род млекакормячых сям. аленевых атр. парнакапытных. 2 віды: К. еўрапейская (C. capreolus) і К. сібірская (C. pygargus). Пашыраны ў Еўразіі. Жыве ў разрэджаных лясах і перадгорных стэпах. На Беларусі трымаецца невял. статкамі.
Даўж. да 155 см, выш. ў карку да 100 см, маса да 60 кг. Поўсць густая, зімой буравата-шэрая, летам рыжая. Каляхваставое «люстэрка» белае. У самцоў невял. рогі з 3—4 адросткамі. Нараджае 2—3 цялят. Корміцца раслінамі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЙМС-ГРЭЙВС (англ. Grimes Graves),
старажытны цэнтр здабычы крэменю эпохі неаліту (2300—1700 да н.э.) каля Брандана, на мяжы графстваў Норфалк і Суфалк (Англія). На плошчы каля 14 га знойдзены рэшткі 346 шахтаў, частка якіх мае глыб. 9—10 м. Ад вертыкальных тунэляў адыходзяць гарыз. галерэі. Здабыча вялася драўлянымі рыдлёўкамі і рагавымі прыладамі. У адной з шахтаў знойдзены алтар з крамянёвых глыб, вакол якога былі ўмацаваны рогі аленя, знаходзіліся прынашэнні (крэйдавыя шары, статуэтка жанчыны і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НА, эланд (Tragelaphus oryx),
млекакормячае сям. пустарогіх атр. парнакапытных. Пашырана ў Афрыцы, на Пд ад Сахары. Жыве ў саваннах, трымаецца статкамі.
Самая буйная антылопа кантынента, даўж. да 3,5 м, выш. ў карку каля 1,8 м, маса да 1 т. Рогідаўж. каля 1 м, скручаныя. Пад шыяй складка скуры (падгрудак). Афарбоўка ад шаравата-жоўтай да цёмна-рыжай. Нараджае 1 цяля. Корміцца травой, лісцем. Лёгка прыручаецца, гадуюць на фермах, у т. л. з 1892 у запаведніку Асканія-Нова (Украіна). Зах. падвід (T.o. derbianus) у Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРХУ́Р, вінтарогі казёл (Capra falconeri),
парнакапытная жывёла роду горных казлоў сям. пустарогіх. Некалькі падвідаў, якія адрозніваюцца формай рагоў. Пашыраны ў гарах Азіі. Жывуць да выш. 3500 м, на стромкіх схілах, скалах. Трымаюцца групамі. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 1,7 м, выш. ў карку да 0,9 м, маса да 90 кг і больш. Афарбоўка рыжавата-шэрая, у старых самцоў — брудна-белая. Рогі прамыя, закручаны накшталт штопара або вінта (адсюль другая назва). У самцоў на шыі і грудзях падвес з падоўжаных валасоў. Нараджаюць 1—2 казляняці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗЕ́ЛІ,
зборная назва падобных па выглядзе і памерах парнакапытных жывёл сям. пустарогіх. 19 відаў. Пашыраны ў пустынях, стэпах і лесастэпах Афрыкі і Азіі. Жывуць статкам. Найб. вядомыя джэйран, дзерэн, газель-дама (Gasella dama) і інш.
Даўж. да 170 см, выш. ў карку да 120 см, маса да 85 кг. Целасклад лёгкі, зграбны. Маюць лірападобныя рогідаўж. да 80 см. Афарбоўка шаравата-пясочная або карычняватая з больш светлым нізам. Хутка бегаюць. Кормяцца расліннасцю. Нараджаюць 1—2 дзіцянят. Аб’екты палявання. 3 віды і 7 падвідаў у Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́Л,
2 геаграфічныя расы (падвіды) аленя высакароднага: М. алтайскі (Cervus elaphus sibiricus) і М. цянь-шанскі (C. e. songaricus). Пашыраны ў Цэнтр. Азіі (Алтай, Цянь-Шань, Паўд. Сібір, Кітай, Манголія). Жывуць у рэдкалессі, на ўзвышшах, у гарах.
