи и речи. Т. 1—2. М., 1956.

Г.Геаргіў-Дэж.

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЁТА (ад грэч. biote жыццё),

сукупнасць жывых арганізмаў, што склалася гістарычна і аб’яднана агульнай вобласцю пашырэння. У адрозненне ад біяцэнозу ў біёту ўваходзяць віды, якія могуць не мець экалагічных сувязяў паміж сабой (напр., кенгуру і рыба цэратодус, якія ўваходзяць у склад аўстрал. фауны). Арганізмы біёты — біёнты. Тэрмін прапанаваў рум. біёлаг Э.​Ракавіцэ (1907); выкарыстоўваецца, калі размова ідзе пра большыя тэрыторыі, чым у біёме.

т. 3, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́НЗА (рум. brînzǎ),

расольны сыр з авечага малака або сумесі авечага з казіным. На Беларусі брынза — нарыхтаваны ў запас тварог. У пост, калі малочныя прадукты не спажываліся, добра адціснуты тварог або сыр перамешвалі з соллю (у халодную пару года без солі), складалі ў дзежкі, залівалі або закладалі сметанковым маслам, захоўвалі ў халодным месцы. Была найб. пашырана ў Цэнтр. і Усх. Палессі.

т. 3, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБІНО́ЎСКІ (Лазар Ісаакавіч) (1.5.1910, г. Фалешты, Малдова — 29.11.1982),

малдаўскі скульптар. Нар. маст. Малдовы (1963). Чл.-кар. АМ СССР (з 1954). Вучыўся ў АМ у Бухарэсце (1925—30). Яго работы вызначаюцца дынамікай, эмацыянальнасцю. Аўтар партрэтаў рум. мастака К.​Бабы, Хо Шы Міна (Дзярж. прэмія Малдавіі 1970), помнікаў Р.​Катоўскаму, «Гераічнаму камсамолу» ў Кішынёве, станковых кампазіцый (трылогія «Бацькі і дзеці», 1957, «Ціраспальскія швачкі», 1962) і інш.

Л.Дубіноўскі. Ціраспальскія швачкі. 1962.

т. 6, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РЭШ, Мараш (рум. Mureş, венг. Maros),

рака ў Румыніі і Венгрыі, левы прыток р. Ціса (бас. р. Дунай). Даўж. 883 км, пл. бас. каля 30 тыс. км². Пачынаецца на зах. схілах Усх. Карпат, перасякае Трансільванскае плато і Зах. Румынскія горы, ніжняе цячэнне па Сярэднедунайскай раўніне. Сярэдні расход вады 175 м³/с. Веснавое разводдзе. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На М. — гарады Тыргу-Мурэш, Алба-Юлія, Арад (Румынія), Сегед (Венгрыя).

т. 11, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ МОЎ,

працэс, у выніку якога з першасна адзінай мовы ўтвараецца дзве ці некалькі роднасных моў. Так, з адносна адзінай стараж.-рус. (усх.-слав.) мовы ўзніклі бел., рус. і ўкр. мовы, з народнай (вульгарнай) латыні — раманскія мовы (італьян., франц., ісп., партуг., рум. і інш.). Д.м. адбываецца на ўсіх узроўнях мовы, ахоплівае розныя складаныя з’явы (гукі, словы, грамат. правілы, стылістычныя мадэлі і інш.). Вынікае з своеасаблівасцей ўнутр. развіцця першасна адзінага матэрыялу ў розных рэгіёнах (напр., перад галосным «е» мяккімі сталі зычныя ў бел. і рус. мовах, цвёрдымі — ва ўкраінскай). Узаемазвязанасць моўных змен вядзе да паглыблення Д.м. Так, у бел. і рус. мовах націскны «е» пасля мяккага і не перад мяккім ператвараўся ў «о» («ё»), ва ўкр. мове такога ператварэння не адбылося, таму што зычны перад «е» заставаўся цвёрдым (напр., бел. «вясёлы», рус. «весёлый» — укр. «веселий»). Пэўная колькасць адрозненняў узнікала шляхам дастасавання зыходнага матэрыялу да асаблівасцей інш. моў, з якімі кантактавалі гаворкі першасна адзінай мовы (напр., пэўныя рысы рум. мовы, што адрозніваюць яе ад інш. раманскіх моў, узніклі пад уздзеяннем слав. і некаторых інш. гаворак балканскага арэала). Д.м. разам з інтэграцыяй моў разглядаюцца як асн. шляхі знешнелінгвістычнага развіцця моў.

