МІЁМА [ад грэч. mys (myos) мышца + ōma канчатак у назвах пухлін],
дабраякасная пухліна з мышачнай тканкі ў чалавека і жывёл. М. з гладкіх мышцаў (леяміёма) развіваецца ў матцы, страўніку, кішэчніку; з папярочна-паласатых (рабдаміёма) узнікае пры парушэннях развіцця з эмбрыянальных клетак у міякардзе і мышцах канечнасцей. Бывае адзіночная і множная. Гл. таксама Пухліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАНО́ЧЫЯ ХВАРО́БЫ,
спецыфічныя хваробы жанчын, звязаныя з анатама-фізіял. асаблівасцямі іх арганізма. Бываюць у розныя перыяды жыцця жанчыны; выклікаюць парушэнні функцый палавых органаў, іншы раз жыццядзейнасці ўсяго арганізма. Заганы развіцця палавых органаў уласцівы жаночаму арганізму да надыходу палавой спеласці, запаленні — у перыяд палавой спеласці (бываюць ад ганарэі, абортаў, пасляродавых ускладненняў, радзей ад сіфілісу, туберкулёзу, трыхаманозу і інш.). У гэты перыяд могуць развівацца дабраякасныя і злаякасныя пухліны (фібраміёмы маткі, кісты яечнікаў, рак шыйкі і цела маткі). Паразітычныя і грыбковыя Ж.х. выклікаюцца грыбкамі (напр., малочніца) і гельмінтамі. Ж.х. бываюць, калі парушана размяшчэнне палавых органаў — пры зрушэнні маткі і сценак похвы ці іх выпадзенні. Самастойная група Ж.х. — парушэнні менструальнага цыкла. Пасля клімактэрыю (гл.Клімакс) запаленні жаночых палавых органаў бываюць радзей, але могуць развіцца пухліны (рак маткі, яечнікаў і інш.). Прыкметы Ж.х.: болі, белі, крывацёкі, агульныя сімптомы (павышэнне т-ры цела), расстройствы інш. органаў і сістэм (сардэчна-сасудзістай, нерв. і інш.). Лячэнне: медыкаментознае, хірургічнае. Гл. таксама Бясплоднасць. І.У.Дуда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАНТО́МА [ад грэч. odus (odontos) зуб + ...ома],
дабраякасная пухліна ў выглядзе кангламерату розных зубных тканак. Узнікае ад парушэння развіцця аднаго або некалькіх зубоў на верхняй ці ніжняй сківіцы, часцей каля карэнных зубоў. Мяккая адантома — ранняя стадыя развіцця пухліны — складаецца з эпітэліяльнай і злучальнай тканак. Назіраецца часцей у маладым узросце. Цвёрдая адантома (абвапнаваная) можа ўключаць дробныя зубы або зубападобныя структуры, акаймаваныя капсулай. Лячэнне хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРАМЕГА́ЛІЯ (ад акра... + мегала...),
хвароба, якая характарызуецца празмерным ростам рук, ступняў і асабліва касцей твару, што прыводзіць да развіцця масіўнай ніжняй сківіцы і цяжкіх надброўяў. Выклікаецца залішняй сакрэцыяй гармону росту (самататрапіну) пры ацыдафільнай пухліне гіпофіза. Лішкі самататрапіну выклікаюць таксама гіпафізарны дыябет, абумоўлены тармажэннем сакрэцыі інсуліну. Акрамегалія назіраецца ў маладым узросце, развіваецца паступова, доўгія гады. Суправаджаецца болем галавы, палавой слабасцю, спыненнем менструацый, парушэннем зроку. Лячэнне: рэнтгенаўскае апрамяненне, хірург. выдаленне пухліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРА́ЦЫЯ (лац. castratio лягчанне),
штучнае выдаленне палавых залоз у жывёл і чалавека. У чалавека пры некат. хваробах палавых залоз (туберкулёз, злаякасныя пухліны) робяць хірург. К. ці выключаюць палавую функцыю гарманальным або прамянёвым метадам. У жывёл праводзяць хірург. К. з эканам. ці лек. мэтамі. Пасля яе палягчаецца групавое ўтрыманне жывёлы, яны лепш адкормліваюцца, мяса больш пажыўнае. У раслін К. — выдаленне няспелых пыльнікаў з двухполай кветкі з мэтай прадухілення самаапладнення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭРАГЕ́НЫ (ад лац. cancer рак + ...ген(ы)], бластамагены, рэчывы або фізічныя агенты, здольныя выклікаць утварэнне злаякасных пухлін ці садзейнічаць іх узнікненню з нармальнай тканкі. Да К. адносяцца розныя хім. злучэнні (азотфарбавальнікі, араматычныя аміны, азбест, нітразаміны), фіз. фактары (рэнтгенаўскія прамені, ядзерныя выпрамяненні), некат. біял. агенты (анкагенныя вірусы, метабаліты трыптафану, стэроідныя гармоны). Канцэрагеннае ўздзеянне звязана з хім. актыўнасцю і электроннай будовай пэўнай ч. малекулы, якая ўтварае комплексы з некаторымі кампанентамі клеткі (нуклеінавыя кіслоты, бялкі). К. падзяляюць на 3 групы: мясцовага дзеяння, арганатропныя (выклікаюць пухліны ў пэўных органах), множнага дзеяння (выклікаюць розныя пухліны ў розных органах). Эфект залежыць ад дозы, працягласці ўплыву, стану рэактыўнасці арганізма, здольнасці тканак ці органаў назапашваць (дэпаніраваць) рэчыва. Новаўтварэнні ўзнікаюць праз l/5 — 1/7 працягласці жыцця арганізма (у чалавека 15—20 гадоў, у мышэй 4—6 месяцаў). Многія К. маюць мутагенныя ўласцівасці (гл.Мутагенез). Папярэджанне ўздзеяння К. на арганізм заснавана на прадухіленні забруджвання паветра, вады, глебы прамысл. адходамі, недапушчэнні канцэрагенных прымесей у ежы і пітной вадзе, ажыццяўленні прафілакт. мер у галіне прафесіянальнай, камунальнай і асабістай гігіены.
