ПАВЕТРАПЛА́ВАННЕ, аэранаўтыка,

лятанне на апаратах, якія лягчэй за паветра — аэрастатах (у адрозненне ад авіяцыі, дзе выкарыстоўваюцца апараты, цяжэйшыя за паветра, — самалёты, верталёты, планёры і інш.). Да пач. 1920-х г. пад П. разумелі перамяшчэнне па паветры наогул. Тэарэт. асновай П. з’яўляюцца аэрамеханіка і аэрастатыка.

Першыя спробы падняцца ў паветра на шары, напоўненым нагрэтым паветрам (дымам), рабіліся ў пач. 18 ст. ў Францыі, Расіі і інш. краінах. У 1783 Л.​Эйлер вывеў формулы для разліку падымальнай сілы аэрастата. Франц. вынаходнікі браты Ж. і Э.Мангальф’е пабудавалі паветраны шар, на якім 21.11.1783 у Парыжы Пілатр дэ Разье і д’Арланд ажыццявілі першы 25-мінутны палёт. Франц. вучоны Ж.​Шарль прапанаваў напаўняць паветр. шары вадародам. Палёт на такім шары здзейснілі Шарль і Н.​Л.​Рабер 1.12.1783 (2,5 гадз, дасягнута выш. 3400 м). У Расіі першыя палёты на паветр. шары адбыліся ў 1803 у Пецярбургу і Маскве. Праект кіравальнага аэрастата (з паветраным вінтом, які круціўся ўручную) прапанаваў у 1784 франц. інжынер Ж.​Мёнье. Першы палёт на кіроўным апараце (дырыжаблі) з паравым рухавіком ажыццявіў у 1852 франц. інжынер А.​Жыфар. У сярэдзіне 19 ст. побач са свабоднымі знайшлі выкарыстанне прывязныя аэрастаты (для вывучэння атмасферы, геагр. даследаванняў, ваен. мэт). Працягласць палётаў свабодных аэрастатаў складала некалькі гадзін, выш. да 4 тыс. м. Скорасць кіравальных аэрастатаў да канца 19 ст. дасягнула 15 км/гадз. У 1875 Дз.​І.​Мендзялееў прапанаваў ідэю стратастата для правядзення навук. даследаванняў у метэаралогіі, аэралогіі, астраноміі. У 1887 К.​Э.​Цыялкоўскі распрацаваў праект цэльнаметал. бескаркаснага дырыжабля, аб’ём якога мог мяняцца ў час палёту. У 1900 у Германіі ажыццёўлены першы палёт дырыжабля жорсткай сістэмы канструкцыі Ф.Цэпеліна, які стаў асновай для дырыжабляў, што будаваліся ў Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША у ваен. мэтах. З пач. 20 ст. атрымалі пашырэнне больш дасканалыя змейкавыя аэрастаты (створаныя ў 1893 немцам А.​Парзевалем), выкарыстоўваліся для разведкі поля бою, карэкціроўкі артыл. стральбы, пазней і як загарода супраць самалётаў. У 1-ю сусв. вайну на ўзбраенні развітых краін былі розныя тыпы дырыжабляў для бамбардзіровак і далёкай разведкі (аб’ём ад 1500 да 68 тыс. м³, скорасць палёту 80—130 км/гадз, выш. да 5000 м). Пасля вайны ў ЗША, Францыі, Італіі, Германіі і інш. будаваліся дырыжаблі аб’ёмам да 184 тыс. м³ для перавозкі пасажыраў, грузаў і для ваен. мэт. У 1926 Р.Амундсен на дырыжаблі паўжорсткай сістэмы «Нарвегія» (канструкцыя італьян. інж. У.Нобіле) зрабіў беспасадачны пералёт з в-ва Зах. Шпіцберген праз Паўн. полюс на Аляску. У 1929 ням. дырыжабль «Граф Цэпелін» здзейсніў кругасветны пералёт за 21 сут з сярэдняй скорасцю 177 км/гадз. У 1931 бельгійцы А.​Пікар і М.​Кіпфер на стратастаце падняліся на выш. 15 780 м, сав. стратанаўты ў 1933 дасягнулі выш. 19 тыс. м, у 1934—22 тыс. м. У Вял. Айч. вайну шырока выкарыстоўваліся аэрастаты назірання і загараджэння. З 1950-х г. у многіх краінах створаны беспілотныя (аўтаматычныя) аэрастаты для вывучэння паветр. цячэнняў, геагр. і медыка-біял. даследаванняў, пад’ёму тэлескопаў і інш.

