філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Адкрыты 12.12.1979 у в.Раўбічы Мінскага р-на ў будынку б. касцёла. Пл. экспазіцыі і выставачнай залы 400 м², больш за 500 экспанатаў (2000). У музеі вырабы ткацтва, разьбы па дрэве, керамікі, саломапляцення 16—20 ст., большасць прадметаў канца 19 — пач. 20 ст. Сярод экспанатаў драўляная браціна 16 ст., разное культавае начынне 18 ст. (укрыжаванне, фрагменты прыдарожных крыжоў), плеценыя з саломы царскія вароты, жаночае нар. адзенне і святочнае ўбранства, камянецкія прасніцы, узоры мотальскіх, неглюбскіх, краснапольскіх, пінска-івацэвіцкіх ручнікоў, гараднянскай, дубровенскай, івянецкай, пружанскай керамікі, тканыя дываны і посцілкі з розных рэгіёнаў Беларусі, творы сучасных бел. майстроў дробнай пластыкі, саломапляцення, інкрустацыі і інш. Музей наладжвае выстаўкі тэматычныя і прыватных калекцый.
Літ.:
Музей беларускага народнага мастацтва: [Фотаальбом]. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЎМЫВА́КІН (Сяргей Барысавіч) (н. 17.4.1930, с. Белаводскае Чуйскай вобл., Кіргізія),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я.Рэпіна (1961). З 1961 працаваў у Душанбе. З 1967 у Мінску: гал. архітэктар праектаў, нач. аддзела ін-та «Белдзіпрагандаль», з 1990 кіраўнік творчай майстэрні пры Саюзе архітэктараў Беларусі. Асн. работы: гандл. цэнтры па вул. Маскоўскай у Брэсце (1977), па вул. Ракасоўскага ў Пінску (1990, у сааўт.), па Ракаўскай шашы (1934, у сааўт.) і ў жылым раёне Паўд. Захад 1 і 2 у Мінску (1982, 1984, у сааўт.), рэсп.спарт. комплекс «Раўбічы», Палац шахмат па вул. К.Маркса (1982, у сааўт.), рэканструкцыя будынкаў ГУМа (1984) і ЦУМа (1990, абодва ў сааўт.) у Мінску; клуб-сталовая, мед. блок і добраўпарадкаванне пляжа санаторыя «Беларусь» у Місхоры (Крым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАЧО́Ў (Канстанцін Міхайлавіч) (7.5.1911, в. Мікуліна Руднянскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 4.8.1992),
бел. жывапісец і графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1932). У 1948—57 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працаваў у гіст. жанры і пейзажы: «Першая зелень», «Бэзавы май», «Раўбічы ў кастрычніку», «На Вячы», «Вясна прыйшла», «Бацькоўскі дом. Мікуліна», «Мікулінскія ўзгоркі», «Белавежская пушча», «Верасень», «Рабіны» (усе 1966—76). Аўтар твораў, прысвечаных помнікам стараж. архітэктуры Беларусі («Нясвіж. Замак», «Мірскі замак», «Слуцкая брама», усе 1967; «Ускраіна Лагойска», 1968; «Белая вежа. Сакавік», 1974) і Расіі («Пскоў. Грымучая вежа», «Масква. Крэмль», «Загорск. Троіцкі сабор», усе 1968). Сярод графічных работ аўтапартрэт, партрэты маці (усе 1969), дзяўчыны (1981), Я.Коласа (1983) і інш.
Літ.:
Ганчароў М.І. Касмачоў К.М. Мн., 1970;
Дробов Л.Н. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЎБІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры несапраўднай готыкі каля спарт. комплексу «Раўбічы» (Мінскі р-н). Пабудаваны ў 1858—62 з цэглы на месцы драўлянага касцёла 18 ст. У 1866 ператвораны ў правасл. царкву. У 1880 перад храмам пастаўлены драўляныя званіца і капліца (не захаваліся). У 1975—78 будынак рэстаўрыраваны (арх. Л.Паўлава) і прыстасаваны пад Музей беларускага народнага мастацтва. Манум. 1-нефавы будынак на магутным бутавым цокалі з капліцамі каля алтара. Гал. фасад фланкіраваны 3-яруснымі 8-граннымі вежамі з шатровымі завяршэннямі. Высокі шмат’ярусны атыкавы франтон паміж імі падкрэслівае форму стральчатага ўваходнага партала з ганкам з абчасанага каменю. У дэкоры гал. фасада выкарыстаны накладныя 3-ярусныя пілоны з перакінутымі паміж імі стральчатымі броўкамі. Над парталам — гатычнае акно-ружа. Рытм бакавых фасадаў створаны чаргаваннем магутных контрфорсаў і стральчатых аконных праёмаў з фігурнымі дубовымі пераплётамі і вітражамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКРЭАЦЫ́ЙНАЯ ГЕАГРА́ФІЯ,
сацыяльна-геаграфічная дысцыпліна, якая вывучае гал. фактары развіцця і заканамернасці тэр. арганізацыі рэкрэацыйнай дзейнасці (лячэбна-курортнай, аздараўленчай, турысцкай, экскурсійнай) і турысцкай гаспадаркі. Задачы Р.г.: даследаванне і ацэнка прыродных і культ.-гіст.рэкрэацыйных рэсурсаў, турысцкага попыту і выбіральнасці рэкрэацыйных тэрыторый рознымі сац.-дэмаграфічнымі групамі насельніцтва, структуры і геагр. накіраванасці турысцкіх патокаў, абгрунтавання комплекснага развіцця і спецыялізацыі рэкрэацыйных раёнаў, курортаў і інш. Выкарыстоўвае сістэмна-структурны ландшафтна-экалагічны, балансавы, ацэначны і інш. метады. Цесна звязана з фіз., сац., эканам. і мед. геаграфіямі, курарталогіяй, эканомікай турызму і інш. На Беларусі даследаванні па Р.г. праводзяцца з 1960-х г. у БДУ, БПА, БелНДІ праектавання горадабудаўніцтва, Бел.тэхнал. ун-це і інш.Гл. таксама Рэкрэацыя.
