пагадненне, у адпаведнасці з якім арганізацыя-пастаўшчык абавязваецца паставіць арганізацыі-пакупніку прадукцыю (тавары) ва ўстаноўлены тэрмін, па ўзгодненай цане і ў адпаведнасці з узгодненымі тэхн. патрабаваннямі. У дагаворы пастаўкі вызначаецца наменклатура (асартымент), колькасць і якасць прадукцыі (тавараў), тэрміны пастаўкі і цана, а ў доўгатэрміновым дагаворы па працяглых прамых гасп. сувязях — найменне, групавая наменклатура (асартымент) і колькасць прадукцыі, парадак і тэрмін узгаднення і прадастаўлення спецыфікацый. Пры адсутнасці гэтых умоў дагавор пастаўкі лічыцца незаключаным. За парушэнне абавязкаў дагавора пастаўкі плаціцца няўстойка (штраф, пеня) і кампенсуюцца страты (панесеныя расходы і неатрыманы прыбытак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́ТНАЕ АБСЛЕ́ДАВАННЕ,
выбарачнае статыст. вывучэнне сямейных бюджэтаў для атрымання звестак пра жыццёвы ўзровень розных сац. груп насельніцтва. Пры бюджэтным абследаванні выбіраюць розныя па матэрыяльнай забяспечанасці тыпы сем’яў (па іх згодзе) і сістэматычна абследуюць на працягу года ці некалькіх гадоў: робяць апытанні дарослых членаў, выкарыстоўваюць іх запісы пра свае даходы і расходы, а таксама некаторыя дакументы (разліковыя ведамасці, пенсіённыя кніжкі і г.д.). Потым з генеральнай сукупнасці сем’яў выбіраюць найб. тыповыя і атрымліваюць звесткі пра аб’ёмы і структуру даходаў і расходаў гэтых сем’яў у розных сац. групах. Першае на Беларусі абследаванне бюджэтаў рабочых і служачых праведзена ў 1921, бюджэтаў сялян — у 1922, пазней бюджэтнае абследаванне сталі сістэматычныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬКУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. calculatio лік, падлік),
вылічэнне (спосаб групоўкі) затрат на вытв-сць і рэалізацыю прадукцыі (работ, паслуг). Афармляецца ў выглядзе калькуляцыйнага ліста, у якім расходы падаюцца па кірунках (аб’ектах) і вызначаных артыкулах. К. дае магчымасць вызначыць сабекошт адзінкі асобных відаў прадукцыі (работ, паслуг), вырабленых (выкананых, аказаных) прадпрыемствам (фірмай, арг-цыяй, брыгадай і інш.). Яе складанне — падлік затрат па артыкулах дае магчымасць разлічыць прыбытак і страты, рэнтабельнасць, устанавіць кошт, аналізаваць сабекошт прадукцыі. Групоўка затрат па калькуляцыйных артыкулах робіцца ў залежнасці ад іх функцыян. ролі ў вытв. працэсе: затраты, выкліканыя вытв. спажываннем рэсурсаў; арганізацыйныя, па абслугоўванні, кіраванні і збыце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАСА́ЦЫЯ (польск. komasacja),
ліквідацыя цераспалосіцы звядзеннем сялянскіх зямель у адзін участак з наступным выхадам на хутары; састаўная частка агр. рэформы ў Польшчы, абвешчанай сеймам у 1919. Праводзілася паводле закону ад 28.12.1925 «Пра парцэляцыю, камасацыю і асадніцтва» з мэтай умацаваць у Зах. Беларусі заможнае сялянства як апору польск. ўрада. Закон абавязваў памешчыкаў прадаваць сялянам і асаднікам участкі зямлі па 15 га у Польшчы і па 26 га у Зах. Беларусі і Зах. Украіне. З 1 млн.га зямлі, прададзенай у 1926—30 памешчыкамі, 90% купілі заможныя сяляне і асаднікі. Бяднейшым сялянам даставаліся горшыя землі. Расходы на К. цалкам клаліся на сялян. Правядзенне К. асабліва паскорылася ў гады эканам. крызісу 1929—30. Як і ўся агр. рэформа, К. ўзмацніла сац. размежаванне зах.-бел. вёскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МПАРТ (англ. import ад лац. importo прывожу),