Даўж. да 3 м, выш. ў карку да 1,6 м, маса да 500 кг. Ствол рагоў моцны, тоўсты, ад яго адыходзіць да 7 адросткаў, 4-ы самы вялікі. Расліннаедныя (трава, лісце, кара дрэў, плады, ягады. грыбы, лішайнікі). Нараджаюць 1 дзіцяня. Гадуюць на фермах. Маладыя неакасцянелыя рогі (панты) М. выкарыстоўваюць пры вырабе лек. прэпарату пантакрыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУФЛО́Неўрапейскі
(Ovis ammon musimon),
жвачнае парнакапытнае млекакормячае роду бараноў; падвід архара. Паходзіць з а-воў. Кіпр, Корсіка, Сардзінія. Найб. пашыраны ў Міжземнамор’і, трапляецца ў Крыме. Жывуць пераважна ў месцах з перасечаным рэльефам, у гарах, статкамі або невял. групамі. Папуляцыі М. на а-вах Корсіка і Сардзінія занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Адзін з магчымых продкаў авечкі свойскай.
Даўж. да 130 см, выш. ў карку да 80 см, маса да 40 кг; самкі драбнейшыя. Афарбоўка цёмна-карычневая, у самцоў са светлымі плямамі на баках. Рогі невял., тонкія. Кормяцца травой, галінкамі. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́Р, горны баран, аргалі, аркар,
качкар (Ovis ammon),
млекакормячая жывёла роду горных бараноў атр. парнакапытных. Каля 25 падвідаў. Пашыраны на а-вах Міжземнага м., у Пярэдняй, Сярэдняй, Цэнтр., Паўн.-Усх. і часткова Паўн. Азіі. Жыве статкамі на спадзістых схілах і высокіх горных плато.
Даўж. цела 1,1—2 м, выш. ў карку 0,65—1,25 м, маса ад 25 да 230 кг. Рогі масіўныя, выгнутыя, даўж. да 1,9 м, масай да 30 кг. Корміцца травой. Ягняты (1—2) нараджаюцца вясной. Каштоўная прамысл. жывёла, здабываецца дзеля мяса і скуры. Выкарыстоўваецца для гібрыдызацыі са свойскімі пародамі авечак (выведзены танкарунныя пароды — горны мерынос і архарамерынос). Ахоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎЦАБЫ́К, мускусны бык (Ovibos moschatus),
жывёла сям. пустарогіх атр. парнакапытных. Трапляецца ў Грэнландыі і на некаторых а-вах Канадскага арктычнага архіпелага. Колькасць невялікая, ахоўваецца. У ледавіковы перыяд жыў на Беларусі.
Даўж. цела да 2,5 м, выш. ў карку да 1,45 м, маса да 300 кг. Поўсць цёмна-бурая, доўгая (да 0,9 м) і густая. Рогі ў самцоў і ў самак, даўж. да 0,73 м. Корміцца лішайнікамі, мохам, травой. Цяжарнасць каля 9 месяцаў. Нараджае 1 цяля раз у 2 гады. Акліматызаваны ў Нарвегіі і на в-ве Шпіцберген, распачата акліматызацыя на в-ве Урангеля і на п-ве Таймыр. У шэрагу краін аўцабыкоў трымаюць на фермах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫВА́СТЫ БАРА́Н (Ammotragus lervia),
жвачнае парнакапытнае млекакормячае сям. пустарогіх. Адзіны від роду, 6 падвідаў. Займае прамежкавае становішча паміж казламі і баранамі. Жыве адзін або невял. групамі ў цяжкадаступных камяністых горных пустынях Паўн. Афрыкі.
Даўж. цела да 190 см, выш. ў карку да 100 см, маса да 140 кг. Самкі значна меншыя. Афарбоўка цела рыжавата-жоўтая, бруха светлае або белае. У самцоў рогідаўж. да 80 см, у самак да 40 см. На ніжняй частцы шыі, грудзях і на пярэдніх нагах валасы падоўжаныя і ўтвараюць густую грыву (адсюль назва). Нараджаюць 1—3 дзіцянят. Кормяцца травяністымі раслінамі і парасткамі кустоў. Акліматызаваны ў гарах ЗША (1950). Ахоўваецца.