АЖАРО́ЎСКІ (Ożarowski, Ожаровский) Адам Пятровіч (1776, Варшава — 5.12.1855), расійскі ваенны і дзярж. дзеяч, граф. Ген. ад кавалерыі (1826). Сенатар (1826). Удзельнік вызв. паўстання 1794. З 1796 на рус. ваен. службе. Удзельнічаў у кампаніях 1805 і 1807 супраць Францыі. У вайну 1812 камандзір асобнага кав. атрада (6 палкоў) для партыз. дзеянняў на паўд. флангу праціўніка. Удзельнічаў у баях пад Красным (Смаленская вобл.), у заняцці Магілёва, Бярэзінскай аперацыі 1812, у праследаванні французаў у напрамку Валожын—Воранава—Ліда—Ражанка. У замежных паходах рус. арміі (1812—14) узначальваў асобны кав. атрад. З 1814 у бліжэйшым акружэнні імператара Аляксандра I. З 1833 член Дзярж. савета Царства Польскага, з 1841 прысутны ў Варшаўскіх дэпартаментах Сената.
т. 1, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРЫНА́,
гарадскі пасёлак у Беларусі, у Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці. За 22 км ад Шчучына, 29 км ад чыг. ст. Ражанка на лініі Масты—Ліда, на скрыжаванні аўтадарог Гродна—Ліда і Масты—Шчучын—Радунь—Вільнюс. 2,8 тыс. ж. (1995).
Па пісьмовых крыніцах вядома з 1450. У 15 — пач. 16 ст. каралеўскае ўладанне, цэнтр воласці Трокскага пав. З 1487 мястэчка. У 16—18 ст. цэнтр староства ў Лідскім пав. У 1641 атрымала магдэбургскае права. З 1793 цэнтр воласці. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1859 у мястэчку 970 ж., 170 дамоў, царква, капліца, праводзіліся штотыднёвыя кірмашы. У 1897 — 2410 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, з 1926 цэнтр гміны Шчучынскага пав. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак Васілішкаўскага р-на. У Вял. Айч. вайну акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1954—60 цэнтр Васілішкаўскага р-на, у 1960—62 у Скідзельскім, з 1962 у Шчучынскім р-нах.
Дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. прам-сць. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Помнік Цётцы (А.Пашкевіч). Царква 19 ст.
т. 2, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ ДВОР,
вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Астрына—Радунь. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 32 км на ПнЗ ад г. Шчучын, 55 км ад Гродна, 40 км ад чыг. ст. Ражанка. 659 ж., 267 двароў (2000). Лясніцтва, філіялы Гродзенскага кансервавага з-да і Шчучынскага акц. т-ва «Масласырзавод». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры: Юр’еўскі касцёл (1749), капліца (1882).
Вядома з 15 ст. З 1720 мястэчка. З 1795 у Рас. імперыі. З 1843 у Лідскім пав. Віленскай губ. У сакавіку 1863 каля Н.Д. царскія войскі разбілі паўстанцкі атрад Лідскага пав. на чале з Л.Нарбутам. У 1897 у мястэчку 822 ж., касцёл (з 1749), 2 малітоўныя дамы, капліца, вадзяны млын, 3 крамы, 2 карчмы. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Шчучынскага пав. Навагрудскага ваяв. У 1937 у.Н.Д. 655 ж., касцёл, царква, паштовае агенцтва, праводзіліся кірмашы. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Васілішкаўскага раёна Баранавіцкай вобл. З 20.1.1960 у Шчучынскім р-не (у 1960—61 у Радунскім р-не).
У.В.Мальцаў.
т. 11, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЕ́Й (Іпацій) (свецкае імя Адам Львовіч; 12.4.1541, сядзіба Ражанка Камянецкага пав. Падляшскага ваяв. — 18.7.1613),
бел. царкоўны і дзярж. дзеяч., пісьменнік-палеміст. З правасл. роду Пацеяў. Верагодна, вучыўся ў Ягелонскім ун-це (Кракаў). З 1566 брэсцкі пісар земскі, у 1569 дэпутат сейма, у 1588 брэсцкі кашталян і сенатар Рэчы Паспалітай. Пасля смерці жонкі (1592) прыняў манаства пад імем Іпацій (крас. 1593). З мая 1593 епіскап уладзімірскі (г. Уладзімір-Валынскі). Адзін з ініцыятараў і арганізатараў Брэсцкай уніі 1596. З 1599 уніяцкі мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Аўтар палемічных твораў на старабел. і польскай мовах у абарону уніі: «Унія...» (1595), «Справядлівае апісанне ўчынкаў і справы сінодавае» (1597), «Размова берасцяніна з братчыкам» (1604), «Уваскрослы Налівайка» (1607), «Ерасі, невуцтва і палітыка папоў і мяшчан віленскага брацтва», «Гармонія...», «Рэляцыя» (усе 1608), вял. колькасці прамоў, павучанняў і інш. Прапаведніцкія творы П. на старабел. мове былі сабраны і выдадзены ў 1677, у 1714 — перавыдадзены на польскай мове ў Супраслі.
Літ.:
Кішка Л. Жыцьцяпіс Іпація Пацея: Пер. з пол. // Спадчына. 1998. № 4.
Ю.М.Лаўрык.
т. 12, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)