Літ.:

Жуковский Н.Е. Собр. соч. Т. 6. Теоретические основы воздухоплавания. М.; Л., 1950;

Анощенко НД. Воздухоплаватели. М., 1960;

Броуде Б.Г. Воздухоплавательные летательные аппараты. М., 1976.

У.​М.​Сацута.

Да арт. Паветраплаванне: 1 — дырыжабль А.​Жыфара; 2, 3 — свабодны і прывязны аэрастаты (ЗША, 1980-я г.).

т. 11, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСАБО́Н (Lisboa),

горад, сталіца Партугаліі. Адм. ц. акругі Лісабон. Размешчаны на паўн. беразе эстуарыя р. Тэжу (Таха), за 15 км ад Атлантычнага ак. 678 тыс. ж. (1991), з прыгарадамі ўтварае агламерацыю Вял. Л. з нас. каля 2,3 млн. ж. (1996). Гал. порт Партугаліі. Міжнар. аэрапорт Партэла-дэ-Сакавен. Пачатковы пункт чыгунак, якія звязваюць Л. з Мадрыдам, Парыжам і Пн краіны. Найб. эканам., культ. і гандл. цэнтр. Прам-сць: хім. (вытв-сць фармацэўтычных вырабаў, сінт. каўчуку, мінер. угнаенняў), чорная і каляровая металургія, маш.-буд. (у т. л. вагона- і суднабудаванне, суднарамонт, электратэхнічнае і радыёэлектроннае), нафтаперапрацоўчая, дрэваапр., вытв-сць шкла, фарфору, керамічных вырабаў, перапрацоўка корку; у прыгарадах і гарадах-спадарожніках галіны, звязаных з вытв-сцю прадметаў шырокага ўжытку: харч., тэкст., швейная, гарбарная. Метрапалітэн. Лісабонская АН. 3 ун-ты, у т. л. Лісабонскі універсітэт, НДІ атамнай энергіі. Нац. б-ка. Тэатры. Бат. сад. Бальнеалагічны курорт; на З ад Л. ўздоўж паўн. берага эстуарыя р. Тэжу і Атлантычнага акіяна — зона адпачынку Кошта-ду-Сул (Сонечны бераг) са шматлікімі кліматычнымі курортамі. Міжнар. турызм. Штогадовыя муз. фестывалі.

У старажытнасці наз. Алісіпа (лац. Olisipo) — гал. паселішча іберыйскага племя лузітан. У 2 ст. да н.э. захоплены рымлянамі (наз. Феліцытас-Юлія), у 6 ст. — вестготамі, у 714 — арабамі (наз. Аль-Ашбуні ці Лішбуна). У 1147 заваяваны партуг. каралём Альфонсам 1 з дапамогай рыцараў (пераважна французскіх), якія накіроўваліся марскім шляхам у 2-і крыжовы паход. З 1260 рэзідэнцыя партуг. каралёў, сталіца. У 1290—1537 месцазнаходжанне ун-та (з перапынкамі). У 15—17 ст. гал. гандл. цэнтр партуг. каланіяльнай імперыі. У 1581 далучаны да Іспаніі. У 1640 тут адбылося паўстанне, якое вызваліла краіну ад ісп. панавання. У 1531, 1551, 1755 разбураўся землетрасеннямі, адбудаваны ў канцы 18 ст. У час напалеонаўскіх войнаў акупіраваны франц. войскамі (1807—08). У 1910 у Л. абвешчана рэспубліка; 25.4.1974 скінута дыктатура М.​Каэтану.

