ГУ́МЕЛЬ,
(Hummel) Іаган Непамук (14.11.1778, Браціслава — 17.10.1837), аўстрыйскі кампазітар, піяніст, дырыжор, педагог. Вучань В.А.Моцарта і А.Сальеры. Прыдворны капельмайстар у Айзенштаце, Штутгарце, Веймары. Як піяніст-віртуоз выступаў у многіх краінах Еўропы. Лёгкі, бліскучы стыль Гумеля-піяніста ўласцівы і яго творам для фп. (7 канцэртаў з аркестрам, фантазія для фп. з аркестрам, фп. санаты, у т. л. ў 4 рукі, варыяцыі, капрычыо, ронда, эцюды). Сярод інш. твораў: 9 опер, 5 балетаў, кантаты, месы, камерна-інстр. творы. Сярод вучняў: Ф.Гілер, К.Чэрні, А.Гензельт і інш. Аўтар муз.-тэарэт. прац.
т. 5, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАК Якаў Ізраілевіч (20.11.1913, г. Адэса, Украіна — 27.6.1976),
расійскі піяніст, педагог. Нар. арт. СССР (1966). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1932) і аспірантуру Маскоўскай кансерваторыі (1935, кіраўнік Г.Нейгаўз). Выступаў як піяніст-канцэртант. Яго вялікі рэпертуар уключаў творы рус. і замежных кампазітараў-класікаў. Першы выканаўца многіх твораў сав. кампазітараў. З 1935 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1947 праф.). Сярод яго вучняў: Я.Магілеўскі, М.Пятроў, Э.Вірсаладзе. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1935), пераможца Міжнар. конкурсу піяністаў імя Ф.Шапэна (1937, Варшава, 1-я прэмія і спец. прыз — маска Шапэна).
Літ.:
Яков Зак. Статьи. Материалы. Воспоминания. М., 1980.
т. 6, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́МЕР (Cramer) Іаган Баптыст (24.2. 1771, г. Мангейм, Германія — 16.4. 1858),
нямецкі кампазітар, піяніст. Вучыўся ў М.Клеменці (фп.), К.Ф.Абеля (кампазіцыя). Жыў пераважна ў Лондане. З 1788 выступаў як піяніст у краінах Еўропы. Адзін з заснавальнікаў Лонданскага філарманічнага т-ва (1813), выд-ва «Крамер і К°» (1824, разам з Р.Адысанам і Т.Білам). Яго выканальніцкая манера паўплывала на фарміраванне фп. стылю пач. 19 ст. Аўтар 9 канцэртаў для фп. з аркестрам, камерна-інстр. ансамбляў; фп. п’ес, у т. л. больш за 100 санат, эцюдаў, якія маюць пед. каштоўнасць («Вялікая практычная фартэпіянная школа», 1815).
т. 8, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НСКІ Антон (Антоній) Сцяпанавіч (12.7.1861, Ноўгарад — 25.2.1906),
рускі кампазітар, піяніст, дырыжор, педагог. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1882, клас кампазіцыі М.Рымскага-Корсакава). У 1882—95 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1889 прафесар). Сярод вучняў С.Рахманінаў. З 1888 кіраўнік канцэртаў Рускага харавога таварыства, з 1895 — пецярбургскай Прыдворнай пеўчай капэлы. З 1901 канцэртаваў як піяніст і дырыжор. Кампазітар-лірык, працаваў пераважна ў камерных вакальных і інструментальных жанрах. Аўтар тэарэтычных прац.
Тв.:
Оперы «Сон на Волзе» (1891), «Рафаэль» (1894);
балет «Ноч у Егіпце» («Егіпецкія ночы», 1900);
кантаты;
2 сімфоніі (1883, 1889);
сюіта для арк.;
канцэрты;
камерна-інстр. ансамблі;
творы для фп.;
хары;
балады для голасу з арк.;
меладэкламацыі;
рамансы і інш.
т. 2, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РНІ (Czerny) Карл (Карэл; 20 ці 21.2.1791, Вена — 15.7.1857),
аўстрыйскі піяніст, кампазітар, педагог. Паводле паходжання чэх. Вучыўся ў свайго бацькі Венцэля Ч., у Л.Бетховена (1800—03). З 1800 выступаў як піяніст. Аўтар больш як 1000 твораў розных жанраў і для рознага складу выканаўцаў (оперы, месы, рэквіемы, інш. арк. і камерна-інстр. творы, хары, песні, музыка да драм. спектакляў). Зрабіў значны ўклад у развіццё інструктыўнай л-ры для фартэпіяна. Ажыццявіў рэдакцыі «Добра тэмпераванага клавіра» І.С.Баха, фп. санат Дж.Скарлаці, пералажыў шэраг опер і сімф. твораў для фп. Сярод вучняў Ф.Ліст, С.Тальберг.
Літ.:
Терентьева Н.К.Черни и его этюды. Л., 1978.