прывоз у краіну замежных тавараў, тэхналогій, паслуг (платнае карыстанне паслугамі замежных фірм), капіталаў (у форме крэдытаў ці займаў), каштоўных папер і інш. матэрыяльных каштоўнасцей для рэалізацыі (выкарыстання) на ўнутр. рынку, а таксама транзіту ў трэція краіны; расходыфіз. і юрыд. асоб, урада дадзенай краіны на набыццё тавараў і паслуг, зробленых у інш. краінах. Процілеглае значэнне — вываз тавараў, экспарт. Адрозніваюць І. бачны (увоз матэрыяльных каштоўнасцей); І. ускосны (І. камплектуючых вырабаў для машын, паўфабрыкатаў, абсталявання); І. нябачны (затраты на перавозку грузаў, пасажыраў, турызм, грашовыя пераводы і інш.). Структура І. вызначаецца асаблівасцямі прыродных умоў краіны, развіццём яе эканомікі і яе роляй у міжнар. раздзяленні працы. І. рэгулюецца нац. заканадаўствам, паліт.-прававымі абмежаваннямі, мытным тарыфам, сістэмай ліцэнзавання і інш. нетарыфнымі мерамі знешнеэканам. рэгулявання. Гл. таксама Знешнеэканамічныя сувязі, Знешні гандаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДА́ТКІ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
сукупныя затраты жывой і арэчаўленай працы на вытворчасць прадукту. Ва ўмовах таварна-грашовых адносін выступаюць у вартаснай (грашовай) форме. Адрозніваюць грамадскія выдаткі вытворчасці (уключаюць перанесеную вартасць выкарыстаных сродкаў вытв-сці і ўсю зноў створаную вартасць, раўняюцца кошту тавару і служаць аб’ектыўнай асновай планавых цэн) і грашовыя затраты прадпрыемстваў на вытворчасць тавараў (яны меншыя за іх вартасць, выступаюць у форме сабекошту прадукцыі, які ўключае выдаткі на спажытыя матэрыяльныя рэсурсы, аплату працы работнікаў, расходы па збыце і рэалізацыі прадукцыі). Велічыня грамадскіх выдаткаў вытворчасці залежыць ад эфектыўнасці сродкаў працы і ад прадукцыйнасці працы. Чым вышэйшая эфектыўнасць сродкаў працы і яе прадукцыйнасць, тым меншыя выдаткі грамадства на выраб прадукту. Зніжэнне выдаткаў прадпрыемства дасягаецца шляхам павышэння прадукцыйнасці працы, лепшага выкарыстання сыравіны, матэрыялаў і асн.вытв. фондаў, паглыблення спецыялізацыі і кааперавання, развіцця камбінавання. Важнейшымі фактарамі зніжэння выдаткаў вытворчасці прадпрыемства з’яўляюцца ўдасканаленне гасп. механізма, пераход да эканам. метадаў кіравання, ліквідацыя безгаспадарчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКА́Я ЎПРА́ВА,
выканаўчы орган гар. думы ў Рас. імперыі. Складалася з 2—3 асоб, выбраных думай. Узначальваў управу гарадскі галава (адначасова быў і старшынёй гар. думы). Члены ўправы лічыліся на дзярж. службе і атрымлівалі заработную плату, якую ўстанаўлівала гар. дума з фонду гар. даходаў. Гарадская ўправа мела пастаянную канцылярыю, якая падзялялася на шэраг аддзелаў, адпаведных функцыям гар. самакіравання. Пры ёй ствараліся пастаянныя і часовыя камісіі. Гарадскія ўправы займаліся пытаннямі гаспадаркі і добраўпарадкавання гарадоў, супрацьпажарнымі мерапрыемствамі, ажыццяўлялі нагляд за развіццём мясц. гандлю і прам-сці, кіравалі гар. медыцынай і нар. адукацыяй. Не валодалі прымусовай уладай, падпарадкоўваліся губернатару і міністру ўнутр. спраў, якія маглі накласці вета на любое рашэнне ці пастанову гарадской управы. У Беларусі, дзе гар. даходы былі меншыя за расходы, гарадскія ўправы выбіраліся пераважна ў губ. гарадах. У большасці пав. гарадоў функцыі гарадской управы выконваў гар. галава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗЫКО́ВЫ ПРАЦЭ́НТ,
