ПАДВІ́ЧКА,

галаўны ўбор замужніх жанчын на Беларусі у ляхавіцкім строі. Прадаўгаватым кавалкам (шырыня 12—15 см, даўжыня 50—60 см) саціну, атласу, парчы (уласна П.) абгортвалі тканку з чапцом і замацоўвалі шпількамі і іголкамі. Для пругкасці ў П. ўстаўлялі кардон, паперу, накрухмаленае палатно. Выкарыстоўвалі пераважна тканіну чырв. колеру з верт. белымі палоскамі ці блакітнага колеру з расл. узорам. Святочныя П. ўпрыгожвалі букетамі жывых кветак ці дэкар. зеляніны, якія ўтыкалі збоку ці па цэнтры, а таксама тасёмкамі, пацеркамі і інш. У вясельным уборы паверх П завівалі намітку, а на патыліцы мацавалі пышны букет кветак.

М.​Ф.​Раманюк.

т. 11, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення на Панямонні. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. ў Навагрудскім, Карэліцкім, Слонімскім і Лідскім р-нах Гродзенскай вобл. Аснову летняга жаночага гарнітура складалі кашуля-гарсоўка, андарак, фартух, гарсэт або бурносік. Кашулю-гарсоўку кроілі з гесткай, з прамым або сабраным на каўнерац рукавом, вузкім стаячым, утвораным брыжыкамі каўняром або без каўняра. Дробнаўзорысты геам. арнамент вышыўкі чырвонымі і чорнымі баваўнянымі ніткамі кампанаваўся ў вузкія паскі і размяшчаўся ўздоўж швоў злучэння гесткі са станам, па лініі разрэзу пазухі, на каўняры, нізе рукавоў. Андарак у клетку буйнога рапорту (найчасцей зялёна-блакітнага, зялёна-сіняга ці фіялетавага колераў) прасавалі ў буйныя складкі, падпяразвалі вузкім дэкар. поясам. Аднаполкавы фартух кроілі са скругленым нізам, аздобленым фальбонай. Гарсэт з чорнай шарсцянкі меў баску ў выглядзе 6—8 кліноў. Кароткі бурносік з белага валенага сукна шылі з маляўнічымі складкамі на спіне. Галаўныя ўборы — намітка або чорны ці чырвоны з круглымі вушкамі і ўзорыстымі шаўковымі стужкамі-завязкамі каптур, аздоблены па краях вушак каляровай аблямоўкай, парчовай тасёмкай, вышыўкай. Дзявочы галаўны ўбор — хустка з прышпіленай кветкай ці пяром. Шыю ўпрыгожвалі пацеркамі, стужкамі. Мужчынскае адзенне складалі кашуля, нагавіцы, камізэлька (з сіняй ці чорнай шарсцянкі з меднымі гузікамі, стаячым каўняром), касынка-каляшыйка. Галаўныя ўборы — саламяныя капелюшы, фуражкі. Верхнім адзеннем былі бурнос, сярмяга, капота, спанцэрка, кажух.

Літ.:

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Навагрудскі строй. Маладуха ў верхнім адзенні з каптуром. Вёска Курылавічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобл.

т. 11, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІЯ РУЧНІКІ́,

тып традыц. тканых ручнікоў, якія вырабляюцца нар. майстрамі вёсак Браслаўскага, Віцебскага, Міёрскага, Шаркаўшчынскага р-наў Віцебскай вобл., а таксама стараверамі Паазер’я. Вядомы з 19 ст. Даўж. 120—300 см, шыр. 23—30 см. Ткуць іх з адбеленага кужалю або белай бавоўны, аздабляючы на канцах карункамі, мохрыкамі. Узор ствараецца «выкладаннем» чырвоных, чорных, блакітных, жоўтых баваўняных нітак (выбарнае ткацтва), закладной тэхнікай, якая нагадвае вышыўку па гатовай тканіне. У арнаментыцы пашыраны раслінныя, геам., антрапаморфныя і зааморфныя матывы. Віцебскім ручнікам уласцівы сюжэтнасць арнаментальных кампазіцый, паліхромнасць каларыстычнай гамы, перавага белага фону ў месцах размяшчэння дэкору.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Віцебскія ручнікі. Ручнік з Віцебскага раёна. Пач. 20 ст.

