МА́РЧАНКА (Святлана Міхайлаўна) (н. 15.5.1942, в. Папоўцы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. крытык і паэтэса. Скончыла Магілёўскі пед. ін-т (1964). Працавала ў Касцюковіцкім райкоме ЛКСМБ, у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», газ. «Чырвоная змена», час. «Вожык» і «Работніца і сялянка». У 1984—93 у час. «Полымя». Дэбютавала вершамі ў 1960. Даследуе творчасць Т.​Бондар, Г.​Бураўкіна, В.​Вярбы, С.​Гаўрусёва, Н.​Гілевіча, К.​Кірэенкі, А.​Разанава, А.​Русецкага і інш., праблемы паэзіі і крытыкі, дзіцячай л-ры. Аўтар манаграфіі «Васіль Вітка: Нарыс жыцця і творчасці» (1985), зб. паэзіі для дзяцей «Што я ведаю» (1993).

І.​У.​Саламевіч.

т. 10, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСАРЭ́НКА (Алесь) (Аляксандр Герасімавіч; н. 12.4.1938, в. Ходарава Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1966). Працаваў у Слаўгарадскім райкоме камсамола, у школе-інтэрнаце, на Бел. радыё, у выд-вах, на кінастудыі «Беларусьфільм», у час. «Маладосць», «Полымя» і інш. У 1992—98 рэдактар час. «Першацвет». Друкуецца з 1962. У аўтабіягр. аповесці «На бабровых тонях» (1971) героі — землякі і родзічы аўтара, руплівыя гаспадары сваёй зямлі. Зб. апавяданняў і аповесцей «Журавіны пад снегам» (1976) пра першае пасляваен. пакаленне, якое спазнае радасць працы, любові да роднай зямлі. Раман «Баргузінскае лета» (1982) прысвечаны будаўнікам БАМа. Творы М. вылучаюцца актуальнасцю тэматыкі, пранікненнем у псіхалогію персанажаў, багаццем мовы, апавядальніцкім майстэрствам.

Тв.:

Сонца майго дня. Мн., 1988;

Пакуль не завялі кветкі. Мн., 1994.

У.​В.​Гніламёдаў.

т. 10, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (БСДРП),

арганізацыя бальшавіцкага кірунку, існавала з восені 1917 да крас. 1918. Створана ў Петраградзе на аснове Нарвенскай арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), налічвала каля 700 чл. — рабочых і маракоў Балт. флоту. У выканаўчы камітэт уваходзілі А.​Р.​Чарвякоў, І.​В.​Лагун, Ю.​У.​Памецка, У.​В.​Скарынка, А.​Х.​Усціловіч (Усціновіч) і інш. Вяла паліт. і культ.-асв. работу сярод беларусаў у Петраградзе і яго ваколіцах. Члены БСДРП бралі ўдзел у Кастр. узбр. паўстанні, у рабоце Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. У студз. 1918 БСДРП удзельнічала ў стварэнні Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома), яго камісарам прызначаны А.​Р.​Чарвякоў. У крас. 1918 на аснове БСДРП створана бел. секцыя РКП(б) пры Пецяргофскім райкоме РКП(б).

В.​У.​Скалабан.

т. 2, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬЮЧО́НАК (Пётр Вікенцьевіч) (12.2.1891, в. Русцягі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 27.6.1945),

дзяржаўны дзеяч БССР. З 1912 у арміі. З 1917 у Адэсе, нам. старшыні Бел. бежанскага к-та, чл. арг-цыі «Беларускі гай». У 1918 упаўнаважаны Бел. нац. камісарыята, заг. бел. аддзела ў Палонбежы. У 1919 заг. бел. дзіцячай калоніі, кіраўнік групы бел. камуністаў пры Малдаванскім райкоме партыі, старшыня бел.-літ. секцыі пры Адэскім губкоме партыі. З 1920 у Мінску, заг. гар. жыладдзела. У 1920 і 1923 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. У 1921 нам. наркома сацзабеспячэння, у 1921—22 заг. бел. аддзела Наркамасветы, у 1924—25 і 1926—28 тэхн. рэдактар, нам. старшыні Белдзяржвыдавецтва, у 1925—26 супрацоўнік паўпрэдства ў Варшаве, у 1928—29 нам. старшыні «Белпайгандлю». У 1929 выключаны з партыі за прыхільнасць да т. зв. нацыянал-дэмакратызму. 17.2.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», 18.3.1931 асуджаны на 10 гадоў. 4.10.1937 арыштаваны паўторна, прыгавораны да 5 гадоў ППЛ. Вызвалены 4.10.1942. Зноў арыштаваны і засуджаны ў студз. 1943 на 10 гадоў ППЛ. Памёр у Тайшэтлагу. Рэабілітаваны ў 1988.

Я.​С.​Фалей.

т. 7, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТУКО́ЎСКІ (Мікалай Ягоравіч) (н. 12.9.1929, в. Калюціна Расонскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. драматург. Засл. работнік культ. Беларусі (1977). Скончыў БДУ (1956). Працаваў у Расонскім райкоме ЛКСМБ і раённай газеце. З 1952 у газ. «Звязда», на Бел. радыё, з 1964 гал. рэдактар рэпертуарна-рэд. калегіі Мін-ва культуры Беларусі, з 1966 уласны карэспандэнт, заг. Бел. аддзялення газ. «Известия». З 1993 у газ. «Рэспубліка», у 1995—98 кіраўнік літ. часткі Нац. т-ра імя Я.​Купалы. Друкуецца з 1950. Першая п’еса — камедыя-вадэвіль «Мужчына, будзь мужчынам!» (паст. Бел. рэсп. т-рам юнага гледача, 1966). Шырокую вядомасць набылі яго сатыр. камедыі «Амністыя» (паст. т-рам імя Я.​Купалы, 1970; аднайм. кінафільм, 1982) і «Мудрамер» (паст. там жа, 1987; Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Дынамічнасцю і займальнасцю сюжэта, праўдзівасцю і глыбінёй пранікнення ў чалавечыя характары вызначаюцца драмы «Тры дні і тры ночы» (паст. 1967), «Апошняя інстанцыя» (паст. Дзярж. рускім драм. т-рам, 1974), «Наследны прынц» (паст. пад назвай «Наследнік», 1976), «Паядынак» (паст. т-рам імя Я.​Коласа, 1984), «Бездань» (паст. т-рам імя Я.​Купалы, 1992), камедыя-фарс «Калізей» (паст. Магілёўскім абл. т-рам драмы і камедыі, 1992). У цэнтры п’ес востранадзённыя маральна-этычныя праблемы сучаснасці, пытанні выхавання моладзі, сямейных узаемаадносін. Аўтар камедыі «Зомбі, альбо «Мудрамер-два» (1998), п’ес «Сярэбраная табакерка» (паводле казкі З.​Бядулі, нап. 1998), «Беражыце эдэльвейсы» (паводле матываў «Альпійскай балады» В.​Быкава, нап. 1999), сцэнарыяў фільмаў: дакумент. «Мінск — горад-герой» (1974), «Імгненне перамогі» (1975), маст. «Сын старшыні» (1976), «Траянскі конь» (1980). Піша нарысы, эсэ, публіцыст. артыкулы (кн. «Чужая бяда», 1987).

Тв.:

П’есы. Мн., 1979;

Минск. М., 1982;

Мудрамер: Выбр. п’есы. Мн., 1989;

Апошняя інстанцыя. Мн., 1996.

С.​С.​Лаўшук.

М.Я.Матукоўскі.

т. 10, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)