РЭКЛА́МА (франц. réclame ад лац. reclamare крычаць),

інфармацыйнае паведамленне пра спажывецкія ўласцівасці тавараў і віды паслуг з мэтай прыцягнуць увагу спажыўцоў, стварыць попыт на іх; папулярызацыя твораў літаратуры, мастацтва і інш.

Р. існавала ўжо ў Стараж. Грэцыі і Рыме (аб’явы пісалі на драўляных дошках, гравіравалі на медзі ці косці, зачытвалі ў месцы збору народу). Друкаваная Р. (пач. 17 ст.) звязана з імёнамі У.​Кэкстана (Англія) і Т.​Рэнадо (Францыя). Першае рэкламнае бюро ўзнікла ў Лондане (1611). Сучасныя сродкі Р.: друк (газеты, часопісы, бюлетэні, праспекты, буклеты і інш.), радыё, тэлебачанне, кіно, светлавыя аб’явы, кідкія шыльды і інш. Сярод друкаваных сродкаў Р. найб. вядомыя на Беларусі: даведнік «Бізнес—Беларусь», газеты «Из рук в руки», «Ва-банк», «Коммерсант ЭКСПО», «Экспресс-реклама», «Минск на ладонях», «Из первых рук», «Рекламное приложение» к газ. «Вечерний Минск» і інш. Р. займаюцца спец. фірма і агенцтвы. Найб. значныя з іх на Беларусі: «Рэмарк», «Фортэ», «Белая карона». Міжнар. сетка рэкламных агенцтваў прадстаўлена амер. агенцтвам «Грэй» (дзейнічае ў 153 краінах свету), англ. «Лео Бернет» (дзейнічае ў 147 краінах) і інш.

Т.​У.​Люковіч.

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НЧУ ТУМ (Menchu Tum) Рыгаберта (н. ў 1959, в. Чымель, Гватэмала),

дзеяч індзейскага нацыянальнага руху ў Гватэмале. З малалецтва працавала на плантацыях і прыслугай у багатых дамах. Бацька М.Т., лідэр індзейскай арг-цыі К-т сял. адзінства Вісенце Менчу, загінуў, калі на чале групы паплечнікаў захапіў у студз. 1980 пасольства Швецыі ў Гватэмале з мэтай прыцягнуць увагу сусв. грамадскасці да злачынстваў урадавых войск супраць індзейцаў; два яе браты забіты карнікамі. У 1981, ратуючыся ад праследавання, уцякла ў Мексіку, дзе стала вядомым індзейскім лідэрам, узначаліла «Нар. фронт 31 студзеня імя Вісентэ Менчу». У 1982 франц. журналістка Б.​Дэбрэ выдала на падставе сведчанняў М.Т. кнігу «Сведчанне. Мяне завуць Рыгаберта Менчу», якая зрабіла вял. ўплыў на сусв. грамадскую думку і схіліла яе да падтрымкі барацьбы індзейцаў Гватэмалы за свае правы. У 1996, пасля заканчэння грамадз. вайны ў Гватэмале, вярнулася на радзіму, дзе лічыцца адным з найб. уплывовых індзейскіх лідэраў. Нобелеўская прэмія міру 1992.

Літ.:

Гончарова Т.В. Ригоберта Менчу Тум — индейский лидер Гватемалы // Латинская Америка. 2002. № 10.

В.​У.​Адзярыха.

т. 18, кн. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭВІЯ́НТНЫЯ ПАВО́ДЗІНЫ,

паводзіны з адхіленнем ад агульнапрынятых у грамадстве прававых і маральна-этычных норм. Асн. іх віды: злачыннасць, алкагалізм, наркаманія, прастытуцыя, самазабойствы, сексуальная разбэшчанасць. Узнікненне Д.п. абумоўлена недахопамі выхавання, дэфектамі маральнай і прававой свядомасці, нізкім узроўнем інтэлектуальнага развіцця асобы, неспрыяльным уплывам спадчыннасці, асаблівасцямі характару, інтарэсаў і патрэбнасцей чалавека, яго эмацыянальна-валявой дзейнасці і інш. фактарамі. Італьян. псіхіятр Ч.Ламброза лічыў «крымінальны тып» своеасаблівым «вынікам» дэградацыі на больш ранніх стадыях чалавечай эвалюцыі. Франц. сацыёлаг Э.Дзюркгейм і прыхільнікі яго канцэпцыі сцвярджалі, што распаўсюджванню Д.п. садзейнічаюць сац.-эканам. і паліт. нестабільнасць, рэзкія змены ў грамадскім жыцці, сац. канфлікты, стрэсы і інш. Паводле тэорый анаміі і сацыялізацыі, праявы Д.п. узрастаюць, калі сацыяльна дапушчальныя сродкі дасягнення грамадскіх і індывід. мэт выконваюцца не ўсімі людзьмі або калі іх уваходжанне ў сац. жыццё адбываецца ў абставінах цярпімых адносін грамадства да амаральных учынкаў, насілля. У 1960-я г. атрымала пашырэнне канцэпцыя стыгматызацыі, паводле якой Д.п. — заканамерны вынік своеасаблівага «наклейвання» на чалавека ярлыкоў накшталт «алкаголік», «наркаман», «прастытутка» і імкнення сацыяльна ізаляваць, прыцягнуць да адказнасці, выправіць ці вылечыць такіх людзей. Існуюць канцэпцыі, у якіх сцвярджаецца, што Д.п. абумоўлены асаблівасцямі будовы чалавечага цела, анамаліямі палавых храмасом.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 6, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХО́ДНЕ-ПАМЕРА́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,

