О́ТРАКІ,
1) у 10—11 ст. у Кіеўскай Русі — малодшыя дружыннікі (гл. ў арт. Дружына) князёў і баяр, якія ўдзельнічалі ў паходах і зборы даніны; О. называлі таксама кіраўнікоў княжацкай гаспадаркі і асабістых слуг князёў і баяр. У 12 ст. асобы ніжэйшай княжацкай адміністрацыі, што вяршылі суд, збіралі пошліны і падаткі.
2) У сярэдневяковай Балгарыі, Македоніі, Сербіі (да 14 ст.) феад.-залежныя сяляне, паводле свайго становішча блізкія да рабоў.
т. 11, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАН МАН (45 да н.э. — 6.10.23 н.э.),
старажытнакітайскі дзярж. дзеяч, імператар (9—23 н.э.). У 8 да н.э. стаў вышэйшым саноўнікам («да сы ма») імперыі Хань. Ажыццявіўшы ў снеж. 8 н.э. дварцовы пераварот, абвясціў сябе імператарам новай дынастыі Сінь. Правёў рэформы: ліквідаваў прыватную ўласнасць на зямлю, забараніў куплю-продаж зямлі і рабоў і інш. Аднак пад націскам багатых землеўладальнікаў вымушаны быў іх адмяніць. Забіты ў час нар. паўстання, якое пачалося ў краіне ў 15 н.э.
т. 3, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБДАРАХМА́Н III ан-Насір
(Перамаганосны; 7.1.891—961),
эмір (з 912), халіф (з 929) Кардоўскага эмірата. У выніку 30-гадовай барацьбы з мясц. феадаламі і плямёнамі аднавіў адзінства эмірата, які распаўся пры яго папярэдніках. Падначаліў Сеуту (Марока), Таледа (Іспанія); яму плацілі даніну Леон і Навара. Устанавіў дыпламат. адносіны з Візантыяй і Атонам I у Германіі. Стварыў мацнейшы на Міжземным моры флот. Сфарміраваў гвардыю з еўрап. (пераважна славянскіх) рабоў. Спрыяў развіццю навук і мастацтва. Яго праўленне — вяршыня магутнасці кардоўскіх Амеядаў.
т. 1, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ЧЭР-СТО́У ((Beecher-Stowe) Гарыет Элізабет) (14.6.1811, г. Лічфілд, ЗША — 1.7.1896),
амерыканская пісьменніца. У рамане «Хаціна дзядзькі Тома» (1852) адлюстраванне жыцця неграў-рабоў спалучаецца з пропаведдзю прынцыпаў хрысц. маралі. Праблемам рабства ў ЗША прысвечаны публіцыстычная кн. «Ключ да хаціны дзядзькі Тома» (1853) і раман «Дрэд, аповесць пра праклятае балота» (1856). Аўтар рамана «Алдтаунскія старажылы» (1869) і інш., памфлета «Апраўданне лэдзі Байран» (1870), аповесцяў, апавяданняў, вершаў-медытацый на рэліг. тэмы.
Тв.:
Рус. пер. — Хижина дяди Тома. М., 1980.
т. 3, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́МАС (ад грэч. demos народ),
у Стараж. Грэцыі назва насельніцтва вобласці (ці самой вобласці), а таксама супольнасць паўнапраўных грамадзян у адрозненне ад рабоў, метэкаў, перыэкаў і інш. У гамераўскую (11—9 ст. да н.э.) і архаічную (8—6 ст. да н.э.) эпохі Д. называлі нар. масы ў адрозненне ад радавой арыстакратыі — эўпатрыдаў, у 6—5 ст. да н.э. разам з сял. насельніцтвам — частку гар. (рамеснікі, гандляры), з канца 5—4 ст. — бедную (пераважна гар.) частку насельніцтва.
т. 6, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛЯ́МЫ (араб. гулям літар. юнак, маладзец, раб),
1) рабы ў сярэдневяковых мусульм. краінах.