І.І.Пірожнік.
Рэкрэацыйная архітэктура. Дзіцячы аздараўленчы комплекс «Брыганціна» ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобл.Рэкрэацыйная архітэктура. Гасцініца спартыўнага комплексу «Раўбічы» (Мінскі раён).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНТО́ВІЧ (Валерый Аляксеевіч) (н. 29.1.1939, г. Горлаўка Данецкай вобл., Украіна),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Засл. дз. маст. Беларусі (1983). Скончыў Львоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1964). Працуе на Мінскім фарфоравым з-дзе (з 1966 гал. мастак). Распрацоўвае для масавай вытв-сці ўзоры сервізаў, ваз, сувеніраў і інш. Сярод работ: сервізы «Віды Мінска» (1966), «Гербы беларускіх гарадоў» (1969), «Вішнёвы» (1976), «Раўбічы» (1981), «Карункі» (1990), «Казіно» і «Сетачка» (абодва 1996), «Кветкі» і «Восень» (абодва 1998); вазы «Гісторыя» (1965), «Народная» (1971), «Юбілейная» (1978), «100 гадоў Янку Купалу» і «100 гадоў Якубу Коласу» (1982), «Каласок» (1986), «Слуцкая» і «Лотас» (абедзве 1998); набор дэкар. блюд «Слуцкія матывы» (1997). Аўтар дэкар. пано ў рэстаранах «Вячэрні» (1974) і аэравакзала (1980) у Мінску, інтэр’ера гасцініцы «Мальбарк» (г. Мальбарк, Польшча; 1993, у сааўт.). Залаты медаль Міжнар. кірмашу ў г. Брно (Чэхія, 1983).
В.Леантовіч. Сервіз для кавы і гарбаты «Сетачка». 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,
спаборніцтвы на лыжах, адзін з зімовых відаў спорту. Уключае лыжныя гонкі, скачкі на лыжах з трампліна, лыжнае дваябор’е, гарналыжны спорт, біятлон, фрыстайл, таксама спарт. арыентаванне на лыжах, спуск на скорасць, паралельны слалам, спуск на адной лыжы, палёты на лыжах з трампліна, зімовы віндсёрфінг, лыжнае дваябор’е-спрынт, камандная гонка біятланістаў, лыжны балет і інш.
Першыя спаборніцтвы па Л.с. адбыліся ў Нарвегіі (1767). Л.с. сфарміраваўся ў канцы 19 — пач. 20 ст.Міжнар. лыжная федэрацыя (ФІС) заснавана ў 1924. У Расіі першыя спаборніцтвы па Л.с. адбыліся ў 1894 (С.-Пецярбург). Праводзяцца спаборніцтвы па Л.с.: зімовыя Алімпійскія гульні (з 1924), чэмпіянаты свету (з 1929; з 1950 — раз у 4 гады) і інш.