Ва ўсх. частцы Л. захаваліся фрагменты стараж.-рым. сцен, уключаных у араб. крэпасць (9 ст., з 14 ст. замак Сан-Жоржы), раманскі сабор (1160—86, майстры Рабер і Бернар, перабудаваны ў 18 ст.; хор і клуатр 14 ст.), гатычны кляштар кармелітаў (1389—1423, арх. Гоміш Мартынш і інш.; цяпер Археал. музей). У стылі «мануэліна» пабудаваны кляштар Жэранімуш (Белен; 1502—20, арх. Баітак, Ж. ды Каштылью і інш.) з царквой Санта-Марыя ды Белен (16 ст., арх. Баітак і інш.; грабніцы Васка да Гамы, Л.​Камоэнса, Мануэла I) і вежай-маяком Торы ды Белен (1515—20, арх. Ф. ды Аруда); усе яны ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Помнікі архітэктуры: стары каралеўскі палац (перабудаваны ў 16 ст., арх. Д. ды Аруда, Ф.​Тэрцы), базіліка да Эштрэла (пач. 18 ст., арх. М.​Вісенты ды Алівейра, Р.М. душ Сантуш) і інш. цэрквы і палацы ў стылі барока. У цэнтры горада рэгулярная забудова (арх. М. да Мая, планіроўка арх. Э. і Р.М. душ Сантуш) з прамавугольнай пл. Праса ду Камерсіу і палацам Ажуда (з 1802, арх. Ф.​К.​Фабры). У зах. частцы Л. раён Буэнуж-Айрыш (з 1930-х г.) і жылыя кварталы з перыметральнай і свабоднай забудовай. Манументы: Жазэ I (1770—75, Ж.​Машаду ды Каштру), Адкрыццяў (1940, арх. Ж.​А.​Катынелі Тэлму, скульпт. Л. ды Алмейда). Музеі: Нац. музей стараж. мастацтва, сучаснага мастацтва, археалогіі, этнаграфіі, рэліг. мастацтва і інш.

Лісабон.
Гандлёвы цэнтр у Лісабоне.
Да арт. Лісабон. Вежа-маяк Торы ды Белен. 1515—20.

т. 9, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНТЫМЕНТАЛІ́ЗМ (франц. sentimentalisme ад англ. sentimental пачуццёвы),

плынь у еўрапейскай маст. культуры 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Сфарміравалася ў л-ры, тэатр., муз. і выяўл. мастацтвах пад уплывам ідэалогіі эпохі Асветніцтва і ранняга рамантызму як альтэрнатыва рацыяналістычнай зададзенасці і нарматыўнасці класіцызму. Узнікла пад уплывам дэмакратызацыі грамадскага жыцця, пераадольвання яго саслоўнай ізаляванасці, пераходу ад феад. да бурж. грамадскіх адносін, барацьбы за свабоду асобы і свабоднага выяўлення яе гуманных пачуццяў.

У літаратуры С. зарадзіўся ў Англіі ў канцы 1720-х г., сфарміраваўся там у 1740—50-я г. (С.​Рычардсан, Дж.​Томсан, Э.​Юнг, Т.​Грэй, Л.​Стэрн і інш.), тэарэт. абгрунтаванне атрымаў у сац.-філас. і літ. творах Ж.​Ж.​Русо і ў грамадска-літ. руху «Бура і націск» (Германія). У рус. л-ры быў дваранскім гуманістычна-асветніцкім кірункам (М.​Карамзін, І.​Дзмітрыеў, В.​Капніст, ранні В.​Жукоўскі). Асаблівасць С. як літ.-маст. і эстэт. плыні — яго недастатковая храналагічная акрэсленасць: сентыментальныя рэмінісцэнцыі і рэпрызы, характэрныя для большасці посткласіцысцкіх маст. метадаў і кірункаў — рамантызму, крытычнага рэалізму, натуралізму, сацыялістычнага рэалізму, некат. мадэрнісцкіх і постмадэрнісцкіх плыняў.

