ДЗІЧЫ́НА,

птушкі і звяры, якіх здабываюць паляваннем і мяса якіх ідзе ў ежу. Выкарыстоўваюць таксама пух. пер’е, шкуры, рогі. Дз. падзяляюць на птушыную (баравую, ці лясную, вадаплаўную, балотную, палявую і стэпавую) і 4-ногую (пераважна зайцы і капытныя). На Беларусі водзяцца: з 4-ногай Дз. лось, дзік, алень, казуля, заяц-русак; з баравой — глушэц, цецярук, рабчык, вяхір, клінтух, слонка; з вадаплаўнай — гусі, качкі, паганкі, крахалі, лысуха; з балотнай і лугавой — бакас, дупель, драч і інш. кулікі і пастушкі; з палявой і стэпавай — перапёлка, шэрая курапатка. Паляванне на рэдкія, знікаючыя і асабліва каштоўныя віды Дз. забаронена або дазваляецца па ліцэнзіях (лось, дзік, курапаткі, казулі, высакародны алень, глушэц). Для павелічэння запасаў Дз. праводзяцца мерапрыемствы па дзічынаразвядзенні.

т. 6, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎСКАЯ ПАРО́ДА авечак,

грубашэрсная парода аўчынна-мяснога кірунку. Выведзена ў 19 ст. ў Расіі шляхам адбору паўн. караткахвостых авечак па якасці аўчыны і плоднасці. Назву атрымала ад месца першапачатковага пашырэння — Раманава-Барысаглебскага пав. (Яраслаўская губ.). На Беларусі гадуюць у Віцебскай вобл.

Жывёлы сярэдняй велічыні, моцнай канстытуцыі. Бараны і маткі бязрогія і з рагамі. Маса бараноў 60—70 (да 80), матак 45—50 (да 60) кг. У нованароджаных ягнят воўна чорная; у дарослых шэрая з блакітным адценнем (доўгі белы пух і кароткія чорныя восці), на пысе і вушах бываюць белыя плямы. Гадавы настрыг з бараноў да 3, з матак 1,5—2 кг. Маткі здольныя апладняцца і прыносіць прыплод на працягу ўсяго года. Плоднасць 200—300 ягнят на 100 матак.

А.​А.​Козыр.

Раманаўская парода: 1 — баран; 2 — авечка.

т. 13, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБА́НАЎ Уладзіслаў Якаўлевіч (15.12.1952, в. Аляксандраўка 1-я Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 21.7.1994),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1975). Працаваў у друку, у т. л. ў час. «Полымя», з 1986 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1972. У кн. «Вокны без фіранак» (1981) даследаваў маральна-этычныя і сац.-псіхал. аспекты жыцця вёскі і горада, духоўны свет сучасніка, праблемы чалавека ў горадзе. У зб-ках апавяд. і аповесцей «Пахі адталай зямлі» (1984), «Цёплы пух адуванчыкаў» (1987), «Таямніца птушынага гнязда» (1989, Літ. прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя І.​Мележа 1990), «Светлы ручай любві» (1990) імкнуўся паказаць лепшыя традыцыі сялянскага побыту, сцвярджаў высокастаноўчыя рысы характару вяскоўцаў старэйшага пакалення: працавітасць, гаспадарлівасць, любоў і прыхільнасць да зямлі, прыроды. Паэтычны вобраз Мінска стварыў у аповесці «Каштаны» (1982). Аўтар рамана «Не аднойчы забіты» (1994).

Л.​С.​Савік.

т. 13, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́ СВО́ЙСКАЯ,

парнакапытная жвачная жывёла сям. пустарогіх. Адна з першых прыручаных чалавекам жывёл. Аб’ект козагадоўлі. Паходзіць ад дзікіх безааравых і вінтарогіх казлоў, а таксама вымерлага віду Capra prisca. Мяса К.с. пажыўнасцю блізкае да бараніны, малако — каштоўны дыетычны прадукт, пух і шкуры выкарыстоўваюць у гарбарнай і трыкат. вытв-сці. На Беларусі К.с. гадуюць аматары. Найб. пашыраны пароды: малочныя — горкаўская, зааненская; пуховыя — арэнбургская, горнаалтайская, прыдонская; шэрсныя — ангорская, савецкая шэрсная.

Масць разнастайная, найчасцей светлых адценняў. Шэрснае покрыва ў коз шэрсных парод складаецца з аднародных валокнаў, якія ўтвараюць коскі даўж. 15—18 см, у пуховых і малочных — з восцяў і пуху. Настрыг воўны 3—6 кг, начос пуху з пуховых коз да 0,5 кг. Пладавітасць 1—2, зрэдку да 5 казлянят. Маса дарослых казлоў 60—65, матак — 40 кг. Сярэдні ўдой малочных парод 450—500 кг, тлустасць малака 3,8—4,5%.

