АБУ́ХАВА (Лідзія Аляксееўна) (17.8.1922, г. Кутаісі — 26.4.1991),

рус. пісьменніца. Скончыла Літ. ін-т імя Горкага (1951). Людзям Палесся прысвечана яе аповесць «Глыбінь-гарадок» (1955, бел. пер. 1958), 1000-годдзю Віцебска — кн. «Віцьбічы» (1974); Ю.​Гагарыну — аповесці «Любімец стагоддзя» (1972) і «Спачатку была Зямля...» (1973). Аўтар дакумент. аповесцяў «Сярэбраная кніга Поўначы» (1968) і «Пагранічныя характары» (1978).

т. 1, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХАЎНІ́ (сапр. Грыгаран Ахаўні Аршакаўна; нарадзілася 15.7.1911, г. Карс, Турцыя),

армянская пісьменніца. Засл. дз. культуры Арменіі (1967). Аўтар зб-каў вершаў «Лірыка» (1930), «Манташ» (1934), «Баявыя песні» (1942), «Мой песеннік» (1944). Раманы «Шырак» (кн. 1—2, 1954—63), «Добрай раніцы, Арэг» (1980) пра жыццё дарэв. і сучаснай арм. вёскі. Пераклала на арм. мову паасобныя творы Я.​Купалы.

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙДЫ́Н (сапр. Сабірава Манзура; 1906, Ташкент — 30.5.1953),

узбекская пісьменніца. Скончыла Самаркандскі ун-т (1931). Жыццё узб. жанчыны, праблемы кахання і сям’і — асноўнае ў яе творах: зб-ках вершаў «Песні світанку» (1931), «Умелыя рукі» (1932), зб. апавяданняў «Дзяўчаты» (1943), «Шырын прыйшла» (1944), «Мужнасць-вечнасць» (1947), навел і нарысаў пра мінулае узб. народа, п’есе «Шлях да новага» (1925).

т. 1, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАРНАСЕ́К (Ірына Францаўна) (н. 17.1.1953, в. Чаранкі Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі ін-т культуры (1976). Друкуецца з 1978. Маральна-этычныя праблемы — тэма мацярынства, жаночыя турботы, мудрасць і высокая духоўнасць працоўнага чалавека, карані чалавечай спагады, дабрыні ў кн. апавяданняў «Ліст да сына» (1986), тэмы эміграцыі і гістарычныя ў кн. аповесцей «Гульні над студняй» (1993).

т. 6, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭ́РДАК ((Murdoch) Айрыс) (15.7.1919, Дублін — 8.2.1999),

англійская пісьменніца. Скончыла Оксфардскі (1942) і Кембрыджскі (1948) ун-ты. У 1952—67 выкладала філасофію ў Оксфардскім ун-це і Каралеўскім каледжы мастацтваў у Лондане. Як пісьменніца фарміравалася пад уплывам філасофіі экзістэнцыялізму (кн. «Сартр — рамантычны рацыяналіст», 1953). Вядомасць прынёс першы раман «Пад сеткай» (1954). У раманах «Звон» (1958), «Адсечаная галава» (1961), «Дзікая ружа» (1962), «Чорны прынц» (1972), «Мора, мора» (1978), «Вучань філосафа» (1983) і інш. філас. і маральна-этычныя праблемы: свабоды і наканаванасці, жыцця і смерці, чалавека і яго веры. Звярталася і да гісторыка-паліт. тэматыкі (раман «Чырвонае і зялёнае», 1965). Аўтар філас.-эстэт. прац «Пра ўзвышанае і прыгожае» (1959), «Экзістэнцыялісты і містыкі: Нататкі пра раман новай утылітарнай эпохі» (1970), п’ес, інсцэніровак. Яе творы насычаны літ. рэмінісцэнцыямі, спалучаюць псіхалагізм, экспрэсіўнасць, драматызм падзей і характараў з «гатычнымі» элементамі, умоўнасцю, прытчавасцю.

Тв.:

Рус. пер.Соч. Т. 1—3. М., 1991;

Отсеченная голова: Романы. Мн., 1995.

Е.​А.​Лявонава.

т. 11, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙРАМУ́КАВА (Халімат) (сапр. Кубанава Халімат Башчыеўна;нарадзіўся 15.8.1917, аул Курзук, Карачаева-Чэркесія),

карачаеўская пісьменніца. Аўтар зб-каў вершаў «Люблю жыццё я» (1957), «Любімыя горы» (1959), «Дабро» (1977), аповесцяў «Сям’я Карчы» (1962), «Вечныя коннікі» (1977), раманаў «Гады і горы» (1964), «Ранішняя зорка» (1974) і інш. пра гісторыю і сучаснае жыццё свайго народа. На карачаеўскую мову пераклала вершы і паэмы Я.​Купалы.

т. 2, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́КША (Міраслава Янаўна) (н. 9.9.1958, мяст. Гайнаўка Падляскага ваяв., Польшча),

бел. пісьменніца. Скончыла філіял Варшаўскага ун-та ў Беластоку (1985). З 1985 працуе ў бел. тыднёвіку «Ніва». У кнігах прозы «Дзікі птах верабей» (1992), «Выспа» (1994) і паэзіі «Замова» (1993), «Ёсць» (1994) — філас. роздум над лёсам бел. вёскі, аб яе сучасных праблемах і хваляваннях, сакавітая нар. мова.

С.​М.​Чыгрын.

т. 9, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́НТЭ ((Morante) Эльза) (18.8.1912, Рым — 25.11.1985),

італьянская пісьменніца. Дэбютавала зб. навел і казак «Тайная гульня» (1941). Аўтар сац. раманаў «Падман і варажба» (1948), «Востраў Артура» (1957), зб. навел «Андалузская хустка» (1963), паэт. зб-каў «Алібі» (1958), «Свет, які выратавалі дзеці» (1968) і інш. Найб. значны твор — раман «Гісторыя» (1974) пра лёсы «маленькіх людзей» у гады 2-й сусв. вайны і пасляваен. перыяд.

т. 10, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІШЫ́МАВА (Аляксандра Восіпаўна) (16.1.1805, г. Кастрама, Расія — 16.6.1881),

руская дзіцячая пісьменніца. Друкавалася з 1831. Выдавала час. для дзяцей «Звездочка» (1842—63) і «Лучи» (1850—60). Аўтар кніг «Гісторыя Расіі ў апавяданнях для дзяцей» (ч. 1—6. 1837—40), «Апавяданні бабулькі» (1839), «Свяшчэнная гісторыя ў размовах для маленькіх дзяцей» (1841), «Рускім дзецям» (1881) і інш., большая частка якіх была пераказам гіст. твораў (напр., М.​М.​Карамзіна).

т. 7, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ ((Lee) Харпер) (н. 12.4.1926, г. Монравіл, штат Алабама, ЗША),

амерыканская пісьменніца. Прадстаўнік т.зв. паўднёвай школы сучаснага амер. рамана, якая даследавала феномен расізму ў яго сац., этычнай і псіхал. праявах. Скончыла Алабамскі ун-т (1949). Вядомасць прынёс раман «Забіць перасмешніка» (1960), у аснове якога расавы канфлікт і расісцкія забабоны, што прыводзяць да смерці чалавека. Аўтар навел, эсэ.

Тв.:

Рус. пер. — Убить пересмешника. Мн., 1986.

Т.​Я.​Камароўская.

т. 9, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)