т. 4, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯЗДА́,

рухомая шматпрамянёвая асветленая знутры зорка на кіі, з якой хадзілі т.зв. звездары; атрыбут каляднай абраднасці. Да каркаса са знешняга боку прымацоўвалі пруткі і злучалі іх папарна так, што атрымліваліся промні (рогі З.). Канструкцыю абклейвалі паперай, аздаблялі рознакаляровымі выцінанкамі, палосамі фігурна выразанай паперы або фольгі. З. мела 5, 8, 16 промняў, якія заканчваліся пышнымі пампонамі з паперы рознага колеру. Цэнтр. асветленую нерухомую частку яе (у рух прыводзіліся толькі промні) займаў малюнак або абраз на біблейскую тэму. Звычай нашэння З. на Беларусі быў пашыраны да 1920—30-х г.

М.​А.​Каладзінскі, М.​Ф.​Раманюк.

Хлопчык з каляднай звяздой. Вёска Капылы Камянецкага раёна Брэсцкай вобл. 1940-я г.

т. 7, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ХАВІЦКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення цэнтр. Беларусі. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. на тэр. Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл., Нясвіжскага і Клецкага р-наў Мінскай вобл. Аснову летняга жаночага касцюма складалі кашуля, спадніца, фартух, пояс, гарсэт. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, аздаблялі вузкімі паскамі чырвонага натыкання, якія кампанаваліся ў гарыз. шлякі, размешчаныя на грудзях, рукавах, плечавых устаўках, адкладным каўняры. У строгім арнаменце амаль адсутнічаў рамбічны і раслінны ўзор. Шырокая, кроеная з 4—5 полак шарсцянкі спадніца (выбіванка, андарак, плацянковая спадніца) вызначаецца суладдзем сакавітых рознакаляровых (у вясёлкавай гаме) гарыз. шлякоў, якія чаргаваліся з цёмна-сінім, цёмна-зялёным, бурачковым ці чорным колерамі фону. Прасавалася ў дробныя складкі. Фартух шылі з 2 полак кужалю, аздаблялі, як і кашулю. Аднаполкавы фартух шылі са стракатых тканін. Вузкі пояс, тканы геам. ўзорамі ў чырвона-зялёным каларыце, завязваўся спераду. Гарсэты цёмна-сінія, зялёныя, чорныя ў выглядзе безрукаўкі з баскай-клінкамі ці накшталт кароткага ліфа з адразной баскай на спіне. Галаўныя ўборы — падвічка, намітка ці хустка, аздобленыя букетамі кветак, зеляніны, гірляндачкай (гафрыраванай рознакаляровай паперай, сабранай ў веер). Нагрудныя і шыйныя ўпрыгожанні — пацеркі, тасемкі, стужкі, абразкі. Мужчынскае адзенне складалі кашуля навыпуск, пояс і шарачковыя нагавіцы. Галаўнымі ўборамі былі саламяныя капелюшы, упрыгожаныя чырвонымі стужкамі, кветкамі, каласкамі жыта. Верхняе мужчынскае і жаночае адзенне — сярмяга са складкамі на спіне, кароткая копта з нашыўкамі чорнага аксаміту, блакітны каптан з чырвонымі выкладамі на грудзях і рукавах.

Літ.:

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Ляхавіцкі строй. Касцюм маладой і дружкі. Вёска Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна. 1920-я г.