А.​Я.​Супрун.

т. 6, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТО́ЎСКІ (Рыгор Іванавіч) (24.6.1881, г. Ганчэшты, Малдова — 6.8.1925),

савецкі военачальнік. Скончыў с.-г. вучылішча (1900). У 1905 дэзерціраваў з рас. арміі і ўзначальваў узбр. сял. атрады ў Бесарабіі ў 1905—07 і 1915—16, прытрымліваўся тактыкі гайдукоў. Неаднаразова быў арыштаваны рас. ўладамі, у 1916 прыгавораны да пакарання смерцю (заменена на пажыццёвую катаргу). У маі 1917 вызвалены і накіраваны на Рум. фронт. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Бесарабіі. У студз.—сак. 1918 на чале партыз. атрада ваяваў з рум., аўстр. і герм. акупац. войскамі ў Бесарабіі. У крас. 1918—сак. 1919 кіраваў ваен.-дыверсійнай дзейнасцю сав. падполля ў Адэсе, у крас. 1919 на чале сфарміраванага ім партыз. атрада ўдзельнічаў у заняцці горада Чырв. Арміяй. З ліп. 1919 камандзір стралк. і кав. брыгад, кав. дывізіі, удзельнік баёў за Петраград і на Пд Украіны, сав.-польск. вайны 1920, ліквідацыі Антонава паўстання і руху Н.І.Махно. З 1922 камандзір 2-га кав. корпуса ў Малдове. Чл. ЦВК СССР, Украіны і Малд. АССР. Узнаг. 3 ордэнамі Чырв. Сцяга. Забіты каля Адэсы. У Вял. Айч. вайну на тэр. Беларусі імя К. насілі 161-я партыз. брыгада і больш за 20 партыз. атрадаў.

т. 8, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́БА ((Baba) Карнеліу) (н. 18.11.1906, г. Краёва, Румынія),

румынскі жывапісец і графік. Нар. мастак Румыніі (1962). Ганаровы член АМ СССР (1958). Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Ясах (1934—38). Аўтар абагульненых кампазіцый на тэмы сял. жыцця («Адпачынак у полі», 1954, «Сяляне», 1958), вострых па характарыстыцы партрэтаў («М.​Садавяну», 1953, «Партрэт дзяўчыны», 1957, «Суайчыннікі», 1974), пейзажаў, іл. да твораў рум. пісьменнікаў. Дзярж. прэміі Румыніі.

Літ.:

Кузьмина М. Корнелиу Баба. М., 1960.

К.Баба. Партрэт дзяўчыны. 1957.

т. 2, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІРЭ́Т (рум. Siret),

Серэт, рака на У Румыніі (вярхоўі на тэр. Украіны), левы прыток р. Дунай. Даўж. 726 км, пл. бас. 45 тыс. км². Пачынаецца ва Усх. Карпатах, цячэ пераважна па раўнінах Малдовы. Асн. прытокі: Сучава, Малдова, Бістрыца, Тротуш, Бузэў (справа), Бырлад (злева). Веснавое разводдзе, летнія дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады 185 м³/с. У бас. С. — ГЭС (пераважна на р. Бістрыца). Суднаходная ў ніжнім цячэнні. У даліне С. — г. Бакэў (Румынія).

т. 14, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)