ландшафтны заказнік рэсп. значэння на тэр. Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Створаны ў 1977 (воз. Воласа ўключана ў заказнік у 1986) з мэтай захавання прыроднага комплексу Бел. Паазер’я і воз. Воласа з рэліктавымі відамі ракападобных. Пл. 982 га. З 1995 у складзе нац. парку Браслаўскія азёры.
Займае цэнтр.ч. перашыйка паміж азёрамі Снуды, Воласа Паўн. і Воласа Паўд. Рэльеф з озавых, камавых і марэнных град і ўзгоркаў укрыты хваёвым лесам, растуць таксама бяроза, дуб, елка, у падлеску — брызгліна, ляшчына, рабіна, ядловец. Больш за 420 відаў вышэйшых сасудзістых раслін. У басейнах азёр расце хвошч стракаты, занесены ў Чырв. кнігу. Водная расліннасць займае каля 40% плошчы азёр, у асноўным харавыя водарасці да глыб. 7,5 м, прымешваюцца макрафіты — трыснёг, чарот, рдзест, эладэя канадская, рагаліснік, разак. У фітапланктоне 44 віды водарасцяў, у зоапланктоне 69 відаў жывёл, у заабентасе 24 віды. У іхтыяфауне 20 відаў рыб, у т. л. сняток, рапушка, шчупак, лешч, лінь, акунь і інш. 4 рэліктавыя віды ракападобных: лімнакалянус, понтапарэя, бакаплаў Паласа, мізіда, а таксама рак шыракапальцы, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕ́ЖСКАЕ ВО́ЗЕРА, Анега,
возера на ПнЗ Еўрапейскай часткі Расійскай Федэрацыі, у Карэліі, Ленінградскай і Валагодскай абласцях. Пл. 9,7 тыс.км² (без а-воў). Даўж. 256 км, шыр. каля 91,6 км, глыб. да 127 м. Пасля пабудовы Верхнясвірскай ГЭС стала вадасховішчам (9950 км²). Катлавіна ледавікова-тэктанічнага паходжання. Паўн. берагі высокія, скалістыя, расчлянёныя вузкімі залівамі-губамі — Петразаводскай, Кондапажскай, Ліжэмскай і інш. і Павянецкім зал., паўднёвыя — пераважна нізкія, часта забалочаныя. 1369 а-воў агульнай пл. 250 км²; найбольшыя — Вял. Клімецкі і Вял. Лелікаўскі. Т-ра паверхневых слаёў вады ў жн. ў адкрытай частцы да 20—24 °C, у залівах да 24—27 °C. Замярзае ў ліст., крыгалом у маі. Цэнтр.ч. ў асобныя гады не замярзае. На возеры назіраюцца сейшы. Празрыстасць вады да 8—9 м, каля берагоў 1—4 м. Вада прэсная, з мінералізацыяй 35 мг/л. Упадаюць 58 рэк, найб. Выцегра, Водла, Суна, Шуя; выцякае р. Свір. Каля 50 відаў рыб, 17 маюць прамысл. значэнне (сіг, рапушка, корушка, мянтуз, лешч, акунь, шчупак, ласось і інш.). Рыбалоўства. Суднаходства. Возера злучана Беламорска-Балтыйскім каналам з Белым м., Волга-Балтыйскім водным шляхам — з бас. Волгі. Уздоўж паўд. берага Анежскі суднаходны канал. На Анежскім возеры музей Кіжы (на аднайм. в-ве). На берагах гарады Петразаводск, Кондапага, Мядэведжагорск, Павянец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НА,
рака ва Усх. Сібіры, у Іркуцкай вобл. і Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 4400 км, пл.бас. 2490 тыс. км². Пачынаецца на зах. схіле Байкальскага хр., за 21 км ад воз. Байкал, упадае ў м. Лапцевых. У верхнім цячэнні (да вусця р. Віцім) праразае Лена-Ангарскае плато, цячэ ў вузкай даліне (шыр. 1—10 км) са стромкімі схіламі, шмат парогаў і вадаспадаў. Пасля ўпадзення р. Кірэнга становіцца паўнаводнай суднаходнай ракой. У сярэднім цячэнні (паміж вусцямі Віціма і Алдана) даліна пашыраецца да 20—30 км, у рэчышчы шмат астравоў. Ніжэй прытока Алёкма 600 км цячэ ў вузкай (3—4 км) даліне, складзенай з вапнякоў, абрывы з якіх часам утвараюць мудрагелістыя формы (Ленскія слупы). За 100 км вышэй г. Якуцк шыр. даліны 25—30 км ніжэй выходзіць на Цэнтральнаякуцкую раўніну. У вусці ўтварае дэльту (пл. каля 30 тыс.