хвароба раслін, выкліканая галаўнёвымі грыбамі. Найб. шкоду прыносіць збожжавым культурам. Разбурае асобныя завязі або цалкам каласы, мяцёлкі, катахі, радзей сцёблы, лісце, ператвараючы іх у пылаватую або шчыльную чорную споравую масу. Асабліва частыя: цвёрдая галаўня пшаніцы, жыта, аўса і ячменю; пыльная галаўня пшаніцы, ячменю, аўса, проса і кукурузы; каменная галаўня ячменю, сцябловая галаўня жыта і пшаніцы; пухіраватая галаўня кукурузы. На Беларусі найб. пашыраны цвёрдая галаўня пшаніцы (узбуджальнік Tilletia triciti) і пыльная галаўня ячменю (узбуджальнік Ustilago nuda).
Усе віды ўзбуджальнікаў галаўні вузкаспецыялізаваныя — пашкоджваюць толькі пэўную культуру. Меры барацьбы з галаўнёй: выкарыстанне ўстойлівых сартоў, выбракоўка пасеваў, пашкоджаных галаўнёй, хім. абеззаражванне насення фунгіцыдамі або тэрмічным спосабам, апрацоўка насення спец. сістэмнымі пратрутамі (супраць пыльнай галаўні ячменю і пшаніцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РНЫЯ САБА́КІ,
група парод паляўнічых сабак, якія выкарыстоўваюцца для палявання на жывёл, што хаваюцца ў норах (лісоў, барсукоў, янотападобных сабак і інш.). Гоняць звера па ходах нары, забіваюць яго там або выганяюць пад выстрал паляўнічага. У якасці Н.с. выкарыстоўваюцца вельштэр’ер, таксы, фокстэр’еры, лэйклендтэр’ер, ням. паляўнічы, або ягдтэр’ер, скайтэр’ер, чэш. тэр’ер, шатл., або скотчтэр’ер, і некат. інш.тэр’еры. Таксама могуць высочваць дзічыну, знаходзіць і прыносіць падстрэленую дзічыну на зямлі і ў вадзе, браць след і заганяць звера, працаваць па крывавым следзе, выкарыстоўваюцца ў паляванні на дзікоў (найб. буйныя); знішчаюць пацукоў у гасп. памяшканнях. Гл. таксама іл. да арт.Дэкаратыўна-пакаёвыя сабакі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НАЎСКАЯ ПАРО́ДАавечак,
грубашэрсная парода аўчынна-мяснога кірунку. Выведзена ў 19 ст. ў Расіі шляхам адбору паўн. караткахвостых авечак па якасці аўчыны і плоднасці. Назву атрымала ад месца першапачатковага пашырэння — Раманава-Барысаглебскага пав. (Яраслаўская губ.). На Беларусі гадуюць у Віцебскай вобл.
Жывёлы сярэдняй велічыні, моцнай канстытуцыі. Бараны і маткі бязрогія і з рагамі. Маса бараноў 60—70 (да 80), матак 45—50 (да 60) кг. У нованароджаных ягнят воўна чорная; у дарослых шэрая з блакітным адценнем (доўгі белы пух і кароткія чорныя восці), на пысе і вушах бываюць белыя плямы. Гадавы настрыг з бараноў да 3, з матак 1,5—2 кг. Маткі здольныя апладняцца і прыносіць прыплод на працягу ўсяго года. Плоднасць 200—300 ягнят на 100 матак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ТРЫШЧА́НА»,
помнік бел. перакладной л-ры. Папулярны рыцарскі раман. Перакладзены на бел. мову ў 2-й пал. 16 ст. з сербскай крыніцы (апошняя з італьян. арыгінала). Бел. пераклад збярогся ў Пазнанскім рукапісным зборніку. У аснове твора — паэт. кельцкая легенда пра ўзнёслае каханне рыцара Трыстана і каралевы Ізольды (у бел. рэдакцыі — Трышчана і Іжоты), што ў шматлікіх літ. апрацоўках на працягу стагоддзяў бытавала сярод народаў Еўропы. «Аповесць пра Трышчана» — класічны ўзор жанру рыцарскага рамана, пабудаванага на авантурна-прыгодніцкай фабуле і любоўнай інтрызе. Гал. герой — ідэальны рыцар, які служыць прыгожай даме і праводзіць свой час у няспынных прыгодах і рыцарскіх турнірах. У барацьбе за прыгожую Іжоту, дачку ірландскага караля, якую герой здабывае ў паядынках з рознымі сапернікамі свайму дзядзьку, каралю Марку, Трышчан выходзіць пераможцам. Аднаго ён не можа пераадолець — сваіх пачуццяў да Іжоты. Каханне прыносіць героям вял. пакуты: Іжота належыць каралю Марку, сеньёру Трышчана, і становіцца яго жонкай. У зах.