т. 9, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІ́ЛЁЎСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў Падняпроўі. Бытаваў у 18 — пач. 20 ст. пераважна ў Магілёўскім, Быхаўскім, Шклоўскім, Слаўгарадскім р-нах Магілёўскай вобл., Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл. Летні жаночы гарнітур складалі пераважна 2 варыянты-комплексы: кашуля, спадніца, фартух; кашуля, спадніца, фартух, гарсэт. Кашулю шылі з прамымі плечавымі ўстаўкамі з адносна вузкім рукавом, адкладным (радзей вузкім стаячым) каўняром. Арнамент натыкання і вышыўкі (чырвоны з украпінамі чорнага) кампанаваўся ў палосы на плечавых устаўках і рукавах (паралельна лініі ўточкі), на каўняры. Пераважалі геам. (ромб, крыжык, зорачка) і раслінныя (васількі, бярозка) узоры. Суконная спадніца (андарак, саян) чырвона-малінавая з белай, зялёнай, сіняй, чорнай клеткай, палатняная (бяляк) — гладка-белая ці клятчастая шэра-белая з арнаментальным шлякам на падоле. Падпяразвалі вузкім дэкар. поясам. Фартух-трыпольнік шылі з 3 белых полак палатна. Гарсэт (кабат) шылі з сіняга, чырвонага аксаміту, шарсцянкі з баскай у выглядзе клінкоў або прышывалі да спадніцы, аздаблялі нашыўкамі тасьмы. Галаўныя ўборы жанчын — чапец, намітка, аздобленая вышыўкай і нашыўкамі мохрыкаў даматканая хустка. Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — пацеркі, абразкі, крыжыкі. У мужчынскіх кашулях тунікападобнага крою багата вышывалі манішку. Нагавіцы шылі з белага палатна ці сукна. Насілі таксама суконныя ці палатняныя камізэлькі са стаячым каўняром, шыйныя даматканыя хустачкі-шалікі, вышытыя чырвоным арнаментам на канцах. Галаўны ўбор — каўпаковая з лямцу магерка ці футраванка. Мужчынская і жаночая вопратка — белыя світы, аздобленыя вышыўкай, нашыўкамі тасьмы і шнура.

Літ.:

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Магілёўскі строй. Сялянкі ў традыцыйным летнім адзенні. Вёска Заходы Шклоўскага раёна. 1903.

т. 9, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАРЫ́ЦКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў зах. Палессі. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. пераважна ў Маларыцкім і на Пд Кобрынскага р-наў Брэсцкай вобл. Адметны архаічнасцю, класічнай завершанасцю форм адзення, арыгінальнымі галаўнымі ўборамі замужніх жанчын, выкарыстаннем багата аздобленых дэкар. тканін. Летні жаночы гарнітур складалі кашуля, спадніца, фартух. Кашулю шылі з прамымі плечавымі ўстаўкамі і адкладным каўняром. Аздаблялі чырвона-карычневым геам. арнаментам, скампанаваным у папярочныя палосы ў верхняй частцы рукава, на плячах, манішцы і па краі каўняра. Гарманічным спалучэннем натуральнага колеру бела-шэрай і карычнева-чырвонай воўны, белага лёну і пянькі вылучаюцца пругкія накшталт лямцу святочныя спадніцы — буркі, характэрныя толькі для М.с. Фартух (1- і 2-полкавы) часта меў дэкар. вышытыя завязкі. Падпяразвалі спадніцу тканым на кроснах чырвоным поясам. Асаблівую пластычную выразнасць касцюму надавала намітка, якая, у адрозненне ад намітак інш. строяў, багата аздаблялася вышыўкай: разеткамі-зоркамі на адным рагу і ўзорыстымі шлякамі на трох краях. Своеасаблівай маляўнічасцю галаўнога ўбору (каробачка-лямец, аздобленая рознакаляровымі паскамі саціну, шоўку, тасёмкамі, пацеркамі і двума пукамі-рожкамі пярэстарасфарбаванага пер’я) вызначаўся касцюм свацці. Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — пацеркі, крыжыкі, лычманы (3, 5, 7 круглых медальёнаў-абразкоў, прымацаваных да тасёмкі). У мужчынскі гарнітур уваходзілі кашуля навыпуск, пояс і нагавіцы. Пашыраны галаўны ўбор — саламяны капялюш. Верхнім адзеннем былі світы-латушкі з белага, шэрага або цёмна-карычневага валенага сукна, кажухі.