плата, якую атрымлівае крэдытор (банк) ад пазычальніка за карыстанне пазыкай. У яе можа быць уключана і плата за аказанне паслуг пры выдзяленні крэдыту. Памер і парадак выплаты працэнта па разменных відах пазыковых аперацый ўстанаўліваецца дыферэнцыравана паводле крэдытнага дагавора паміж банкам і пазычальнікам. Працэнтныя стаўкі за пазыку могуць быць фіксаваныя (цвёрдыя), «плаваючыя», базісныя (базавыя). Фінансавы П.п. — плата, папярэдне вызначаная і нязменная на працягу ўсяго тэрміну карыстання пазыкай. Выкарыстоўваецца пры кароткатэрміновых (да 30 дзён) пазыках. Базісныя стаўкі даюць магчымасць мяняць плату за карыстанне пазыкай. У гэтым выпадку П.п. можа пераглядацца банкам на працягу ўсяго тэрміну крэдытавання з абавязковым паведамленнем пазычальніка. На ўзровень П.п. ўплываюць: сярэдні ўзровень платы за прыцягнутыя рэсурсы, дэпазітны працэнт, расходы пазычальніка, аб’ект крэдытавання, плацежаздольнасць кліента, ступень рызыкі праекта, тэрмін пазыкі, узровень інфляцыі і інш. фактары, якія вынікаюць з грашова-крэдытнай палітыкі цэнтр. банка і ўрада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
сканцэнтраванне вытв-сці падобных відаў прадукцыі на буйных прадпрыемствах, у межах невял. рэгіёна. Адрозніваюць тэхналагічную форму К.в. — павелічэнне адзінкавай магутнасці асн.тэхнал. абсталявання; заводскую — узбуйненне прадпрыемства за кошт павелічэння колькасці адзінак абсталявання; арганізацыйна-гаспадарчую — адм. і гасп. аб’яднанне некалькіх дробных прадпрыемстваў у адно вытворчае аб’яднанне. У залежнасці ад узроўню канцэнтрацыі прадпрыемствы падзяляюцца на дробныя, сярэднія і буйныя. У буйных прадпрыемствах зніжаюцца капітальныя ўкладанні на адзінку вытв. магутнасці; расце прадукцыйнасць працы, зніжаецца сабекошт адзінкі прадукцыі за кошт памяншэння ўмоўна-пастаянных выдаткаў, паўней вырашаюцца пытанні сац. развіцця калектыву. У той жа час буд-ва буйных прадпрыемстваў патрабуе вял. аднаразовых інвестыцый і тэрмінаў іх будаўніцтва, што прыводзіць да «замарожвання» аддачы інвестыцый. З ростам К.в. павялічваюцца трансп.расходы, узнікае абмежаванасць сыравінных рэсурсаў у гэтым раёне, памяншаецца патрэбнасць у дадзенай прадукцыі, што зніжае эфект К.в. Тэндэнцыяй развіцця К.в. ва ўмовах рыначнай эканомікі з’яўляецца павелічэнне долі малых прадпрыемстваў, якія садзейнічаюць стабілізацыі спажывецкага рынку, пераадоленню манапалізму, стварэнню канкурэнцыі, дадатковых рабочых месцаў, вырашэнню экалагічных праблем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Барысаўскае староства,
дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ у 14—18 ст. Займала ўсх.ч. сучасных Барысаўскага і паўд.ч. Крупскага р-наў. Напачатку воласць уваходзіла, верагодна, у Друцкае княства, у 15 — 1-й пал. 16 ст. — у Віленскае ваяводства. Даход з воласці ішоў на службовыя расходы віленскага ваяводы. У пач. 16 ст. частка тэр. воласці ў выніку велікакняжацкіх падараванняў ператварылася ў прыватныя маёнткі. Пазней Барысаўская воласць ператворана ў староства, якое перадавалася ва ўмоўнае ўладанне буйным феадалам. Першымі старостамі былі віленскія ваяводы М.Радзівіл Чорны і М.Радзівіл Руды, потым знаходзілася ва ўмоўным уладанні нашчадкаў апошняга. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 большая ч. староства ўвайшла ў Аршанскі павет, астатняя, на правым беразе р. Бярэзіна, — у Менскі павет. У 17 ст. некат. маёнткі Барысаўскай воласці вылучыліся ў самаст. ўладанні, засталося каля 50 нас. пунктаў, найбуйнейшымі з якіх у 18 ст. былі г. Барысаў і мяст. Барань, Лошніца, Нача, Нёманіца, Ухвала. У 18 ст. староства трымалі Агінскія, потым зноў Радзівілы. З 1793 у Рас. імперыі. У 1798 са складу староства вылучаны ў якасці павятовага цэнтра Барысаў, а само яно ў колькасці 8 тыс. душ мужчынскага полу падаравана ў прыватную ўласнасць М.Радзівілу.