ЛАНДРА́С (дацкае Landrace ад land зямля, краіна + гасе парода),
беконная парода свіней. Выведзена ў Даніі ў канцы 19 ст. скрыжаваннем мясц. свіней з буйной белай пародай шляхам працяглай паглыбленай селекцыі. Разводзяць у Скандынавіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Н. Зеландыі, Бразіліі. На Беларусь Л. завезены са Швецыі ў 1948 г. Выкарыстоўваюць для прамысл. скрыжавання (буйная белая + беларуская чорна-пярэстая парода + Л.). Асн. лініі: Атлас, Бром, Байкал, Элегант.
Даўж. самцоў да 185 см, свінаматак да 170 см, маса адпаведна да 350 і 230 кг. Масць белая. Тулава выцягнутае, галава невял., вушы доўгія. Сцёгны добра развітыя. Мяса ў тушы да 58%. Якасць бекону высокая. Плоднасць да 12 парасят за апарос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙРШЫ́РСКАЯ ПАРО́ДАбуйной рагатай жывёлы.
Малочнага кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Шатландыі ў графстве Эр (Ayr, Ayrshire) скрыжаваннем мясцовай жывёлы з шартгорнскай, джэрсейскай, гернзейскай і галандскай пародамі. Гадуюць у Расіі, ЗША, Канадзе, Фінляндыі, Швецыі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі. Выкарыстоўваюць для скрыжавання з мясц. жывёлай, каб павысіць тлушчамалочнасць.
Жывёла нізкарослая, мае моцны і лёгкі касцяк, добра развітае вымя. Масць чырвона-пярэстая. Жывая маса нованароджаных цялят 28—30 кг, ва ўзросце 12 месяцаў 240—260 кг, дарослых кароў 450—500 і быкоў 700—800 кг. Надой кароў за лактацыю 4200—5200 кг пры сярэдняй тлустасці малака 3,9—4,4%, рэкордны надой — больш за 10 тыс.кг. Сутачныя прыросты бычкоў на адкорме 750—800 г, забойны выхад дарослых жывёл 52—54%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛА́НДСКАЯ ПАРО́ДАбуйной рагатай жывёлы.
Малочнага кірунку. Выведзена ў Нідэрландах у выніку працяглага паляпшэння мясц. жывёлы шляхам інбрыдзінгу і селекцыйнага адбору. Атрымала сусв. прызнанне за высокія паказчыкі малочнай і мясной прадукцыйнасці, прыстасаванасці да розных прыродна-клімат. і тэхнал. умоў. Гадуюць у многіх краінах Еўропы, дзе створаны роднасныя ёй пароды (найлепшая — галштына-фрызская жывёла ў ЗША; сярэднегадавы надой да 10 т малака). На Беларусі быкоў-вытворнікаў галандскай пароды выкарыстоўваюць у скрыжаваннях для паляпшэння гасп. якасцей і экстэр’еру чорна-пярэстай пароды.
Жывёла з моцнай канстытуцыяй, прапарцыянальным тулавам, добра развітой мускулатурай і вымем. Масць чорна-пярэстая. Жывая маса нованароджаных цялят 33—45 кг, дарослых кароў 550—600 і быкоў 800—1000 кг. Надой кароў за лактацыю складае 5700—6000 кг малака (4—4,2% тлушчу).