т. 7, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАМІНА́ Аліна Рыгораўна (н. 28.3.1942, в. Шастакова Смаленскай вобл., Расія),

бел. мастак т-ра лялек. Засл. дз. маст.

Беларусі (1988). Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1962), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). З 1962 мастак-пастаноўшчык, у 1975—98 гал. мастак Бел. дзярж. т-ра лялек. Найб. значныя работы па афармленні спектакляў па творах бел. аўтараў: «Дзед і Жораў» В.​Вольскага (1973), «Сымон-музыка» Я.​Коласа (1982, 1990), «Цар Ірад» Г.​Барышава (1993) у дзярж. т-ры лялек; «Рыгорка — зорка з нябёсаў» А.​Вярцінскага (1989) у Люблянскім т-ры лялек (Славенія). Сярод інш. пастановак: спектаклі для дзяцей «Тыграня Петрык» Г.​Янушэўскай (1965), «Вясёлы цырк» Ан.Ляляўскага (1969), «Хлопчык-зорка» О.​Уайльда (1978), «Папялушка» Ж.​Маснэ (1991) у дзярж. т-ры лялек; «Віні-Пух і ўсе, усе, усе...» А.​Мілна (1982) у Магілёўскім абл. т-ры лялек; для дарослых — «Боская камедыя» І.​Штока (1971), «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» П.​Нэруды (1980), «Прыгоды бравага салдата Швейка» Я.​Гашака (1981), «Майстар і Маргарыта» М.​Булгакава (1987), «Бура» У.​Шэкспіра (1990) у дзярж. т-ры лялек; «Трыстан і Ізольда» (1983) у Магілёўскім т-ры.

С.​Ф.​Юркевіч.

А.Фаміна. Сцэнаграфія да спектакля «Дзед і Жораў» В.​Вольскага. Макет.

т. 16, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЛЯ́ЎСКІ Аляксей Анатолевіч (н. 2.2.1957, Мінск),

бел. рэжысёр т-ра лялек. Сын А.А.Ляляўскага. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). З 1979 у Дзярж. т-ры лялек Беларусі, з 1986 гал. рэжысёр. У 1982—86 гал. рэжысёр Магілёўскага абл. т-ра лялек. Адначасова з 1989 выкладае ў Бел. АМ. Рэжысёр з адметным бачаннем мастацтва т-ра лялек. Значнае месца ў яго творчасці займаюць сучасныя інсцэніроўкі дзіцячай класікі. Сярод пастановак для дзяцей: у Магілёўскім т-ры — «Віні-Пух і ўсе, усе, усе...» паводле А.​Мілна (1982), «Дзіўныя прыгоды ката ў ботах» Н.​Слепаковай паводле Ш.​Перо (1984), «Дзед і Жораў» В.​Вольскага (1985); у Дзярж. т-ры — «Салавей» паводле Х.​К.​Андэрсена (1980), «Граф Глінскі-Папялінскі» А.​Вольскага (1987), «Прыгоды Бураціна ў краіне дурняў» паводле А.​Талстога і «Папялушка, ці Перамога дабрачыннасці» Ж.​Маснэ (1991) і інш. 3 пастановак для дарослых: «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» П.​Неруды (1980), «Трыстан і Ізольда» паводле сярэдневяковай легенды (1983), «Майстар і Маргарыта» паводле М.​Булгакава (1987), «Бура» У.​Шэкспіра, «Сымон-музыка» паводле Я.​Коласа (абедзве 1990), «Прывіды каляднае ночы» («Цар Ірад») Г.​Барышава (1993), «Ганэле» Г.​Гаўптмана (1999) і інш. Ставіў спектаклі ў т-рах лялек Расіі, Германіі, Нідэрландаў, Літвы, Польшчы, Славеніі.

М.​А.​Каладзінскі.

т. 9, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.

