АЛІ́-БЕЙ АЛЬ-КАБІ́Р, Алі-бей (1728, Абхазія — 8.5.1773),

правіцель Егіпта з 1757. Дзіцем прададзены ў рабства. У Егіпце з 1747, воін-раб (мамлюк) правіцеля краіны Ібрахіма Кетходы, у 1748 атрымаў свабоду, стаў беем. У час руска-турэцкай вайны 1768—74 узняў паўстанне супраць Турцыі. У 1770 абвясціў незалежнасць Егіпта і стаў яго султанам. У 1771 заваяваў амаль усю Сірыю. У 1773 разбіты мяцежнікамі, паранены і ўзяты ў палон. Памёр ад ран.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ЧЭР-СТО́У ((Beecher-Stowe) Гарыет Элізабет) (14.6.1811, г. Лічфілд, ЗША — 1.7.1896),

амерыканская пісьменніца. У рамане «Хаціна дзядзькі Тома» (1852) адлюстраванне жыцця неграў-рабоў спалучаецца з пропаведдзю прынцыпаў хрысц. маралі. Праблемам рабства ў ЗША прысвечаны публіцыстычная кн. «Ключ да хаціны дзядзькі Тома» (1853) і раман «Дрэд, аповесць пра праклятае балота» (1856). Аўтар рамана «Алдтаунскія старажылы» (1869) і інш., памфлета «Апраўданне лэдзі Байран» (1870), аповесцяў, апавяданняў, вершаў-медытацый на рэліг. тэмы.

Тв.:

Рус. пер. — Хижина дяди Тома. М., 1980.

т. 3, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛАНО́ВА (Villanova),

культура ранняга жал. веку, плямёны якой у 9—5 ст. да н.э. насялялі Паўн. Італію. Назва ад паселішча Віланова каля Балонні, дзе выяўлены характэрныя для культуры віланова пахаванні з трупаспаленнем. Насельніцтва жыло ў буйных паселішчах, якія былі рамеснымі цэнтрамі вырабу бронзавых рэчаў. Плямёны знаходзіліся на заключнай стадыі распаду родаплемяннога ладу, мелі больш выразную, чым у бронзавым веку, маёмасную дыферэнцыяцыю, патрыярхальнае рабства. Носьбіты культуры віланова, магчыма, умбры, у 7—6 ст. да н.э. заваяваны этрускамі.

т. 4, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДА́ЛЬГА, Ідальга-і-Кастылья (Hidalgo y Costilla) Мігель (8.5.1753, Каралеха, Мексіка — 27.11.1811), нацыянальны герой Мексікі. Скончыў духоўную семінарыю, пазней яе выкладчык, рэктар. За распаўсюджванне ідэй франц. энцыклапедыстаў разжалаваны ў прыходскія святары. У 1810—11 кіраўнік нар. паўстання, якое перарасло ў вайну за незалежнасць Мексікі ад Іспаніі. У ліст. 1810 стварыў у Гвадалахары рэв. ўрад, які адмяніў рабства, выдаў закон, паводле якога індзейцам вярталіся абшчынныя землі, зніжаліся падаткі. У 1811 пасля паражэння рэв. арміі трапіў у палон, расстраляны.

т. 7, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЛІЦЫЯНІ́СЦКАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

літаратура 1830—60-х г. у ЗША, звязаная з грамадска-паліт. рухам за адмену рабства (гл. Абаліцыянізм). Пачынальнік і буйнейшы дзеяч руху — журналіст і паэт У.​Л.​Гарысан, выдавец газ. «Liberator» («Вызваліцель», выходзіла ў Бостане ў 1831—65). Найб. вядомыя творы абаліцыянісцкай літаратуры — раманы Р.​Хілдрэта «Раб, або Успаміны Арчы Мура» (1836); Г.​Бічэр-Стоу «Хаціна дзядзькі Тома» (1852). Тэмы і ідэі абаліцыянізму знайшлі адлюстраванне ў творчасці амер. пісьменнікаў Г.​У.​Лангфела, Р.​У.​Эмерсана, У.​Уітмена і інш.

т. 1, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАМО́РЫ (грэч. geōmoroi),

землеўладальнікі ў Стараж. Грэцыі. У розных рэгіёнах і ў розны час яны мелі розны статус. У Атыцы — гэта адна з 3 груп свабоднага насельніцтва, якая, паводле падання, утварылася ў часы праўлення Тэсея (13 ст. да н.э.). Паступова яны страчвалі свае зямельныя надзелы за даўгі і траплялі ў даўгавое рабства. Рэформы Салона аднавілі б.ч. гаспадарак Геамораў, але ў 4 ст. да н.э. яны ў асноўным разарыліся. У Сіракузах і на в-ве Самас — арыстакраты, буйныя зямельныя ўласнікі, улада якіх скінула дэмасам. Некалькі разоў часова вярталі сваё панаванне, у 4 ст. да н.э. страцілі яго канчаткова.