км²), падзяляецца на пратокі, з якіх найб. Вялікая Трафімаўская і Быкаўская (злучае Л. з бухтай Тыксі). Гал. прытокі: Нюя, Вілюй (злева), Кірэнга, Віцім, Алёкма, Алдан (справа). Сярэдні расход вады каля с. Кюсюр 16 500 м³/с. Жыўленне пераважна снегавое і дажджавое. Характэрны высокае веснавое разводдзе, значныя дажджавыя паводкі, нізкая летняя межань. Л. штогод выносіць у мора каля 12 млн.т завіслых наносаў. Ледастаў у верхнім цячэнні з канца кастр. да сярэдзіны мая, у ніжнім — часам з канца вер. да пач.чэрв.; пры крыгаломе — заторы лёду; характэрны наледзі. Суднаходства ў разводдзе ад г.п. Качуг, рэгулярнае — ад Усць-Кута (Асятрова). Рыбалоўства пераважна ў нізоўі ракі. Прамысл. рыбы: муксун, сібірская рапушка, нельма, омуль, таймень. Гал. парты і прыстані: Булун, Жыганск, Якуцк, Алёкмінск, Ленск, Кірэнск, Асятрова, Пакроўск, Сангар. Асн. крыніцы забруджвання — прадпрыемствы золата і алмазаздабыўной прам-сці, горна-абагачальныя прадпрыемствы.
Літ.:
Мостахов С.Е. Река Лена. Якутск, 1972;
Колесов А.Н., Мостахов С.Е. По реке Лене: Путеводитель-справочник. Якутск, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЧА́НСКІ,
нацыянальны парк у Мядзельскім р-не Мінскай вобл. і сумежных участках Вілейскага (Мінская вобл.), Пастаўскага (Віцебская вобл.) і Смаргонскага (Гродзенская вобл.) р-наў. Створаны ў 1999 з мэтай захавання прыроднага комплексу Нарачанскай групы азёр, Балдуцкай групы азёр, Вішнеўскага возера, азёр Вялікія Швакшты і Свір і для больш эфектыўнага выкарыстання рэкрэацыйных магчымасцей прыродных рэсурсаў. Пл. 94 тыс.га.
На тэр. парку больш за 30 азёр агульнай пл. больш за 170 км². Рэльеф з дробна- і сярэднеўзгорыстых марэнных узвышшаў з катлавінамі, буйна- і сярэднеўзгорыста-градавых марэнных узвышшаў з камамі, спадзістахвалістых водна-ледавіковых раўнін з азёрамі, дзюнамі, камамі, катлавінамі, участкамі нізінных балот. Расліннасць падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. У фауне 243 віды пазваночных: 10 амфібій, 5 паўзуноў, 179 гняздуючых птушак, 49 млекакормячых; барсук, бусел чорны, гагара чорнаваллёвая, журавель шэры, пугач, скапа і інш. занесены ў Чырв. кнігу. У іхтыяфауне 32 віды, у т. л. рэдкія і каштоўныя — стронга ручаёвая, галавень, рапушка, язь і інш. Азёры парку зарыбляюцца прамыслова-каштоўнымі відамі: вугром еўрапейскім, карпам, сазанам, сігам, судаком. У флоры каля 900 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, у т. л. бяроза карлікавая, кураслеп лясны, марошка, меч-трава звычайная, торбачнік альпійскі, цюльпан лясны, чарнакорань голы і інш. занесены ў Чырв. кнігу. Водарасці батрахасперум ружанцападобны, кладофара эгаграпільная, насток слівападобны, занесеныя ў Чырв. кнігу, трапляюцца толькі ў воз. Нарач і яго басейне. У леса-балотным масіве Чарэмшыца выяўлены комплексы рэліктавых імхоў з гімнакалеі ўздутай і інш. На тэр. парку шмат помнікаў прыроды, у т. л. ўчасткі ландшафтаў — п-аў Дубовая rapa (воз. Мядзел), берагавы ўступ Сцепянёўскі (воз. Нарач), озавыя грады Лукінская, Цюкшынская, Качаргінская, геал. агаленне Студзянец, больш за 20 валуноў; мінер. крыніцы. Тут размешчаны найбуйнейшы на Беларусі курорт Нарач з санаторыямі, дамамі адпачынку, гасцініцамі.