У бел. л-ры С. — адна з плыняў бел.-польскага рамантызму 1-й пал. 19 ст. Найб. поўна выявіўся ў творчасці Я.​Чачота, Я.​Баршчэўскага, часткова ў паэзіі У.​Сыракомлі, ранняй паэзіі і драматургіі В.​Дуніна-Марцінкевіча. Пры гэтым рамантычныя ідэалы дамінуюць у іх польскамоўнай паэзіі, а сентыментальная арыентацыя на маральнае асветніцтва, гармонію паміж класамі і саслоўямі грамадства, дыдактыку і зварот да простага народа — у бел. творах, разлічаных на сялянства і фальварковую шляхту (вершы Чачота «Да мілых мужыкоў», «Як добра, калі мужык...», «Плакала бяроза ды гаварыла...», «Паночкі, нашы кветачкі...», «Ой, чаму ж ты, зязюлечка...»; вершы Баршчэўскага «Дзеванька», «Да Юліі», балада «Дзве бярозы»), Класічнымі ўзорамі С. ў бел. л-ры з’яўляюцца лібрэта камічнай оперы Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» («Ідылія», 1844, апубл. 1846), яго вершаваная аповесць «Гапон» (1855), вершы «Літвінка», «Галубкі», «Смутак на чужыне», прасякнутыя ідэяй гармоніі грамадскіх адносін, акцэнтацыяй маральных крытэрыяў ацэнкі людскіх учынкаў, ідэалізацыяй натуральнай культуры і вясковага побыту, культам пачуццёвасці. Лепшыя здабыткі С. ўвайшлі ў бел. класічную і сучасную л-ру.

У выяўленчым мастацтве і архітэктуры С. набыў некат. агульныя стылявыя прыкметы: пяшчотнасць, мяккасць мадэліроўкі і каларыстычных адценняў, паветранасць дэталей, вытанчанасць збудаванняў, прадметаў, фігур, лёгкасць, прастату і высакародства. Культ прыроды, натуральнага пачуцця, прыроджанай несапсаванасці людзей і маральнай чысціні нараджалі асаблівую духоўную атмасферу, у якой узнікалі маст. вобразы, поўныя шчырасці, душэўнай высакароднасці, прыроднай грацыі. Элегічныя і пастаральныя настроі, ідэалізацыя патрыярхальнага побыту, захаплення натуральнай прыродай наклалі адбітак на архітэктуру пейзажных паркаў і размешчаных у іх палацаў, павільёнаў, будынкаў, якія пераймалі сельскія і экзатычныя ўзоры (архітэктары У.​Кент, У.​Чэймберс у Вялікабрытаніі, Ж.​А.​Габрыэль, Р.​Мік у Францыі, Ф.​В.​Эрдмансдорф у Германіі, Ч.​Камерон, П.​Г.​Ганзага, В.​Няелаў у Расіі). Для С. ўласцівы пяшчотныя, замілавальныя жаночыя, юнацкія і дзіцячыя вобразы (у скульптуры — Э.​М.​Фальканэ ў Францыі, М.​Казлоўскі ў Расіі; у жывапісе — партрэты Т.​Гейнсбара ў Вялікабрытаніі, Ж.​Л.​Вуаля, Э.-Л.​Віжэ-Лебрэн у Францыі, У.​Баравікоўскага ў Расіі), велічыня і меланхалічныя пейзажы з ант. руінамі і паркавымі пабудовамі (Ю.​Рабер у Францыі, С.​Шчадрын у Расіі). Папулярнасцю карысталіся творы Ж.​Гроза, А.​Каўфман, Ж.​А.​Фраганара, В.​Гісландзі, Ф.​Гвардзі і інш. У бел. мастацтве рысы С. найб. праявіліся ў творах І.​Аляшкевіча, С.​Богуша-Сестранцэвіча, Н.​Сілівановіча.

