(Ajar) Эміль; сапр.Касеў (Kassew) Раман; 8.5.1914, Вільня — 2.12.1980], французскі пісьменнік расійскага паходжання. У Францыі жыў з 1927. Атрымаў вышэйшую юрыд. адукацыю. З 1945 на дыпламат. службе. Аўтар раманаў «Еўрапейскае выхаванне» (1945),
«Карані неба» (1956, Ганкураўская прэмія 1956), трылогіі «Амерыканская камедыя» (1966—69), цыкла «Браты Акіян» (1965—68), «Паветраныя змеі» (1980), эсэ «Жыцё і смерць Эміля Ажара» (апубл. ў 1981). Пад імем Э.Ажара апублікаваў раманы «Галубок» (1974), «Жыццё наперадзе» (1975, Ганкураўская прэмія 1975, экранізаваны ў 1978), «Трывога цара Саламона» (1979). Насуперак правілам атрымаў Ганкураўскую прэмію двойчы як два розныя пісьменнікі (містыфікацыя раскрылася толькі пасля яго смерці). Перавагу аддаваў экзістэнцыяльнай праблематыцы. Творы Гары адметныя глыбокім псіхалагізмам, спалучэннем трагізму і тонкага гумару, канкрэтна-рэальнага і ўмоўнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЛЯ́НДСКАЕ ГЕ́РЦАГСТВА, Курляндскае і Земгальскае герцагства,
васальная Рэчы Паспалітай (да 1569 ВКЛ) дзяржава на тэр. Латвіі (гіст. вобласці Курляндыя і Земгале) у 16—18 ст. Сталіца — г. Мітава (цяпер Елгава). Утворана ў 1561—62 пасля распаду Лівонскага ордэна апошнім яго магістрам Г.Кетлерам, які прызнаў сюзерэнітэт вял. князя ВКЛ Жыгімонта III (гл.Жыгімонт II). Да 1737 тут правілі нашчадкі Кетлера, потым — дынастыя Біронаў (гл. таксама Біронаўшчына, Ганна Іванаўна). У 1617—1795 дзярж. лад герцагства вызначалі Курляндскія статуты. Найб. магутнасці дасягнула пры герцагу Якабе [1640—82], калі герцагства мела значны ваен. і гандл. флот, валодала калоніямі ў Вест-Індыі (Табага; 1645—65) і Зах. Афрыцы (Гамбія: 1651—65). Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) далучана да Рас. імперыі, у 1796—1917 яго тэрыторыя ўваходзіла ў Курляндскую губ.
Літ.:
Стродс Х. Курляндский вопрос в XVIII в. Ч. 1—2. Рига, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫ́ШСКАЯ МО́ВА,
адна з балтыйскіх моў. Мова латышоў, дзярж. мова Латвіі. Мае 3 дыялекты: сярэднелатышскі (аснова літ. мовы), лівонскі, верхнелатышскі.
У фанетыцы — адрозненне доўгіх і кароткіх галосных, 5 дыфтонгаў, складовая інтанацыя, націск на 1-м складзе; у марфалогіі — 2 роды назоўнікаў (мужч. і жан.), зваротныя назоўнікі, 6 скланенняў, 7 склонаў, 5 ладоў дзеяслова, яго складаныя часавыя формы, скланенне дзеепрыслоўяў, складаная сістэма дзеепрыметнікаў; у сінтаксісе — недапасаванае азначэнне, параўнальна вольны парадак слоў, канструкцыя «давальны самастойны».
Літ. мова склалася ў канцы 19 ст. Пісьменства з 16 ст. на аснове лац. гатычнага пісьма. У аснове сучаснай лат. графікі — лац. алфавіт (антыква) з дадатковымі дыякрытыкамі. Л.м. ўзаемадзейнічае з бел. мовай. У яе літ. мове і гаворках ёсць беларусізмы [kaza (каза), kożuch (кажух) і інш.], адпаведна ў бел. мове — латышызмы («дылда», «мітусіць» і інш.).
Літ.:
Векслер Б.Х., Юрик В.А. Латышский язык. 6 изд. Рига, 1988.