А.А.Галдзянкоў.
Да арт.Нарачанскі: 1 — воз. Мястра; 2 — воз. Нарач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКІЯ АЗЁРЫ,
дзяржаўны нацыянальны парк Беларусі. Створаны ў 1995 на тэр. цэнтральнай ч. Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. ў мэтах захавання тыповага для Бел. Паазер’я прыроднага комплексу Браслаўскай групы азёр. Пл. 71,5 тыс.га, працягласць з Пн на Пд 56 км, з З на У ад 7 да 29 км. Найб. азёры (басейн р. Друйка): Дрывяты, Снуды, Струста, Войса, Неспіш, Недрава, Богінскае воз., Воласа Паўн., Воласа Паўд., Бярэжа, Абаб’е і інш. Лясы займаюць каля 33 тыс.га (46%), с.-г. ўгоддзі і азёры — па 12 тыс.га (па 17%).
Рэльеф Браслаўскіх азёр — узгорыста-марэнны азёрны; у паўн. і сярэдняй ч. — Браслаўская града, у паўд. — Дзісенская нізіна. Марэнныя грады, пагоркі мяжуюцца з глыбокімі міжпагоркавымі паніжэннямі з азёрамі, пашыраны камы, озы. Клімат умерана цёплы, вільготны. Іхтыяфауна азёр багатая: вугор, судак, рапушка еўрапейская (сялява) — усяго 30 відаў рыб, у т. л. 27 абарыгенных. У воз. Воласа Паўд. пашыраны лімнакалянус (рэліктавы рачок), мізіда рэліктавая, понтапарэя, бакаплаў Паласа, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі, з млекакормячых распаўсюджаны дзік, казуля, лось, зайцы, ліс, янотападобны сабака, воўк, лясная куніца, вавёрка, выдра, бабёр, норка. У арнітафауне да 85% усіх птушак, якія гняздуюцца на Беларусі: беркут, арлан-белахвост, скапа, малы падворлік, каршачок, шэры журавель, чорны бусел, малая паганка, вял. бугай, чорнаваллёвая гагара, белая курапатка, сярэдні кулон, залацісты сявец, дзербнік, касматаногі сыч, няясыць даўгахвостая (уральская), трохпальцы дзяцел, уюрок і інш., з якіх 45 відаў занесены ў Чырв. кнігу. Цецеруковыя, кулікі, вадаплаўная дзічына маюць прамысл. значэнне. У флоры рэгіёна больш за 500 відаў, з якіх каля 20 рэдкія і знікаючыя: карлікавая бяроза, ворлікі звычайныя (аквілегія), гарлачык жоўты малы, званочак персікалісты, марошка прысадзістая, лінея паўночная, чараўнік зеленакветкавы, неатыянта клабучковая, першацвет веснавы, пералеска высакародная, шпажнік чарапіцавы і інш. Адасоблены некалькі лясных масіваў: Багінскі (каля 17 тыс.га), Друйская лясная дача (каля 5,6 тыс.га), Бяльмонт (каля 12 тыс.га). Выяўлены асабліва каштоўныя біягрупы раслін лістоўніцы сібірскай, бярозы павіслай і карэльскай, ліпы драбналістай.