У тэатры тэарэт. абгрунтаванне С. далі Ж.​Ж.​Русо («Ліст да Д’Аламбера аб відовішчах», 1758), Л.​С.​Мерсье («Аб тэатры, ці Новы вопыт пра драматургічнае мастацтва», 1773), Я.​Ленц («Заўвагі пра тэатр», 1774). Пад уплывам С. ўзніклі жанры «слёзнай камедыі», мяшчанскай драмы. Прыёмы С. выкарыстаны ў драматургіі «Буры і націску», п’есах П.​Бамаршэ, у ранніх творах Ф.​Шылера, у меладрамах. У акцёрскім мастацтве ўвага звярталася на ўнутраны свет герояў, іх пачуцці (у супрацьпастаўленні з рацыяналістычным класіцызмам з яго пафаснасцю, дэкламацыйнай рыторыкай). Маўленне акцёраў набліжалася да побытавых інтанацый. Сярод прадстаўнікоў С. акцёры Д.​Гарык (Вялікабрытанія), А.​Каратыгіна, Я.​Шушэрын (Расія). У сцэнаграфіі замест традыц. «палацавых» залаў для трагедый і нейтральных статычных інтэр’ераў для камедый з’явіліся маляўнічыя пейзажы, прадметы побыту простага люду.

У бел. драматургіі і тэатры С. у самаст. кірунак не склаўся. Існаваў сумесна з інш. плынямі ў асобных прыёмах і матывах і меў выразна дэмакр. акрэсленасць (спагада да бедных, замілаванне роднай прыродай). На сумежжы класіцызму і С. напісана лібрэта М.​Радзівіла да оперы Я.​Голанда «Агатка, або Прыезд пана» (1784); матывы і элементы С. сустракаюцца ў «Сялянцы» Дуніна-Марцінкевіча, у жанрах драмы і меладрамы пач. 20 ст. («У іншым шчасці няшчасце схавана» К.​Каганца, «Блуднікі» Л.​Родзевіча, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.​Буйло, «Апошняе спатканне» і «Ганка» У.​Галубка, «На Купалле» М.​Чарота, «Чырвоныя кветкі Беларусі» В.​Гарбацэвіча і інш.). У сцэн. мастацтве найб. выразна рысы С. выявіліся ў спектаклях Бел. вандроўнага т-ра ў 1-й пал. 1920-х г.

У музыцы быў звязаны з аднайменным літ. кірункам. Тэарэтыкі С. (К.Ф.​Э.​Бах, Ж.​Ж.​Русо, Д.​Шубарт і інш.) лічылі музыку «мовай пачуццяў», здольнай «закрануць сэрцы слухачоў», адметная рыса якой — выразнасць мелодыі. Пад уздзеяннем С. ўзбагацілася вобразна-жанравая палітра музыкі, у оперы пашырылася супрацьлеглая класіцыстычнай эстэтыцы тэндэнцыя змешвання жанраў, у камічнай оперы, у т. л. ў Расіі — элементы драматызму, якія набліжалі яе да «слёзнай камедыі» («Добрая дачка» Н.​Пічыні і інш.). Узнік новы муз.-драм. жанр — меладрама. У інстр. музыцы С. часткова праявіўся ў творчасці кампазітараў мангеймскай школы. С. спрыяў росквіту сольнай песні з інстр. суправаджэннем любоўнага зместу: песні кампазітараў берлінскай школы, «расійская песня» (Ф.​Дубянскі, В.​Казлоўскі, Р.​Цяплоў).

Літ.:

Маркус С.А. История музыкальной эстетики. Т. 1. М., 1959;

Музыкальная эстетика Западной Европы XVII—XVIII вв. М., 1971;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. Мн., 1972;

Тарасюк Л.К. Мастацкія кірункі і плыні ў беларускай паэзіі XIX — пачатку XX ст. Мн., 1999.

У.​М.​Конан (літаратура), А.​В.​Сабалеўскі (тэатр), Ю.​Дз.​Златкоўскі (музыка).

т. 14, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)