ГЕАДЭЗІ́ЧНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,

велічыні, якія вызначаюць становішча пунктаў на Зямлі і ў каляземнай прасторы адносна паверхні зямнога эліпсоіда — геагр. шырата, даўгата і вышыня пункта. Геадэзічную шырату і даўгату вылічваюць ад зыходнага пункта «Пулкава» метадам трыянгуляцыі, вышыню — ад нуля Кранштацкага футштока нівеліраваннем. Выкарыстоўваюцца і інш. сістэмы каардынат: для вызначэння геадэзічных каардынат пунктаў у прасторы — прамавугольная дэкартава сістэма каардынат з пачаткам у цэнтры зямнога эліпсоіда; для вызначэння планавага становішча пунктаў на параўнальна невял. аб’ектах — прамавугольная сістэма каардынат на плоскасці; для інж. работ — сістэма занальных плоскіх прамавугольных каардынат у праекцыі Гаўса—Кругера з пачаткам каардынат у пункце перасячэння восевага (сярэдняга) мерыдыяна шасціградуснай зоны з экватарам. Геадэзічныя каардынаты адрозніваюцца ад астранамічных некалькімі секундамі на раўнінных тэрыторыях і некалькімі дзесяткамі секунд у перадгорных і горных раёнах. Гэта абумоўлена адступленнем фігуры геоіда ад матэм. фігуры эліпсоіда.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 5, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ ПРАКТЫ́ЧНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РНАЯ ШКАЛА́ (МПТШ-68),

тэмпературная шкала, устаноўленая Міжнар. к-там мер і вагі ў 1968 на аснове 11 першасных узнаўляльных тэмпературных пунктаў (рэперных пунктаў; напр., трайны пункт вады, пункты кіпення неону, зацвердзявання серабра), кожнаму з якіх нададзена пэўнае значэнне т-ры. Адрозніваюць міжнар. практычныя т-ры Кельвіна (T68) і Цэльсія (t68), пры гэтым t68 = T68−273,15 К, 1 °C = 1 К. Т-ра, вызначаная па МПТШ-68, у межах хібнасцей вымярэнняў супадае з т-рай па тэрмадынамічнай шкале, якая прынята ў фізіцы за асноўную.

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСЦО́ВЫ ЧАС,

час, вызначаны для дадзенага месца на Зямлі. Адрозніваюць зорны час, сапраўдны сонечны час і сярэдні сонечны час. М.ч. залежыць ад геагр. даўгаты месца і аднолькавы для ўсіх пунктаў, размешчаных на дадзеным мерыдыяне зямным. Рознасць значэнняў М.ч. ў двух пунктах на Зямлі адпавядае рознасці іх даўгот (напр., рознасць даўгаты крайніх усх. і зах. пунктаў Беларусі складае 9°36, у выніку чаго наступленне поўдня на У бывае на 38 мін раней, чым на З). М.ч. карыстаюцца пры дакладных кліматычных даследаваннях. У побыце М.ч. нярэдка няправільна наз. паясным часам.

т. 11, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́ПАЛЬСКІ РАЁН.

Існаваў у 1940—59 у Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940. Цэнтр — г.п. Антопаль. Пл. 900 км², 85 нас. пунктаў. Падзяляўся на 13 сельсаветаў. Скасаваны 8.8.1959.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕГЛЬ, кегель (ням. Kegel),

памер друкарскага шрыфту — вышыня літары звычайна з над- і падрадковымі элементамі, т.зв. заплечыкамі. Вымяраецца ў друкарскіх пунктах (роўны 0,376 мм) ці квадратах (48 пунктаў). Назвы шрыфтоў па К.: брыльянт (3 пункты), дыямант (4), перл (5), нанпарэль (6), міньён (7), петыт (8), боргес (9), корпус (10), цыцера (12), мітэль (14), тэрцыя (16), тэкст (20); ёсць таксама К. 24, 28, 36 пунктаў 1, 1 1/4, 1 1 1/2, 2, 2 1/2, 3, 4, 5, 6, 8, 10, 12, 15 квадратаў. Тэкст артыкулаў БелЭн набраны шрыфтам К. 8 і 7.

т. 8, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗГО́РТКА паверхні,

геаметрычная фігура, якая атрымліваецца ў плоскасці пры сумяшчэнні пунктаў дадзенай паверхні з гэтай плоскасцю, калі даўжыні ліній застаюцца нязменнымі. Р. крывой лініі наз. эвальвентай (гл. Эвалюта і эвальвента).

т. 13, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ МАНІТО́РЫНГ,

сістэма доўгачасовых пастаянных назіранняў, якая дае інфармацыю аб радыеактыўным забруджванні прыроднага асяроддзя для ацэнкі яго сучаснага стану і прагнозу змен у будучым. Асн. аб’екты Р.м. — атм. паветра, паверхневыя і падземныя воды, глебы (у т. л. с.-г. і лясныя ўгоддзі), лясная расліннасць. На Беларусі Р.м. уваходзіць у Нац. сістэму маніторынгу навакольнага асяроддзя; галаўная арганізацыя па Р.м. — Рэсп. цэнтр радыяцыйнага кантролю і маніторынгу прыроднага асяроддзя Дзярж. к-та па гідраметэаралогіі (засн. ў 1980). Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) на тэр. краіны ажыццяўляюцца назіранні за магутнасцю экспазіцыйнай дозы (гл. Дозы выпрамянення) гама-выпрамянення ў абл. і раённых цэнтрах (58 пунктаў назіранняў), узроўнем радыеактыўных выпадзенняў (30 пунктаў) і аэразолей у паветры (8 пунктаў). Праводзіцца Р.м. паверхневых вод на рэках Дняпро, Сож, Прыпяць, Іпуць і Беседзь (вызначаецца колькасць цэзію-137, стронцыю-90 і сумарная бэта-актыўнасць) і глебы на рэперных пляцоўках і 18 ландшафтна-геахім. палігонах. Паводле вынікаў назіранняў вызначаецца радыяцыйны стан мясцовасці, верт. і гарыз. міграцыя радыенуклідаў, робіцца доўгатэрміновы прагноз (на 30 і больш гадоў). Гл. таксама Радыяцыйная экалогія.

І.​І.​Матвеенка.

т. 13, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ЙСКІ РАЁН.

Існаваў у БССР у 1924—59. Утвораны 17.7.1924. Цэнтр — г.п. Асвея. Пл. 603 км², 412 нас. пунктаў (1925). Падзяляўся на 9 сельсаветаў. Скасаваны 8.8.1959, тэр. ўвайшла ў Дрысенскі р-н.

т. 2, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЕВАЯ СІ́ЛА ў механіцы,

сіла, прыкладзеная да пунктаў паверхні цела. Напр., атмасферны ціск на паверхню Зямлі і на ўсе целы ў атмасферы, сілы супраціўлення асяроддзя, што дзейнічаюць на рухомае цела, рэакцыі апор.

т. 11, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЎДЗЕНЬ, пункт поўдня,

адзін з 4 гал. пунктаў гарызонту (старон свету); пункт перасячэння матэм. (сапраўднага) гарызонту з нябесным мерыдыянам, найбліжэйшы да Паўд. полюса свету (гл. Нябесная сфера). Абазначаецца літарамі Пд або S.

т. 12, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)