На тэрыторыі нац. парку і ахоўнай зоны 25 помнікаў прыроды (напр., участкі ландшафтаў — а-вы Гарадзішча і Церанцейка, Ахрэмавіцкі парк «Бяльмонты», валуны, дрэвы). Тут размешчаны дзіцячы санаторый «Браслаў», турбаза «Браслаўскія азёры», лагеры адпачынку студэнтаў і выкладчыкаў Бел. акадэміі фіз. выхавання і спорту і Бел. ун-та інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САХА́ (ЯКУ́ЦІЯ),
Рэспубліка Саха (Якуція), Якуція, у складзе Расійскай Федэрацыі. Размешчана на ПнУсх. Сібіры. Абмываецца морамі Лапцевых і Усх.-Сібірскім. Уключае Новасібірскія астравы. Пл. 3102,2 тыс.км². Нас. 989 тыс.чал. (2000), гарадскога 64,6%. Сярэдняя шчыльн. 0,3 чал. на 1 км². Больш густа заселены паўд. улусы (адм. раёны) рэспублікі. Жывуць якуты (33,4%), рускія (50,3%), украінцы (7,1%), народнасці Поўначы (2,3%), у т. л. эвенкі, эвены, юкагіры. Сталіца — г.Якуцк. Найб. гарады: Нерунгры, Мірны, Ленск, Алдан, Удачны.
Прырода. Берагавая лінія моцна парэзаная (бухта Нордвік, зал. Анабарскі, Алянёцкі, Янскі, Калымскі, губа Буор-Хая з бухтай Тыксі). Большая ч.тэр. занята горнымі сістэмамі і пласкагор’ямі. На З Сярэднесібірскае пласкагор’е (выш. 500—700 м), якое на Пн абмежавана Паўн.-Сібірскай нізінай, на У — Цэнтральнаякуцкай раўнінай. У паўд.ч. Алданскае нагор’е (выш. 650—1000 м), на Пн ад яго Прыленскае плато, на Пд — Станавы хрыбет. На правабярэжжы р. Лена хрыбты Верхаянскі (выш. да 2389 м) і Чэрскага (выш. да 3147 м, г. Перамога), паміж імі Яна-Аймяконскае нагор’е. На Пн Яна-Індыгірская і Калымская нізіны, на ПнУ Юкагірскае пласкагор’е. Больш за 40% тэр. за Палярным кругам. Карысныя выкапні: алмазы, золата, волава, сурма, вальфрам, слюда, поліметал. і жал. руды, каменны і буры вугаль (Паўднёва-Якуцкі вугальны басейн, Ленскі вугальны басейн), прыродны газ і інш. Клімат рэзка кантынентальны, суровы. Сярэдняя т-растудз. ад -28 °C на ўзбярэжжы да -50 °C на астатняй тэр. (у раёне Верхаянск—Аймякон — адзін з полюсаў холаду Паўн. паўшар’я з абс. мінімумам т-ры -72,2 °C), ліп. ад 2 °C на ўзбярэжжы да 19 °C у цэнтр раёнах. Ападкаў 200—700 мм за год. Гал. рэкі: Лена (з прытокамі Алёкма, Алдан, Вілюй), Алянёк, Яна, Індыгірка, Калыма і інш. Больш за 700 значных азёр, пераважна мелкаводных. Вілюйскае вадасховішча. Паўсюдна пашырана шматгадовая мерзлата. Глебы мярзлотна-таежныя, дзярнова-лясныя, алювіяльна-лугавыя, горна-лясныя і тундрава-глеевыя. Пад лесам (даўрская лістоўніца, хвоя, кедравы сланік, елка, піхта, бяроза) каля 80% тэрыторыі. У далінах рэк і на аласах пашыраны лугі. На Пн і ў гарах тундра. У складзе жывёльнага свету пясец, собаль, заяц-бяляк, ліс, гарнастай, паўн. алень, лось; трапляюцца кабарга, ізюбр, снежны баран. У морах — омуль, муксун, нельма, чыр, рапушка, у рэках — акунь, сіг, шчупак, асетр, мянтуз, таймень. Алёкмінскі і Усць-Ленскі запаведнікі.