Літ.:
Нейман И.М. Основы теоретической онкологии. М., 1961;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОЧАВЫДЗЯЛЯ́ЛЬНАЙ СІСТЭ́МЫ ХВАРО́БЫ,
хваробы нырак, мачаточнікаў, мачавога пузыра, мочаспускальнага канала ў чалавека і жывёл. Бываюць прыроджаныя, набытыя, вострыя і хранічныя. У норме функцыі органаў мочавыдзяляльнай сістэмы ўзаемазвязаны, і хвароба аднаго з іх вядзе да функцыян. парушэнняў інш. органаў. Вял. група хвароб уключае заганы (анамаліі) развіцця органаў мочавыдзяляльнай сістэмы (гідранефроз, падваенне нырак, мачаточнікаў і мочаспускальнага канала, прыроджаныя звужэнні мочаспускальнага канала і інш.). Найб. пашырана група запаленчых хвароб: запаленне ныркі (нефрыт), ныркі і нырачнай лаханкі (піеланефрыт), розныя формы запалення мачавога пузыра (цыстыты), мочаспускальнага канала (урэтрыт). Да спецыфічных запаленчых хвароб адносіцца туберкулёз нырак, пры якім пашкоджваюцца мачаточнікі і мачавы пузыр. Пры мочакамянёвай хваробе нырак камяні могуць мігрыраваць у мачаточнікі і выклікаць нырачную коліку, выходзіць у мачавы пузыр і па мочаспускальным канале — вонкі, што таксама суправаджаецца рэзкімі болямі, затрымкай мачы. Разрастанне камянёў у мачавым пузыры выклікае неабходнасць іх хірург. выдалення. Да М.с.х. належаць дабраякасныя пухліны нырак (ангіёмы, ліпомы, міёмы і інш.) і злаякасныя (нырачна-клетачны рак, папілярныя пухліны нырачных лаханак), якія могуць пашкоджваць таксама мачаточнікі і мачавы пузыр. Рак мочаспускальнага канала сустракаецца значна радзей. Да М.с.х. адносіцца і апушчэнне нырак (нефраптоз), пашкоджанні органаў мочавыдзяляльнай сістэмы. Лячэнне залежыць ад дыягназу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛАНО́МА [ад грэч. melas (melanos) чорны + -ōma канчатак у назвах пухлін],
меланабластома, у чалавека злаякасная пухліна, якая развіваецца з пігментаўтваральных клетак меланацытаў. Часцей узнікае на скуры (90%), радзей — на слізістых абалонках страўнікава-кішачнага тракту, верхніх дыхальных шляхоў, мазгавых абалонак, у воку. Схільная даваць раннія метастазы. Для М. характэрна назапашванне ў клетках меланіну, бываюць і беспігментныя. Лячэнне хірург., прамянёвае, хіміятэрапеўтычнае. У жывёл М. — дабраякасная пухліна з клетак эпідэрмісу; можа ператварацца ў злаякасную. Гл. таксама Пухліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІ́НСКІ (Мсціслаў Аляксандравіч) (1841—1914),
рускі вучоны ў галіне ветэрынарыі, заснавальнік эксперым. анкалогіі. Скончыў Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1874). Магістр навук (1877). Працаваў вет. інспектарам. У 1875—77 правёў серыю прышчэпак злаякасных пухлін на жывёлах: прышчэпку (трансплантацыю) пухліны дарослага сабакі на шчаня і паўторную і перапрышчэпку; паклаў пачатак стварэння пухліннага штама.
Тв.:
О прививании раковых новообразований: Предварительное сообщение вет. врача Новинского // Мед. вестн. 1876. № 25.
Літ.:
Шабад Л.М. М.А.Новинский — родоначальник экспериментальной онкологии. М., 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАСКАПІ́Я (ад гастра... + ...скапія),
метад даследавання ўнутр. паверхні страўніка пры дапамозе спец. прыбора — гастраскопа; разнавіднасць эндаскапіі. Гастраскоп — гібкая трубка, унутры якой — аптычная сістэма са шматлікіх кароткафокусных лінзаў і эл. лямпачка. Гастраскапію робяць для дыягностыкі хвароб страўніка (пухліны, язвы, гастрыты), кантролю за дынамікай працэсу, дэталёвага вывучэння слізістай абалонкі. Пры гастраскапіі магчымы дадатковыя маніпуляцыі: дыягнастычныя (біяпсія слізістай абалонкі з гісталагічным і гістахім. даследаваннем, фатаграфаванне ўнутр. паверхні страўніка) і лек. (выцягванне іншародных цел, выдаленне ці дыятэрмакаагуляцыя пухлін, паліпаў, спыненне крывацёку, у т. л. з дапамогай лазера, увядзенне ў страўнік лек. прэпаратаў і інш.).