наступальная аперацыя войск 2-га (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі) і 1-га (Маршал Сав. Саюза Г.К.Жукаў) Бел. франтоў пры садзейнічанні Балт. флоту (адм. У.​П.​Трыбуц) 10 лют. — 4 крас. ў Вял. Айч. вайну. Мэта аперацыі — разграміць усх. памеранскую групоўку ворага, авалодаць раёнам Данцыг (Гданьск), Гдыня і заняць узбярэжжа Балтыйскага м. ад Віслы да Одэра. У выніку завяршэння Вісла-Одэрскай аперацыі 1945 сав. войскі ў канцы студз. выйшлі на р. Одэр. Войскі 1-га Бел. фронту фарсіравалі раку ў раёне г. Кюстрын і знаходзіліся за 60 км ад Берліна. Герм. камандаванне ч. сіл гр. армій «Вісла» (каманд. Г.Гімлер) рыхтавалася панесці ўдар па правым крыле 1-га Бел. фронту, каб сарваць падрыхтоўку наступлення на Берлін. Войскі 2-га Бел. фронту пасля 1-га этапу Усходне-Прускай аперацыі 1945 10 лют. перайшлі ў наступленне. Аднак у ходзе 10-дзённых баёў сав. войскі прасунуліся толькі на 40—60 км і прыпынілі наступленне. Сав. камандаванне вырашыла прыцягнуць да У.-П.а. войскі правага крыла 1-га Бел. фронту і 1-й арміі Войска Польскага. 24 лют. войскі 2-га Бел. фронту, падмацаваныя 19-й арміяй і танк. корпусам з рэзерву Стаўкі, нанеслі ўдар на г. Кёслін, а 1 сак. перайшоў у наступленне 1-ы Бел. фронт у напрамку на г. Кольберг (Калобжаг). Да 5 сак. сав. войскі выйшлі на ўзбярэжжа Балтыйскага м. на ўчастку ад Данцыгскай да Шчэцінскай бухты. Ліквідацыя ўсх.-памеранскай групоўкі забяспечыла ў далейшым паспяховае правядзенне Берлінскай аперацыі 1945 і ліквідацыю войск ворага, акружаных у Прыбалтыцы і Усх. Прусіі.

Літ.:

Завьялов А.С., Калядин Т.Е. Восточно-Померанская наступательная операция советских войск. М., 1960.

Ю.​В.​Бажэнаў, В.​А.​Юшкевіч.

т. 16, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ МАЛАДЗЁЖНЫ ТЭА́ТР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў 1984 у Мінску з выпускнікоў Бел. тэатр.-маст. ін-та (розных гадоў), тэатр. навуч. устаноў Масквы, акцёраў Бел. рэсп. т-ра юнага гледача і інш. У 1988 папоўніўся выпускнікамі Бел. тэатр.-маст. ін-та. Адкрыўся 30.4.1986 спектаклем «Гэтыя незразумелыя старыя людзі...» паводле аповесці С.​Алексіевіч «У вайны не жаночы твар». Т-р імкнуўся прыцягнуць да сябе ўвагу вастрынёй узнятых сац.-грамадскіх праблем, асэнсаваннем жыццёвых працэсаў сучаснасці, тэатр. сінтэзам розных сродкаў маст. выразнасці, абнаўленнем тэатр. формаў. У яго рэпертуары сучасныя п’есы: «Вепручок» В.​Розава, «Рамонт» М.​Рошчына, «Зоркі на ранішнім небе» А.​Галіна, п’еса-дыялог «Чырвоны куток» М.​Разоўскага; адкрыты спектакль-гульня для дзяцей «Неверагодны ілюзіён Эрні» А.​Эйкбарна; вырашаны мовай пластыкі «Лёс сабора» паводле рамана В.​Гюго «Сабор Парыжскай Божай маці»; інсцэніроўка рамана У.​Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», нар. драма Ф.​Шылера «Вільгельм Тэль»; монаспектакль паводле кнігі «Патаемнае жыццё Сальвадора Далі, напісанае ім самім»; драма Ж.​П.​Сартра «Пры зачыненых дзвярах»; трагікамедыя «Запрашэнне на танга» паводле п’есы С.​Мрожака «Танга»; фантаст. камедыя «Кентэрвільскі прывід» Л.​Еранькова паводле твораў О.​Уайльда. У 1984—86 у складзе т-ра працавала група пантамімы «Рух».

У складзе трупы (1997): С.​Журавель, У.​Емяльянаў, С.​Ждан. Г.​Лавухіна, В.​Ліхадзей, В.​Моўчан, А.​Унукава, І.​Фільчанкоў, А.​Хрысціч, А.​Шароў і інш. Гал. рэжысёры: Р.​Баравік (1985—88), Б.​Луцэнка (1988—90), В.​Катавіцкі (з 1990), гал. мастак З.​Марголін (з 1988).

Р.​І.​Баравік.

Да арт. Дзяржаўны маладзёжны тэатр Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Вільгельм Тэль» Ф.​Шылера.

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ПО́ЛЬСКІ ТЭА́ТР БССР.

Створаны ў ліст. 1939 у Беластоку, у 1940—41 працаваў у Гродне. Адкрыўся 13.3.1940 спектаклем «Каварства і каханне» Ф.​Шылера. Заснавальнік і маст. кіраўнік А.Венгерка. Сярод пастановак: «Мараль пані Дульскай» Г.​Запольскай, «Пажыццёвая рэнта» і «Помста» А.​Фрэдры, «Пігмаліён» Б.​Шоу, «Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага, «Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ.У складзе трупы акцёры: І.​Бароўская, С.​Брылінскі, С.​Бутрым, Ян Вашчаровіч, М.​Гадлеўскі, С.​Зніч, Г.​Касабуцкая, Т.​Манкевіч, Б.​Міхальская, Г.​Слівінскі. В.​Сташэўскі, А.​Шаляўскі і інш.

т. 6, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)