латышскі паэт.Засл. дз. культ. Латвіі (1955). Скончыў Латв.ун-т (1937). Першая кніга вершаў «Суровасць» (1941) тэматычна звязана з падзеямі Вял.Айч. вайны. Гістарычна канкрэтнае бачанне вайны, рэаліст.раскрыццё пачуццяў і перажыванняў воінаў — у зб-ках вершаў «Ішоў снег» (1943), «Салдацкі кубак» (1945). Зб-кі паэзіі «Сакавік» (1962), «Жураўлі» (1964), «Проба крыві» (1970), «Баразна» (1973), «Сляды» (1980) і інш. адметныя спалучэннем сучаснай і гіст. тэматыкі і праблематыкі. Аўтар кніг вершаў для дзяцей «Першакласнікі» (1956), «Вясёлка Тынцы» (1957), паэмы «Слава» (1958; за ўсе Дзярж. прэмія Латвіі 1958). На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Э.Агняцвет, В.Вітка, П.Панчанка, М.Танк, У.Шахавец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБНО́Ў (Сямён Маркавіч) (10.10.1860 22.09.1860, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. — снеж. 1941),
яўрэйскі гісторык, публіцыст і грамадскі дзеяч. У 1880—1906 жыў у Пецярбургу, Адэсе, Вільні. З 1882 супрацоўнік час. «Восход» для яўрэйскай інтэлігенцыі. З 1906 лектар Вольнага ун-та Лесгафта ў Пецярбургу, на курсах усходазнаўства. У 1909—18 рэдактар час. «Еврейская старина». З 1917 праф. Пецярбургскага, з 1919 Яўр. ун-таў. З пач. 1920-х г. у Літве, Германіі, Латвіі. Забіты фашыстамі ў рыжскім гета. Аўтар даследаванняў па сусветнай гісторыі яўрэяў. Сабраў і апублікаваў шмат дакументаў, пераважна па гісторыі бел. яўрэяў. Даў новую перыядызацыю гісторыі яўр. народа, паклаў пачатак сацыялагічнага падыходу ў вывучэнні гісторыі яўрэяў.
Тв.:
Учебник еврейской истории для еврейского юношества. Ч. 1—3. Одесса, 1898—1901;
Краткая история евреев: Учеб. евр. истории: Для школы и самообразования. Ч. 1—3. СПб., 1912;
Всемирная история еврейского народа от древнейших времен до настоящего времени. Т. 1—10. Рига, 1934—38.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕРЛЬ ((Husserl) Эдмунд) (8.4.1859, г. Просніц, Чэхія — 26.4.1938),
нямецкі філосаф, заснавальнік фенаменалогіі. Праф. у Гале, Гётынгене і Фрайбургу. Паводле Гусерля, філасофія не мае ніякіх адносін ні да навакольнага свету, ні да навук, што яе вывучаюць; яе прадмет — гэта толькі з’явы (феномены) свядомасці, якія разглядаюцца як адзіныя і непасрэдна дадзеныя. Гэтыя феномены ён разглядаў як абсалютныя сутнасці, што маюць усеагульнае значэнне і не залежаць ад індывід. свядомасці; асабістыя перажыванні суб’екта, яго ўспрыманне і інтуіцыя складаюць асн. крытэрый ісціны. Ідэі Гусерля сталі філас. асновай экзістэнцыялізму, паўплывалі на развіццё філас. антрапалогіі неатамізму, структуралізму, некат. навук. школ у псіхалогіі, псіхіятрыі, літ.-знаўстве, метадалогіі навукі.