Гісторыя. Чалавек насяляе тэр. С. (Я.) з часоў палеаліту. У 6—10 ст.н.э. з Прыбайкалля на Сярэднюю Лену прыйшлі цюркамоўныя плямёны, якія асіміляваліся з мясц. насельніцтвам і ўтварылі ядро якуцкага (саха) народа. У першабытнаабшчынным ладзе якутаў, якія займаліся жывёлагадоўляй, паляваннем і рыбалоўствам, у 17 ст. зараджаюцца элементы феад. адносін. Якуцкія плямёны на чале з таёнамі (князямі) насялялі сярэдняе цячэнне Лены, нізоўе Вілюя і вярхоўе Яны; у 2-й пал. 17 ст. яны рассяліліся па нізоўях Лены, Яны, на Алянёку, Індыгірцы, Алазеі і Калыме. З прыходам у 1620—30-я г.рус. казакоў якуты ў 1632 прызналі ўладу рас. цара. Рус. казакі засн. ў 1632 г. Якуцк. У 1638 утворана Якуцкае ваяводства. У 17—18 ст. якуты плацілі натуральны падатак — ясак. Частка іх перайшла да земляробства. З 1708 якуцкія землі ў складзе Сібірскай, з 1764 — Іркуцкай губ. У 1760-я г. забаронены купля і продаж зямлі, за валасцямі замацаваны зямельныя ўчасткі, склалася т. зв. класная абшчынная сістэма землекарыстання (існавала да 1920). У 1805 утворана Якуцкая вобл., якой кіраваў начальнік, падпарадкаваны іркуцкаму губернатару; з 1851 вобласцю (у складзе Іркуцкага ген.-губернатарства) кіраваў асобны губернатар. Паводле «Статута аб кіраванні іншародцаў» 1822 якуты прылічаны да «качавых іншародцаў». У сярэдзіне 19 ст. ў бас. рэк Алёкма і Віцім знойдзена золата. Буд-ва Сібірскай чыг., узнікненне золатаздабыўной прам-сці і суднаходства па Лене спрыялі развіццю ў С. (Я.) з канца 19 ст. элементаў капіталіст. адносін, фарміраванню нац. буржуазіі. З 19 ст.рас. царызм выкарыстоўваў тэр. С. (Я.) як месца ссылкі. Сярод сасланых па паліт. матывах былі беларусы Р.А.Васільеў, А.А.Касцюшка-Валюжаніч і інш. Тут праводзіў свае даследаванні і памёр (1892) у час падарожжа па р. Калыма І.Дз.Чэрскі. У рэвалюцыю 1905—07 у С. (Я.) узніклі дэмакр. саюзы і с.-д. арг-цыі, вясной 1917 — К-тРСДРП, Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, прафсаюзы. З восені 1917 улада ў Якуцку знаходзілася ў руках антыбальшавіцкага Якуцкага абл. савета. З дапамогай атрадаў Чырв. Арміі 1.7.1918 устаноўлена Сав. ўлада. У жн 1918 тэр. С. (Я.) занята белагвардзейцамі. Сав. ўлада адноўлена ў снеж. 1919 — сак. 1920. 27.4.1922 утворана Якуцкая Аўт.Сав.Сацыяліст. Рэспубліка ў складзе РСФСР. У Вял.Айч. вайну больш за 50 тыс. ураджэнцаў С. (Я.) змагаліся на франтах, 13 з іх прысвоена званне Героя Сав. Саюза. За гады Сав. улады якуцкі (саха) народ кансалідаваўся ў нацыю, створаны сучасныя галіны прам-сці, у т. л. алмазаздабыўная. У вер. 1990 абвешчаны дзярж. суверэнітэт рэспублікі. У кастр. 1991 уведзена пасада прэзідэнта (у 1991—2002 М.Я.Нікалаеў, з 2002 — В.А.Штыроў). У снеж. 1991 прынята сучасная назва — С. (Я.). 31.3.1992 С. (Я.) разам з інш. суб’ектамі Рас. Федэрацыі падпісала Федэратыўны дагавор.