-еўрап. версіях легенды зроблена спроба знайсці выйсце: гал. герой жэніцца на другой Ізольдзе. Аднак такі ўчынак прыносіць новыя пакуты закаханым. Усёпаглынальная любоўная страсць паскарае заўчасную смерць гал. герояў. Фінал твора гучыць як гімн вял. каханню. У бел.-сербскай «Аповесці пра Трышчана» падзеі заключнай часткі выкладзены інакш: Трыстан не жэніцца з другой жанчынаю, а застаецца верны сваёй каханай да канца, дзеянне ў творы не даведзена да трагічнага фіналу. У бел. апрацоўцы асн. ўвага сканцэнтравана на апісанні незвычайных прыгод, паядынкаў і рыцарскага гераізму Трышчана; аптыміст. канец лепш стасуецца з агульнай ідэйна-маст. канцэпцыяй аповесці, у якой, насуперак аскетычным прынцыпам хрысціянства, апяваюцца пачуцці і перажыванні чалавека, яго зямныя радасці і страсці, паэтызуецца пераможная сіла кахання. «Аповесць пра Трышчана» — унікальны слав. варыянт літаратурнай апрацоўкі славутай легенды, каштоўны помнік бел.літ. мовы 16 ст. Перакладзена на сербскахарвацкую (Бялград, 1966), англ. (Лідс, 1977; Нью-Йорк, 1988), італьян. (Фларэнцыя, 1983) мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАКРА́Т (Hippokratēs; 460 да н.э., в. Кос, Грэцыя — каля 370 да н.э.),
старажытнагрэчаскі ўрач, рэфарматар антычнай медыцыны, матэрыяліст.Мед. адукацыю атрымаў пад кіраўніцтвам бацькі Геракліда; у якасці вандроўнага ўрача (перыядэўта) наведаў М. Азію, Лівію, узбярэжжа Чорнага м., быў у скіфаў, азнаёміўся з медыцынай народаў Пярэдняй Азіі і Егіпта. У сваіх працах, якія ляглі ў аснову развіцця клінічнай медыцыны, адлюстраваны ўяўленні пра цэласнасць арганізма, індывідуальны падыход да хворага і яго лячэння, паняцце пра анамнез, вучэнне пра этыялогію, прагноз, тэмперамент і інш. Кіраваўся пры лячэнні 4 прынцыпамі: прыносіць карысць і не шкодзіць; супрацьлеглае лячыць супрацьлеглым; дапамагаць прыродзе і, захоўваючы асцярожнасць, шанаваць хворага. Гіпакрат быў выдатным хірургам: распрацаваў прынцыпы лячэння ран, пераломаў, вывіхаў, фістул, спосабы выкарыстання павязак (шапка Гіпакрата) і інш. З імем Гіпакрата стасуецца ўяўленне пра высокае маральнае аблічча і прыклад этычных паводзін урача. Гіпакрата называюць «бацькам медыцыны».
Літ.:
Рожанский И.Д. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТАЛІЗА́ЦЫЯ,
1) расходаванне прыбытку на павелічэнне капіталу; ператварэнне ў капітал будучых даходаў прадпрыемства і накіраванне іх на стварэнне асноўнага капіталу, набыццё або буд-ваасн. фондаў. Напр., вартасць машыны — гэта капіталізаваная вартасць будучых даходаў ад машыны; цана зямлі разглядаецца як капіталізаваная рэнта, а цана аблігацыі вызначаецца вартасцю будучых паступленняў.
2) Метад ацэнкі вартасці прадпрыемства паводле яго даходу або прыбытку. Вызначаецца «велічынёй капіталу, здольнага прыносіць такія даходы або прыбытак пры норме прыбытку, роўнай сярэдняму пазыковаму працэнту (плаце за карыстанне крэдытамі).