Літ.:

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;

Яго ж. Мастацтвазнаўча-этнаграфічнае раянаванне Беларускага Палесся // Помнікі старажытнабеларускай культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1984.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Маларыцкі строй. Традыцыйны касцюм замужніх жанчын. Вёска Кураж Маларыцкага раёна Брэсцкай вобл. 1920-я г.

т. 10, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІЯ КУ́ФРЫ,

вырабы нар. майстроў з г. Давыд-Гарадок і навакольных вёсак Столінскага р-на. Промысел быў пашыраны ў 19 — 1-й пал. 20 ст. Паводле канструкцыі куфар рабілі ў выглядзе звужанай унізе дашчанай скрыні на 4 металічных ці драўляных колцах, з плоскім векам, якое выступала за бакавыя сценкі, з уразным ці накладным замком з акоўкай і 2 ручкамі па баках. Фарбавалі ў чырвона-вохрысты колер. Гладкія палосы бляхі, звычайна прафіляваныя, аздаблялі вуглы куфра і край века. Шырокія жал. палосы, што падзялялі пярэднюю сценку куфра на 4 часткі, заканчваліся дэкар. стылізаванымі выявамі галоў птушак, змей або звычайным закругленнем. Часам пярэднюю сценку размалёўвалі расліннымі кампазіцыямі ў выглядзе галінак з кветкамі.

М.​Ф.​Раманюк.

т. 5, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРСЭ́Т,

жаночая безрукаўка, састаўная частка бел. нар. касцюма. Лакальныя назвы кабат, шнуроўка, станік. Апраналі паверх кашулі да святочнага ўбору. Шылі гарсэт на падшэўцы (у 19 — пач. 20 ст. спец. краўцы) з даматканых і фабрычных тканін (сацін, шарсцянка, танныя гатункі парчы, аксаміт, тонкае сукно) чорнага, малінавага, фіялетавага, сіняга колераў. Спераду зашпільвалі на гузікі ці гаплікі або зашнуроўвалі. Паводле крою падзяляліся на кароткія (не дасягалі таліі), прамыя, якія нагадвалі ліф (турава-мазырскі, капыльска-клецкі строі); доўгія, прышытыя да спадніцы (краснапольскі, давыд-гарадоцка-тураўскі строі); прыталеныя з адразной баскай у кліны ці фальбоны (дамачаўскі, калінкавіцкі, навагрудскі, ляхавіцкі строі). Упрыгожвалі гарсэт стракатымі пампонамі і мохрыкамі, гузікамі, нашыўкамі і аблямоўкамі з каляровай тасьмы, тканін, скуры, галуна, вышыўкай, узорыстым натыканнем.

М.​Ф.​Раманюк.

т. 5, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРНО́С,

1) верхняе адзенне бел. жанчын. Апраналі ў халоднае надвор’е як святочную вопратку замест світкі ці кажуха. Падобнае адзенне (бурнус) вядома ў рус. жанчын. Пашыраны з 19 ст. пад уплывам зах.-еўрап. гар. касцюма. Шылі з шэрага, радзей белага, саматканага валенага сукна. Аднабортны, доўгі, расшыраны ўнізе бурнос зашпільваўся на гузікі, меў адкладны каўнер (на Вілейшчыне без каўняра) і 2 невял. Бакавыя завышаныя кішэні. Аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкай чорнага аксаміту, шоўкавай ці сацінавай тасьмы, дэкар. строчкай. Бытавалі ў строях Панямоння і Цэнтр. Беларусі да 1930-х г. 2) Мужчынскае верхняе адзенне, тое, што бурка.

3) Плашч з капюшонам з белай шарсцяной тканіны ў арабаў.

М.​Ф.​Раманюк.

Маладзіца ў святочным бурносе. Вілейскі раён Мінскай вобласці. Канец 19 ст.

т. 3, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)