РАДЫЁТЭЛЕСКО́П (ад радыё... + тэлескоп) прылада для прыёму, рэгістрацыі і даследавання радыёвыпрамянення касм. аб’ектаў. Пры дапамозе Р. даследуюцца інтэнсіўнасць радыёвыпрамянення, яго спектральная шчыльнасць, палярызацыя, вызначаюцца каардынаты крыніцы радыёвыпрамянення на нябеснай сферы.
Складаецца з накіраванай прыёмнай антэны (многаэлементнай або люстраной у выглядзе парабалічнага металічнага суцэльнага ці рашэцістага люстэрка) і высокаадчувальнага радыёпрыёмнага ўстройства (радыёметра) для рэгістрацыі і вымярэння характарыстык выпрамянення. Люстэрка Р. значна большае, чым у аптычных тэлескопаў. Напр., дыяметр нерухомага люстэрка Р. пабудаванага ЗША ў кратэры вулкана Арэсіба (Пуэрта-Рыка), 305 м. Найбуйнейшы кальцавы Р. з антэнай пераменнага профілю — РАТАН-600. Найб. высокую раздзяляльную здольнасць (павялічваецца з ростам базы) маюць радыёінтэрферометры (гл.Інтэрферометр). Напр., для сістэмы двух Р. у Сімеізе (Украіна) і ў Голдстане (ЗША) — база 9485 км — дасягнута раздзяленне 0,0001″ (пад такім вуглом з Зямлі бачны след нагі касманаўта на Месяцы). Пры дапамозе радыёінтэрферометраў атрымана высокае раздзяленне многіх радыёгалактык. Гл. таксама іл. да арт.РАТАН-600.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВІЗІЁН (франц. division ад лац. divisio дзяленне, раздзяленне),
асноўнае тактычнае і агнявое падраздзяленне ў ракетных войсках і артылерыі сучасных армій, а таксама ў ВМФ. Уваходзіць у склад часці (злучэння), можа быць асобным. Звычайны склад Д. ракетных войск і артылерыі — 2—4 агнявыя батарэі і падраздзяленні кіравання і забеспячэння. У ВМФ — злучэнне аднатыпных караблёў ніжэйшых рангаў (мінаносцаў, тарпедных катэраў і да т.п.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЬ-ФІЛЬТРА́ЦЫЯ, гель-храматаграфія,
раздзяленне сумесі малекул паводле іх памеру пры дапамозе порыстых палімераў шляхам фільтрацыі на храматаграфічных калонках. У залежнасці ад памераў малекулы пранікаюць праз поры ўнутр гранул палімеру з рознай скорасцю і канцэнтруюцца ў розных слаях. Выкарыстоўваецца для вызначэння велічынь малекулярных мас, абяссольвання раствораў натыўных бялкоў, канцэнтраванні раствораў палімераў, у медыцыне — для дыягнастычнага падзелу бялкоў сывараткі крыві, пры дыягностыцы цяжарнасці, ачыстцы прэпаратаў ферментаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЭ́НДСЭТ»
(англ. Landsat, скарочанае ад Land Satellite спадарожнік для вывучэння Зямлі),
назва амерыканскіх эксперыментальных ШСЗ для даследавання прыродных рэсурсаў.
Маса 891 кг. Складаецца з блока службовых сістэм і блока з карысным грузам. Электрасілкаванне ад сонечных батарэй. Тэлекамеры забяспечваюць аптычнае раздзяленне да 30 м. Інфармацыя, што атрымліваюць пры дапамозе «Л.», выкарыстоўваецца ў геалогіі, сельскай і лясной гаспадарцы, акіянаграфіі, гідралогіі, метэаралогіі і інш. З 1972 запушчаны 4 «Л.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІФІКА́ТАР,
апарат для раздзялення сумесей мінер. часцінак на класы па буйнасці, шчыльнасці і форме. У залежнасці ад асяроддзя, у якім адбываецца раздзяленне, адрозніваюць К. гідраўлічныя і пнеўматычныя (паветраныя); у залежнасці ад выкарыстаных сіл — гравітацыйныя і цэнтрабежныя К., эл.сепаратары. Выкарыстоўваюцца пераважна ў горнай прам-сці. Найб. пашыраны мокрыя мех. К. для падрыхтоўкі руд да абагачэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЦШПРУНГ ((Hertzsprung) Эйнар) (8.10.1873, г. Фрэдэрыксбарг, Данія — 21.10.1967),
дацкі і нідэрландскі астраном. Чл. Нідэрландскай, Дацкай, чл.-кар. Парыжскай АН. Скончыў Капенгагенскі політэхн.ін-т (1898). Праф. астраноміі ў гарадах Гётынген, Патсдам, Лейдэн. У 1935—45 дырэктар абсерваторыі Лейдэнскага ун-та. Навук. працы па эвалюцыі зорак. Увёў раздзяленне зорак на гіганты і карлікі. Пабудаваў залежнасць зорнай велічыні ад спектральнага класа зорак (гл.Герцшпрунга—Рэсела дыяграма). Упершыню выкарыстаў фатаграфію для вывучэння падвойных зорак (1914—19).