Гаспадарка. Аснову эканомікі С. (Я.) складае горназдабыўная прам-сць (77,4% кошту прамысл. прадукцыі, 1999). Здабыча алмазаў (Мірны, Удачны, Айхал), золата (бас. рэк Алдан і Індыгірка), волава (Дэпутацкі, Эсэ-Хая), сурмы (Усць-Нера), слюды (Алдан, Тамот, Канкунскі). Паліўна-энергет. комплекс (17,7%) грунтуецца на мясц. вугалі, прыродным газе, гідраэнергарэсурсах і прывазных нафтапрадуктах. Здабыча каменнага і бурага вугалю 10 млн.т (1999, Нерунгры, Сангар, Кангаласы), прыроднага газу (Вілюйск, Сангар), вытв-сць электраэнергіі 7,4 млрд.кВт∙гадз (1999), Вілюйская ГЭС, Нерунгрынская, Чульманская, Якуцкая ДРЭС Прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў, маш.-буд., лёгкай, харч., у т. л. рыбнай, прам-сці. Лясная і дрэваапр.прам-сць (вытв-сць піламатэрыялаў — 106,5 тыс.м³, мэблі) у Якуцку, Вілюйску, Алёкмінску, Ленску, маш.-буд. — у Нерунгры (рамонтна-мех.) і Якуцку (суднарамонт), металаапр. — у Алдане. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (у т. л. цэменту — 104 тыс.т) у Якуцку, Нерунгры, Мірным, Алдане, Сангары, Ленску, Тамоце. Лёгкая прам-сць (швейная, гарбарна-абутковая) у Якуцку, харч. — у Якуцку, Нерунгры, Ленску і інш.Вытв-сць сувеніраў у Якуцку. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (мяса-малочная, мяса-табуновая конегадоўля); на Пн — аленегадоўля. Свіна- і птушкагадоўля. Развіта зверагадоўля (серабрыста-чорны ліс, блакітны пясец, норка), паляўнічы (вавёрка, белы пясец, гарнастай, ліс, собаль, андатра) і рыбны промыслы. Пагалоўе (тыс. галоў, 1999) буйн. раг. жывёлы 273,5, свіней 20,4. Пасяўныя пл. (тыс.га, 1999) 59,9, з іх пад збожжавымі (пшаніца, ячмень, авёс) 23,7, бульбай і агароднінай 11,4, кармавымі 24,8. Пасевы збожжавых у цэнтр. і паўд. раёнах, бульбу і агародніну вырошчваюць у цэнтр.ч., на Пд і З. Асн. віды транспарту паветраны і водны. Аэрапорты ў Якуцку, Нерунгры, Мірным, Вілюйску, Алёкмінску, Ленску, Тыксі, Верхаянску, Чэрскім. Суднаходства па Паўночным марскім шляху, рэках Лена, Алдан, Вілюй, Анабар і інш. Марскія парты: Тыксі, Зялёны мыс (Чэрскі). Даўж. чыгункі 165 км (Бамаўская чыг. лінія — Тында—Беркакіт—Нерунгры). Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7071 км, гал. Амура-Якуцкая аўтамагістраль (Беркакіт—Тамот—Якуцк) і Якуцк—Хандыга—Магадан. С. (Я.) пастаўляе ў інш. рэгіёны Расіі і за мяжу алмазы, золата, волава, піламатэрыялы, пушніну; завозіць нафтапрадукты, прадукцыю машынабудавання, тавары лёгкай, харч. прам-сці і інш.
Літаратура. Развіваецца на якуцкай мове. Вытокі ў багатым і разнастайным фальклоры; асабліва пашыраны гераічны эпас аланхо. Пісьмовая л-ра зарадзілася з узнікненнем перыяд. друку ў перыяд рэвалюцыі 1905—07. У творах А.Кулакоўскага, А.Сафронава побыт якутаў, іх цяжкае жыццё. Заснавальнік як.сав. л-ры — П.Айунскі. У 1920—30-я г. выступілі паэты С.Эляй, А.Абагінскі (Кудрын), А.Кюндэ (Іваноў), Кюнюк Урастыраў (У.Новікаў), празаікі Ама Ачыгыя (М.Мордзінаў), Эрылік Эрысцін (С.Якаўлеў), драматург Суарун Амалон (Дз.Сіўцаў) з творамі пра грамадз. вайну, змены ў жыцці народа. У Вял.Айч. вайну патрыят. творы стваралі С.Васільеў-Барагонскі, Эрылік Эрысцін, Ама Ачыгыя, Кюнюк Урастыраў, Эляй і інш. У пасляваен. гады распрацоўваліся тэмы Вял.Айч. вайны (І.Нікіфараў, Л.Папоў), стваральнай працы (Сямён Данілаў, Сафрон Данілаў, М.Яфімаў, І.Гогалеў). У 1960—90-я г.л-ра папоўнілася творамі П.Табурокава, М.Якуцкага, М.Габышава, С.Руфава, С.Тарасава, А.Сырамятнікавай і інш. На бел. мову асобныя творы Абагінскага, Айунскага, Сафрона Данілава, Сямёна Данілава, Кюндэ, Сафронава, Яфімава перакладалі А.Вольскі, С.Міхальчук, У.Правасуд, Я.Семяжон. Асобнымі выданнямі выйшлі аповесці В.Гаўрыльевай «Краіна Уот-Джулустана» (1981), казка «Жураўлінае пяро» (1988).