т. 17, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШПЯНЁЎ Андрэй Андрэевіч (н. 28.2.1941, Душанбе),
бел. піяніст, кампазітар. Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыў Бел. кансерваторыю (1967). З 1968 артыст Сімф. аркестра Бел. тэлебачання і радыё. З 1987 піяніст і аранжыроўшчык Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі пад кіраўніцтвам М.Фінберга. Стваральнік муз. перапрацовак твораў бел. кампазітараў-рамантыкаў 19 ст. Аўтар канцэрта для габоя і камернага арк., п’ес для эстр. арк., у т. л. фантазіі на тэмы твораў Я.Глебава, І.Лучанка, муз. кампазіцыі «Музычны партрэт Дж.Гершвіна», фп. ансамбляў на бел. нар. тэмы, аранжыровак песень бел. і замежных кампазітараў, у т. л. для бел. муз. фестываляў і конкурсаў, музыкі да дакументальных кінафільмаў і інш.
т. 17, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛО́ЎНІКАЎ Ігар Уладзіміравіч (н. 5.11.1954, Мінск),
бел. піяніст, арганіст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1986). Праф. (1994). Сын У.У.Алоўнікава. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па класах фп. і аргана (1978). З 1980 саліст Бел. філармоніі, адначасова выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (у 1987—92 заг. кафедры). Творчасць Алоўнікава спалучае высокі прафесіяналізм, віртуознае майстэрства, тонкае пачуццё стылю, артыстызм. У рэпертуары фп. творы І.С.Баха, Л.Бетховена, Ф.Шапэна, В.А.Моцарта, С.Рахманінава, бел. кампазітараў Г.Вагнера, Л.Абеліёвіча, Картэса і інш. Аўтар шматлікіх транскрыпцый твораў муз. класікі і бел. кампазітараў для фп. і аргана. Складальнік і рэдактар зборнікаў бел. фп. музыкі «Віртуоз», «Піяніст», «Сувенір». Дзярж. прэмія Беларусі 1994.
І.І.Зубрыч.
т. 1, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ДАША (Kadosa) Пал (6.9.1903, г. Левіцэ, Славакія — 1983),
венгерскі кампазітар, піяніст, педагог. Нар. арт. Венгрыі (1963). Ганаровы чл. Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (1967), чл.кар. Акадэміі мастацтваў ГДР (1970). Скончыў Вышэйшую муз. школу ў Будапешце па класах кампазіцыі (клас З.Кодая) і фп. (1927), выкладаў у ёй (праф. з 1945). З 1923 выступаў як піяніст. Арганізатар 1-га Міжнар. конкурсу імя Б.Бартака і Фестывалю музыкі ў Будапешце. У творчасці развіваў традыцыі Бартака. Сярод тв.: опера-араторыя «Дзяржаве ўласціва памыляцца» (паст. 1947), «Прыгода ў Хусце» (1951), 5 кантат; 8 сімфоній (1942—68); 7 канцэртаў для інструментаў з аркестрам, камерна-інстр. ансамблі, вак. цыклы, фп. п’есы і інш. Прэміі імя Л.Кошута 1950, 1975 і Ф.Эркеля 1955, 1962.
т. 7, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САФО́НАЎ Васіль Ільіч (25.1.1852, станіца Іцюрская Стаўрапольскага краю, Расія — 27.11.1918),
рускі піяніст, педагог, дырыжор, муз.-грамадскі дзеяч. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю. З 1880 выкладаў у Пецярбургскай, з 1885 у Маскоўскай (праф., у 1889—1905 дырэктар) кансерваторыях. З 1889 дырыжор сімф. аркестра Маскоўскага аддз. муз. т-ва. У 1906—09 гал. дырыжор Нью-Йоркскага філарманічнага аркестра і дырэктар Нац. кансерваторыі ў Нью-Йорку. Як піяніст вылучаўся высокай культурай, выразнай тэхнікай і тонкасцю маст. інтэрпрэтацыі. У пед. практыцы звярнуў увагу на развіццё муз. мыслення, майстэрства гукаатрымання, удасканаленне фп. тэхнікі. Аўтар метадычнай працы «Новая формула» (1915). Значны ўклад яго ў развіццё рус. піяністычнай школы. Сярод вучняў А.Скрабін, М.Метнер, А.Гнесіна, А.Гедыке, бел. піяністка-педагог В.Сямашка.
В.Л.Пракапцова.
т. 14, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРЫЁНАС, Дваронас (Dvarionas) Баліс Дамініка (19.6.1904, г. Ліепая, Латвія — 23.8.1972), літоўскі кампазітар, дырыжор, піяніст, педагог. Засл. дз. маст. Літвы (1947). Нар. арт. СССР (1954). Скончыў Лейпцыгскую кансерваторыю па класах фп. (1924) і дырыжыравання (1939, экстэрнам). З 1928 выступаў як піяніст. У 1935—38 гал. дырыжор сімф. аркестра Літ. радыё ў Каўнасе, у 1940—41 і 1958—61 — сімф. аркестра Літ. філармоніі, з 1946 і рэсп. свят песні. З 1926 выкладаў у Каўнаскім муз. вучылішчы, з 1933 у Каўнаскай, з 1949 у Літ. (з 1947 праф.) кансерваторыях.
Сярод твораў: опера «Даля» (1959); балет «Сватанне» (1933); кантата «Прывітанне Маскве» (1954); сімфонія (1947), 2 уверцюры (1946, 1967); канцэрты з аркестрам для фп. (1960, 1962), скрыпкі (1948), валторны (1963) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1952. Дзярж. прэмія Літвы 1960.
т. 6, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)