мінерал класа галагенідаў, брамід серабра, AgBr. Утварае цвёрдыя растворы з хлораргірытам, т.зв.эмбаліт Ag(Cl, Br), іншы раз з прымессю ртуці. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае скарынкі, налёты, жаўлакі, суцэльныя масы, радзей дробныя крышталі. Колер зялёны, жоўты, на паветры павольна цямнее. Бляск крышталёў алмазны, смаляны. Цв. каля 2,5. Шчыльн. каля 6,4 г/см³. Утвараецца ў зонах акіслення радовішчаў сераброзмяшчальных сульфідных рудаў. Уваходзіць у састаў сярэбраных рудаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕГУНЫ́,
машына для здрабнення і змешвання матэрыялаў расцісканнем і сціраннем. Складаецца з чыгуннай чашы, па дне якой перакочваюцца масіўныя чыгунныя каткі, што верцяцца вакол уласнай (гарызантальнай) восі і разам з крыжавінай, на якой яны ўмацаваны, — вакол яе вертыкальнай восі. Выкарыстоўваюцца ў гарнаруднай прам-сці, металургіі, прам-сці будматэрыялаў і інш. Пры выкарыстанні бегуноў для амальгамацыі залатых рудаў дно чашы заліваюць тонкім слоем ртуці, у якой раствараюцца атрыманыя з руды часцінкі золата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІЯЛІ́ТЫ [ад грэч. ophis змяя + ...літ(ы)],
асноўныя і ультраасноўныя інтрузіўныя (дуніты, перыдатыты, піраксеніты, габра), эфузіўныя (пераважна базальты і іх туфы) і асадкавыя (глыбакаводныя асадкі акіянскага тыпу) горныя пароды, якія трапляюцца разам. Афіяліты разглядаюць як рэлікты акіянскай кары геал. мінулага, перамешчаныя на ўскраіны мацерыкоў. Важна даследаваць афіяліты, каб выяўляць радовішчы рудаў, генетычна звязаныя з пародамі афіялітавага комплексу (хрому, нікелю, плаціны, золата, ртуці і інш.), а таксама вывучаць развіццё зямной кары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАЧЭ́ННЕ,
пакрыццё вырабаў, асобных частак прылад, канструкцый, збудаванняў тонкім слоем золата з дэкаратыўнымі, ахоўнымі і ахоўна-дэкаратыўнымі мэтамі. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай і гадзіннікавай вытв-сці, паўправадніковай тэхніцы, ужытковым мастацтве і інш.
Ліставое З. — наклейванне на падрыхтаваную паверхню вырабаў або збудаванняў тонкіх (0,1—0,3 мкм) лістоў золата. Вядома з 3-га тыс. да н.э. (Егіпет), у Кіеўскай Русі пашырылася з 10—11 ст. Ужывалася для аддзелкі палацаў і храмаў. У паліграфіі выкарыстоўваецца для спец. мастацкага друкавання і ціснення пераплётаў. Парашковае З. — нанясенне на выраб, пакрыты клейкім лакам, тонкага слоя залатога парашку. Агнявое З. — пакрыццё метал., звычайна медных, лістоў амальгамай (сплаў золата і ртуці) з наступнай адгонкай ртуці нагрэвам. Другі яго спосаб — нанясенне лаку, у якім ёсць золата, на фарфора-фаянсавыя вырабы. Пры абпальванні лак выгарае, а залатое покрыва застаецца. З. плакіроўкай — гарачая пракатка лістоў золата з лістамі інш. металу або валачэнне метал. пруткоў, абкручаных лістамі золата. Гэтым спосабам вырабляюць біметал для карпусоў гадзіннікаў і інш.Гальванічнае З. (выкарыстоўваецца з сярэдзіны 19 ст.) робіцца пераважна ў цыяністых залатых электралітах метадам электралітычнага асаджэння. З. катодным распыленнем пашырана пры вытв-сці фотаэлементаў і інш. З. наз. таксама пакрыццё прадметаў рэчывамі залацістага колеру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАГАВЫ́Я ХРЫБТЫ́ (Coast Ranges),
ланцуг невысокіх горных хрыбтоў і масіваў уздоўж зах. ўзбярэжжа ЗША (ад 34°паўн. ш. да 48°30′паўн. ш.). Найб.выш. 2428 м (г. Алімпус). Складзены з асадкавых і метамарфічных парод. Характэрны землетрасенні. Радовішчы нафты, вугалю, ртуці. На Пн ад 42°паўн. ш. схілы ўкрыты лясамі з сітхінскай елкі, туі, дугласіі, вышэй — лугі, горныя тундры, асобныя ледавікі. На Пд — хваёвыя лясы і вечназялёныя ксерафільныя хмызнякі (чапараль), участкі лясоў з гіганцкай секвоі. Нац. парк Алімпік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЯ́КЛЫЯ РУ́ДЫ,