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. С. (Я.) знойдзены арнаментаваная кераміка, маст. вырабы з металу, наскальныя выявы (жывёлы, сцэны палявання) часоў неаліту і бронзы. Стараж. жыллё якутаў — прамавугольная ў плане юрта, з 19 ст. пашыраны драўляныя хаты. Традыц. віды нар. мастацтва: разьба па дрэве і косці, чаканка і гравіроўка па метале, дробная пластыка, выраб футравага адзення, аздобленага мазаікай і аплікацыяй. У 20 ст. пааднаўляліся старыя і ўзнікалі новыя гарады (Алдан, Ленск, Мірны) і гар. пасёлкі (Чарнышэўскі і інш.). Ва ўмовах вечнай мерзлаты будынкі (шматпавярховыя, цагляныя ці каменныя) узводзілі пераважна на слупкаватых ці палевых фундаментах. Сярод найб. значных архітэктараў-праекціроўшчыкаў С.Данілаў, В.Пятроў, І.Смалькоў і інш. У 1964 створаны Саюз архітэктараў С. (Я.). Выяўл. мастацтва пач. 20 ст. прадстаўлена творчасцю М.Носава і І.Папова. У 1920—30-я г. працавалі першыя мастакі-якуты — П.Раманаў, Г.Туралысаў, П.Дабрынін. Сярод мастакоў 2-й пал. 20 ст. жывапісцы А.Осіпаў, М.Лукін, В.Пятроў, Л.Габышаў, графікі Э.Сіўцаў, В.Васільеў, разьбяры па косці Дз.Нікіфараў, І.Мамаеў і інш.
Музыка. Аснову муз.-паэт. фальклору якутаў складае гераічны эпас аланхо. Асн. жанры як.нар. музыкі — працяжныя і мерныя песні. Працяжным уласцівы свабодная форма, пераменныя метр і лад. Мелодыі мерных песень рытмічна выразныя і ладава акрэсленыя (лірычныя, танц., а таксама т.зв. паднябенныя, якія выконваюцца з характэрным прыцмокваннем). З танцаў вядомы асуахай, з інструментаў — хамуз (варган), кюпсюр (барабан), дзюнгюр (шаманскі бубен), самаробная скрыпка і запазычаныя ад рускіх балалайка і баян. У 1843 упершыню як.нар. песні запісаў А.Мідэндорф. У 1927 выдадзены першы зб.як. песень (у ім змешчаны апрацоўкі М.Аладава). Найб. вядомыя музыканты: Ф.Карнілаў, А.Скрабін, М.Жыркоў, З.Вінакураў. На як.муз. мастацтва паўплывалі Г.Ліцінскі (першыя нац. оперы і балеты разам з М.Жырковым), М.Пяйко, Г.Грыгаран, С.Кандрацьеў і інш. Сярод як. выканаўцаў спевакі М.Лабанаў, А.Лыткіна, Н.Шапялёва, А.Ільіна, хар. дырыжор Ф.Баішава, балерына А.Сцяпанава. Працуюць Муз,драм.т-р імя П.Айунскага, муз.т-р, філармонія, ансамбль танца, сімф. аркестр, хор радыё і тэлебачання, муз. вучылішча, муз. школа. Саюз кампазітараў С. (Я.) з 1979.
Літ.:
Иванов В.Н. Социально-экономические отношения у якутов, XVII в. Якутск, 1966;