Створаны ў 1976 з выпускнікоў Магілёўскага культ.-асв. вучылішча і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Адкрыўся 23.5.1977 спектаклем «Тыграня Петрык» Г.​Янушэўскай і Я.​Вількоўскага. Т-р вядзе пошукі адмысловага рэпертуару і арыгінальнага яго ўвасаблення, новых сродкаў сцэн. выразнасці, забытых і страчаных форм гіст. т-ра і адраджэннем іх у спалучэнні з авангарднымі навацыямі сучаснага т-ра. У пастаноўках прытрымліваецца калажна-эклектычнай формы, спалучаючы ў адным спектаклі лялькі розных сістэм, работу акцёраў у жывым плане. У рэпертуары т-ра пастаноўкі для дзяцей: «Дзед і Жораў» В.​Вольскага, «Рыгорка — ясная зорка» А.​Вярцінскага (прыз за адраджэнне традыцый бел. батлейкі, 1990), «Піліпка і Ведзьма» С.​Кавалёва, «Вясёлы цырк» Ан.Ляляўскага, «Андрэй за ўсіх мудрэй» Э.​Брука і А.​Гурчанкова, «Віні-Пух і ўсе, усе, усе...» паводле А.​Мілна, «Русалачка» паводле Х.​К.​Андэрсена, «Міо, мой Міо!..» А.​Ліндгрэн, «Казка пра трох парсючкоў» Л.ЛІ, міні-опера «Чырвоны каптурок» паводле Ш.​Перо; для дарослых: «Гарбата на дваіх» А.​Жугжды, «Трыстан і Ізольда» Ал.Ляляўскага і М.​Кандрусевіч паводле сярэдневяковага твора, «Зязюлька» У.​Граўцова, «Маленькі прынц» паводле А. дэ Сент-Экзюперы, «Дракон» Я.​Шварца, «Трагедыя аб Макбеце» паводле У.​Шэкспіра і інш. Гал. рэжысёры: М.​Кулага (1976—77), Л.​Быкаў (1977), Ф.​Шавякоў (1978—81), Ал.Ляляўскі (1982—86), Жугжда (з 1988, з 1996 маст. кіраўнік); гал. мастакі: Быкаў (1977—82), Л.​Мікіна (1992—98).

Магілёўскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Гарбата на дваіх» А.​Жугжды.
Магілёўскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Рыгорка — ясная зорка» А.​Вярцінскага.

т. 9, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОЗАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі па развядзенні коз свойскіх малочнага шэрснага і пуховага кірункаў. Казінае малако — каштоўны дыетычны прадукт для харчавання дзяцей і людзей са страўнікавымі захворваннямі. Яго перапрацоўваюць на сыры, масла, тварог, сыраквашу і інш. Казіны пух — тонкі, мяккі, лёгкі, моцны і цёплы, з яго робяць хусткі, тканіны, трыкатаж. Са шкур вырабляюць лепшыя гатункі шаўро, хрому, саф’яну, замшы, лайкі; з казліны з густой шэрсцю — імітацыю пад пясца, коціка і інш. футра. Мяса пажыўнасцю блізкае да бараніны, але менш тлустае. У свеце пераважаюць малочныя пароды коз: у Паўд.-Зах. Азіі — сірыйская, у Зах. Еўропе — зааненская, тагенбургская, у міжземнаморскіх краінах — мурсійская і мальтыйская, у Паўн. Афрыцы — нубійская, у Расіі — горкаўская, зааненская, мегрэльская. Сярэднія надоі малака на 1 казу да 1 тыс. л за год (рэкардысткі да 3 тыс. л), вытв-сць мяса 20—28 кг. Пуховая К. развіта ў Кітаі (у Тыбеце), дзе гадуюць кашмірскую пароду коз, у Расіі (арэнбургская і прыдонская пароды). Шэрсная К. пашырана ў Турцыі, ЗША, ПАР, дзе вырошчваюць ангорскую пароду, якая дае каштоўную шэрсць (махер), у Расіі, краінах Б. Усходу. Груба шэрсных коз змешанай прадукцыйнасці гадуюць у горных краінах. У цэлым на Азію прыпадае каля палавіны пагалоўя коз, на Афрыку — каля 30%. З краін Амерыкі ў К. вылучаюцца ЗША, Бразілія, Аргенціна, Мексіка, у Еўропе — Італія, Балканскія дзяржавы. 1-е месца па пагалоўі займае Індыя (120 млн. галоў, 1996), потым Кітай, Пакістан, Бангладэш (больш за 30 млн. галоў).

На Беларусі К. на працягу ўсяго гіст. перыяду. была дапаможнай галіной сельскай гаспадаркі. Пераважаюць малочныя пароды коз — зааненская, руская, мясцовая беспародная. На пач. 1998 пагалоўе коз складала 58,8 тыс. галоў, у асноўным у індывід. гаспадарках; яно больш пашырана на Пн Беларусі (Віцебская вобл.) і ў прыгарадных зонах.

Н.​І.​Жураўская.

т. 8, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)