Тв.:
Husserliana. Gesammelte Werke. Bd. 1—26. Den Haag, 1950—84;
Рус.Пер. — Логические исследования. Ч. 1. Пролегомены к чистой логике. СПб., 1909;
Кризис европейского человечества и философия // Вопр. философии. 1986. № 3;
Логические исследования. Т. 2, ч. 1. Исследования по феноменологии и теории познания. Исслед. V. Об интенциональных переживаниях и их «содержаниях» // Проблемы онтологии в современной буржуазной философии. Рига, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЦІС ((Lācis) Віліс) (12.5.1904, с. Рынужы, цяпер у межах г. Рыга — 6.2.1966),
латышскі пісьменнік, дзярж. дзеяч. Нар. пісьменнік Латвіі (1947). Вучыўся ў Барнаульскай настаўніцкай семінарыі (1917—18). У 1940—46 старшыня Саўнаркома, у 1946—59 — Савета Міністраў Латвіі. Друкаваўся з 1921. Увёў у лат. л-ру самабытнага, валявога героя — шукальніка праўды, носьбіта лепшых якасцей прац. народа: трылогія «Бяскрылыя птушкі» (1931—33), раманы «Сын рыбака» (т. 1—2, 1933—34), «Старое марацкае гняздо» (1935—37, перапрацаваны варыянт «Сям’я Зітараў», 1955) і інш. Аўтар раманаў «Да новага берага» (1950—51, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Страчаная бацькаўшчына» (1953), аповесці і п’ес пра Вял.Айч. вайну «Кавалі будучыні» (1942), «Нявестка» (1943), «Перамога» (1945), рамана-эпапеі «Бура» (1945—48, Дзярж. прэмія СССР 1949) і інш. Многія творы Л. інсцэніраваны і экранізаваны. На бел. мову асобныя творы пераклалі Я.Скрыган, В.Сёмуха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТРАФА́НАЎ (Аляксей Рыгоравіч) (18.10.1912, в. Асташкава Таржоцкага р-на Цвярской вобл., Расія — 18.4.1988),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1956). Скончыў Ленінградскі ін-т гісторыі, філасофіі, літаратуры і лінгвістыкі (1936). Працаваў настаўнікам, у Ленінградскім ун-це. У 1950—82 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, выкладаў у БДУ. Вывучаў жал. век на тэр.цэнтр. Беларусі. Сістэматызаваў і класіфікаваў старажытнасці штрыхаванай керамікі культуры; зрабіў значны ўклад у распрацоўку гэтай культуры, сцвярджаў яе балцкую прыналежнасць. Увёў у навук. ўжытак паняцце днепра-дзвінскай культуры як адзінага этнакультурнага масіву паўн. Беларусі і Смаленшчыны. У 1960-я г. выявіў у паўн.-зах. рэгіёне дняпроўскага басейна і ў Панямонні Беларусі некалькі дзесяткаў помнікаў банцараўскай культуры і даследаваў некаторыя з іх. Адзін з аўтараў «Нарысаў па археалогіі Беларусі» (ч. 1, 1970), «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1972).
Тв.:
Железный век средней Белоруссии (VII—VI вв. до н.э. — VIII в. н.э.). Мн., 1978;
Археологические памятники восточных балтов на территории Белоруссии в эпоху железа (VIII в. до н.э. — IX в. н.э.) // Из древнейшей истории балтских народов: (по данным археологии и антропологии). Рига, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЙНІС ((Rainis) Ян) (сапр.Пліекшанс Яніс Крыш’янавіч, 11.9.1865, хутар Варславаны, цяпер Екабпілскі р-н, Латвія — 12.9.1929),