2) Пастаянная конная гвардыя ў Абасідаў халіфаце. Стваралася пры халіфе Мамуне [813—833], вербавалася з прывезеных з-за мяжы маладых рабоў пераважна цюрк. Паходжання.
3) Воіны прыдворнай гвардыі ў сярэдневяковых мусульм. дзяржавах (наз. таксама мамлюкі).
4) Радавыя воіны апалчэння ў сярэдневяковай Асманскай імперыі.
5) У Дэлійскім султанаце гвардзейцы-рабы цюрк. паходжання, а таксама іх камандзіры, якія сталі дэлійскімі султанамі (апошнія правілі ў 1206—90-я г.).
т. 5, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛО́ТЫ,
земляробы Стараж. Спарты, якіх заваявалі дарыйцы. Лічыліся ўласнасцю дзяржавы. І. не ўваходзілі ў склад спартанскай абшчыны, не валодалі ніякімі правамі. Ад рабоў адрозніваліся тым, што валодалі сродкамі вытв-сці, вялі сваю гаспадарку, уласнікі ўчасткаў не маглі іх ні прадаваць, ні забіваць. Жорсткая эксплуатацыя выклікала паўстанні І., самае буйное з іх — т. зв. 2-я Месенская вайна (7 ст. да н.э., гл. Месенскія войны). З мэтай папярэджання іх паўстанняў спартанцы ўвялі сістэму крыптый — перыядычных карных экспедыцый супраць І.
т. 7, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛЬНААДПУ́ШЧАНІКІ,
у антычным і раннефеад. грамадстве рабы, адпушчаныя на волю ці выкупленыя на ўласныя зберажэнні. Грамадз. правы вольнаадпушчанікаў былі абмежаваны, часцей яны па-ранейшаму служылі сваім гаспадарам. У Стараж. Грэцыі пры вызваленні рабам не давалі грамадзянства, і яны станавіліся метэкамі пад патранатам б. гаспадара. У Стараж. Рыме вольнаадпушчанікі атрымлівалі радавое імя б. гаспадара і рым. грамадзянства, але без права адпраўляць магістратуры і служыць у арміі. У герм. плямёнах і ў «варварскіх» дзяржавах рабоў звычайна адпускалі з захаваннем іх асабістай залежнасці ад ранейшага патрона.
т. 4, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМІЛЬКА́Р БА́РКА (Hamilcar Barca; ? — 229 да н.э.),
карфагенскі палкаводзец і паліт. дзеяч. Бацька Ганібала. У 1-й Пунічнай вайне (264—241 да н.э.) атрымаў шэраг перамог над рымлянамі ў Сіцыліі (з 247 да н.э.). Пасля паражэння ў 242 карфагенскага флоту пры Эгадскіх а-вах па даручэнні свайго ўрада заключыў мір з Рымам. У 241—238 удзельнічаў у задушэнні паўстання рабоў, наёмнікаў і мясц. лівійскага насельніцтва. У 237—229 заваяваў паўд.-зах. частку Іспаніі, загінуў у час аблогі аднаго з гарадоў.
т. 5, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЙО,
дзяржава народа іаруба на тэр. паўн.-зах. Нігерыі ў 14—19 ст. Да 2-й пал. 18 ст. падпарадкавала б.ч. інш. дзяржаў іаруба. Удзельнічала ў еўрап. гандлі рабамі, кантралявала асн. шляхі вывазу рабоў з унутр. раёнаў кантынента. На чале О. стаяў алафін (правіцель), улада якога была абмежавана саветам знаці. З канца 18 ст. пачаўся заняпад О. У 1836 войскі халіфата Сакота разбурылі сталіцу О. — г. Ойо, пасля чаго яна існавала як невял. дзярж. ўтварэнне. У 1893 абвешчана брыт. пратэктаратам.
т. 11, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)