На Беларусі першыя аматарскія гурткі па Л.с. створаны ў пач. 1920-х г. у Віцебску. Першы чэмпіянат адбыўся ў 1928. Нац. федэрацыя Л.с. створана ў 1992. Гал. база падрыхтоўкі — рэсп.спарт. комплекс «Раўбічы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКАВЕ́Ц-БА́РТЛАВА (Валянціна Пятроўна) (н. 24.8.1951, в. Янкі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. У 1978—86 мастак Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. З 1988 выкладае ў Бел.АМ (з 1991 заг. кафедры). Працуе ў галіне габелена ў тэхніцы аўтарскага ручнога ткацтва. Творы вызначаюцца выкарыстаннем традыцый бел.нар. ткацтва і арнаментыкі, імкненнем перадаць праз разнастайнасць фактуры і каларыту, эксперыменты з матэрыяламі прыгажосць роднай зямлі, сувязь мінуўшчыны з сучаснасцю: «Жнівень» (1977), «Адчуванне» (1978), «Гаспадар пушчы» (1980), «Імгненне паэта» (1981), «Песні Купалля» (1982), «Раўбічы» і «Асеннія рытмы» (абодва 1983), «Канаплянкі» (1984), «Адраджэнне» (1987), дыпціх «Набат» і прасторавая кампазіцыя «Успаміны» (абодва 1988), «Поле экалогіі» (1989), «Парасткі» (1990), «Ралля» (1993), «Белыя кветкі ў чырвонай вазе» і «Сум» (абодва 1995), «Крумкачы» (1996) і інш. Аўтар манум. габелена «Белавежская пушча» (1990) для рэабілітацыйнага цэнтра Мін-ва аховы здароўя Беларусі, серыі «Вытокі» (1998—99, з Л.Бартлавым) для адм. корпуса БДУ, сцэн. касцюмаў для ансамбляў «Песняры», «Харошкі» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЧКІ́ НА ЛЫ́ЖАХ З ТРАМПЛІ́НА,
від лыжнага спорту. Праводзяцца з трамплінаў з разліковай магутнасцю (аптымальная даўж. скачка) 20—50 м (малыя), 50—70 м (сярэднія), 70—90 м (вял.) і больш за 120 м (для палётаў на лыжах). Спаборніцтвы на Алімп. гульнях, чэмпіянатах свету і інш. праводзяцца на трамплінах магутнасцю 70 і 90 м; уваходзяць у праграму лыжнага дваябор’я.
Паходзяць з Нарвегіі. Першыя афіц. спаборніцтвы адбыліся ў 1897 паблізу Осла. У праграме Алімп. гульняў з 1924 (сярэдні трамплін) і з 1964 (вял.); чэмпіянаты свету з 1937 (з 1964 — на 2 трамплінах). Найб. пашыраны ў краінах Скандынавіі, Аўстрыі, Германіі, Расіі, Японіі і інш.
На Беларусі першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1936. Чэмпіянаты рэспублікі праводзяцца з 1952, з 1962 — у праграме зімовых Спартакіяд. У міжнар. спаборніцтвах бел. спартсмены ўдзельнічаюць з 1961. Найб. вызначыліся чэмпіёны СССР У.Пальчэўскі (1961) і У.Церычаў (1972), Ю.Майсееў — чэмпіён I Усесаюзных зімовых сельскіх гульняў (1977), С.Баброў — чэмпіён Сусв. універсіяды (1999). На Беларусі 5 трамплінаў: 3 у в.Раўбічы Мінскага р-на (20, 40 і 60 м, усе са штучным пакрыццём), у г. Магілёў (30 м), у в. Белае Полацкага р-на Віцебскай вобл. (25 м).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́Н (ням. Kamin ад грэч. kaminos печ, ачаг),
прысценная печ з адкрытай топкай у выглядзе нішы і прамым дымаходам. Прызначаецца для награвання памяшкання (пераважна за кошт цеплавога выпрамянення агню ў час згарання дроў ці вугалю) і аздаблення інтэр’ера. Бываюць таксама электрычныя, газавыя К. Будуюць іх з каменю, цэглы, дрэва, атынкаванага гіпсам. Аздабляюць маёлікай, металам, керамічнай пліткай. Прылады да К. — экран (размаляваная або вышываная тканіна, нацягнутая на каркас), рашотка. шчыпцы, шуфлік, качарга — звычайна выконваюцца на высокім маст. узроўні.
Вядомы ў Стараж. Рыме, з 12 ст. ў Зах. і Паўн. Еўропе. У сярэдневяковых К. наверша выносілася на кансолях далёка наперад, звужалася ўверсе, дасягала скляпенняў. У перыяд готыкі К. набыў адметныя арх. формы, багата ўпрыгожваўся і быў дэкар. дамінантай інтэр’ера. Паступова наверша знікала (дымаход будавалі ў сцяне) або захоўвалася ў якасці дэкар. элемента. Рэнесансавыя і барочныя К. вылучаліся пышным аздабленнем разьбой, барэльефам, гарэльефам, скульптурай і інш. У 17—19 ст. пераважала строгая класіцыстычная форма прамавугольнага К. З гарыз. плітой уверсе, на якую звычайна ставілі гадзіннік, падсвечнік і інш.
На Беларусі захаваліся К. з 16 ст. Іх будавалі ў замках, палацах, сядзібах, гар. асабняках (замак у Нясвіжы). Цяпер К. будуюць у інтэр’ерах грамадскіх будынкаў (камінныя залы гасцініцы спарт. комплексу «Раўбічы» пад Мінскам, Дома літаратара ў Мінску, санаторыя «Беларусь» у Крыме), дамах індывід. забудовы.