латышскі паэт, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч. Нар. паэт Латвіі (1940). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1888). Працаваў у Віленскім судзе (1889—91), рэдактарам дэмакр.газ. «Dienas lapa» («Штодзённы лісток»). У 1897 за ўдзел у рэв. руху сасланы ў Пскоў, у 1899 — у Вяцкую губ. Вярнуўся ў 1903, у 1905 эмігрыраваў у Швейцарыю. З 1920 у Латвіі; з 1921 дырэктар Нац.т-ра ў Рызе, у 1926—28 міністр асветы. Арганізатар (1929) і першы старшыня Т-вакульт. сувязі з народамі СССР. Друкаваўся з 1887. Бунтарскі настрой, вера ў перамогу дабра і прыгажосці ў яго п’есах «Паўідэаліст» (1904), «Агонь і ноч» (1905), «Залаты конь» (1910), «Ветрык, вей» (нап. 1913; паст. Брэсцкім абл. т-рам, 1952; Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1965), трагедыі «Ілья Мурамец» (1922). Аўтар зб-каў вершаў «Далёкія водгукі ў сінім вечары» (1903), «Пасеў буры» (1905), «Новая сіла» (1907), «Тыя, што не забываюць» (1911), «Канец і пачатак» (1912), філас. паэмы «Ave sol!» (1910). У творчасці Р. арганічна спалучаюцца вобразная метафарычная форма з глыбокай філас. сімволікай, рэалізм з тонкім лірызмам, фальклорныя матывы. Перакладаў з рус., ням. і англ. моў. Ведаў бел. мову, бел.нар. песні. У 1921 пры яго падтрымцы створаны Бел. аддзел пры Мін-ве асветы Латвіі. Абараняў у сейме інтарэсы беларусаў Латвіі. Садзейнічаў адкрыццю бел. гімназій у Дзвінску і Лудзе. У ліст. 1926 наведаў Беларусь. На бел. мову творы Р. перакладалі Э.Агняцвет, М.Арочка, А.Астапенка, Р.Барадулін, П.Броўка, А.Вольскі, С.Гаўрусёў, Н.Гілевіч, С.Грахоўскі, С.Дзяргай, Я.Дыла, К.Кірэенка, П.Масальскі (П.Сакол), П.Панчанка, В.Сёмуха. Яму свае вершы прысвяцілі Барадулін, Броўка, В.Вітка, Вольскі, Грахоўскі, В.Зуёнак, М.Калачынскі, П.Прыходзька, А.Пысін, Ю.Свірка, М.Танк, С.Шушкевіч, экслібрысы Я.Ціхановіч.
Тв.:
Бел.пер. — Гірт з Воўчага логу. Мн., 1930;
Выбранае. Мн., 1956;
Ветрык, вей! Мн., 1965;
Агонь і ноч: Даўняя песня ў новым гучанні. Мн., 1988. Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—3. Рига, 1954;
Соч. 1—2. М., 1955;
Избр. произв. Л. 1981.
Літ.:
Сокол Э.П. Жизнь и творчество Яна Райниса. Рига, 1957;
Калнинь Я. Райнис: Роман. М., 1982;
Трофимов Р.А. Лирика Яна Райниса. М., 1982;
Александровіч С.Х. Ян Райніс і беларусы // Александровіч С.Х. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
Кулеша Т. Сустрэчы з Янам Райнісам // Беларускае мастацтва. Мн., 1962. Вып. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛС ((Pauls) Раймандс) (н. 12.1.1936, Рыга),
латышскі кампазітар, піяніст, дырыжор, дзярж. дзеяч. Нар.арт. Латвіі (1976). Нар.арг.СССР (1985). Ганаровы чл.Латв.АН. Скончыў Латв. кансерваторыю па класе фп. (1958; кампазіцыі вучыўся ў Я.Іванова, 1962—65), у 1979—83 выкладаў у гэтай кансерваторыі. З 1964 маст. кіраўнік Рыжскага эстр. аркестра, з 1972 вак.-інстр. ансамбляў «Мода», «Рэмікс», дзіцячага «Зязюлька». З 1982 гал. рэдактар муз. перадач і кіраўнік джаз-аркестра Латв. радыё, старшыня Дзярж.к-та Латвіі па культуры. З 1988 міністр культуры Латвіі, з 1993 саветнік прэзідэнта Латвіі па пытаннях культуры і мастацтва. У 1998—2000 старшыня Новай партыі. Прэзідэнт акц.т-ва «Музычны цэнтр «Вернісаж». Аўтар 6 мюзіклаў, у т. л. «Сястра Кэры» «Шэрлак Холмс» (паст. абодва 1979), «Лясны лебедзь» (1995), зінгшпіля «Вялікая ўдача» (паст. 1977), 4 балетаў, у т. л. «Кубінскія мелодыі» (паст. 1963), балетных мініяцюр, эстр. музыкі і папулярных песень (больш як 350), джазавых кампазіцый, адметных пераўтварэннем інтанацый лат. фальклору, музыкі для т-ра і кіно, апрацовак нар. песень і інш. Лаўрэат 1-га Усесаюзнага конкурсу маладых кампазітараў (1961). Дзярж. прэмія Латвіі 1977.
Літ.:
Петерс Я. Р.Паулс: Версии. Видения. Док. Рига, 1986;
Исаковская Т.И. Р.Паулс: Творч. портрет. М., 1988.