Літ.:
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ.М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІФУРКА́ЦЫЯ РЭК (ад лац. bifurcus раздвоены),
раздзяленне рэчышча і даліны на 2 самастойныя ракі, якія ўпадаюць у розныя басейны. Найчасцей узнікае ад размыву паверхневымі водамі плоскіх водападзелаў. Найб. вядома ў сістэме р. Арынока (Паўд. Амерыка). На Беларусі існуе біфуркацыя рэк бас. Нёмана — праз р. Выня сцёк ажыццяўляецца ў р. Цапра бас. Прыпяці, а таксама з Пцічы па пратоках вада паступае ў рэкі Цітаўка і Талька бас. Свіслачы. Назіраецца сезонная біфуркацыя рэк, калі пераліў вады з аднаго басейна ў другі адбываецца ў час паводкі або разводдзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯ́ЛІЗ (ад грэч. dialysis раскладанне, аддзяленне),
метад раздзялення раствораных рэчываў, малекулярныя масы якіх значна розняцца.
Засн. на рознасці скарасцей дыфузіі такіх рэчываў праз мембрану, якая аддзяляе канцэнтраваны і разбаўлены растворы: раствораныя рэчывы з рознай скорасцю дыфундзіруюць у бок разбаўленага раствору. Раздзяленне раствору на кампаненты з дапамогай Д. ўпершыню праведзена англ. хімікам Т.Грэмам (1854). Для Д. звычайна выкарыстоўваюць плоскія мембраны на аснове цэлюлозы (цэлафан, купрафан) ці полыя валокны з полісульфону. Выкарыстоўваюць у вытв-сці штучных валокнаў (аддзяленне шчолачы ад геміцэлюлозы) і шэрагу біяхім. прэпаратаў, у медыцыне для лячэння атручэння, нырачнай недастатковасці і інш. хвароб. Гл. таксама Мембранныя метады раздзялення, Гемадыяліз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДЗІ́НАЎ (Уладзімір Георгіевіч) (27.5.1935, г. Бранск, Расія — 21.8.1990),
бел. пісьменнік. Скончыў Маскоўскі горны ін-т (1958). У 1967—90 працаваў у час. «Неман». Друкаваўся з 1961. Пісаў на рус. мове. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Раздзяленне радасці» (1968), «Прадчуванне перамен» (1972), «Сполахі» (1978), у якіх свет прыроды знітаваны са светам чалавечых адносін. Шмат пісаў пра бел. вёску. У аповесці «Альхавацкая гісторыя» (1979) маральныя праблемы, звязаныя з выхаваннем моладзі. Пісаў нарысы. На рус. мову пераклаў раман І.Пташнікава «Мсціжы» (1977), асобныя творы В.Адамчыка, В.Карамазава, А.Карпюка, П.Місько, А.Савіцкага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІЎНЫ ЭЛЕМЕ́НТ,
хімічная крыніца току, у якой адбываецца непасрэднае пераўтварэнне хім. энергіі паліва ў электрычную; асн. частка электрахімічнага генератара.
Складаецца з 2 электродаў, раздзеленых цвёрдым (ці вадкім) электралітам. Паліва і акісляльнік падаюцца ў поласці, што мяжуюць з электродамі, і на паверхні раздзелу электрод — электраліт у прысутнасці каталізатараў (напр., плаціны) адбываюцца акісляльна-аднаўляльныя хім. рэакцыі (гл.Акісленне-аднаўленне). Электраліт забяспечвае прасторавае раздзяленне рэакцый акіслення і аднаўлення. У выніку рэакцый утвараюцца рознайменныя іоны, якія рэкамбінуюць у канчатковы прадукт рэакцыі, а на адпаведных электродах утвараецца лішкавы эл. зарад. Выкарыстоўваюцца як аўтаномныя крыніцы току ў сістэмах энергасілкавання касм. апаратаў, электрамабіляў, радыёапаратуры, радыёлакацыйных станцый і інш.