3) Агульная рыначная вартасць акцый, якія знаходзяцца ў абарачэнні на пэўнай фондавай біржы або ў рамках асобнай краіны. Пад К. біржы разумеецца сума ўсіх акцый, выпушчаных у абарачэнне кампаніямі, каштоўныя паперы якіх дапушчаны да гандлю на дадзенай біржы. Пад К. якой-н. краіны разумеецца сумарная рыначная вартасць кампаній, якія выпусцілі акцыі ў свабоднае абарачэнне на тэр. дадзенай краіны. Паказчык К. ў гэтым выпадку служыць ацэнкай нац. багацця краіны, ёмістасці карпаратыўнага сектара эканомікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНЯ́ТАСЦЬ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
удзел насельніцтва ў прац. дзейнасці. З.н. прынята лічыць грамадска карыснай дзейнасцю грамадзян, якая прыносіць, як правіла, заробак. Да занятых належаць тыя, хто працуе па найме, асобы, якія самастойна забяспечваюць сябе працай (прадпрымальнікі, фермеры), ваеннаслужачыя, а таксама тыя, хто вучыцца, служыць у арміі, вядзе хатнюю гаспадарку, даглядае дзяцей і састарэлых. Узровень З.н. залежыць ад суадносін паміж колькасцю працаздольнага насельніцтва і рабочых месцаў, а таксама наколькі рабочыя месцы могуць быць выкарыстаны работнікамі ў адпаведнасці з набытымі імі прафесіямі, спецыялізацыяй, прац. вопытам, ведамі і ўмельствам. Поўная З.н. азначае практычна поўнае забеспячэнне працаздольнага насельніцтва рабочымі месцамі. Частковая З.н. мае на ўвазе магчымасць уладкавацца на працу на няпоўны рабочы дзень. Няпоўная занятасць з’яўляецца крыніцай беспрацоўя.
У Рэспубліцы Беларусь права на працу гарантавана Канстытуцыяй. Адносіны, звязаныя з З.н., рэгулююцца заканадаўствам. Дзяржава садзейнічае беспрацоўным у пачатку або аднаўленні прац. дзейнасці і дае ім паводле заканадаўства пэўныя гарантыі і кампенсацыі, прадугледжаныя нормамі КЗаП і інш. прававымі актамі. Для рэалізацыі палітыкі З.н. ў краіне дзейнічае спец.дзярж. служба (гл.Цэнтр занятасці) і створаны Дзярж. фонд садзеяння занятасці з мэтай страхавання па беспрацоўі і фінансавання мерапрыемстваў у галіне занятасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. inflatio уздуцце),
працэс абясцэнення грошай, якія знаходзяцца ў абарачэнні, зніжэнне іх пакупной здольнасці; наяўнасць у сферы абарачэння лішку грошай, не забяспечаных ростам таварнай масы. Адбываецца ў выніку празмернай эмісіі грошай, празмернага попыту на розныя тавары (І. попыту), апярэджванне росту зарплаты і цэн на рэсурсы (І. выдаткаў), нізкага курса нац. валюты, дэфіцыту бюджэту і інш. Прыводзіць да зніжэння рэальных даходаў насельніцтва, пагаршае жыццёвыя ўмовы служачых, пенсіянераў і інш. катэгорый грамадзян, чые даходы фарміруюцца з бюджэту, абясцэньвае зберажэнні; у вытворцаў знікае зацікаўленасць у стварэнні якасных тавараў і г.д. Калі І. складае каля 2—3% за год, яе лічаць «мяккай», яна не патрабуе прыняцця значных мер. Высокія тэмпы яе росту сведчаць пра гіперінфляцыю і крызіс у эканоміцы. Так, у Рэспубліцы Беларусь цэны ў 1994 выраслі ў 23,2 раза, у 1995 — у 8,1 раза. І., балючая для крэдытораў, можа быць спрыяльнай для бізнесу, бо прыносіць прадаўцу дадатковы прыбытак: за час паміж заказам тавараў і іх фактычным продажам цэны вырастаюць. Нейтралізаваць І. можна рэгуляваннем цэн і аплаты працы, аздараўленнем фін. сістэмы, стрымліваннем крэдытнай экспансіі, узмацненнем жорсткасці эмісіі грошай, індэксацыяй даходаў, удасканаленнем гасп. механізму і інш. Адзін з паказчыкаў І. — індэкс цэн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРУ́ДЖВАННЕ АТМАСФЕ́РЫ,