група мінералаў падкласа складаных сульфідаў медзі, якія ўтвараюць ізаморфны рад тэнантыт Cu12As4S13 (мыш’яковістая разнавіднасць) — тэтраэдрыт Cu12Sb4S13 (сурмяністая разнавіднасць). Прымесі серабра (фрайбергіт да 17%), цынку, жалеза, ртуці і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі тэтраэдрычнага, радзей кубічнага і октаэдрычнага выгляду. Часцей зерні і зярністыя агрэгаты. Колер сталёва-шэры да жалезна-чорнага. Бляск металічны. Цв. 3—4,5. Шчыльн. 4,6—5,4 г/см³. Бляклыя руды — гідратэрмальныя мінералы. Лёгка выветрываюцца і замяшчаюцца малахітам, азурытам, купрытам і інш. Другарадныя медныя руды, з іх здабываюць таксама сурму, серабро, ртуць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАРАЗРА́ДНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ, іонныя прылады,
электронныя прылады, дзеянне якіх заснавана на праходжанні эл. току праз разрэджаны газ. Маюць шкляную або керамічную абалонку, запоўненую інертным газам, вадародам або парай ртуці пад ціскам. Момантам запальвання разраду кіруюць з дапамогай дадатковых электродаў (сетак або падпальных электродаў). Форма разраду (дугавы, тлеючы, іскравы ці каронны; гл.Электрычныя разрады ў газах, Іанізацыя) і яго ўласцівасці залежаць ад ціску газу, тыпу катода, канстр. асаблівасцей прылады, сілы току і інш. (гл.Газаразрадныя індыкатары, Газаразрадныя крыніцы святла, Газатрон і да т.п.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАМІ́ДЫнеарганічныя,
хімічныя злучэнні брому з іншымі элементамі. Браміды большасці металаў маюць высокія т-ры плаўлення (напр., брамід калію KBr tпл 730 °C), добра раствараюцца ў вадзе, акрамя брамідаў серабра, ртуці, медзі, свінцу. Браміды неметалаў і металаў III і IV груп перыяд. сістэмы легкаплаўкія, лятучыя рэчывы і напр., брамід алюмінію AlBr3 tпл 97 °C). Атрымліваюць непасрэдным злучэннем элементаў, пры ўзаемадзеянні броміставадароднай кіслаты з металамі, аксідамі, гідраксідамі, карбанатамі. Браміды натрыю і калію выкарыстоўваюць у медыцыне, хім. аналізе, браміды серабра — у вытв-сці кіна- і фотаматэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНЫ́ ПАВУ́К (Argyroneta aquatica),
адзіны від павукоў аднайм. сямейства. Некат. даследчыкі адносяць вадзянога павука да сям. лейкавых. Пашыраны ў Еўропе. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі. Жыве ў стаячых або з павольным цячэннем вадаёмах.
Даўж. цела да 20 мм, самцы буйнейшыя за самак. У вадзе валасістае брушка абкружана захопленым з паверхні паветрам, якім ён дыхае, і блішчыць накшталт кроплі ртуці. Самка будуе з павуціны шчыльнае гняздо ў выглядзе каўпака велічынёй з напарстак, напаўняе яго паветрам. Гняздо — месца размнажэння і паядання здабычы. Корміцца лічынкамі насякомых, ракападобнымі, маляўкамі рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГКАПЛА́ЎКІЯ СПЛА́ВЫ,
металічныя сплавы з т-рай плаўлення, ніжэйшай за т-ру плаўлення волава (231,9 °C). У састаў Л.с. уваходзяць у розных спалучэннях і суадносінах волава, вісмут, індый, свінец, кадмій, цынк, галій, ртуць (гл.Амальгамы) і інш. металы. Найб. пашыраныя эўтэктычныя сплавы гэтых кампанентаў (гл.Эўтэктыка), напр., сплаў Вуда (50% Bi, 25% Pb, 12,5% Sn, 12,5% Cd) плавіцца пры 68 °C. Самы легкаплаўкі з вядомых — сплаў ртуці (91,5%) і талію (8,5%) мае tпл -59 °C. Выкарыстоўваюць у якасці прыпояў, плаўкіх засцерагальнікаў, метал. замазак, матэрыялаў для ліцейных мадэляў.