т. 5, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЯНТ ((Bryant) Уільям Кален) (3.11.1794, Камінгтан, штат Масачусетс, ЗША — 12.6.1878),

амерыканскі паэт-рамантык. З 1829 рэдактар нью-йоркскай газеты «Evening Post» («Вячэрняя пошта»). Пейзажная і філас. лірыка (паэма «Танатопсіс», у пер. з грэч. «Карціна смерці», 1817; зб-кі «Вершы», 1821 і 1832; «Фантан», 1842; «Лясны гімн», 1860; «Між дрэў», 1874; «Рака часу», 1878) здабыла Браянту славу «амерыканскага Вордсварта». Узоры паліт. лірыкі — паэма «Гібель Рабства» (1865). Аўтар падарожных нататкаў, тэарэтычных артыкулаў пра паэзію. Пераклаў з грэч. мовы «Іліяду» (1870) і «Адысею» (1872) Гамера.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Зенкевич М. Из американских поэтов. М., 1946.

Н.​М.​Саркісава.

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУ́ЧАНЫЯ ПРАВІ́НЦЫІ ЦЭНТРА́ЛЬНАЙ АМЕ́РЫКІ,

федэрацыя 5 цэнтр.-амер. рэспублік (Гватэмала, Гандурас, Нікарагуа, Сальвадор і Коста-Рыка), якія разарвалі унію з Мексікай у 1823—39. Сталіца — г. Гватэмала. Канстытуцыя З.п.Ц.А., прынятая ў ліст. 1824, адмяняла рабства, скасоўвала феад. тытулы, гарантавала свабоду друку. Заканад. ўлада належала двухпалатнаму парламенту, на чале федэрацыі стаяў прэзідэнт. Абраны ў 1830 прэзідэнтам ліберал Ф.​Марасан правёў шэраг рэформ, у т. л. секулярызацыю царк. зямель і ўвядзенне свабоды веравызнання. У 1838 кансерватары, якія развязалі грамадз. вайну, разграмілі войскі Марасана і ў 1839 скасавалі федэрацыю. Спробы аднавіць яе ў 1842, 1895—98 і 1921—22 поспеху не мелі.

т. 7, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРО́ВЫЯ ЛЮ́ДЗІ,

1) у Стараж. Русі пры дварах баяр, вял. і ўдзельных князёў ваен. слугі і выканаўчая адміністрацыя (цівуны, ключнікі, дзесяцкія, акольнічыя і інш.).

2) У Расіі з канца 17 ст. да 1861 катэгорыя прыгоннага насельніцтва без зямлі, становішча якога было блізкім да рабства. Жылі ў панскіх дварах, займаліся абслугоўваннем іх сем’яў, выкарыстоўваліся на с.-г. работах, вотчынных прадпрыемствах. Шырока практыкаваліся гандаль Д.л., абмен, дарэнні, заклад. У 1857 Д.л. ў Расіі складалі 6,8% ад колькасці прыгонных, у Беларусі — 3,4%. У час падрыхтоўкі адмены прыгоннага права колькасць Д.л. у Беларусі пабольшала за кошт пераводу цяглых сялян у дваровыя. Паводле рэформы 1861 Д.л. атрымалі асабістую свабоду без зямельнага надзелу.

т. 6, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУМА́НЦЫЯ (Numantia),

старажытна-іберыйскае ўмацаванае паселішча на р. Дуэра ў Іспаніі. Узнікла на месцы стараж. паселішча кельцкага племя арэвакаў. У 154—133 да н.э. гал. цэнтр антырым. супраціўлення. У 153 да н.э. каля Н. разбіта войска рым. консула Квінта Фульвія Набіліёра, у 141 да н.э. — Пампея. У 137 да н.э. Н. аблажыла рым. армія консула Манцына, але сама трапіла ў акружэнне і капітулявала. У 133 да н.э. рым. войска Карнелія Сцыпіёна пасля 9-месячнай аблогі захапіла і разбурыла Н. Частка яго жыхароў скончыла самагубствам, астатніх прадалі ў рабства. Раскопкі Н. ў 1905—23 выявілі гар. ўмацаванні, жылыя памяшканні, лагер Сцыпіёна і інш.

А.​У.​Казленка.

т. 11, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)