працэс змены складу атмасферы ў выніку паступлення ў яе забруджвальнікаў (аэразолей, газаў, цвёрдых часцінак і інш.). Негатыўна ўздзейнічае на жывыя арганізмы, прыносіць шкоду матэрыяльным каштоўнасцям. Адрозніваюць прыроднае (натуральнае) З.а. і забруджванне антрапагеннае. Крыніцы натуральнага З.а. — касмічны пыл, дзейнасць вулканаў, ветравая эрозія глебы, выветрыванне горных парод, зрэдку масавае цвіценне раслін і інш. У атмасферы дамешкі размяркоўваюцца нераўнамерна, у залежнасці ад размяшчэння крыніц забруджвання, метэаралагічных, тапаграфічных і інш. фактараў; маюць значэнне і мясц.атм. працэсы і трансгранічны перанос забруджвальнікаў. Антрапагеннае З.а. абумоўлена інтэнсіўнымі выкідамі і фіз. ўздзеяннямі на атмасферу розных галін гасп. дзейнасці чалавека; асн. забруджвальнікі: аксіды азоту, серы, вугляроду і інш. газападобныя злучэнні, пыл, аэразолі, вуглевадароды. Штогод у атмасферу выкідваецца каля 20 млрд.т вуглякіслага газу CO2, 700 млн.тінш. злучэнняў; тэхнагеннае паступленне CO2 складае каля 150 млн.т.
Канцэнтрацыя забруджвальнікаў паветра ў гарадах большая, чым у аддаленых населеных месцах. Непасрэдна з З.а. звязана ўзнікненне смогу ў буйных гарадах. Да асн. крытэрыяў якасці паветра належаць гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі для населеных месцаў (стандарты якасці паветра). Для аздараўлення павет. басейна ўдасканальваюць тэхналогіі вытв. працэсаў, спосабы газаачысткі, пыла- і попелаўлоўнікаў, герметызацыю абсталявання, удасканальваюць спосабы спальвання паліва, цвёрдае і вадкае паліва замяняюць прыродным газам, ствараюць больш дасканалыя трансп. рухавікі і інш. Барацьба з З.а. — вядучая задача аховы атмасферы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАРА́ДА (Colorado),
штат на З ЗША. Уваходзіць у групу Горных штатаў. Пл. 269,6 тыс.км², нас. 3822,7 тыс.чал. (1996). Адм. ц. — г.Дэнвер. Буйныя гарады: Каларада-Спрынгс, Арора, Боўлдэр, Пуэбла, Форт-Колінс. Гар. насельніцтва каля 80%.
Сярэднюю ч. штата займаюць хрыбты Скалістых гор (найб.выш. 4399 м, г. Элберт). На У — плато Вял. раўнін, на З — плато Каларада. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. на раўнінах і плато 0—4 °C, ліп. 20—22 °C. Ападкаў 300—400 мм за год. Гал. рэкі: Каларада (верхняе цячэнне), Арканзас, Саўт-Плат. Расліннасць на У стэпавая, на З паўпустынная, у гарах хваёвыя лясы. Нац. паркі: Меса Вердэ (уключаны ў Спіс сусв. спадчыны ЮНЕСКА), Рокі-Маўнтын і інш. К. — індустр.-агр. штат. Здабыча нафты, прыроднага газу, урану, каляровых металаў (Клаймакс — буйнейшы ў свеце малібдэнавы руднік). У апрацоўчай прам-сці пераважаюць навукаёмістыя галіны: авіяракетная, радыёэлектронная (ЭВМ і інш. абсталяванне), маш.-буд. (прылада- і аўтамабілебудаванне, вытв-сцьпрамысл. абсталявання), металаапр., хім., гумаватэхн., паліграф., харчовая. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 3,2, свіней — 0,63, свойскіх птушак — 4,1. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, ячмень, цукр. буракі, бульбу, сланечнік, сорга, сеяныя травы. Садоўніцтва і агародніцтва. Чыг. і аўтамаб. транспарт. Міжнар. аэрапорт. Значныя даходы прыносіць турызм (6,4 млрд.дол.).